Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй

структура МУС Беларусі

Гало́ўнае ўпраўле́нне па барацьбе́ з арганізава́най злачы́ннасцю і кару́пцыяй (ГУБАЗіК) (руск.: Главное управление по борьбе с организованной преступностью и коррупцией (ГУБОПиК)) — упраўленне ў Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, якое актыўна выкарыстоўваецца для правядзення рэпрэсій супраць праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі і для задушэння акцый пратэсту[1]. Супрацоўнікі ГУБАЗіК сістэматычна ўжываюць гвалт і катаванні супраць палонных, здымаюць на відэа пагромы кватэр праціўнікаў рэжыму, прымушаюць выбачацца на відэакамеру за палітычную і грамадзянскую пазіцыю. Упраўленне таксама займаецца тылавой падтрымкай расійскага ўварвання ва Украіну, якое пачалося ў лютым 2022 года.

Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі
Выява лагатыпа
Краіна
Створана30 снежня 2003
ЮрысдыкцыяБеларусь
Штаб-кватэраДом віцэ-губернатара, Рэвалюцыйная вуліца, Мінск

Цэнтральны офіс упраўлення размяшчаецца ў былым доме віцэ-губернатара па Рэвалюцыйнай вуліцы, 3.

Асноўныя функцыі

Штаб упраўлення ў Мінску, вуліца Рэвалюцыйная, 3

Упраўленне дэкларуе, што ягонымі асноўнымі функцыямі ёсць:

  • супрацьдзеянне карупцыі ў органах дзяржаўнай улады і прыярытэтных галінах эканомікі;
  • барацьба з арганізаванай злачыннасцю, у тым ліку транснацыянальнага і міжнароднага характару;
  • прадухіленне і раскрыццё цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў агульнакрымінальнай і эканамічнай накіраванасці, якія здзяйсняюцца арганізаванымі групамі;
  • прадухіленне тэрарыстычных і экстрэмісцкіх праяў;
  • усталяванне і ліквідацыя каналаў незаконнай міграцыі, а таксама выяўленне і прадухіленне іншых злачынстваў, якія здзяйсняюцца членамі арганізаваных груп, сфармаваных па нацыянальнай ці этнічнай прыкмеце альбо якія дзейнічаюць у арганізацыях дыяспар.

Пра гэтым фактычна ўпраўленне таксама выкарыстоўваецца для рэпрэсій супраць праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі, задушэння масавых пратэстаў і любых форм супраціву. Пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі, задушэнне пратэстаў і пераслед праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі, катаванні, а таксама пагромы кватэр і ўстаноў, ёсць асноўным кірункам дзейнасці ўпраўлення[2][3][4][5].

Гісторыя

28 сакавіка 1991 года ў цэнтральным апараце МУС СССР было заснавана галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю[6]. У яго структуру ўвайшло міжрэгіянальнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю № 1, якое базавалася ў Мінску і знаходзілася ў аператыўным падпарадкаванні кіраўніцтва МУС БССР.

30 снежня 2003 года Камітэт па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй пры МУС Беларусі быў скасаваны. Паўнамоцтвы камітэта і падпарадкаваных яму тэрытарыяльных і на транспарце спецыяльных падраздзяленняў па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй былі перададзены Міністэрству ўнутраных спраў, галоўнаму ўпраўленню ўнутраных спраў Мінгарвыканкама, упраўленням унутраных спраў аблвыканкамаў, упраўленню ўнутраных спраў на транспарце[7]. У МУС Беларусі было створана галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.

20 лістапада 2020 года Святлана Ціханоўская абвясціла пра запуск працэсу міжнароднага прызнання структураў ГУБАЗіК і АМАП тэрарыстычнымі арганізацыямі ў сувязі з учыненымі імі злачынствамі ў час здушэння пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку рэжыму Лукашэнкі[1].

У другой палове 2020 года афіцэр ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў перайшоў на бок апазіцыі, перадаў руху за свабодныя выбары вялікі масіў унутранай інфармацыі і з’ехаў з Беларусі[8]. У красавіку 2023 года Мінскі гарадскі суд завочна прыгаварыў Лупаносава да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і да штрафу[9].

Упраўленне падтрымала Уварванне Расіі ва Украіну ў 2022 годзе. Так, ГУБАЗіК стварыў шматлікія падробленыя Тэлеграм-боты, якія ўдаюць сябе за сапраўдных ботаў для ініцыятыў у падтрымку Украіны ў гэтай вайне. Праз зварот у падробленыя боты ГУБАЗіК вылічвае і захоплівае актыўных прыхільнікаў Украіны ў Беларусі[10]. 11 сакавіка 2022 года ГУБАЗіК схапіў у Мінску актыўнага рэдактара рускамоўнага раздзела Вікіпедыі Марка Бернштэйна, прычынай стала ягонае актыўнае рэдагаванне старонак пра ўварванне Расіі ва Украіну ў 2022 годзе.[11][12][13][14][15][16][17][18]. 23 сакавіка 2022 года ГУБАЗіК схапіў актывіста Змітра Дашкевіча, а пазней размясціў здымак, на якім палонны стаіць на фоне дзвярэй упраўлення, на дзвярах размешчаныя плакаты з літарамі Z і V у падтрымку расійскага ўварвання ва Украіну[19].

Структура

  • Першае ўпраўленне (па барацьбе з карупцыяй)
    • Першы аддзел (па прадухіленні супрацьпраўнай дзейнасці ў органах дзяржаўнай улады і кіравання)
    • Другі аддзел (па супрацьдзеянні ўсталяванню кантролю арганізаванай злачыннасці над эканомікай)
    • Трэці аддзел (па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам)
    • Чацвёрты аддзел (па супрацьдзеянні незаконнай трансплантацыі органаў і тканак чалавека і іншым карупцыйным правапарушэнням у сумежных абласцях медыцынскай дзейнасці)
  • Другое ўпраўленне (па прадухіленні і раскрыццю злачынстваў, якія носяць заказны і арганізаваны характар)
    • Першы аддзел (па раскрыцці злачынстваў, якія носяць заказны і арганізаваны характар)
    • Другі аддзел (па прадухіленні супрацьпраўнай дзейнасці «крымінальных аўтарытэтаў» і лідараў крымінальнага асяроддзя)
    • Трэці аддзел (па вышуку ўдзельнікаў арганізаваных груп, якія ўцяклі ад органаў крымінальнага пераследу)
    • Чацвёрты аддзел (па супрацьдзеянні агульнакрымінальнаму эктрэмізму)
  • Трэцяе ўпраўленне (па супрацьдзеянні эктрэмізму)
    • Першы аддзел (па супрацьдзеянні эктрэмізму ў радыкальных грамадскіх і іншых фарміраванняў)
    • Другі аддзел (па супрацьдзеянні эктрэмізму ў этнічных, рэлігійных утварэнняў і незаконнай міграцыі)
  • Чацвёртае ўпраўленне (агентурна-аператыўнай работы і арганізацыі аператыўна-вышуковай дзейнасці)
    • Першы аддзел (агентурна-аператыўнай работы і аператыўна-тэхнічных мерапрыемстваў)
    • Другі аддзел (арганізацыі аператыўна-вышуковай дзейнасці і аператыўнага аналіза)
    • Трэці аддзел (аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў)
    • Чацвёрты аддзел (аператыўна-дзяжурнай службы)
    • Аддзел па абароне дзяржаўных сакрэтаў
  • Пятае ўпраўленне (па г. Мінску)
  • Шостае ўпраўленне (па Брэсцкай вобласці)
  • Сёмае ўпраўленне (па Віцебскай вобласці)
  • Восьмае ўпраўленне (па Гомельскай вобласці)
  • Дзявятае ўпраўленне (па Гомельскай вобласці)
  • Дзясятае ўпраўленне (па Мінскай вобласці)
  • Адзінаццатае ўпраўленне (па Магілёўскай вобласці)

У структуру ўсіх тэрытарыяльных упраўленняў уваходзяць: першы аддзел (па барацьбе з карупцыяй), другі аддзел (па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю), трэці аддзел (па супрацьдзеянні экстрэмізму), чацвёрты аддзел (агентурна-аператыўнай работы і аператыўнага аналіза).

Начальнікі

  • Сяргей Ігаравіч Рухлядзеў (4 сакавіка 1991 — 14 красавіка 1994)[20],
  • Уладзімір Мікалаевіч Шафарэнка (12 жніўня 1994 — 13 сакавіка 1998)[20],
  • Міхаіл Міхайлавіч Мядзведзеў (13 сакавіка 1998 — 25 сакавіка 2003)[20],
  • Аляксандр Яўгенавіч Назаранка (2 ліпеня 2003 — 4 студзеня 2008)[20],
  • Алег Анатольевіч Пякарскі (26 лютага 2008 — 4 снежня 2009)[20],
  • Алег Анатольевіч Шаркоў (2010—2011)[20],
  • Альберт Геранімавіч Ляговіч (2012—2014)[20],
  • Мікалай Мікалаевіч Карпянкоў (верасень 2014[21] — 19 лістапада 2020),
  • Андрэй Яўгенавіч Паршын (2021–2022)[22][23],
  • Дзмітрый Ковач (некалькі месяцаў у 2022 годзе),
  • Андрэй Валер’евіч Ананенка (з 2022).

Санкцыі

21 чэрвеня 2021 года Галоўнае ўпраўленне было дададзена да санкцыйнага спісу спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША за разгортванне спецыялізаваных падраздзяленняў для здзяйснення гвалту супраць пратэстоўцаў, у тым ліку за рэйд у офіс апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, выкраданне Марыі Калеснікавай і ўзяцце пад варту Рамана Пратасевіча. У санкцыйны спіс быў дададзены і былы начальнік упраўлення Мікалай Карпянкоў[24]. У той жа дзень Карпянкоў таксама трапіў пад санкцыі ЕС[25][26], Вялікабрытаніі[27], Канады[28]. 7 ліпеня да санкцый супраць Карпянкова далучылася Швейцарыя[29].

2 снежня 2021 года начальнік ГУБАЗіК Андрэй Паршын і іншыя кіраўнікі ўпраўлення патрапілі пад санкцыі ЗША і Канады. Паршын у той жа дзень быў уключаны і ў санкцыйны спіс Вялікабрытаніі[30][31][32]. У 2022 годзе да санкцый супраць Паршына далучыліся ЕС[33] і Швейцарыя[34].

Зноскі

Спасылкі

🔥 Top keywords: Галоўная старонкаЯўгенія ЯнішчыцМанумент у гонар савецкай маці-патрыёткі (Жодзіна)Вікіпедыя:ФорумДзікае паляванне караля СтахаАдмысловае:SearchАдмысловае:RecentChangesЛюдзі на балоце (раман)Карлес ПучдэмонВікіпедыя:Праект:Навіны/ПадрыхтоўкаРаіса Андрэеўна БаравіковаУладзімір КараткевічБеларусьУладзімір СцяпанДзеяслоўВасіль БыкаўДзеепрыслоўеЯкуб КоласМаксім ТанкЯнка КупалаМіхась ПазнякоўАлесь РазанаўВікіпедыя:Што такое свабодная энцыклапедыяAP$ENTРазмовы з удзельнікам:Brubaker610Францыск СкарынаГенадзь Пятровіч ПашкоўВікіпедыя:СупольнасцьПомнік Якубу Коласу (Мінск)Другая сусветная вайнаЗамах на Роберта ФіцуУННВМінскРыгор БарадулінПомнік Францыску Скарыну (Мінск, каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі)Беларуская моваВікіпедыя:Адмова ад адказнасціУладзімір Пятровіч БутрамееўВалерый Станіслававіч Мянжынскі