Дадаізм

Дадаізм, або дада — мадэрнісцкая плынь у літаратуры, выяўленчым мастацтве, тэатры і кіно. Зарадзілася падчас Першай сусветнай вайны ў нейтральнай Швейцарыі, у Цюрыху. Існавала з 1916 па 1922 гг.

Тэа ван Дусбург. Плакат з аб'явай вечара дадаістаў

Паходжанне тэрміна

Заснавальнік плыні паэт Трыстан Тцара выявіў у слоўніку слова «дада»: «На мове негрыцянскага племя Кру, — пісаў Тцара ў маніфесце 1918 года, — яно азначае хвост свяшчэннай каровы, у некаторых абласцях Італіі так называюць маці, гэта можа быць абазначэннем дзіцячага драўлянага коніка, карміцелькі, падвоеным сцвярджэннем у румынскай мове. Гэта магло быць і прайграваннем няскладнага дзіцячага лопату. Ва ўсякім выпадку - нешта зусім бессэнсоўнае, што з гэтага часу і пачало быць самай удалай назвай для ўсёй плыні».

Мастацкія асаблівасці

Галоўныя асаблівасці дадаізму: адсутнасць планамернай будовы твораў; разбурэнне мастацкай формы; прапаганда выпадковасці; выкарыстанне прыёмаў пародыі на творчасць; ірацыяналізм, творчы эпатаж, сацыяльная крытыка. Дадаісты нярэдка выкарыстоўвалі ў сваіх творах ужо «гатовыя рэчы» (або «ready-made») прамысловай вытворчасці (веласіпеднае кола, расчоска, сушылка для бутэлек). Марсель Дзюшан у 1914 выставіў на ўсеагульны агляд «Веласіпеднае кола», а пазней і звычайны пісуар, назваўшы яго «Фантан» (1917).

Дадаізм з’яўляўся адной з крыніц поп-арту і хэпенінгу.

Прадстаўнікі

  • Ханс Арп (Hans Arp, 1886-1966), Германія, Швейцарыя і Францыя
  • Марсель Дзюшан (Marcel Duchamp, 1887-1968), Францыя
  • Макс Эрнст (Max Ernst, 1891-1976), Германія і ЗША
  • Ота Фрэйндліх (Otto Freundlich, 1878-1943), Германія, Францыя
  • Філіп Супо (Philippe Soupault, 1897-1990), Францыя
  • Трыстан Тцара (Tristan Tzara, 1896-1963), Францыя
  • Хуга Баль (Hugo Ball, 1886-1927), Германія
  • Рауль Хаўсман (Raoul Hausmann, 1886-1971), Германія
  • Курт Швітэрс (Kurt Schwitters, 1887-1948), Германія

Літаратура