Джарай

Джарай, або зярай (саманазва Ra Glai) — аўстранезійскі народ, карэннае насельніцтва цэнтральных горных раёнаў В’етнама і ўсходняй Камбоджы. Агульная колькасць - каля 268 тыс. чал. (2013 г.)[1].

Джарай
(Ra Glai)
Агульная колькасць268 тыс. чал. (2013 г.)
Рэгіёны пражыванняВ’етнам, Камбоджа
Моваджарай
Рэлігіякульт продкаў, анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групычамы, эдэ

Джарай лічаць сябе карэннымі жыхарамі тых рэгіёнаў, дзе і ў наш час складаюць этнічную большасць. Да пачатку XIX ст. яны былі падначалены в'етамі і ўвайшлі ў склад іх дзяржавы. Пасля ўсталявання французскай каланіяльнай улады атрымалі абмежаваную аўтаномію, некаторыя з іх прынялі хрысціянства. Джарай пацярпелі падчас вайны ў В'етнаме, паколькі праз іх тэрыторыі (як непасрэдна ў самім В'етнаме, так і ў Камбоджы) праходзіў шлях дастаўкі зброі для паўстанцаў Паўднёвага В'етнама. У сучасным В'етнаме джарай з'яўляюцца афіцыйнай нацыянальнай меншасцю і атрымоўваюць дзяржаўную дапамогу.

Асноўнымі заняткамі джарай з'яўляюцца падсечна-агнявое земляробства, паляванне і рыбалоўства. Вёскі, якія спецыялізуюцца на адным з гэтых відаў дзейнасці, звычайна кааперыруюцца з суседзямі, што падтрымліваюць іншыя.

Сацыяльная арганізацыя заснавана на сістэме пашыраных родаў, якія сумесна валодаюць пэўнымі землямі. Да нашых дзён будуюцца так званыя доўгія хаціны, у якіх шмат сем'яў жывуць разам. Адлік сваяцтва вядзецца па лініі маці. Шлюбы знутры аднаго рода забаронены.

Народная культура надзвычай багатая. Захоўваецца аўтэнтычны фальклор, музыка, танцы і спевы. Нават тыя з джарай, хто афіцыйна спавядае хрысціянства, шануюць продкаў, духаў лясоў і гор, практыкуюць традыцыйную пахавальную абраднасць.

Мова адносіцца да аўстранезійскай сям'і моў, блізкая да моў чамаў і эдэ. У В'етнаме выкарыстоўваюць пісьмо на аснове лацінскай графікі, у Камбоджы — кхмерскай.

Зноскі

Спасылкі