Дыскусія вакол спадчыны Вялікага Княства Літоўскага

Дыскусія пра Вялікае Княства Літоўскае — праблема ў навуковых і палітычных колах вакол спадчыны Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), датычнасці да яго сучасных Беларусі і Літвы. Асноўнымі спрэчнымі момантамі з’яўляюцца нацыянальна-этнічны характар, пытанні генезісу і вытокаў дзяржавы, ролі балта-літоўскіх і беларуска-славянскіх зямель[1].

У рамках дыскусіі былі супрацьпастаўлены дзве канцэпцыі аб ВКЛ — адна разглядае яго як літоўскую дзяржаву, другая ж лічыць беларускай. Аднак усё большае прызнанне атрымлівае пункт гледжання тых, хто ўлічвае ролю і продкаў літоўцаў, і продкаў беларусаў, адпрэчваючы крайнія і аднабаковыя падыходы да праблемы[2].

Канцэпцыі

На дадзены момант у навуковых колах існуюць тры асноўныя канцэпцыі ўтварэння ВКЛ[3]:

  1. «Літоўская»: галоўная роля адведзена балцкім плямёнам аўкштайтаў і літвы (продкам сучасных літоўцаў), падкрэсліваецца балцкае паходжанне першага кіраўніка — Міндоўга[3].
  2. «Беларуская»[4]: галоўная роля адведзена славянскаму насельніцтву Русі (продкам сучасных беларусаў), у прыватнасці Панямоння, дзе зарадзілася дзяржава. ВКЛ разглядаецца як уласна беларуская дзяржава, якая сфармавалася пераважна на беларускай тэрыторыі і з пераважнай роляй беларускага элемента[3].
  3. Кампрамісная[3] (таксама «беларуска-літоўская», «літоўска-беларуская», «літоўска-руская»[2]): прызнаецца роля як продкаў літоўцаў, так і продкаў беларусаў. ВКЛ разглядаецца як шматнацыянальная дзяржава, якая склалася на балта-славянскай аснове.

Акрамя таго, вылучаюцца «вялікаруская» (ідэя пра мірнае ўваходжанне зямель Русі ў ВКЛ, падкрэсліваецца асаблівы статус праваслаўнай царквы і русінскай арыстакратыі[3]) і «польская» (мяркуецца, што Польшча таксама мае права на гістарычную спадчыну дзяржавы[4]) канцэпцыі.

Аргументацыя

Як адзначаюць прыхільнікі літоўскай канцэпцыі, калі ўсходнія славяне мелі моцную дзяржаўнасць (IX—XI стст.) — Кіеўскую Русь, сучасная Літва ўяўляла сабой шэраг асобных зямель на чале з «кунігасамі» (князямі). Дзяржава тут паўстала толькі ў XIII ст. і адразу ж ператварылася ў магутную палітычную і ваенную арганізацыю. Для паўднёвых і заходніх зямель Русі XII—XIII стст. былі перыядам феадальнай раздробненасці, міжусобных войн, якія саслаблялі славян. Усё гэта дапаўнялася набегамі мангола-татараў і крыжакоў. Тым самым, заходнія і паўднёвыя землі Русі, нягледзячы на больш высокі ўзровень развіцця, сталі лёгкай здабычай для балтаў[5]. У XII–XIII стст. літоўцы здзяйснялі напады на Пскоў, Ноўгарад, Полацк[6]:281.

Дзяржава ўяўляецца як вынік сацыяльна-палітычнага развіцця старажытналітоўскіх плямёнаў. Ключавым момантам у фарміраванні ВКЛ было падпарадкаванне літоўцамі жыхароў Русі. Такога пункту гледжання прытрымліваліся многія расійскія, у тым ліку і савецкія гісторыкі, а таксама большасць польскіх і літоўскіх навукоўцаў[1]. Часткай канцэпцыі з’яўляецца гіпотэза аб Літоўскім княстве, якое меркавана ўзнікла ў Аўкштайціі[7][8].

Прадстаўнікі беларускай канцэпцыі робяць упор на адсутнасць у гістарычных дакументах сведчанняў пра заваёвы. Разам з тым, станаўленне ВКЛ суправаджалася заваяваннем балцкіх зямель, у прыватнасці Дзяволтвы і Нальшан, знішчэннем і выгнаннем мясцовых феадалаў, што было ў інтарэсах феадалаў беларускіх зямель. Акрамя таго, заяўляецца пра памылковасць атаяснення летапіснай Літвы (ХІ—ХІІІ стст.) з усходняй часткай сучаснай Літвы (тагачаснай Аўкштайціяй). Гістарычныя сведчанні і тапаніміка паказваюць, што ў Сярэднія вякі пад Літвой разумелася тэрыторыя Верхняга Панямоння, якая знаходзілася паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай землямі і з’яўлялася разам з імі адной з гістарычных абласцей Беларусі[9] (варта разумець, што ў той перыяд край не быў славянскім, з’яўляючыся ўсходняй мяжой рассялення балтаў[10]). Тут «беларусы» ўступаюць у канфлікт з «літоўцамі», паколькі для апошніх яна займала тэрыторыю Жамойці, Аўкштайціі, Селы і Земгалы[11].

Ролю Міндоўга ў гісторыі беларуская канцэпцыя лічыць перабольшанай. Аддаецца большае значэнне дзейнасці Войшалка. Менавіта ім праведзена аб’яднанне Новагародскай, Пінскай, Нальшанскай, Дзяволтаўскай, Полацка-Віцебскай і летапісных Літоўскіх зямель у адзіную дзяржаву. Аднак калі далучэнне балцкіх тэрыторый было гвалтоўным, то далучэнне гарадоў Пінск, Полацк і Віцебск праходзіла добраахвотна. Падобным чынам да Вялікага Княства Літоўскага далучаліся і іншыя беларускія землі. Вырашальную аб’яднальную ролю ў пачатковы перыяд адыгрываў Навагрудак[12].

Адзначалася, што ўсходнеславянскія землі шмат у чым вызначалі культурнае і эканамічнае развіццё ВКЛ. Згодна з дадзеным пунктам гледжання, хоць кіруючая дынастыя і частка арыстакратаў мелі літоўскае паходжанне, але феадалы беларускіх і іншых зямель Русі таксама ўдзельнічалі ў кіраванні краінай[13]. Часам балтаў альбо не заўважаюць, альбо перамяншаюць іх ролю ў стварэнні ВКЛ[14].

Прыхільнікі трэцяй канцэпцыі стварэння Вялікага Княства Літоўскага на аснове адпаведнага канкрэтна-гістарычнага матэрыялу сцвярджаюць, што ў XIII—XIV стст. у стварэнні і развіцці краіны вырашальную ролю гулялі як заходнерускія, так і літоўскія феадалы. Аднак у XV—XVI стст. усталявалася панаванне эліты славянскага паходжання[12]. Астатнія пазіцыі крытыкуюцца за тое, што дзяржаўнасць не разглядаецца як палітычнае ўтварэнне, сукупнасць палітычных інстытутаў, а зводзіцца да тэрыторыі, мовы і іншых этнічных прыкмет[14].

Яго фарміраванне ўзводзіцца да ўзнікнення ў літоўцаў перадумоў дзяржаўнасці, імкненню беларускіх зямель пераадолець феадальную раздробленасць і кансалідавацца, знешніх пагрозам у асобе крыжакоў і татара-манголаў[15]. Паводле гэтага меркавання, адбылося аб’яднанне ваеннай моцы балтаў з культурнымі дасягненнямі ўсходніх славян. Адмаўляецца заваяванне літоўцамі беларусаў[16].

Часткай гэтых спрэчак стала пытанне аб паходжанні кіруючай дынастыі. Маюцца наступныя тэорыі:

  1. Вялікія князі літоўскія паходзяць з дынастыі полацкіх князёў Рагвалодавічаў. Заснавана на Васкрасенскім летапісе і Велікапольскай хроніцы. Паводле дадзенай версіі, літоўскія магнаты запрасілі на княжанне Давілу і Рынгольда (называўся бацькам Міндоўга, заснавальніка дзяржавы), нашчадкаў Рагвалода Полацкага[17].
  2. Прускае паходжанне. Заснавана на Велікапольскай хроніцы. Заяўляецца, што Міндоўг быў прускім каралём, які бег ад крыжакоў[17].
  3. Кіруючая дынастыя паходзіць з князёў старажытна-літоўскіх плямёнаў. Заснавана на этымалогіі імёнаў правіцелей літоўскімі даследчыкамі XX стагоддзя[18].
  4. Італьянскае (рымскае) паходжанне літоўскіх князёў. Базуецца на беларуска-літоўскіх летапісах[19]. Паводле легенды кіруючая дынастыя паходзіць ад рымляніна Палемона, сваяка Нерона, які бег ад жорсткага імператара. (гл. Легенда аб Палемоне)

Гісторыя

Гісторык Алесь Краўцэвіч пачатак спрэчак аб Вялікім Княстве Літоўскім звязаў з развіццём нацыянальных рухаў — літоўскага і беларускага[16].

Яго калега Вячаслаў Насевіч адзначыў, што гістарычная спадчына ВКЛ і стаўленне да яго адыграла ключавую ролю ў фарміраванні ідэнтычнасці беларусаў і літоўцаў. Многія з іх сталі ўспрымаць яго як дзяржаву сваіх продкаў. Сучасная літоўская нацыя і нацыянальная дзяржава былі пабудаваныя шмат у чым дзякуючы адчуванню гістарычнай пераемнасці. Вырашальную ролю, на думку даследчыка, адыграла сугучча назваў. У той жа час нацыянальнае будаванне беларусаў першапачаткова апынулася ў больш складаным становішчы, бо была праблема з вызначэннем сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці, так як тэрмін «беларусы» амаль не нёс гісторыка-палітычных асацыяцый. У той жа час нельга было ўмацавацца за «Русь» і «рускі/руські», паколькі на дадзенай аснове ўжо трывала абгрунтаваліся расіяне. Больш за тое, з імі за старажытнарускую спадчыну змагаліся ўкраінскія нацыянальныя дзеячы[20]. Прывязка да ВКЛ адбылася з дапамогай тэрміна «ліцвіны». Так сябе называлі жыхары беларускіх зямель да таго, як замацавалася найменне «беларусы»[21]. Аднак слова мела значэнне палітоніма, якое абазначала ўсіх жыхароў ВКЛ (як літоўцаў, так і беларусаў)[22][23].

Сучасны этап дыскусіі, на думку гісторыка Алега Дзярновіча, стартаваў з публікацыі Мікалая Ермаловіча «Па слядах аднаго міфа: Ці было літоўскае заваяванне Беларусі?». Некаторы час праца цыркулявала ў падполлі ў абмежаваным коле беларускай інтэлігенцыі. У другой палове 80-х, калі кніга апублікаваная афіцыйна, яна выклікала абурэнне ў літоўскай акадэмічнай сферы. Да гэтага часу дамінавала пазіцыя, што Вялікае Княства Літоўскае зарадзілася з заваявання балтамі славян[16][24].

У 1990—1994 гадах дыскусіі паміж беларусамі і літоўцамі дасягнулі свайго піку. У чэрвені 1992 года ў Гервятах (Астравецкі раён) праведзены «круглы стол» з мэтай удакладніць некаторыя пытанні агульнай гісторыі двух народаў. Літва і Беларусь, якія атрымалі незалежнасць, сталі выпрацоўваць уласнае суб’ектнае бачанне мінулага. Навукоўцы палічылі патрэбным уступіць у дыялог, каб узгадніць асобныя моманты ў гісторыі ўзнікнення краіны. На гэтай сустрэчы ўпершыню агучана меркаванне пра ВКЛ як беларуска-літоўскую дзяржаву[16].

4 мая 2013 года ў Мінску адбылася публічная дыскусія аб праблеме бачання гісторыі ВКЛ. Ад беларускага боку ў мерапрыемстве ўдзельнічалі Алег Дзярновіч і Алесь Краўцэвіч, літоўскага — Русціс Камунтавічус і Дангірас Мачуліс. У ходзе сустрэчы гісторыкі спыніліся на тым пытанні, ці быў літоўскі захоп усходнеславянскіх зямель. Беларускія навукоўцы пазначылі сваё бачанне так: станаўленне ВКЛ адбылося ў ходзе аб’яднання балтаў, якія валодалі ваеннай моцай, з больш развітымі ў культурных адносінах усходнімі славянамі, якія мелі сваю дзяржаўнасць. Тым самым мела месца ўзаемавыгаднае партнёрства. Літоўскі бок крытыкаваў пазіцыю калег, бо сумняваўся ў мірным супрацоўніцтве, бо на іх думку літоўцы ў ваеннай справе пераважалі жыхароў беларускіх зямель, і з гэтага літоўскія даследчыкі лічылі лагічным выказаць здагадку пра заваяванне славян. Беларускія даследчыкі адзначылі, што ў пісьмовых крыніцах няма згадак пра заваяванне і нават пра ваенныя сутыкненні ў Панямонні[16][24].

На сённяшні дзень у Рэспубліцы Беларусь гістарычны наратыў сфарміраваны на аснове кампрамісу. Беларускія гісторыкі прызналі гэтую дзяржаву ў якасці важнага элемента фарміравання ўласнай дзяржаўнасці і культуры. Заклікі асобных палітыкаў лічыць яе першаасновай беларускай дзяржаўнасці ў гісторыкаў падтрымкі не атрымалі[25]. Літоўскі бок лічыць ВКЛ выключна сваім праектам, хоць прызнаецца факт страты элітай роднай мовы і перахода з паганства ў каталіцызм. Асобныя прадстаўнікі пагаджаюцца, што іх продкі супрацоўнічалі са славянамі, будуючы ВКЛ. Як адзначаў гісторык Русціс Камунтавічус, «беларусы прыносілі культуру, літоўцы больш ваявалі»[26].

Палітыка

Беларускія нацыянальна-арыентаваныя партыі (Беларускі народны фронт, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада) і грамадскія арганізацыі («Талака», «Паходня»), створаныя ў канцы 1980-х, падтрымалі «беларускую» канцэпцыю станаўлення ВКЛ і спрабавалі выкарыстоўваць яе ў сваёй грамадска-палітычнай дзейнасці. Гэта тлумачылася тым, што лідары гэтых арганізацый былі гісторыкамі, археолагамі і філолагамі, якія самі мелі непасрэднае дачыненне да канструявання канцэпцыі[27].

У 2023 годзе ў Літве абвастрылася праблема вакол ліцвінства — плыні грамадскага меркавання, якая звязвае вытокі Беларусі з Вялікім Княствам Літоўскім[28] і адмаўляе ролю балтаў[29]. Выданне «Независимая газета» адзначыла, што ў сувязі з гэтым стаўленне да беларускай дыяспары пагоршылася. Спрэчка спачатку разгарэлася ў сацсетках, затым у яе ўключыліся літоўскія дэпутаты і Рада БНР. Старшыня парламенцкага камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Лаўрынас Кашчунас абурыўся тым, што беларусы «прысвойваюць сабе гісторыю Літвы»[30].

Праціўнікі ліцвінства лічаць яго маргінальнай псеўданавуковай тэорыяй[31][32][33][34][35]. Беларуская палітычная актывістка Святлана Ціханоўская ахарактарызавала плынь як «маргінальную тэорыю», якая імкнецца штучна раз’яднаць літоўцаў і беларусаў, і заявіла, што беларусы паважаюць тэрытарыяльную цэласнасць і гістарычную спадчыну Літвы[36][37]. Ліцвінства таксама апісвалася сваімі крытыкамі, як форма фашызму, спалучаная з экспансіянісцкімі тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі Беларусі да суседніх краін[38].

У сваю чаргу дзеючае кіраўніцтва Беларусі імкнулася пазбягаць палітызацыі гісторыі і крайніх ацэнак[39]. У 2022 годзе прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка назваў Вялікае Княства Літоўскае «першай беларускай дзяржавай», якая сфармавалася «на аснове беларускага этнасу» як «абарончы саюз з з прыбалтыйскімі плямёнамі»[40], раскрытыкаваўшы суседнія краіны за адмаўленне ўкладу беларусаў у развіццё ВКЛ і Рэчы Паспалітай[39].

Гл. таксама

Заўвагі

Літаратура

Спасылкі