Зімовы шторм у Паўночнай Амерыцы (снежань 2022)

Зімовы шторм у Паўночнай Амерыцы (неафіцыйная назва[~ 1] зімовы шторм «Эліят»[2][3]) — шторм, які пачаў фарміравацца 21 снежня 2022 года, узмацняючыся над паўночнымі Вялікімі Раўнінамі і закранаючы таксама Скалістыя горы і Сярэдні Захад[4]. Прыроднае бедства ахапіла тэрыторыю ў 3200 км — ад Тэхаса да Квебека[5]. Пад удар стыхіі трапіла вялікая частка Канады і ЗША[6].

Спадарожнікавы фотаздымак метэаабстаноўкі над кантынентам 23 снежня.

Умовы надвор’я

Халодныя паветраныя масы спусціліся з паўночных раўнін, з-за чаго тэмпература паветра рэзка ўпала. Папярэджанні аб умовах надвор’я закранулі каля 200 мільёнаў чалавек[7]. Амерыканскія метэаролагі папярэдзілі суайчыннікаў, што ў некаторых раёнах знаходжанне на адкрытым паветры можа прывесці да абмаражэння «за лічаныя секунды»[8].

У прыбярэжных раёнах на паўночным усходзе штатаў (гістарычныя вобласці Новая Англія і Новыя Нідэрланды) назіралася падтапленне берагавой лініі. Вельмі складанай заставалася сітуацыя ў горадзе Бафала, дзе выпала да 89 сантыметраў ападкаў. Бачнасць з-за снегападу была практычна нулявая. Метэаролагі заклікалі мясцовых жыхароў па магчымасці не выходзіць на вуліцу і адмовіцца ад паездак на аўтамабілі[5].

У Паўднёвым Антарыа  (англ.) (Канада) 23 і 24 снежня бушавалі завеі. Многія аўтамабілі затрымаліся на дарогах, бо іх перасталі расчышчаць снегаачышчальнікі[9].

Урадавыя мерапрыемствы

21 снежня рэжым надзвычайнага становішча абвясціў штат Джорджыя[10], а на наступны дзень таксама Каларада, Канектыкут, Канзас, Кентукі, Мэрыленд, Місуры, Паўночная Караліна, Нью-Ёрк, Аклахома, Заходняя Віргінія, Вісконсін[11] і Паўднёвая Дакота. У апошнім да барацьбы са стыхіяй прыцягнута Нацыянальная гвардыя[12]. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн звярнуўся да насельніцтва з заклікам паставіцца да гэтага шторму сур’ёзна[13].

Міністэрства навакольнага асяроддзя Канады  (англ.) выпусціла папярэджанне аб снежнай буры для значнай часткі паўднёва-заходняга і сярэдне-заходняга Антарыа, а таксама поўдня рэгіёну Ніагара  (англ.), раёнаў на ўсход ад заліва Джорджыян і ўсходняй частцы возера Антарыа, уключаючы Кінгстан. Папярэджанні аб зімовым шторме былі выпушчаны для астатняй часткі Паўднёвага Антарыа[14]. У тым жа рэгіёне большасць школьных саветаў, у тым ліку на ўсходзе Атавы, зачынілі школы на 23 снежня[15][16].

Ахвяры і шкода

Да Каталіцкага Раства толькі ў ЗША загінулі 33 чалавекі ў 16 штатах. Многія з іх памерлі ў выніку няшчасных выпадкаў, звязаных са штормам. У ліку такіх здарэнняў аўтамабільныя аварыі і атручэнні выхлапамі машын і абагравальнікаў, якія выкарыстоўваліся ў памяшканні, каб сагрэцца. Так, адзін з раёнаў Тэхаса паведаміў аб больш чым 300 завіксаваных атручванняў выхлапамі. У Паўночнай Караліне снежная бура выклікала тарнада, ад якога загінулі тры чалавекі, а яшчэ 10 атрымалі траўмы[17]. У канадскай правінцыі Брытанская Калумбія ў выніку перакульвання аўтобуса праз абледзяненне дарогі чатыры чалавекі загінулі, яшчэ 52 былі шпіталізаваны[18].

У некаторых частках ЗША назіраліся перабоі з электрычнасцю, паколькі ў выніку з’яў надвор’я абрынуты лініі электраперадач. Паводле звестак сайта PowerOutage.com, да ночы з 23 на 24 снежня перабоі ў падачы электраэнергіі закранулі больш за мільён гаспадарак і прадпрыемстваў[19]. У штаце Тэхас без яе засталіся каля 2 млн жыхароў[17].

Кампанія Tyson Foods  (англ.) прыпыніла вытворчасць на некаторых сваіх заводах з-за шторму[20]. У многіх службаў дастаўкі, уключаючы Amazon, FedEx  (англ.), UPS  (англ.) і USPS  (англ.), былі сур’ёзныя затрымкі ў вузлавых пунктах[21][22].

Па даных сайта FlightAware.com, у ЗША і ў Канадзе адменены тысячы рэйсаў. У прыватнасці, у ЗША толькі 23 снежня адмянілі 5 700 рэйсаў унутры краіны. У Канадзе нацыянальны авіяперавозчык WestJet  (англ.) у той жа дзень адмяніў усе авіярэйсы ў Таронта (аэрапорт) — самай буйной і загружанай паветранай гавані краіны. На 24 снежня ў аэрапорце Таронта адмянілі больш за 30 % рэйсаў[8].

Гл. таксама

Заўвагі

Зноскі