Кыргызска-таджыкскі канфлікт (2022)

Кыргызска-таджыкскі канфлікт 2022 года — узброеныя сутыкненні паміж вайскоўцамі Таджыкістана і Кыргызстана ў верасні 2022 года. Бакі абвінавацілі адзін аднаго ў пачатку эскалацыі. Абедзве дзяржавы расцанілі падзеі як акт узброенай агрэсіі суседа[1].

Канфлікт на кыргызска-таджыкскай мяжы
Кыргызска-таджыкскае памежжа на карце.
Дата1419 верасня 2022
Месцакыргызска-таджыкская мяжа
Вынікмірнае ўрэгуляванне
Праціўнікі
Сцяг Кыргызстана КыргызстанСцяг Таджыкістана Таджыкістан
Камандуючыя
Сцяг Кыргызстана Садыр ЖапараўСцяг Таджыкістана Эмамалі Рахмон
Сілы бакоў
УСК
ДПС
УСТ
ДКНБ
Страты
59 забітых і 144 параненых разам з грамадзянскімі асобамі (афіцыйныя звесткі станам на вечар 18.09)41 забіты і 25+ (?) параненых разам з грамадзянскімі асобамі (афіцыйныя звесткі станам на раніцу 19.09)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Перадгісторыя

Кыргызстан і Таджыкістан падзяляюць больш за 900 кіламетраў дзяржаўнай мяжы. Пры гэтым каля паловы лініі не дэмаркавана, што прыводзіць да спрэчак вакол прыналежнасці водных крыніц, сельгасугоддзяў і дарог. Праблемныя тэрыторыі ў даўжыню складаюць прыкладна 30 % ад мяжы дзвюх краін[2]. Існая сітуацыя абумоўлена тым, што дзяржавы пры вызначэнні спрэчных участкаў карыстаюцца рознымі картамі. Таджыкскія эксперты бяруць за аснову карты 1924—1939 гадоў, а кыргызстанскія — 1958—1959 гадоў[3].

Вялікае значэнне маюць прыгранічныя крыніцы вады, якія вельмі неабходны для двух засушлівых аграрных рэспублік. Асаблівае месца ў канфлікце заняў Турткульскі канал. Ён выклікаў спрэчкі яшчэ ў савецкі перыяд. Паколькі рэчышча канала праходзіла па тэрыторыі Ісфарынскага раёна, то некалькі тысяч гектараў таджыкскай тэрыторыі перадалі Кіргізскай ССР, якая забяспечвала абрашэнне зямель. Але гэта рашэнне не было зацверджана Савецкім Таджыкістанам, што і прывяло да памежнага канфлікту. Самыя жорсткія сутыкненні пачаліся ў 2010-х гадах. За дзесяцігоддзе зафіксавана больш за сто ўзброеных сутычак[4].

Апошняе буйное абвастрэнне адбылося вясной 2021 года, калі ў памежнай зоне загінулі 52 чалавекі. За выключэннем трох інцыдэнтаў[5][6][7], да верасня наступнага года сітуацыя заставалася спакойнай. Новы канфлікт успыхнуў напярэдадні саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Самаркандзе, у якім павінны былі ўдзельнічаць прэзідэнты абедзвюх варагуючых краін[8].

Ход падзей

Першае сутыкненне адбылося раніцай 14 верасня. Бакі канфлікту далі розныя версіі інцыдэнту. Кыргызстан паведаміў аб перастрэлцы ў мясцовасці Булак-Башы Баткенскай вобласці. Яна пачалася з-за таго, што таджыкістанскі пагранічны атрад заняў баявыя пазіцыі на ўчастку мяжы ў парушэнне раней дасягнутых дамоўленасцей. У адказ на патрабаванні пакінуць тэрыторыю яны адкрылі агонь, у тым ліку з мінамётаў. У той жа час Таджыкістан абвінаваціў у правакацыі кыргызстанскіх памежнікаў, якія без бачных прычын абстралялі яго пагранзаставу[8].

Пазней на працягу дня паведамлялася яшчэ аб двух перастрэлках — на пагранзаставе «Дастук» у мясцовасці Как-Сай і на пагранзаставе «Самаркандэк» у мясцовасці Паскы-Арык Баткенскага раёна[8].

У першы дзень сутыкненняў пачаліся перамовы на ўзроўні мясцовых адміністрацый — кіраўніцтва Баткенскай вобласці Кыргызстана і Сагдыйскай вобласці Таджыкістана. Да іх далучыліся прадстаўнікі памежных службаў і іншых сілавых структур. Бакі дамовіліся аб адводзе войскаў у пастаянныя месцы дыслакацыі, а таксама аб устанаўленні пунктаў сумеснага кіравання і прызначэнні адказных на месцах з ліку кіраўнікоў праваахоўных органаў дзвюх краін[8].

Дамоўленасці былі аформлены да абеду 16-га чысла, калі адвод войскаў быў узгоднены кіраўнікамі дзяржаў. Аднак да вечара перамір’е было парушана новымі абстрэламі[4]. З боку населеных пунктаў Самаркандэк і Кокташ Баткенскага раёна з аўтаматычнай зброі вёўся абстрэл прыгранічных раёнаў Таджыкістана[9]. Пад ударам у тым ліку апынуліся паселішчы Багістон і Лакон[3]. З пазіцый таджыкаў абстраляны кыргызскія вёскі Кулунду і Жаны-Жэр[4]. Пад агонь трапілі і іншыя населеныя пункты, такія як Экі-Таш, Чырдоба, Кум-Мазар, Максат і Орта-Боз[3]. У памежнай службе Кыргызстана паведамілі, што непрыяцель заняў будынак школы ў вёсцы Дастук[3].

Было паведамлена аб выкарыстанні кыргызскімі войскамі ўдарных беспілотнікаў[10]. Таджыкскі бок ужыў супраць праціўніка танкі, бранятэхніку і рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Град». Пад абстрэл апошніх патрапілі наваколлі аэрапорта абласнога цэнтра Баткен і аб’екты на ўскраіне горада. У адказ быў нанесены агнявы ўдар па таджыкскіх памежных заставах «Лякан» і «Багдары»[3].

Раніцай 17 верасня, як заяўлялася таджыкістанскімі сілавікамі, вайскоўцы Кыргызстана абстралялі памежную заставу ля Ісфары[11].

На гэтым фоне ў Баткенскай вобласці быў уведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі[9]. Кыргызстанскія ўлады пачалі эвакуацыю насельніцтва і за кароткі тэрмін вывезлі не менш за 136 тысяч чалавек[12]. Памежныя войскі Дзяржаўнага камітэта нацыянальнай бяспекі (ДКНБ) Таджыкістана заявілі, што праціўнік умацаваў свае баявыя пазіцыі і перакінуў дадатковыя сілы ў прыгранічныя раёны[9].

Праз тры дні з пачатку канфлікту, дзякуючы перамоўнаму працэсу, сітуацыя на мяжы стабілізавалася[11]. Ноч на 18 верасня прайшла без здарэнняў. Аднак у цэлым напружанасць захоўвалася. Падраздзяленні памежнікаў працягнулі службу ва ўзмоцненым рэжыме. Адрэзкі некалькіх дарог у Баткенскай вобласці часова закрылі для праезду[13][14].

19 верасня ў абодвух краінах было паведамлена аб спыненні агню. Таджыкістан і Кыргызстан падпісалі пратакол аб вяртанні дадатковых сіл і ваеннай тэхнікі ў месцы пастаяннай дыслакацыі[15][16][17][18].

Ахвяры

У выніку сутыкненняў у першы дзень двое вайскоўцаў Кыргызстана атрымалі раненні. З супрацьлеглага боку загінулі двое байцоў. 11 чалавек, у тым ліку шэсць таджыкскіх памежнікаў і пяць мясцовых жыхароў, атрымалі раненні[8].

Паводле звестак агенцтва «Sputnik Таджыкістан», на 16 верасня з боку таджыкаў яшчэ 7 чалавек забіта і 14 паранена ў джамааце Варух. З гэтага ліку загінулі 6 жыхароў абшчыны і 11 пацярпелі. Астатнія ахвяры былі сілавікамі[19].

Пазней, на раніцу 17 верасня па звестках Кыргызстана, колькасць забітых з іх боку вырасла да 24 чалавек. Яшчэ 87 чалавек атрымалі траўмы[9]. Крыху раней, вечарам 16 чысла, у кыргызстанскім Міністэрстве аховы здароўя заявілі, што колькасць пацярпелых грамадзян краіны вырасла да 103 чалавек[10]. У іх у асноўным аскепкавыя і агнястрэльныя раненні розных частак цела[9]. На сярэдзіну дня колькасць ахвяр з кыргызстанскага боку павялічалася да 122 параненых[20]. На раніцу 18 верасня Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра 36 загінулых і 129 пацярпелых суайчыннікаў[13].

Радыё «Radio Free Europe/Radio Liberty Kyrgyzstan» паведаміла, што з таджыкскага боку магло загінуць да 39 чалавек[21].

18-га чысла бакі паведамілі, што ў агульнай складанасці страцілі 81 забітым: 35 таджыкаў і 46 кіргізаў[22]. Крыху пазней ўлады Кыргызстана ўдакладнілі лічбы: 59 загінулых і 144 пацярпелых[23]. На наступны дзень свае страты ўдакладніў і Душанбэ, паведаміўшы пра 41 забітага[24].

Абвінавачванні

Прэс-цэнтр ДКНБ Таджыкістана абвінаваціў праціўніка ў абстрэлах грамадзянскіх будынкаў і дамоў мірных жыхароў. У населеных пунктах Багістон і Лакон ля горада Ісфары кыргызстанскія войскі нібыта здзейснілі ўзброены напад на жылыя будынкі, падпалілі іх і некаторы іншыя збудаванні[3]. Улады Таджыкістана таксама сцвярджалі, што пад абстрэл кыргызскіх вайскоўцаў трапіла машыны хуткай дапамогі. Падчас здарэння загінулі чацвёра таджыкскіх грамадзян[25]. У сяле Аўчыкалъача Бобаджан пад удар беспілотніка[10] трапіла мячэць. У храме разбіта аконнае шкло[14].

17 верасня кіраўнік МЗС Кыргызстана Жээнбек Кулубаеў паведаміў генсеку ААН Антоніу Гутэрышу, што ў баявых сутычках на баку Таджыкістана ўдзельнічалі ірэгулярныя ваенізаваныя фарміраванні[26].

Рэакцыя

Генсек ААН А. Гутэрыш[26], прэс-служба сакратарыята АДКБ[27], Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі[26], Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь[28] і Міністэрства замежных спраў Ірана[29] выпусцілі заявы, дзе адзначылі занепакоінасць канфліктам і пацвердзілі сваю прыхільнасць мірнаму вырашэнню.

17 верасня ў Баткенскую вобласць адправілі 107 тон гумдапамогі ад жыхароў і ўладаў сталічнага горада Бішкек, а на наступны дзень — 50[14].

Урад Узбекістана арганізаваў гуманітарны калідор у анклаве Сух для кіргізскіх бежанцаў. Аб’яднаны дэмакратычны рух Кыргызстана выказаў глыбокую ўдзячнасць народу Узбекістана, прэзідэнту Шаўкату Мірзіяеву, яго ўраду і памежнікам[30].

Зноскі