Насельніцтва Польшчы

дэмаграфія
годнасельніцтвагоднасельніцтва
13701 900 000195025 008 000
15827 500 000196029 776 000
163411 000 000197032 642 000
18009 000 000197835 061 000
184611 107 000198837 879 000
191122 110 000199038 183 000
192127 177 000199538 610 000
193132 107 000200038 654 000
193834 849 000200538 191 000
194623 930 000200938 167 329
201738 433 600
дадзеныя:GUS

Па колькасці насельніцтва займае шостае месца ў Еўрапейскім саюзе. Для Польшчы характэрна стабільная колькасць насельніцтва, яго нізкі як натуральны, так і міграцыйны прырост; паказчыкі эміграцыі таксама невысокія. Польшча з’яўляецца адной з найбольш этнічна аднародных краін: каля 97 % жыхароў складаюць палякі. Дзяржаўная мова — польская. У рэлігійным дачыненні насельніцтва Польшчы з’яўляецца самым веруючым у Еўропе пасля Мальты: толькі 6 % жыхароў заявілі аб сваім атэізме ці абыякавасці да рэлігіі[1]. Дамінуючыя пазіцыі займае Рымска-Каталіцкая Царква, першы неітальянскі Папа Рымскі Ян Павел ІІ быў палякам. Найбуйнейшыя гарады — Варшава, Кракаў, Лодзь, Вроцлаў, Познань, Гданьск.

Дэмаграфія

Па колькасці насельніцтва (38,4 млн чал.) Польшча з’яўляецца восьмай краінай у Еўропе і пятай у Еўрасаюзе (без Вялікабрытаніі). У рэгіёне Цэнтральная і Усходняя Еўропа Польшча займае 3-е месца пасля Расіі і Украіны. Цягам апошніх 30 гадоў колькасць насельніцтва застаецца практычна нязменнай і вагаецца ў межах 38 і 39 млн чалавек, аднак узроставая структрура трансфармуецца. Для краіны характэрны нізкі натуральны прырост насельніцтва і паступовае яго старэнне. У асобныя гады смяротнасць перавышае нараджальнасць.

Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Для Польшчы характэрна высокая ўдзельная вага насельніцтва ў працаздольным узросце. Такім чынам, дэмаграфічныя працэсы тут падобныя да агульнаеўрапейскіх, за выключэннем таго, што для Польшчы характэрны нізкі міграцыйны прырост. Польшча пазіцыянуе сябе як транзітную для мігрантаў краіну. Выключэнне робіцца для асобаў з польскімі каранямі ў краінах Усходняй Еўропе — ім дастаткова атрымаць карту паляка і стаць паўнавартым членам польскага грамадства. Пасля ўступлення Польшчы ў ЕС вялікая колькасць працоўных мігрантаў выехала ў краіны Заходняй і Паўночнай Еўропы. Асабліва вялікая польская дыяспара ў Вялікабрытаніі, Ірландыі і Ісландыі. У 2010-х, калі заробкі ў Польшчы дасягнулі 70 % ад сярэдніх па ЕС, гэты трэнд зменшыўся. Польская дыяспара, што сфармавалася цягам апошніх стагоддзяў — адная з самых шматлікіх у свеце: паводле найбольш смелых ацэнак колькасць палякаў за мяжой складае 20 млн чалавек, з якіх большасць прыходзіцца на ЗША, Германію, Бразілію, Францыю.[2]

Этнічны склад

Кашубская сям'я на з'ездзе кашубаў

Сучасная Польшча — адна з самых монанацыянальных дзяржаў свету. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2011 года, 96,88 % насельніцтва Польшчы аднеслі сябе да этнічных палякаў. Астатнюю частку складаюць іншыя нацыянальнасці — этнічныя меншасці і дыяспары, якія кампактна пражываюць на прыгранічных тэрыторыях (кашубы, беларусы, літоўцы, немцы). Да іншых нацыянальнасцей аднеслі сябе 1,23 % працэнта насельніцтва краіны, з іх самыя значныя этнічныя групы — роднасныя палякам сілезцы (1,13 %, а ў 2002 — усяго 0,45 %), немцы (0,09 %), беларусы (0,1 %), украінцы (0,1 %), цыганы, яўрэі, польска-літоўскія татары[3]. Беларуская дыяспара ў Польшчы адна з найбольш шматлікіх — каля 30 тысяч чалавек паводле перапісу 2011 (згодна з іншымі ацэнкамі, у пачатку 1990-х у Польшчы жылі ад 215 да 230 тыс. беларусаў). 1,35 % насельніцтва адмовіліся даць адказ на пытанне аб нацыянальнасці. Варта дадаць, што прыведзеная статыстыка не ўключае легальных украінскіх працоўных мігрантаў, якіх апошнім часам паболела — каля 1,7 млн чалавек у 2017![4]

Мовы

Больш за 98 % жыхароў краіны размаўляюць на польскай мове — найбуйнейшай заходнеславянскай мове. Польскі алфавіт сканструяваны на лацінскай аснове і мае 9 дадатковых сімвалаў (ą, ć, ę, ł, ń, ó, ś, ź, ż); літары q,v, і x ужываюцца толькі ў запазычаных словах. Не менш за 1,4 % жыхароў Польшчы карыстаюцца сілезскай гаворкай (самі сілезцы або шлянзакі лічаць сваю гаворку асобнай мовай і дамагаюцца для яе афіцыйнага статусу; на сілезскай мове ствараюцца літаратурныя творы, выдаюцца газеты). Да рэгіянальных моў аднесена кашубская — заходнеславянская мова, родная для 366 000 чалавек, размаўляе на ёй каля 108 000 чалавек. У раёнах кампактнага пражывання кашубаў — пераважна на захад ад Гданьска — выкарыстоўваюцца двухмоўныя ўказальнікі, шыльды і т.п. Цікава, што ў адрозненні ад сілезцаў, кашубы ідэнтыфікуюць сябе як палякі. 16 моваў, у тым ліку, беларуская, маюць статус моваў нацыянальных меншасцяў.

Канфесійны склад

Ясна Гура ў Чэнстахове — галоўны каталіцкі цэнтр Польшчы

Рэлігія ў Польшчы займае даволі значнае месца ў грамадскім жыцці. Самаю ўплывоваю рэлігіяй у краіне з’яўляецца хрысціянства (рымскае каталіцтва), прыхільнікамі якога, па розных ацэнках, з’яўляюцца ад 75 да 95 працэнтаў насельніцтва[5]. Каталіцкая царква аказвае вялікі ўплыў на жыццѐ палякаў і палітыку дзяржавы. Палякам быў 264-ы Папа Рымскі Ян Павел II (Караль Вайтыла). Таксама прысутнічаюць прадстаўнікі некалькіх іншых канфесій: праваслаўныя, лютэране, грэкакатолікі, кальвіністы і іудзеі, сведкі Іеговы.

Размяшчэнне і рассяленне

Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва складае 122 чалавекі на км². Па ўзроўні ўрбанізацыі (62 %) Польшча саступае большасці еўрапейскіх дзяржаў (у тым ліку Беларусі). Шмат у чым гэта абумоўлена сялянскім характарам сельскай гаспадаркі. Палова гараджан — жыхары вялікіх гарадоў. Найбуйнейшыя гарады Польшчы: Варшава (1,77 млн), Кракаў (770 тыс), Лодзь (690 тыс), Вроцлаў (640 тыс), Познань (537 тыс)[6], Катавіцы, Бельска-Бяла, Быдгашч, Беласток, Торунь, Гданьск, Гдыня, Сопат (апошнія тры ўтвараюць агламерацыю, якую неафіцыйна называюць Труймяста). Месца гарадоў у рэйтынгу з цягам часу можа змяніцца: так Лодзь, што быў вялікім цэнтрам прамысловасці, за апошніх 30 гадоў траціў каля 100 тыс чалавек і саступіў другую прыступку Кракаву. Дзесяць найбуйнейшых агламерацый — Варшаўская, Верхнесілезская (Катавіцкая), Кракаўская, Труймяста і інш. канцэнтруюць 25 % грамадзян краіны.

Зноскі

Літаратура

  • Церашковіч П. Польшча: краіна і людзі (Геаграфія Польшчы). - Мн.: Зміцер Колас, 2016. - 144 с., іл