Ніжнефранкскія мовы

Ніжнефра́нкскія мо́вы (ням.: Niederfränkisch, нідэрл.: Nederfrankisch)[1][2] — прынятае ў параўнальна-гістарычным мовазнаўстве абазначэнне для групы дыялектаў і гаворак заходнегерманскага дыялектнага кантынууму (а менавіта нямецкай і нідэрландскай моў). Распаўсюджаны на тэрыторыі Нідэрландаў, паўночнай часткі Бельгіі (Фландрыя), на поўначы Францыі ў дэпартаменце Нор і на захадзе Германіі ў вобласці Ніжняга Рэйна[en]. За межамі мацерыковай Еўропы дыялекты ніжнефранкскай групы распаўсюджаны ў Сурынаме, Намібіі і Паўднёвай Афрыцы.

Ніжнефранкскія мовы
АрэалНідэрланды, паўночная Бельгія, паўночная Францыя, заходняя Германія, Сурынам, Намібія, Нідэрландскія Антылы, Аруба, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка
Колькасць носьбітаўкаля 35 мільёнаў
Класіфікацыя
КатэгорыяМовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям’я

Германская галіна
Заходнегерманская група
Іскевонскія мовы
Склад
нідэрландская (ўключаючы афрыкаанс і капскую[en]), лімбургская
Коды моўнай групы
ISO 639-2
ISO 639-5

Тэрміналогія

Ніжнефранкскія мовы з’яўляюцца чыста лінгвістычнай катэгорыяй і не выкарыстоўваюцца ў якасці тэрміна для саманазвы сярод носьбітаў германскіх дыялектаў, якія традыцыйна групуюцца ў рамках групы.

У галіне гістарычнай філалогіі наймення гістарычных фаз ніжнефранкскіх моў не тоесныя традыцыйным разгалінаванням старажытнаверхненямецкай/сярэдневерхненямецкай і старажытнаніжненямецкай/сярэдненіжненямецкай. З-за цеснай сувязі ўсяго кластара з нідэрландскай мовай і яе гістарычнымі формамі ніжнефранкскія часам узаемазаменны з нідэрландскімі, хаця апошняе абазначэнне можа мець шырэйшае або вузейшае значэнне ў залежнасці ад канкрэтнага кантэксту. Нярэдка аддаецца перавага тэрмінам «старанідэрландскі» і «сярэдненідэрландскі» замест «стараніжнефранкскі» і «сярэдненіжнефранкскі».[1][2]

Ніжнефранкскія мовы часам, асабліва гістарычна, групуюцца разам з ніжненямецкімі мовамі, ў Нідэрландах званыя ніжнесаксонскімі. Аднак гэтае групаванне заснавана не на агульных моўных рысах, а, хутчэй, на адсутнасці верхненямецкага перабою зычных.[3][4] Паняцце «франкскія» (Frankish) або «франконскія» (Franconian) было ўведзена нямецкім мовазнаўцам Вільгельмам Браўнэ (1850–1926). Навуковец падзяліў франкскія дыялекты на такія, што зазналі і не зазналі германскага перабоя зычных, адпаведна на ніжнюю, сярэднюю і верхнюю франкскую мовы. Ніжнефранкскай мовай стаў пазначацца кантынуум, які не падпаў пад згаданы гукавы зрух.[5][6]

Паходжанне

Вобласці рассялення франкаў на Ⅴ стагоддзе:      Салічныя франкі      Рыпуарскія франкі

Нягледзячы на назву, дыяхранічная сувязь са старажытнафранкскай мовай (мова салічных франкаў Ⅴ–Ⅸ стагоддзяў) застаецца смутнай для большасці разнавіднасцяў шырокай групы франкскіх моў, галоўным чынам з-за моцнага ірмінонскага верхненямецкага ўплыву на апошнія ў часы Вялікага перасялення народаў.[7][6] Дыялекты ніжнефранкскага кластара складаюць выключэнне сярод усёй групы, прычым менавіта яны звычайна лічацца найбольш прамымі нашчадкамі старажытнафранкскай мовы. Такім чынам, старанідэрландская і сярэдненідэрландская, а таксама старафранцузская, багатая на франкскія запазычанні, з’яўляюцца асноўнымі мовамі, якія выкарыстоўваюцца для рэканструкцыі старажытнафранкскай мовы з выкарыстаннем параўнальнага метаду.[8][9]

У гістарычнам мовазнаўстве старажытнаніжнефранкская мова тоесная старанідэрландскай мове.[10][11] У залежнасці ад аўтара, часавая мяжа паміж старанідэрландскай і старажытнафранкскай мовамі вызначаецца альбо пачаткам другога верхненямецкага перабою зычных ва ўсходнефранкскіх дыялектах, альбо асіміляцыяй аднаго малазасведчанага прыбярэжнага паўночнаморскага дыялекту заходнефранкскай мовай у канцы Ⅸ стагоддзя, або ж спалучэннем абодвух.[12]

Старажытнаніжнефранкская мова падзяляецца на старажытназаходненіжнефранкскую (на якой размаўлялі ў Фляндрыі, Брабанце і Галандыі) і старажытнаўсходненіжнефранкскую (Лімбург і Рэйнская вобласць).[13] Са старазаходненіжнефранкскай мовы ў канчатковым выніку ўтварылася сучасная нідэрландская мова.[14]

Межы ніжнефранкскіх дыялектаў

Дакладныя межы ніжнефранкскага кантынууму складана вызначыць, бо на меркаваных межах назіраецца яго змешванне з суседнімі мовамі і дыялектамі. Прызнаным з’яўляецца тое, што вобласць распаўсюджвання ніжнефранкскіх дыялектаў распасціраецца на поўнач ад лініі Бенрата і на захад ад вестфальскай ізаглосы (таксама вядомая як Einheitsplurallinie — «лінія адзінага множнага ліку», якая аддзяляе ніжнесаксонскія дыялекты ад франкскіх). На паўднёвым захадзе ніжнефранкскія дыялекты абмежаваныя французскай мовай, бліжэй да ўзбярэжжа назіраецца ўзмацненне фрызскай мовы. З пазіцый тэрытарыяльных вялікі пляц распаўсюджвання кантынууму прыпадае на Нідэрланды і поўнач Бельгіі.

Складанасць развіцця абгавораных дыялектаў заключаецца ў тым, што яны паступова выцясняюцца дзяржаўнымі мовамі ў сваім літаратурным варыянце: нямецкай у Германіі, нідэрландскай — у Нідэрландах. Лік носьбітаў ніжненямецкіх дыялектаў імкліва памяншаецца.

Сучасная класіфікацыя

Сучаснае распаўсюджванне ніжнефранкскіх моў у Еўропе, ўключаючы зону пераходу ніжнефранкска-рыпуарскіх моў у Лімбургу і Заходняй Германіі:      Паўночнаніжнефранкскія      Паўднёваніжнефранкскія      Усходнебергскі дыялект      Пераходныя ніжнесаксонскія

На сённяшні дзень да ніжнефранкскіх прынята адносіць:[15][16][17][18][19][20][21][22][23][24][25]

Нідэрландская літаратурная мова (Nederlandse taal) заснавана галоўным чынам на фламандскім, брабанцкім і галандскім дыялектах. Таксама яна аказала значны ўплыў на заходнефрызскія і ніжнесаксонскія дыялекты, на якіх гавораць у паўночных Нідэрландах, а таксама на ўсходнефрызскія дыялекты на паўночным захадзе Германіі.[26]

З часоў нідэрландскага каланізму ў былых уладаннях утварыліся такія мовы:

  • Усходні дыялект (Oosgrens-Afrikaans)
  • Капскі дыялект (Kaapse Afrikaans)
  • Аранжаварачныя гаворкі (Oranjerivier-Afrikaans)

Ніжнерэйнскія дыялекты

Паўночнаніжнефранкскія дыялекты, распаўсюджаныя ў Германіі, прынята аб'ядноўваць у так званыя ніжнерэйнскія. Гэтыя дыялекты сустракаюцца ў федэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія, а менавіта — па абодвум бакам ад Ніжняга Рэйна на захад ад мяжы ніжнесаксонскіх і ніжнефранкскіх дыялектаў. Зону дыялектаў утварае ізаглоса Бохальт–ЭсэнВуперталь-БармэнВіперфюрт і мяжа Юрдынгена. Да ніжнерэйнскіх прынята ў Намеччыне таксама адносіць клеверландскі дыялект (паўночнаніжнефранкскі ў Намеччыне), усходнебергскі і ўсходнелімбургскі (паўднёваніжнефранкскі) дыялекты. З апошняга вылучаюць у Германіі заходнебергскі (Westbergisch) і крэфельдскі (Krieewelsch) дыялекты.

Страта арэала

Да ранняга Новага часу ўсе носьбіты розных ніжнефранконскіх дыялектаў выкарыстоўвалі сярэдненідэрландскую або раннюю сучасную нідэрландскую мову ў якасці літаратурнай і аб’яднаўчай мовы (Dachsprache). Прыкметныя змены адбыліся ў 19 стагоддзі, калі гістарычна нідэрландскамоўны рэгіён Французская Фландрыя перажыў перыяд афранцужвання пад эгідай французскага ўрада.[27] Гэтак жа ў рэгіёне Ніжняга Рэйна (тады ўваходзіў у склад Прусіі) адбылася шырокая германізацыя, а публічнае і афіцыйнае выкарыстанне нідэрландскай мовы было забаронена, што прывяло да зніжэння выкарыстання таксама і лімбургскай мовы і іншых дыялектаў.[28][29][30] Акрамя таго, Брусельскі сталічны рэгіён, у якім гістарычна размаўлялі на нідэрландскай, стаў афіцыйна двухмоўным, а да цяперашняга часу — ў асноўным ужо франкамоўным.

Зноскі

Літаратура

на нямецкай мове
  • Kurt-Wilhelm Graf Laufs. Niederfränkisch-Niederrheinische Grammatik - für das Land an Rhein und Maas. — Mönchengladbach: Niederrheinisches Institut, 1995. — ISBN 3-9804360-1-2.
  • Peter Honnen, Cornelia Forstreuter. Sprachinseln im Rheinland. Eine Dokumentation des Pfälzer Dialekts am unteren Niederrhein und des „Hötter Platt“ in Düsseldorf-Gerresheim. — „Rheinische Mundarten“. — Köln: Rheinland-Verlag, 1994. — ISBN 3-7927-1456-6.
  • Wolfram Euler. Das Westgermanische — von der Herausbildung im 3. bis zur Aufgliederung im 7. Jahrhundert — Analyse und Rekonstruktion (West Germanic: from its Emergence in the 3rd up until its Dissolution in the 7th century CE: Analyses and Reconstruction). — London/Berlin: Verlag Inspiration Un Limited, 2013. — С. 244. — ISBN 978-3-9812110-7-8. (з кароткім апісаннем на англійскай мове)
  • Friedrich Maurer. Nordgermanen und Alemannen: Studien zur germanischen und frühdeutschen Sprachgeschichte, Stammes- und Volkskunde. — Straßburg: Hünenburg-Verlag.