Пажар у кафэ «Палігон»

Пажар у кафэ «Палігон»пажар у Расіі, які адбыўся а 02:37 5 лістапада 2022 года[1] ў горадзе Кастрама.

Ход падзей

У ноч на 5 лістапада 2022 года планавалася, што «Палігон» будзе працаваць да пяці гадзін раніцы: аб працяглых вечарынках у пятніцу і суботу абвясцілі на старонцы клуба ў сацыяльных сетках. Будынак загарэўся ў палове трэцяга ночы. Полымя распаўсюдзілася на 3500 квадратных метраў, дах цалкам абрынуўся[2]. Для тушэння пажару задзейнічалі больш за 50 спецыялістаў на двух дзясятках спецаўтамабіляў. З рэстарана эвакуіравалі 250 чалавек[3], яшчэ 15 вывелі з бліжэйшага шматпавярховага дома з-за шырокага задымлення. Да паловы пятага ўзгаранне ўдалося лакалізаваць, праз тры гадзіны ліквідавалі адкрытае полымя.

У парушэнне нормаў супрацьпажарнай бяспекі большасць аварыйных выхадаў з клуба было заблакавана, што пацягнула немагчымасць хуткай эвакуацыі[4]. Па сведчаннях відавочцаў, пажарная сігналізацыя не зрэагавала на ўзгаранне[5]. Ратуючы наведвальнікаў палаючага кафэ пажарныя былі вымушаны выломліваць дзверы, так як 4 эвакуацыйных выхаду былі зачынены. Адчыненымі апынуліся толькі 3 дзверы. З-за гэтага ў кафэ пачалася цісканіна і паніка[6]. Як пазней паведамілі экстранныя службы, целы загінулых, у асноўным, былі знойдзены ў курылцы, дапаможным памяшканні і каля туалетаў[2].

Ахвяры

У выніку пажару 13 чалавек загінулі, 9 атрымалі траўмы, яшчэ 4 абвешчаны прапаўшымі без вестак[2].

Расследаванне

Следчае ўпраўленне СК РФ па Кастрамской вобласці ўзбудзіла дзве крымінальныя справы: па частцы 3 артыкул 109 КК РФ («Прычыненне смерці па неасцярожнасці двум або больш асобам») і па частцы 3 артыкула 238 КК РФ («Аказанне паслуг, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі і прывялі да смерці двух і больш асоб»)[2][7]. Следчы камітэт РФ таксама пачаў праверку на прадмет магчымай бяздзейнасці кантралюючых органаў Кастрамской вобласці[8].

Прычынай трагедыі ў «Палігоне» стала запушчаная ўнутры паляўнічая піратэхніка: адзін з наведвальнікаў падчас масавага канфлікту стрэліў у столь з ракетніцы і збег. У якасці падазраванага быў затрыманы і арыштаваны 23-гадовы расійскі вайсковец з воінскай часці Кастрамскога тэрытарыяльнага гарнізона, камісаваны па раненні ў ходзе ўварвання Расіі ва Украіну. Пазней быў затрыманы і адпраўлены пад арышт дырэктар кафэ[2].

Высветлілася, што ўладальнікам кафэ з’яўляецца дэпутат Кастрамской абласной думы ад фракцыі «Адзіная Расія» Іхтыяр Ілдыр аглы Мірзоеў[9]. Па звестках МНС Расіі, на працягу некалькіх гадоў будынак пазбягаў супрацьпажарных праверак[10].

Старшыня Следчага камітэта РФ Аляксандр Бастрыкін даручыў кіраўніку следчага ўпраўлення па Кастрамской вобласці Дзянісу Леўчанку далажыць аб пажары ў ноч на суботу[11], а потым загадаў перадаць у Галоўнае следчае ўпраўленне СК Расіі крымінальныя справы, узбуджаныя па факце здарэння ў «Палігоне»[12].

Рэакцыя

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў Уладзіміру Пуціну спачуванне ў сувязі з трагічнай гібеллю людзей[2].

Адміністрацыя Кастрамской вобласці абвясціла 7 лістапада Днём жалобы па загінулых[13].

Гл. таксама

Зноскі