Саюз пісьменнікаў Беларусі (2005)

з 2005 года. Саюз, падкантрольны рэжыму Лукашэнкі

Саюз пісьменнікаў Беларусі (руск.: Союз писателей Беларуси) — творчая арганізацыя беларускіх празаікаў, паэтаў, журналістаў, крытыкаў і іншых дзеячаў літаратуры, якая падтрымліваецца рэжымам Лукашэнкі. Аб’ядноўвае пераважна рускамоўных аўтараў. Утвораны ў 2005 годзе з мэтай расколу незалежнага Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Саюз пісьменнікаў Беларусі
Лагатып ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
Лагатып ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
АбрэвіятураСПБ
Краіна
Адміністрацыйны цэнтрМінск
Адрасг. Мінск, вул. Фрунзэ, д. 5
Юрыдычны статусграмадскае аб’яднанне
Тып арганізацыітворчая
Дзейнічае ў рэгіёнахБеларусь
Афіцыйныя мовыруская
Кіраўнікі
СтаршыняАлесь Карлюкевіч
1-я намесніцаАлена Стэльмах
НамеснікАнатоль Мацвіенка[1]
Заснаванне
Дата заснавання18 лістапада 2005[2]
Бюджэт243,4 мільёны рублёў[3] (2010 год; 81,3 тысячы $[4])
Колькасць валанцёраў530 членаў (2021 год)[5]
Колькасць членаў530
Асноўныя асобыМікалай Чаргінец, Алесь Карлюкевіч
Кіроўны органУправа
Даччыныя арганізацыічасопіс «Полымя», газета «Літаратура і мастацтва»
Член уМіжнародная садружнасць пісьменніцкіх саюзаў (Расія)
ПапярэднікСаюз беларускіх пісьменнікаў
oo-spb.by (руск.)

Гісторыя

Дом літаратара ў Мінску

Адзіны Саюз пісьменнікаў, які існаваў з 1934 года, быў расколаты ў 2005 годзе пры актыўным удзеле Мікалая Чаргінца. Праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі быў створаны на ўстаноўчым сходзе 18 лістапада 2005 года, але пераважная большасць членаў старога Саюза не пайшлі за Чаргінцом[6]. Прычынай для выхаду яны назвалі «палітызацыю СБП, яго барацьбу з уладай, якая суправаджалася шалёнай спекуляцыяй на культуры, праблеме беларускай мовы і г. д., адсутнасць дэмакратычных прынцыпаў»[7].Грамадскасць лічыла адной з прычын стварэння СПБ спробу ўлады разбурыць незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў (СБП), які ўладам не ўдалося падпарадкаваць[8].

Паколькі выкарыстанне назвы краіны ў назвах палітычных партый і грамадскіх арганізацый у Беларусі забароненае, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 верасня 2006 года выдаў указ, у якім дазволіў Саюзу пісьменнікаў ужываць у сваёй назве слова «Беларусь»[9]. Гэтым жа ўказам праўладны саюз быў вызвалены ад сплаты падаткаў на прыбытак і на дададзеную вартасць, а незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў пазбаўлены гэтага права. Таксама незалежны СБП быў пазбаўлены ранейшай дзяржпадтрымкі, і яго вымусілі пакінуць Дом літаратара. Саюзу пісьменнікаў Беларусі былі перададзеныя літаратурныя часопісы «Полымя», «Нёман», «Маладосць», штотыднёвая газета «Літаратура і мастацтва», заснавальнікам якіх быў СБП[10]. Пры гэтым тыражы газеты «Літаратура і мастацтва» ў 2006—2020 гг., паводле падлікаў Міхася Скоблы, зменшыліся амаль у 10 разоў[11].

14 жніўня 2020 года, у час пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, Саюз пісьменнікаў Беларусі выдаў заяву, у якой заклікаў бакі да прымірэння[12]. Былі выказаны спадзяванні на каментарыі МУС датычна гвалту супраць пратэстоўцаў, а таксама Саюз заклікаў вызваліць мірных затрыманых[12].

Пасля пачатку палітычных рэпрэсій у саюз пачалі прымаць дзяржаўных прапагандыстаў. Так, у 2022 годзе стала вядома, што членамі саюза ёсць Андрэй Мукавозчык і Людміла Гладкая[13][14]. У гэты ж час у раздзеле афіцыйных заяў Саюза пісьменнікаў Беларусі публікуюцца заявы сяброў саюза супраць «прапаганды пасобнікаў фашыстаў», такіх як Ларыса Геніюш, Францішак Аляхновіч, Наталля Арсеннева. У гэтых жа заявах беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг параўноўваецца з фашысцкім[15]. У 2023 годзе аддзелам секцыі публіцыстыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі прызначаны кіраваць прапагандыст Андрэй Мукавозчык[16].

Старшыні

Структура

На 2016 год колькасць членаў Саюза складала больш за 600 чалавек[18], аб’яднаных у 6 абласных і Мінскую гарадскую арганізацыі. На 2021 г. колькасць членаў, паводле СПБ, перавысіла 700[19]. Пры СПБ створаныя секцыі прозы, паэзіі, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі, сатыры і гумару, крытыкі і літаратуразнаўства, драматургіі, перакладу і славянскіх літаратур, краязнаўства, прыгод і фантастыкі[20]. Таксама заяўлялася пра творчыя клубы СПБ, секцыі пры бібліятэках, школах, ВНУ, літаратурную студыю[21]. Сярод членаў СПБ лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных прэмій, у тым ліку Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, уладальнікі ордэнаў і медалёў, дактары і кандыдаты навук[18].

Аддзяленні

На 2021 год Саюз пісьменнікаў Беларусі налічваў каля 530 членаў у 7 аддзяленнях. На 6 абласных аддзяленняў прыпадала менш за палову членаў (46 %).

  • Брэсцкае абласное аддзяленне. Створана 15 снежня 2005 года 13-ю пісьменнікамі. Першым старшынёй быў Анатоль Крэйдзіч. У снежні 2006 года адчынілі сядзібу ў Брэсце па праспекце Машэрава, д. 75, корп. 1. 19 снежня 2016 года старшынёй стала Таццяна Дземідовіч. З 2006 года ладзіць рэспубліканскі фэст рускай паэзіі, у рамках якога праходзіць конкурс маладых паэтаў. На 24 лютага 2021 года налічвала 51 пісьменніка[22].
  • Віцебскае абласное аддзяленне. Заснавана 2 снежня 2005 года. Мае сядзібу ў Віцебску па вул. Праўды, д. 18. Уручае літаратурную прэмію імя Петруся Броўкі штогод і прэмію імя Уладзіміра Караткевіча аднойчы на 5 гадоў (2020 год). Старшынёй з’яўляецца Тамара Гусачэнка. На 2021 год налічвала 46 пісьменніц і пісьменнікаў[23].
  • Гродзенскае абласное аддзяленне. Утворана ў снежні 2005 года. Мае сядзібу ў Гродна па Савецкай вул., д. 31. Пасаду старшыні займае Людміла Кебіч. На 13 красавіка 2021 года налічвала 41 члена[24].
  • Гомельскае абласное аддзяленне. Створана ў лістападзе 2005 года 13-ю пісьменнікамі. У снежні 2006 года адчынілі сядзібу ў Жыткавічах па вул. К. Маркса, д. 8. У маі 2007 года стварылі сядзібу ў Гомелі па Савецкай вул., д. 126. З 2010 года сталі ладзіць міжнароднае штогадовае свята «Славянскія літаратурныя дажынкі». З 2013 года ладзяць літаратурны конкурс з уручэннем прэміі імя Кірылы Тураўскага. З 4 снежня 2016 года старшынёй з’яўляецца Уладзімір Гаўрыловіч. На 2021 год налічвала 65 пісьменніц і пісьменнікаў, з якіх большасць у Гомелі, а рэшта ў 9 з 21 раёнаў Гомельскай вобласці[25].
  • Магілёўскае абласное аддзяленне. Заснавана 14 снежня 2005 года. Першым старшынёй быў Уладзімір Дуктаў. З 2009 года выдае літаратурны альманах «Прыдняпроўе. Магілёўшчына літаратурная». Мае сядзібу ў Магілёве па Першамайскай вул., д. 89. З 2016 года старшынёй з’яўляецца Аляксандр Казека. На 23 кастрычніка 2020 года налічвала 39 пісьменніц і пісьменнікаў[26].
  • Мінскае абласное аддзяленне. Створана ў 2006 годзе. Першым старшынёй быў Рыгор Сакалоўскі. У 2011—2016 гадах яго ўзначальваў Алесь Карлюкевіч. Мела сядзібу ў Мінску на плошчы Свабоды, д. 13. З 21 лютага 2017 года старшынёй з’яўляецца Святлана Быкава. На 10 чэрвеня 2021 года налічвала 87 членаў[27].
  • Мінскае гарадское аддзяленне. Утворана 16 снежня 2005 года. Старшынёй стаў Міхась Пазнякоў. Штогод уручае маладым творцам да 30 гадоў прэмію «Адкрыццё года». У 2011 годзе распачалі выпуск кніжных серый «Бібліятэка Мінскага гарадскога аддзялення СПБ» і «Мінскія маладыя галасы». У 2016 годзе ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы заснавалі Мінскі гарадскі тэатр паэзіі. У 2017 годзе заснавалі літаратурныя прэміі ў намінацыях «Проза», «Паэзія» і «Дзіцячая літаратура». Месціцца ў Мінску па вул. Фрунзэ, д. 5. На 26 красавіка 2021 года налічвала 288 пісьменніц і пісьменнікаў, што складала звыш паловы ад усіх членаў СПБ (54 %)[28].

На прыканцы 2023 года ў складзе Саюза пісьменнікаў Беларусі налічвалася болей чым 700 літаратараў[29].

Крытыка

Каля 70 % членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі рускамоўныя, частка з іх адмоўна ставіцца да беларускай літаратуры, аддаючы перавагу рускай. Мікалай Чаргінец, які больш за 15 гадоў узначальваў СПБ, прынцыпова не гаварыў па-беларуску[30].

Шэраг вядомых беларускіх творцаў з цягам часу пакінулі прарэжымны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Сярод іх празаікі Андрэй Федарэнка, Алесь Наварыч, Валер Гапееў, Анатоль Казлоў, Леанід Левановіч, паэтка Раіса Баравікова і дзіцячая пісьменніца Алена Масла[8][30]. Большасць з іх працавалі ў дзяржаўных літаратурных выданнях і выдавецтвах, і ўдзел у СПБ быў умовай захавання працоўнага месца. Па меры зыходу з працы ў дзяржаўных выданнях і холдынгах яны пакінулі і саюз. Пісьменнікі, якія выйшлі з СПБ, называлі далейшае членства ў Саюзе Чаргінца несумяшчальным са сваімі маральнымі прынцыпамі[8].

Палітолаг Вольф Рубінчык крытыкаваў СПБ за тэндэнцыйна праведзенае даследаванне запатрабаванасці кніг у беларускіх бібліятэках (2019—2021)[31], а таксама за маніпуляванне з нумарацыяй з’езда 22 сакавіка 2022 года (з’езд названы 25-м, нягледзячы на тое, што папярэдні, у 2016 годзе, лічыўся 3-м). Непаслядоўнасць у нумарацыі звязваецца з тым, што ўвосень 2021 года быў фармальна ліквідаваны Саюз беларускіх пісьменнікаў, і ў СПБ вырашылі забраць тое, што «кепска ляжала» — амаль 90-гадовую гісторыю пісьменніцкай арганізацыі. Паводле Вольфа Рубінчыка, паводзіны арганізатараў з’езда ў сакавіку 2022 года можна трактаваць як марадзёрства[32].

Зноскі

Спасылкі

🔥 Top keywords: Галоўная старонкаАдмысловае:SearchУладзімір КараткевічКарлес ПучдэмонМіхась ПазнякоўАдмысловае:RecentChangesВікіпедыя:ФорумЯнка БрыльРаіса Андрэеўна БаравіковаМарыя АнтуанетаАлесь БадакЯнка СіпакоўПімен ПанчанкаДзеяслоўВіктар Анатолевіч ШніпГенадзь Пятровіч ПашкоўЯўгенія ЯнішчыцМар’ян ДуксаЮрась СвіркаУладзімір Іванавіч КарызнаАлесь РазанаўБеларусьЛюдміла РублеўскаяДзікае паляванне караля СтахаВікіпедыя:СупольнасцьМіхась БашлакоўЯкуб КоласМагіла льва (паэма)Янка КупалаБярозка (часопіс)AP$ENTІван МележІван ШамякінУННВАркадзь КуляшоўДзеепрыслоўеВасіль БыкаўРыгор БарадулінЛюдзі на балоце (раман)