Amazon.com
Amazon.com, Inc. (прамаўляецца Амазон ком інкарпарэйтэд) — амерыканская транснацыянальная кампанія, якая спецыялізуецца на электроннай камерцыі, воблачных вылічэннях, інтэрнэт-рэкламе, лічбавай трансляцыі і штучным інтэлекце. Штаб-кватэра кампаніі размешчана ў Сіэтле.
Amazon — гэта адзін з першых інтэрнэт-сэрвісаў, арыентаваных на продаж тавараў масавага попыту. Першапачаткова гэта была кніжная інтэрнэт-крама, але пазней Amazon перайшоў да продажу мноства катэгорый тавараў, і гэтая стратэгія прынесла яму мянушку Крама ўсяго. Amazon мае некалькі даччыных кампаній з рознымі напрамкамі бізнесу, сярод іх Amazon Web Services з паслугамі воблачных вылічэнняў, Ring, якая распрацоўвае разумныя дзвярныя званкі, і Twitch з паслугай прамой трансляцыі камп’ютарных гульняў.
Станам на 2023 год кампанія прадстаўляе найбуйнейшыя ў свеце сэрвісы інтэрнэт-гандлю, воблачных вылічэнняў[5] і прамой трансляцыі. Amazon з’яўляецца найбуйнейшай у свеце інтэрнэт-кампаніяй па даходах і долі рынку,[6][7] другім па велічыні прыватным працадаўцам у Злучаных Штатах і адной з самых каштоўных кампаній у свеце.[8]
Amazon распаўсюджвае разнастайны кантэнт праз свае даччыныя кампаніі Amazon Prime Video, Amazon Music, Twitch і Audible. Таксама публікуе кнігі праз выдавецтва Amazon Publishing, стварае фільмы і тэлевізійны кантэнт праз Amazon Studios і з’яўляецца ўладальнікам кіна- і тэлестудыі Metro-Goldwyn-Mayer з сакавіка 2022 г. Amazon таксама вырабляе спажывецкую электроніку, а менавіта электронныя кнігі Kindle, разумныя калонкі Echo, планшэты і тэлевізары Fire.
Гісторыя
Amazon.com быў створаны ў 1994 годзе амерыканскім прадпрымальнікам Джэфам Безасам, у 1995 годзе магазін пачаў анлайнавы гандаль кнігамі. У чэрвені 1998 года магазін пачынае прадаваць музычныя запісы, а ў лістападзе таго ж года — відэапрадукцыю.
У 2015 годзе рынкавая капіталізацыя Amazon перавысіла капіталізацыю Walmart у рознічным гандлі ў Злучаных Штатах[9].
У 2018 годзе яго двухдзённы сэрвіс дастаўкі Amazon Prime перасягнуў 100 мільёнаў абанентаў па ўсім свеце[10].
Даччыныя кампаніі
Amazon валодае больш чым 40 даччынымі кампаніямі, у тым ліку Amazon Web Services, Amazon Music, Amazon Prime Video, Audible, Diapers.com, Goodreads, IMDb, Kuiper Systems, Ring, Twitch, Zappos і Zoox.[11]
Amazon Web Services
Кампанія Amazon Web Services (AWS) прадастаўляе платформы воблачных вылічэнняў прыватным асобам, кампаніям і ўрадам з аплатай па меры выкарыстання. Станам на 4 квартал 2021 года AWS займала 33 % рынку воблачнай інфраструктуры, яе канкурэнты Microsoft Azure і Google Cloud мелі 21 % і 10 % адпаведна.[12]
Ring
Кампанія Ring вядомая сваімі разумнымі дзвярнымі званкамі з падлучэннем да Wi-Fi, аднак таксама вырабляе іншыя прылады, напрыклад камеры бяспекі. У 2018 годзе Amazon купіў Ring за 1 мільярд долараў.[13]
Twitch
Twich — гэта амерыканскі сэрвіс прамой трансляцыі відэа, які засяроджваецца на прамой трансляцыі відэагульняў і спаборніцтваў па кіберспорце. Станам на кастрычнік 2013 года на сайце было 45 мільёнаў унікальных гледачоў.[14] Twitch быў набыты Amazon у жніўні 2014 года за 970 мільёнаў долараў.[15] У 2015 годзе ў Twitch было больш за 100 мільёнаў гледачоў у месяц.[16]
Зноскі
Літаратура
- Robert Spector. amazon.com--Get Big Fast: Inside the Revolutionary Business Model That Changed the World. — Harper Collins Publishers, 2001. — ISBN 0-06-662041-4.
- Mike Daisey. 21 Dog Years. — Free Press, 2002. — ISBN 0-7432-2580-5.
- Mara Friedman. Amazon.com for Dummies. — Wiley Publishing, 2004. — ISBN 0-7645-5840-4.
- James Marcus. Amazonia: Five Years at the Epicenter of the Dot.Com Juggernaut. — W.W. Norton, 2004. — ISBN 1-56584-870-5.
Спасылкі
- Вэб-сайт Амазона (англ.)