Фарміраванне балтаў адбылося ў эпоху неаліту ў 3—2 тыс. да н.э., калі носьбіты культуры шнуравой керамікі праніклі ў сярэднюю і паўночную Еўропу і асімілявалі мясцовае насельніцтва. Арэал пашырэння балтаў ахопліваў басейны Віслы, Нёмана, Заходняй Дзвіны. У бронзавым веку балты займалі вельмі вялікую тэрыторыю. Яна распасціралася ад вярхоўяў ракі Волгі на ўсходзе амаль да ракі Одэр на захадзе. На поўначы землі балтаў даходзілі да Фінскага заліва, на поўдні — да Сярэдняга Падняпроўя. У канцы 3 тыс. да н.э. — 6 ст. складалі асноўную частку насельніцтва земляў сучаснай Беларусі[1].
Паводле аналізу тапанімікі, а таксама асаблівасцей матэрыяльнай культуры, пахавальных звычаяў і г.д. выяўленых археалагічнымі даследаваннямі, у 1-ай пал. 1 тыс. на поўдні і ўсходзе рассяленне балтаў дасягала вярхоўяў Дняпра, Акі, займала басейны Бярэзіны і Сажа[2]. У 2-й пал. 1 тыс. усходнія балты былі выцесненыя альбо асіміляваныя славянамі[2].
У пісьмовых крыніцах балты ўпершыню згадваюцца Тацытам (I ст. н.э.) у сувязі з промыслам бурштыну. У II—V стст. балты перажывалі свой «залаты век». У гэты час дасягнулі росквіту іх рамяство і гандаль.
Балты падзяляліся на заходніх, усходніх і дняпроўскіх. Заходнія балты займалі тэрыторыю ад Панямоння да Ніжняй Віслы. У Раннім сярэднявеччы сярод іх найбольш моцнымі былі прусы, яцвягі і куршы.Усходнія балты жылі па берагах рэк Нёман, Заходняя Дзвіна, Вілія. Да іх належала племя літва. Пра дняпроўскіх балтаў мала што вядома. Усе яны растварыліся сярод славян, якія прыйшлі пазней.