Апэрацыя «Непарушная скала»

Апэра́цыя «Непару́шная скала́» (па-габрэйску: מִבְצָע צוּק אֵיתָן, Міўца Цук Эйтан) — узброеная апэрацыя ізраільскага войска (ААІ) у палестынскім сэктары Газа, якая распачалася 8 ліпеня 2014 году[13] пасьля эскаляцыі напружаньня між Ізраілем і Хамасам[14].

Апэрацыя «Непарушная скала»
Ізраільска-палестынскі канфлікт
Пускавая ўстаноўка «жалезнага купалу» зьбівае запушчаныя з сэктару Газа ракеты над цэнтральным Ізраілем (8 ліпеня)
Дата:8 ліпеня 2014 — 26 жніўня 2014
Месца:Сэктар Газа
Ізраіль
Вынік:
Супернікі
Ізраіль ІзраільСьцяг Палестыны Сэктар Газа
  • Хамас
  • Палестынскі ісламскі джыхад
  • Народныя камітэты супраціву
  • Народны фронт вызваленьня Палестыны
  • Дэмакратычны фронт вызваленьня Палестыны
  • Брыгады Абдулы Азама[5]
Камандуючыя
  • Бэньямін Нэтаньяху
  • Машэ Яалон
  • Бэні Ганц
  • Амір Эшэль
  • Самі Турджэман
  • Ярам Коэн
    • Ісмаіл Ханіе
    • Махамэд Дэйф
    • Рамадан Шала
    Колькасьць
    Паўднёвае камандаваньнеДа 74 000 рэзэрвістаў[6][7]
    Страты
    43 жаўнеры[1] і 3 цывільныя забітыя[2]; 185 жаўнераў[3] і 32 цывільыня параненыя[4]Міністэрства здароўя Газы: 1033 забітыя, 6000 параненыя[2]

    ПЦПЧ: 928 забітыя (764 цывільныя)[8]

    УКГП ААН: 924 забітыя (676 цывільных, 129 вайскоўцаў, 119 ня высьветлена)[9]

    ІЦВТ: 674 забітыя (241 цывільны, 204 вайскоўцы, 229 ня высьветленыя)[10]

    ААІ: 330 вайскоўцаў забітыя[11][12]

    Падчас вышукаў выкрадзеных і забітых у чэрвені 2014 року ізраільскіх падлеткаў вайскоўцы Ізраілю забілі дзесяцёх палестынцаў і абкружылі каля 500 чальцоў Хамасу. У адказ Хамас павялічыў ракетныя атакі на Ізраіль[15]. Да 7 ліпеня з сэктару Газа былі выпушчаныя 100 ракетаў па ізраільскай тэрыторыі ў бок Бэершэбы, Ашдоду, Афакіму, Ашкелону і Нэтывоту, у адказ Ізраіль ударыў па асобных месцах у Газе[16][17][18]. Уночы зь 7 на 8 ліпеня Ізраіль атакаваў 50 мэтаў у паласе Газа[19], а палестынскія паўстанцы ў Газе за 24 гадзіны стрэлілі 140 ракетамі, якія дасягнулі Хадэры. Ізраільская проціракетная сыстэма абароны «Жалезны купал» перахапіла каля 30 зь іх. Ізраіль таксама перашкодзіў вайсковаму пранікненьню з мора[20].

    14 ліпеня Эгіпет прапанаваў замірэньне. Ізральскі ўрад прыняў прапанову і ранкам 15 ліпеня часова спыніў баявыя дзеі. Аднак усе палестынскія арганізацыі адмовіліся спыніць агонь, заявіўшы, што ня бралі ўдзелу ў перамовах па замірэньні[21].

    Цяперашняя апэрацыя стала самым жорсткім канфліктам у сэктары Газа з вайны 2008—2009 рокаў[22]: паводле паведамленьня Міністэрства здароўя Газы, загінулі прынамсі 1000 і параненыя каля 6000 палестынцаў[2]. Паводле зьвестак Управы па каардынацыі гуманітарных пытаньняў ААН, па стане на 26 ліпеня 676 забітых былі мірнымі грамадзянамі, 315 зь іх — жанчынамі і дзецьмі[9]. Армія абароны Ізраілю абвінавачвае Хамас у выкарыстаньні насельніцтва як «жывога шчыта»[11].

    Праваахоўныя групы выказалі заклапочанасьць тым, што як палестынскія ракетныя ўдары, так і мэтанакіраваныя ўдары ізраільскага войска па жылых будынках парушаюць міжнародныя гуманітарныя законы і могуць паслужыць абвінавачваньнем у ваенных злачынствах[23][24][25].

    Перадгісторыя

    У жніўні 2005 году ў рамках аднабаковага разьмежаваньня Ізраіль цалкам адступіў з сэктару Газа да мяжы 1967 году, дэмантаваў больш за 20 габрэйскіх паселішчаў і эвакуяваў каля 9000 іх насельнікаў. 22 жніўня 2005 году ўсе жыхары габрэйскіх паселішчаў пакінулі сэктар[26]. 12 верасьня 2005 году Газу пакінуў апошні ізраільскі салдат[27].

    Асноўны артыкул: Плян аднабаковага разьмежаваньня

    Пасьля сыходу ізраільскай арміі і эвакуацыі габрэйскіх паселішчаў з сэктару Газа ў жніўні 2005 году інтэнсіўнасьць ракетных абстрэлаў рэзка ўзрасла: калі за 56 месяцаў інтыфады Аль-Акса, якія папярэднічалі эвакуацыі, на тэрыторыю Ізраілю ўпала менш за 500 ракет, то за 28 месяцаў, якія прайшлі пасьля «разьмежаваньня», — амаль 2000. Акрамя таго, калі ў 2001—2005 гадох тэрыторыі Ізраілю дасягала толькі кожная трэцяя ракета з выпушчаных, то пасьля разьмежаваньня — дзьве з трох, што можа быць растлумачана як удасканаленьнем канструкцыі саміх ракет, так і адсутнасьцю габрэйскіх паселішчаў, якія раней перашкаджалі запуску ракет і снарадаў непасрэдна зь мяжы сэктару[28]. Да канца 2005 году ў ракетных абстрэлах ізраільскай тэрыторыі з сэктару Газа бралі ўдзел практычна ўсе тэрарыстычныя групоўкі сэктару: «Брыгады Эль-Кудс» (Ісламскі джыгад), «Брыгады Із Ад-дын аль-касам» (ХАМАС), баевікі «Камітэтаў народнага супраціву», «Брыгады Абу Рыша» і «Брыгады пакутнікаў Аль-Аксы» (ФАТХ)[29].

    Першапачаткова радыюс дзеяньня ракет не перавышаў 6 кілямэтраў, аднак з часам іх далёкасьць значна ўзрасла. У 2006 годзе лідэры тэрарыстаў заявілі пра тое, што неўзабаве далёкасьць палестынскіх ракет будзе павялічана да 25 км, што дазволіць ім дасягаць гораду Ашкелон. Прадпрымаліся таксама і спробы палестынцаў ажыцьцявіць ракетныя абстрэлы ізраільскіх аб’ектаў у Юдэі і Самарыі[28].

    Да 2009 году зона дасяжнасьці ракет значна пашырылася, і на даступнай ракетнаму абстрэлу тэрыторыі апынулася каля мільёну ізраільцянаў[30].

    Рэзкае ўзмацненьне абстрэлаў ў канцы 2008 году стала прычынай правядзеньня Ізраілем з 28 сьнежня 2008 году па 20 студзеня 2009 г. ваеннай апэрацыі «Літы свінец». Вынікам стала рэзкае скарачэньне інтэнсіўнасьці абстрэлаў: калі за 2008 год па Ізраілі было выпушчана 3276 ракет, то ў 2009 — усяго 367, у 2010 — да 150[31][32].

    З 2001 і да пачатку 2011 гг. «тэрарысты выпусьцілі з Сэктару Газа па гарадох на поўдні Ізраілю больш за 11 тысяч ракет і мінаў»[33][34].

    Паводле МЗС Ізраілю, «выдаткі на абарону грамадзянскага насельніцтва ад ракет тэрарыстаў вылічаюцца мільярдамі шэкеляў. Невялікі лік пацярпелых на ізраільскім баку ў гэтым канфлікце тлумачыцца не „гуманнасьцю“ тэрарыстаў ХАМАС і Ісламскага джыгаду, і не „бясшкоднасьцю“ запушчаных імі па Ізраілі ракет, кожная зь якіх уяўляе сабой ваеннае злачынства. Сваімі жыцьцямі, бясьпекай сваёй маёмасьці ізраільцяне цалкам абавязаны сваім уласным намаганьням і дзеяньньям Арміі абароны Ізраілю»[35].

    Асноўны артыкул: Абстрэлы тэрыторыі Ізраілю з сэктару Газа

    У 2012 годзе па тэрыторыі Ізраілю з Газы было выпушчана 2078 ракет, зь якіх 520 былі зьбітыя сыстэмай ПРА. Усяго праведзена 794 ракетныя абстрэлы — без уліку мінамётных. Разам зь мінамётнымі абстрэламі па Ізраілі было выпушчана 2327 ракет і снарадаў[36]. 2012 стаў рэкордным паводле колькасьці выпушчаных ракет і інтэнсіўнасьці абстрэлаў. У выніку абстрэлаў 5 чалавек загінула і 107 было паранена[37]. Скарачэньне абстрэлаў стала адной з абвешчаных мэтаў ваеннай апэрацыі Ізраілю «Воблачны слуп», якая праходзіла з 14 па 21 лістападу 2012[38].

    Асноўны артыкул: Сьпіс абстрэлаў тэрыторыі Ізраілю з Сэктару Газа ў 2012 годзе

    Блякада Сэктару Газа была ўведзеная пасьля таго, як у ліпені 2007 году ўладу ў ім захапіла тэрарыстычная арганізацыя ХАМАС, асноўнай мэтай якой зьяўляецца зьнішчэньне габрэйскае дзяржавы. Тэрыторыя сэктару блякуецца дзьвюмя дзяржавамі — Ізраілем і Эгіптам — для прадухіленьня паставак узбраеньняў і выбухоўкі. Прадукты харчаваньня, мэдыкамэнты і практычна любыя тавары грамадзянскага прызначэньня паступаюць у сэктар без абмежаваньняў. Акрамя гэтага, Ізраіль забясьпечвае жыхароў Газы большай часткай электрычнасьці, вадой і палівам[39].

    Да лета 2014 году ў зоне, даступнай абстрэлам тэрарыстаў з Сэктару Газа, апынуліся пяць з васьмі мільёнаў ізраільцянаў[40].

    Асноўны артыкул: Выкраданьне і забойства ізраільскіх падлеткаў на Заходнім беразе ракі Ярдан

    Увечары 12 чэрвеня 2014 году на Заходнім беразе Ярдану былі выкрадзены трое габрэйскіх падлеткаў. Ізраільскае кіраўніцтва ўсклала адказнасьць за іх выкраданьне на ХАМАС. Трупы выкрадзеных падлеткаў былі знойдзены 30 чэрвеня. За два з паловай тыдні ў ходзе пошукава-выратавальнай апэрацыі і сутыкненьняў вайскоўцамі былі забітыя 7 палестынцаў, затрыманыя — 419, зь якіх 279 — чальцы ХАМАС. 59 зь іх былі перш выпушчаныя на волю ў рамках «зьдзелкі Шаліт».

    Пачатку апэрацыі таксама папярэднічалі масіраваныя ракетныя абстрэлы з Сэктару Газа поўдня Ізраіля. Так, у чэрвені 2014 было 30 абстрэлаў, падчас якіх тэрарысты выпусьцілі 66 ракет і паранілі траіх грамадзянаў. Толькі за 8 дзён ліпеня зьдзейсьнена 104 абстрэлы, выпушчана 250 ракет і сямёра грамадзянаў паранена[41]. 7 ліпеня з сэктару Газа было выпушчана 80 ракет[42]. Спачатку абстрэльвалі тэрыторыі Заходняга Нэгеву і населеныя пункты, якія мяжуюць з Сэктарам Газа, затым гарады Ашдод і Нэтывот. У зоне паражэньня апынуліся гарады, якія не зазнавалі абстрэлы з моманту заканчэньня апэрацыі «Воблачны слуп» у лістападзе 2012 году. 7 ліпеня 2014 на пасяджэньні вузкага кабінэта па пытаньнях бясьпекі было прынятае рашэньне пачаць контратэрарыстычную апэрацыю пад кодавай назвай «Непарушная скала».

    Крыніцы