Блакітніца звычайная

від птушак

Блакі́тніца звыча́йная (Cyanistes caeruleus), сі́няя сіні́ца — вераб’інападобная птушка сямейства сініцавых. Адметная сваім сіня-жоўтым пер’ем і малым памерам.

Блакітніца звычайная
Звычайная блакітніца ля кармушкі
Клясыфікацыя
РодБлакітніцы
Бінамінальная намэнклятура
Cyanistes caeruleus (Linnaeus, 1758)
Арэал

     Арэал блакітніцы звычайнай

     Арэал блакітніцы афрыканскай

Ахоўны статус
пад найменшай пагрозай

Сінія сініцы шырока распаўсюджаныя ў мерным і субарктычным эўрапейскім і заходнім палеарктычным клімаце, дзе жывуць у лісьцевых ці зьмяшаных пераважна дубовых лясох. Гнёзды робяць звычайна ў адтулінах дрэваў. Харчуюцца мошкамі і павукамі, семкамі і расьліннай ежай.

Звычайныя блакітніцы вядомыя акрабатычнымі штукамі, бо ўмеюць караскацца па галінках дрэваў і хмызьнякоў ды зьвешвацца дагары нагамі ў пошуках ежы.

Таксаномія

Кармленьне маладой птушкі

Блакітніцу звычайную ўпершыню апісаў Карл Лінэй у 1758 року пад назвай Parus caeruleus[1].

Вядомыя дзевяць падвідаў[2]:

  • C. c. caeruleus — (Linnaeus, 1758): пражывае ў кантынэнтальнай Эўропе да поўначы Гішпаніі, Сыцыліі, поўначы Турэччыны і паўночнага Ўралу;
  • C. c. obscurus — (Pražák, 1894): пражывае на Ірляндыі, Брытаніі і Нармандзкіх астравох[3];
  • C. c. ogliastrae — (Hartert, 1905): пражывае ў Партугаліі, паўднёвай Гішпаніі, на Корсыцы і Сардыніі;
  • C. c. balearicus — (von Jordans, 1913): пражывае на Маёрцы (Балеарскія астравы);
  • C. c. calamensis — (Parrot, 1908): пражывае ў паўднёвай Грэцыі, на Пэляпанэсе, Кіклядах, Крыце і Родасе;
  • C. c. orientalis — (Zarudny & Loudon, 1905): пражывае на поўдні эўрапейскай расеі;
  • C. c. satunini — (Zarudny, 1908): пражывае на Крымскім паўвостраве, Каўказе, Закаўказьзі і паўночна-заходнім Іране да ўсходняй Турэччыны;
  • C. c. raddei — (Zarudny, 1908): пражывае ў паўднёвым Іране;
  • C. c. persicus — (Blanford, 1873): пражывае ў Загроскіх гарах.

Гібрыды

Блакітніца Плеске(d) (Cyanistes × pleskei) — распаўсюджаны міжвідавы гібрыд зь белай блакітніцай (Cyanistes cyanus). Галоўка цямнейшая ад белай, а хвост бляднейшы ад звычайнай блакітніцы[4].

Апісаньне

Цёла 12 см даўжынёй, размах крылаў 18 см, маса — каля 11 г[5]. На галоўцы — блакітная «карона», ад вачэй да падбародзьдзя ідзе цёмна-сіняя рыска. Лоб і шчокі белыя. Патыліца, крылы і хвост сінія, сьпіна — жоўта-зялёная. Ніжняя частка пераважна жаўтаватая. Дзюба чорная, ногі сіня-шэрыя, вясёлкавая абалонка цёмна-карычневая. Самкі і саміцы вельмі падобныя, адрозныя толькі пад ультрафіялетавым колерам: у самцоў карона на галаве сьвятлейшая[6]. Маладыя птушкі заўважна жаўцейшыя за дарослых.

Пражываньне

У Эўропе жыве ад 20 да 44 мільёнаў параў птушак[7], пераважна ў мерным або міжземнаморскім клімаце і часткова на Сярэднім Усходзе.

Разам зь вялікай сініцай утвараюць зімой зьмяшаныя зграі. Звычайна селяцца ў плюшчах або вечназялёных расьлінах. Гняздо могуць зрабіць у любой прыдатнай адтуліне дрэва, пня, сьцяны, падобна да вераб’я або вялікай сініцы, прычым вяртаюцца туды ж штогоду.

Экалёгія

Птушаня і яйка звычайнай блакітніцы

Звычайная блакітніца адкладае яйкі ў красавіку-траўні. Яйкі выседжвае саміца, а яе ў гэты час ежай забясьпечвае самец. Яйкі ад 14 да 18 мм даўжынёй і 10,7—13,5 мм шырынёй, звычайна іх 7-8 штук. Агульная маса кладкі можа быць у 1,5 раза большай за масу саміцы[8].

Выжывальнасьць маладых птушак — 38%, дарослых — 53%. Сярэдняя працягласьць жыцьця — тры гады. Максымальная зафіксаваная працягласьць жыцьця — 11 гадоў 7 месяцаў[9].

Сьпевы звычайнай блакітніцы

Харчуюцца пераважна казуркамі, але могуць есьці парасткі маладых дрэваў, спрабуючы знайсьці ў іх вусякоў. Палюе на розных матылькоў, аднак у той жа час найлепш за іншых птушак зьнішчае сельскагаспадарчых шкоднікаў: тлю ды чарвяцоў.

Для прывабліваньня пары або абароны тэрыторыі звычайная блакітніца карыстаецца сьпевамі. Рознымі гукамі камунікуе зь іншымі птушкамі, у тым ліку для папярэджаньня пра драпежнікаў, якімі могуць быць як наземныя жывёлы (кот, ліса, сабака), так і лятучыя (канюк, каршак, шуляк). Найбольш небясьпечны зь іх — ястраб-карагольчык(d), з наземных — хатні кот, а подлеткаў могуць выкрасьці сойкі. Гнёзды рабуюць тхары і вавёркі.

Блакітніцы ёсьць носьбітамі пёркавых кляшчоў(d), радзей вошаў і крывасосак(d).

Ахоўны статус

Звычайная блакітніца ўнесеная ў сьпіс найменш загрожаных відаў Чырвонай кнігі МСАП.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі