Жаір Балсанару

бразыльскі палітык

Жаір Мэсыяс Балсанару (па-партугальску: Jair Messias Bolsonaro, ʒaˈiʁ meˈsiɐs bowsoˈnaɾu; нар. 21 сакавіка 1955 году, Глісэрыю, Сан-Паўлу, Бразылія) — бразыльскі палітык і вайсковец, прэзыдэнт Бразыліі (з 2019).

Жаір Балсанару
Jair Bolsonaro
Прэзыдэнт Бразыліі
1 студзеня 2019 — цяперашні час
Папярэднік:Мішэл Тэмэр
Фэдэральны дэпутат ад Рыю-дэ-Жанэйру
1 лютага 1991 — цяперашні час
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся:21 сакавіка 1955 (69 гадоў)
Глісэрыю, Сан-Паўлу, Бразылія
Партыя:
Сужэнец:
  • Ражэрыя Нантэс Брага (разв.)
  • Ана Крыстына Вале (разв.)
  • Мішэль Рэйналду (з 2013 году)
Дзеці:5
Бацька:Percy Geraldo Bolsonaro[d][1]
Адукацыя:Вайсковая акадэмія Чорных пікаў
Узнагароды:

Жыцьцяпіс

Паходзіць зь сям’і нямецкіх (па мячы) ды італьянскіх (па мячы і кудзелі) эмігрантаў.

Скончыўшы сярэднюю школу, паступіў у галоўную вайсковую акадэмію Бразыліі, зь якой выпушчаны ў 1977. На вайсковай службе правёў 17 гадоў, даслужыўся да капітана.

Палітычную кар’еру пачаў у 1988 року абраньнем у мескую раду Рыю-дэ-Жанэйру ад Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі. На выбарах 1990 року ад ХДП трапіў у фэдэральныя дэпутаты і пераабіраўся яшчэ тройчы запар. У парлямэнце вылучыў прынамсі 171 законапраект і адну канстытуцыйную папраўку, 2 зь якіх сталі законамі[2].

За час палітычнай кар’еры зьмяніў мноства партыяў. Апошні пераход адбыўся ў студзені 2018 року з Сацыяльна-хрысьціянскай партыі ў Сацыяльна-лібэральную[3], якая зь ягоным прыходам заняла правакансэрватыўную пазыцыю. Ад гэтай партыі ён быў вылучаны кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах[4]. Сфармаваная ягонай партыяй кааліцыя з Партыяй працоўнага абнаўленьня мела назву «Бразылія па-над усім, Бог па-над усімі» (Brasil acima de tudo, Deus acima de todos)[5][6].

Балсанару ішоў на выбары з праграмай па барацьбе са злачыннасьцю і па абароне традыцыйных сямейных каштоўнасьцяў[7]. У эканоміцы абяцаў паўсюднае зьмяншэньне падаткаў, жорсткую эканомію і зьмяншэньне выдаткаў на дзяржаўны апарат, зьмяншэньне колькасьці чыноўнікаў і бюракратыі[8].

Жаір Балсанару стаў першым кандыдатам у прэзыдэнты Бразыліі, які здолеў сабраць больш за 1 мільён R$ шляхам ахвяраваньняў. Пасьля арышту ў красавіку Луіса Інасію Лулы да Сылвы, кандыдата ад Партыі працоўных, Балсанару стаў фаварытам прэзыдэнцкае гонкі па выніках апытаньняў[9][10].

У першым туры выбараў, якія адбыліся 7 кастрычніка 2018, Балсанару набраў 46% галасоў, у другім туры 28 кастрычніка абышоў Фэрнанду Адада з Партыі працоўных, набраўшы 55,13%[11][12][13].

Палітычныя погляды

Балсанару называюць нацыяналістам і правым папулістам, прыхільнікам ультраправых[14][15]. Ягоныя ж прыхільнікі адносяць яго да прыхільніка традыцыйнага правага кансэрватызму[16].

Выступае ў абарону жыцьця[17], за наданьне права нашэньня зброі законапаслухмяным грамадзянам[18], пазыцыянуе сябе як антысыстэмнік(en)[19]; праціўнік гомасэксуальных шлюбаў[20], прыродаахоўных забаронаў[21], абортаў[22], станоўчага дзеяньня[23], іміграцыі[24], дазволу наркотыкаў[25], зямельных рэформаў[26] і сэкулярызму на дзяржаўным узроўні[25]. Таксама выказваўся ў падтрымку вайсковай дыктатуры XX стагодзьдзя[27] і сьмяротнага пакараньня. Акрамя бразыльскага вайсковага рэжыму, ухваляў таксама рэжымы пэруанскага прэзыдэнта Альбэрта Фухіморы[28] і чылійскага дыктатара Аўгуста Піначэта[29].

Замежная палітыка

У часе прэзыдэнцкай кампаніі Балсанару абяцаў унесьці вялізныя зьмены ў зьнешнія стасункі Бразыліі, якая мусіць перастаць «усхваляць дыктатараў» і нападаць на дэмакратыі, такія як ЗША, Ізраіль ды Італія[30]. Увасьлед за ЗША і Гватэмалай ён абвясьціў намер перанесьці амбасаду ў Ізраілі з Тэль-Авіву ў Ерусалім[31], а Палестыну не прызнае за дзяржаву[32].

Балсанару — прыхільнік палітыкі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа[30], магчыма, найбольш пра-амэрыканскі прэзыдэнт Бразыліі з 1980-х. На рэгіянальным узроўні ўхваліў палітыку аргентынскага прэзыдэнта Маўрысіё Макры і асудзіў былога кубінскага лідэра Фідэля Кастра[33].

Хрысьціянства і сэкулярызм

Балсанару — вернік Каталіцкай царквы; аднак ягоная жонка і дзеці — баптысты[34].

У прамове ў 2017 року Жаір Балсанару выказаўся: «Бог па-над усім. Гэтая дзяржава — не сэкулярная. Дзяржава хрысьціянская, і меншасьці давядзецца зьмяніцца, калі яна зможа»[35]. Аднак наконадні першага туру прэзыдэнцкіх выбараў зьмяніў рыторыку: «Мы маем намер стварыць урад для ўсіх, безуважна ад рэлігіі. Нават для атэістаў. У Бразыліі амаль 5% атэістаў, і яны маюць такія ж патрэбы, што й астатнія»[36].

Гомасэксуальнасьць

У інтэрвію для «Плэйбою» ў 2011 року Балсанару сказаў, што «ня здолеў бы любіць сына-гея», і што лепей хай бы ён «загінуў у няшчасным выпадку…»[37]. У інтэрвію часопісу «Época» ў 2011 року Балсанару сказаў, што будзе «супрацьстаяць распаўсюджаньню „гейскага набору“» (збор рэкамэндацыяў ЮНЭСКО што да прасоўваньня правоў гомасэксуалаў у пачатковых школах), бо «іхняе прызначэньне — прапаганда гомасэксуалізму, што зьневажае будову сям’і; а калі гэта робіць мяне прадузятым, то я прадузяты і вельмі гэтым ганаруся»[25]. У тым жа годзе Балсанару ў інтэрвію «Jornal de Notícias» зьвязаў гомасэксуальнасьць з пэдафіліяй праз тое, што «мноства дзяцей, усыноўленых гей-парамі, будуць гэтымі парамі прыніжацца».

9 лістапада 2017 суд штату Рыю-дэ-Жанэйру(pt) аштрафаваў Балсанару на R$150 000 за зьневажальныя словы ў тэлеперадачы «Custe o Que Custar» у 2011 року, дзе прагучала, што «ў ягонай сям’і няма рызыкі зьяўленьня гомасэксуальных дзяцей, паколькі ягоныя дзеці атрымалі добрую адукацыю». Судзьдзя Лусыяна Тэйшэйра назвала гэтае выказваньне «перавышэньнем свабоды выказваньня з мэтай намеранага нападу, прыніжэньня ды ігнараваньня прынцыпаў роўнасьці»[38].

З набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў Жаір Балсанару стаў менш рэзкі ў выказваньнях да гомасэксуалаў і ў 2016 року апублікаваў відэазварот: «Я не магу паўплываць на чыесьці паводзіны. Калі мужчына ці жанчына вырашаюць жыць са сваім партнэрам, стварыць пару, жыць з аднаплоцевым партнэрам, калі ласка і хай будуць шчасьлівыя. Але мы ня можам дапусьціць, што з-за недагляду нашага парлямэнту дзеці ў будучыні становяцца гомасэксуаламі ці навучаюцца гомасэксуальным звычкам з-за ўплыву школы. Гэта непрымальна»[39]. Адгэтуль Балсанару сьцьвярджае, што нічога ня мае супраць геяў і змагаецца толькі з «гейскім наборам» у школах[40].

Сям’я

Балсанару тройчы жаніўся і мае пяцёх дзяцей. Зь першай жонкай Ражэрыяй меў трох сыноў (Флявіё, Карляса і Эдуарда). З другой жонкай Анай Крысьцінай меў сына Рэнана.

Цяпер Жаір Балсанару жанаты зь Мішэль дэ Паўлай Фірму Рэйналду і мае дачку Лаўру[41]. Падчас працы ў Кангрэсе ён наняў сваю жонку сакратаркай, за два гады падвысіўшы яе па службе і паняўшы заробак больш як утрая. Пасьля рашэньня Вярхоўнага фэдэральнага суду пра незаконнасьць нэпатызму ў дзяржаўным апараце Жаір Балсанару быў вымушаны звольніць Мішэль[42][43].

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Папярэднік
Мішэл Тэмэр
Прэзыдэнт Бразыліі
2019—
Наступнік
'