Луіс Інасію Лула да Сылва
Луі́с Іна́сію Лу́ла да Сы́лва (па-партугальску: Luiz Inácio Lula da Silva; нар. 27 кастрычніка 1945 году) — бразыльскі палітык і былы лідэр прафзьвязу, які займаў пасаду 35-га прэзыдэнта Бразыліі з 2003 па 2010 гады[6]. Ён быў заснавальнікам Партыі працоўных і тры разы браў удзел у выбарах прэзыдэнта, перш чым здабыў, нарэшце, перамогу на ўсеагульных выбарах у Бразыліі 2002 году. У 2006 годзе быў пераабраны на сваю пасаду[7]. У траўні 2021 году Лула заявіў, што будзе вылучацца на трэці тэрмін на ўсеагульных выбарах у Бразыліі 2022 году, дзе будзе змагацца супраць Жаіра Балсанару[8][9][10].
Падчас свайго знаходжаньня на пасадзе кіраўніка дзяржавы Лула прадставіў шырокія сацыяльныя праграмы, накіраваныя на барацьбу зь беднасьцю і падтрымку рабочай клясы краіны. Як прэзыдэнт, Лула згуляў прыкметную ролю ў міжнародных пытаньнях, у тым ліку дзейнасьці, зьвязанай зь ядзернай праграмай Ірану і праграмах, скіраваных супраць зьмяненьня клімату[11]. Наступнікам Сылвы на пасадзе прэзыдэнту стала былая начальніца ягонага штабу Дылма Русэф, якая працягнула палітыку Сылвы, вядомай як лулізм. Яго называюць адным з самых папулярных палітыкаў у бразыльскай гісторыі[12][13][14]. У 2011 годзе у Лулы, які паліў на працягу 40 гадоў[15], быў дыягнаставаны рак горла. Ён прайшоў курс хіміятэрапіі, дзякуючы чаму акрыяў ад хваробы[16].
У 2016 годзе ён разам з паплечнікамі стаўся фігурантам карупцыйнай справы. У ліпені 2017 году Лула быў асуджаны паводле абвінавачваньню ў адмываньні грошай і карупцыі. Вырак склаў дзевяць з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Фэдэральны судзьдзя, які займаўся справай былога прэзыдэнта, Сэржыю Мору пазьней стаў міністрам юстыцыі і грамадзкай бясьпекі ва ўрадзе Жаіра Балсанару[17]. У выніку Лула правёў у турме амаль два гады, але ў лістападзе 2019 году Вярхоўны фэдэральны суд пастанавіў, што пазбаўленьне волі было незаконным, і Лула быў вызвалены з-за кратаў[18]. У сакавіку 2022 году паводле позвы суднасьць Лулы была ануляваная, што адкрыла мажлівасьць палітыку зноўку балятавацца на дзяржаўныя пасады.
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
- Луіс Інасію Лула да Сылва. BBC News.