Зімовыя Алімпійскія гульні 2022 году

Зімо́выя Алімпі́йскія гу́льні 2022 го́ду (афіцыйна — Гульні XXIV Алімпіяды) праходзілі з 4 па 20 лютага 2022 году ў Пэкіне (КНР). Заяўкі ад гарадоў прымаліся да 14 лістапада 2013 году, 7 ліпеня 2014 году былі вызначаныя гарады-кандыдаты, гаспадар гульняў абраны 31 ліпеня 2015 году на 127-й сэсіі МАК у Куала Лумпуры (Малайзія). Зімовыя Алімпійскія гульні 2022 году ёсьць першымі зімовымі Алімпійскімі гульнямі, якія праводзіліся ў Кітаі, другімі ў агульным заліку Алімпійскіх гульняў Кітаю. За апошнія гады гэтая алімпіяда сталася трэцяй, якая прайшла ва Ўсходняй Азіі запар. Да таго зімовыя Алімпійскія гульні 2018 году адбыліся ў карэйскім Пхёнчхане, а летнія Алімпійскія гульні 2020 году ладзіліся ў японскай сталіцы горадзе Токіё. Пэкін стаў першым горадам, які прымаў як летнія, гэтак і зімовыя Алімпійскія гульні. Чатыры зь існых крытых пляцовак, першапачаткова пабудаваныя да летніх Алімпійскіх гульняў 2008 году, выкарыстоўваліся на гэтых зімовых спаборніцтвах, а Пэкінскі нацыянальны стадыён зноўку прымаў цырымоніі адкрыцьця і закрыцьця.

Зімовыя Алімпійскія гульні 2022 году
ДэвізРазам за супольную будучыню
Горад-арганізатарПэкін
Краіны-ўдзельніцы95
Колькасьць атлетаў4000
Узнагароды109 камплектаў
Цырымонія адкрыцьця4 лютага
Цырымонія закрыцьця20 лютага
Афіцыйна адкрыўСі Цьзіньпін
СтадыёнПэкінскі нацыянальны стадыён
Афіцыйны сайтbeijing2022.cn

Кандыдаты

Да тэрміну заканчэньня прыёму заявак, 14 лістапада 2013 году, яны былі атрыманыя ад шасьці гарадоў: Алматы, Казахстан; Кракаў, Польшча (26 траўня 2014 году заяўка была скасаваная)[1]; Львоў, Украіна (30 чэрвеня 2014 году заяўка была скасаваная)[2]; Осьлё, Нарвэгія; Пэкін, Кітай; Стакгольм, Швэцыя (17 студзеня 2014 году заяўка была скасаваная)[3]. 7 ліпеня 2014 году выканаўчы камітэт МАК зацьвердзіў Осьлё, Алматы і Пэкін у якасьці гарадоў-кандыдатаў на правядзеньне гульняў[4]. 1 кастрычніка 2014 году заяўка Осьлё была адкліканая[5].

Вынікі галасаваньня за месца правядзеньня Алімпіяды
ГорадКраінаКолькасьць галасоў
ПэкінКітай44
АлматыКазахстан40

Пляцоўкі

У лютым 2021 году Пэкін абвесьціў, што 26 пляцовак, з улікам трэніравальных пляцовак, будуць працаваць на цалкам аднаўляльных крыніцах энэргіі[6].

Пэкін

Пэкінскі нацыянальны стадыён.
Трамплін Біг-Эйр Шаган.

Пяць лядовых спаборніцтваў праходзілі ў Алімпійскім парку, у склад якога ўваходзяць Сталічны палац спорту і Ўкесон-арэна, якія былі аднымі з галоўных пляцовак яшчэ летніх Алімпійскіх гульняў 2008 году. Спаборніцтвы па сноўбордынзе і дысцыпліне біг-эйр фрыстайлу ладзіліся ў былой прамысловай зоне ў акрузе Шыцьзіншань ля гор Сішань на трампліне Біг-Эйр Шаган[7]. З канца 2009 году кватэры ў алімпійскай вёсцы ў Пэкіне былі пераўтвораныя ў жылы квартал. З гэтага чыньніка ўзьнікла неабходнасьць пабудаваць яшчэ адну алімпійскую вёску ў меншых памерах да зімовых Алімпійскіх гульняў. Гэтыя новыя будынкі месьцяцца ў паўднёвай частцы Алімпійскага парку ля тэрыторыі Нацыянальнага алімпійскага спартовага цэнтру[8]. Яшчэ да спаборніцтваў былі падрыхтаваныя Пэкінскі нацыянальны стадыён, дзе прайшла цырымонія адкрыцьця і ладзілася цырымонія закрыцьця. У Пэкінскім нацыянальным плавальным комплексу ладзіліся спаборніцтвы па кэрлінге. У ім была зробленая рэканструкцыя перад гульнямі. Пэкінскі нацыянальны канькабежны авал быў адмыслова пабудаваны да гульняў. У ім праходзілі спаборніцтвы па канькабежным спорце. На коўзанцы Пэкінскага нацыянальнага палацу спорту праходзілі спаборніцтвы па хакеі з шайбай, гэтак жа як і на Ўкесон-арэне.

Яньцын

У акрузе Яньцыне, якая ёсьць прадмеснай акругай на поўначы Пэкіну, ладзіліся спаборніцтвы па санным спорце, скелетоне, бобслэе і гарналыжным спорце. Спаборніцтвы прайшлі на гарналыжным курорце Сяохайтуо, які месьціцца ў вёсачцы за 90 км ад Пэкіну і за 17,5 км ад гораду Яньцын. Пляцоўкі цалкам пакрытыя штучным сьнегам, бо сапраўдны сьнег у гэтым рэгіёне ёсьць рэдкасьцю[9][10]. У гэтым жа рэгіёне месьціцца і Нацыянальны санна-бобслэйны цэнтар, які быў адмыслова пабудаваны да Алімпійскіх гульняў.

Чжанцьзякоў

Усе іншыя лыжныя спаборніцтвы ладзіліся ў горадзе Чжанцьзякоў правінцыі Хэбэй. Ён месьціцца за 220 км ад цэнтра Пэкіну і за 130 км ад гарналыжнага курорту Сяохайтуо. Тутака таксама разьмешчаны гарналыжны курорт, які ў сьнегавы сэзон 2015—2016 гадоў зарабіў на турызьме больш за 1,54 мільярдаў юаняў, павялічыўшыся на 31,6% у параўнаньні з папярэднім сэзонам. У 2016 годзе было абвешчана, што курорт прыняў 2,185 мільёнаў турыстаў, што на 30% больш, чым у папярэднім сэзоне. Сьнегавы сэзон доўжыўся пяць месяцаў, пачынаючы зь лістапада, на працягу якіх ён правёў трыццаць шэсьць спаборніцтваў і дзеяў, як то Кубак Далёкага Ўсходу і Міжнародны дзіцячы лыжны фэстываль. Да складу комплексу адносяцца Нацыянальны лыжны цэнтар, Нацыянальны цэнтар скачкоў на лыжах з трампліну, Нацыянальны біятлёнавы цэнтар і сьнегавы парк Гэньці.

Каляндар

ЦАЦырымонія адкрыцьцяСпаборніцтвы1Фіналы спаборніцтваўЦЗЦырымонія закрыцьця
Люты2
Сер
3
Чац
4
Пят
5
Суб
6
Няд
7
Пан
8
Аўт
9
Сер
10
Чац
11
Пят
12
Суб
13
Няд
14
Пан
15
Аўт
16
Сер
17
Чац
18
Пят
19
Суб
20
Няд
Узнагароды
ЦырымонііЦАЦЗ
Біятлён11111211211
Бобслэй11114
Горныя лыжы211111111111
Канькабежны спорт11111111211214
Кэрлінг1113
Лыжнае дваяборства1113
Лыжныя гонкі112111121112
Санны спорт11114
Скачкі на лыжах з трампліну111115
Скелетон112
Сноўбордынг1121211211
Фігурнае катаньне111115
Фрыстайл1111111212113
Хакей з шайбай112
Шорт-трэк1211229
Узнагароды66910687675976494109
Люты2
Сер
3
Чац
4
Пят
5
Суб
6
Няд
7
Пан
8
Аўт
9
Сер
10
Чац
11
Пят
12
Суб
13
Няд
14
Пан
15
Аўт
16
Сер
17
Чац
18
Пят
19
Суб
20
Няд
Узнагароды

Табліца мэдалёў

МесцаКраінаЗолатаСрэбраБронзаУсяго
1 Нарвэгія1681337
2 Нямеччына1210527
3 Кітай94215
4 ЗША810725
5 Швэцыя85518
6 Нідэрлянды85417
7 Аўстрыя77418
8 Швайцарыя72514
9Алімпійскія атлеты з Расеі6121432
10 Францыя57214
11 Канада481426
12 Японія36918
13 Італія27817
14 Рэспубліка Карэя2529
15 Славенія2327
16 Італія2248
17 Новая Зэляндыя2104
18 Аўстралія1214
19 Вялікабрытанія1102
20 Вугоршчына1023
21 Бэльгія1012
Славаччына1012
Чэхія1012
24 Беларусь0202
25 Гішпанія0101
Украіна0101
27 Латвія0011
Польшча0011
Эстонія0011
Усяго109109109327

Заклапочанасьці і байкот

Дэманстрацыя тыбэтцаў і уйгураў супраць правядзеньня Алімпійскіх гульняў у Кітай. Акцыя прайшла ў Бэрліне.
Сінім колерам адзначаныя краіны, якія аб’явілі дыпляматычны байкот Алімпійскім гульням у Кітаі.

Падчас галасаваньня крытыкі ставілі пад сумнёў заяву Пэкіна, спасылаючыся на тое, што прапанаваныя пляцоўкі на адкрытым паветры ня будуць забясьпечаны натуральным сьнегам зімой. Выказвалася заклапочанасьць, што можа спатрэбіцца транспартаваньне сьнегу да месца правядзеньня спаборніцтваў, што прывядзе да вялікіх выдаткаў і нявызначаных наступстваў для навакольнага асяродзьдзя[9][11].

Некаторыя з прапанаваных месцаў павінны былі прымыкаць да пэкінскага нацыянальнага запаведніка Суншань і частцы той жа горнай сыстэмы, таму будаўніцтва і засыпаньне частак гары сьнегам магло б паўплываць на экалягічную ўстойліваць парку[12][13]. Урад Кітаю адрэагаваў на гэтыя праблемы пашырыньнем плошчы запаведніка на 31% ад ягонага першапачатковага памеру[14]. Сусьветны энэргетычны крызіс 2021 году ўзмацьніў ціск на Кітай напярэдадні зімовых Алімпійскіх гульняў[15][16]. Аль-Джазыра паведаміла, што энэргетычны крызіс у Кітаі часткова зьвязаны з Алімпіядай, бо паводле зьвестак выданьня Сі Цьзіньпін спрабуе забясьпечыць блакітнае неба над горадам на час зімовых Алімпійскіх гульняў, каб паказаць міжнароднай супольнасьці, што Кітай сур’ёзна ставіцца да дэкарбанізацыі эканомікі[17].

Як і ў 2008 годзе, гучалі заклікі байкатаваць Алімпійскія гульні, калі іх прымае Кітай. У лісьце ад 30 ліпеня 2020 году Сусьветны кангрэс уйгураў заклікаў МАК перагледзець рашэньне аб правядзеньні зімовых Алімпійскіх гульняў 2022 году ў Пэкіне праз генацыд уйгураў[18][19]. У верасьні 2020 году сэнатар Злучаных Штатаў Рык Скот размаўляў з тагачасным віцэ-прэзідэнткай МАК Анітай Дэфранц аб пераглядзе рашэньня МАК аб правядзеньні гульняў у кітайскае сталіцы. Скот выказаў расчараваньне тым фактам, што МАК адмовіўся перанесьці гульні ў іншую краіну[20]. У кастрычніку 2020 году міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Дамінік Рааб выказаў здагадку, што каралеўства можа байкатаваць зімовыя Алімпійскія гульні 2022 году[21].

Выкарыстаньне Кітаем гандлёвых санкцыяў і эканамічнага прымусу[22][23] супраць Аўстраліі прывяло да ўзмацьненьня заклікаў у Аўстраліі да байкатаваньня зімовых Алімпійскіх гульняў 2022 году[24]. У лістападзе 2020 году аўстралійскія сэнатары Джакі Ламбі і Рэкс Патрык афіцыйна прапанавалі аб’явіць байкот, але іхняя прапанова была адхіленая[24]. Некаторыя праваабарончыя арганізацыі заклікалі да дыпляматычнага байкоту, то бок гэта азначае, што краіны не накіроўваюць на Алімпіяду сваіх чыноўнікаў, але ўсё роўна адпраўляюць спартоўцаў[25]. Трынаццаць канадзкіх сябраў парлямэнту падпісалі ліст з заклікам перанесьці гульні па-за межы Кітаю. Тры партыйныя лідэры падтрымалі перанос гульняў, а адная лідэрка нават заявіла, што падтрымлівае перанос гульняў у Канаду[26]. Нідэрляндзкі дэпутат Сьёрд Сьёрдсма, чыя партыя падтрымала заклік уйгураў вызначыць дзеяньні кітайскіх уладаў у дачыненьні да іх як генацыд, заявіў, што Алімпіяду трэба перанесьці з Кітаю[27][208].

29 лістапада 2021 году кітайскія СМІ паведамілі, што Кітай не плянуе запрашаць заходніх палітыкаў, якія пагражаюць дыпляматычным байкотам на зімовую Алімпіяду ў Пэкіне[28]. 3 сьнежня 2021 году Летува стала першай краінай, якая абвесьціла дыпляматычны байкот гульняў[29]. 6 сьнежня 2021 году прэс-сакратарка Белага дому Джэн Псакі абвесьціла, што адміністрацыя Байдэна ініцыюе дыпляматычны байкот зімовых Алімпійскіх гульняў 2022 году і зімовых Паралімпійскіх гульняў 2022 году. Прычынай байкоту Белы дом назваў жорсткае абыходжаньне Кітая з уйгурскім народам. У наступным яшчэ шэраг краінаў далучыліся да дыпляматычнага байкоту гульняў.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі