Круглыя чэрві

Круглыя чэрві, нематоды (Nematoda) — тып свабоднажывучых і паразітуючых першаснаполасцевых чарвей. Паводле колькасці асобін — самыя шматлікія з шматклетачных жывёл.

Круглыя чэрві

Heterodera glycines (патаген соі)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Nematoda Rudolphi, 1808

Класы
  • Chromadorea
  • Enoplea

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  59490
NCBI  6231
EOL  2715
FW  6998

Апісанне

Даўжыня звычайна 0,05-10 мм, радзей да 50 мм; некаторыя паразітычныя формы дасягаюць у даўжыню 20-40 см і нават больш за 8 м (Placentonema gigantissima з плацэнты кашалота). Цела цыліндрычнае, верацёна- ці ніткападобнае, завостранае на канцах, нерасчлянёнае, на папярочным разрэзе круглае.

Шчыльная кутыкула цалкам укрывае цела, мае складаную паслойную будову, валодае выбіральнай пранікальнасцю для розных рэчываў, выконвае механічную абарону цела і з'яўляецца часткай апорна-рухальнай сістэмы. Скурна-мускульны мяшок складаецца з кутыкулы, скурнага эпітэлію і аднаго слоя падоўжных мышцаў. Пад кутыкулай эпідэрміс утварае падоўжаныя патаўшчэнні, т. зв. хорды; самыя шырокія з іх (бакавыя) раздзяляюць спінную і брушную стужкі падоўжанай коса зчэрчанай мускулатуры (кольцавыя мышцы адсутнічаюць). Пры перамяшчэнні пачаргова скарачаюцца спінныя і брушныя мышцы, цела змеепадобна выгінаецца ў спінна-брушной плоскасці.

Поласць цела запоўнена вадкасцю. Стрававальная сістэма ў выглядзе скразной кішэчнай трубкі, якая ўключае рот, глотку, сярэдні і задні аддзелы кішэчніка. Рот знаходзіцца на пярэднім канцы цела. Мышачная помпавая глотка мае ўнутраны кутыкулярны трохвугольны прасвет. У сярэдняй кішцы мышачны слой адсутнічае, яна адмежавана ад суседніх аддзелаў кішэчніка клапанамі; задняя кішка пакрыта кутыкулай. Падоўжаныя нервовыя ствалы размешчаны ў тоўшчы эпідэрміса і звязаны каляглотачным нервовым кольцам.

Органы пачуццяў (сенсілы з нерухомымі рэцэптарнымі раснічкамі) пераважна ў выглядзе хема- і механарэцэптараў, размешчаных у тры кругі на пярэднім канцы цела і ўздоўж бакоў. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена выдзяляльнымі каналамі. Нервовая сістэма ўключае каляглотачнае нервовае кольца, нервовыя ствалы і нервовыя перамычкі, якія іх злучаюць. Дыхальнай і крывяноснай сістэм няма.

Большасць раздзельнаполыя жывёлы з выразным палавым дымарфізмам. Палавая сістэма самцоў прадстаўлена адным ці двума семяннікамі, семяпровадам (адкрываецца ў клааку), двума капулятыўнымі кутыкулярнымі спікуламі, прыдатачнымі залозамі і інш. У самак адрозніваюць яечнік, семяпрыёмнік і матку.

Пашырэнне

Вядомы з верхняга карбону. Апісана каля 20 тыс. відаў, агульная колькасць відаў па розных ацэнках ад 100 тыс. да 1 млн. Пашыраны ўсюды.

Жывуць у морах і прэснай вадзе, у глебе. Свабоднажывучыя сустракаюцца ў грунце вадаёмаў любой салёнасці і ва ўсім дыяпазоне глыбінь, у абрастаннях падводных цвёрдых паверхняў. Нематодам належыць важная роля ў экасістэмах глебы і грунта вадаёмаў, дзе іх колькасць можа дасягаць некалькіх мільёнаў асобін на 1 м².

Многія — паразіты раслін, жывёл і чалавека. Фітанематоды пранікаюць ва ўнутраныя тканкі сцёблаў, лістоў і семяпупышак або высмоктваюць змесціва клетак каранёў. Зоанематоды сустракаюцца ў жывёл амаль усіх тыпаў і практычна ва ўсіх органах. У чалавека выяўлена каля 30 відаў.

Найбольш вядомыя аскарыды (Ascarididae), вастрыцы (Enterobius), воласагаловы (Trichuris), трыхіна (Trichinella), бульбяная нематода (Globodera rostochiensis), галавыя нематоды (Meloidogyne), трыхацэфаліды і інш.

Асаблівасці біялогіі

Свабоднажывучыя формы кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Сярод круглых чарвей маюцца віды, якія паразітуюць у тканках раслін. Аднак большасць відаў круглых чарвей — мікраскапічныя насельнікі дна вадаёмаў і глебы, якія жывяцца мёртвымі арганічнымі рэчывамі.

Апладненне ўнутранае. Адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё прамое, жыццёвы цыкл звычайна складаецца з чатырох ювенільных (лічынкавых) і дарослай стадый.

Некаторыя здольныя да анаэрабіёзу і анабіёзу.

Значэнне

Нематоды адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе і працэсах глебаўтварэння.

Многія паразіты выклікаюць хваробы: аскарыдоз, гельмінтозы, нематадозы, нематодныя хваробы раслін, трыхінелёз і інш.

Зноскі

Літаратура