Ліцвіны

палітонім жыхароў Вялікага Княства Літоўскага
(Пасля перасылкі з Літвіны)

Ліцві́ны[1], або літві́ны[2] (стар.-бел. литва, литвины) — палітонім жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ў XV—XVIII стст.

Цяпер этнонім літвіны часам ужываецца для абазначэння беларускамоўнага насельніцтва паўночнай Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, заходняй Браншчыны і Смаленшчыны.[3]

Гістарычныя згадкі

Назва «литвин» ужываецца ў пазнейшых вялікалітоўскіх і рускіх летапісах да асоб XIII—XIV ст.: «Лува Литовникъ» або «Лува Литвинъ»[4], у пазнейшых спісах «Лука Литвинъ»[5] — да літоўскага баярына пры двары князя Даўмонта пад 1266 годам; «сий Андрей бяше родом литвин» — да сына літоўскага князя Гердзеня пад 1289 годам[6]; «два Литвина большие» — да двух з віленскіх мучанікаў, паганцаў, якія прынялі праваслаўе, пад 1387 годам; «Андрей литвин» — да легендарнага продка Неміровічаў пад 1406 годам[7].

Падобныя да «літвін» лацінскія граматычныя формы вядомы ад XIII ст. у лацінамоўных крыніцах, у тым ліку літоўскіх: Litwinos, rex Litwinorum — у грамаце Міндоўга 1261 года[8]; Lethvinorvm — на пячатцы Гедыміна 1323 года[9]; а таксама з суседніх Літве краін: Letwinis — у акце судовага працэсу Тэўтонскага ордэна з Казімірам Куяўскім 1259 года, Littwini — у лісце лівонскіх біскупаў 1277 года і іншых.

Літвіны (праваруч) на Грунвальдскім полі, 1410 г.

У крыніцах заходнерускай мовы азначэнне «літвін» найраней вядома з перакладу ярлыка 1393 года[10][11] ад ардынскага цара Тактамыша да караля Ягайлы («Вы пак послали есте к нам посла вашего литвина на имя Невойста»).

У крыніцах ВКЛ назва «літвін» як азначэнне ўсяго насельніцтва Княства вядома ў дамоўных граматах вялікага князя Казіміра з Псковам і Ноўгарадам (1440 і 1480): «А мне великому князю Казимиру блюсти Псковитина как и своего Литвина; також и Псковичом блюсти Литвина, как и Псковитина…»; у дамове 1480 года выраз «нашого Литвина» адпавядае выразам «нашы купцы», «люди нашы» і абымае як жыхароў Вільні, так і жыхароў Полацка[12].

Паводле Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 года, «родічамі старожытнымі і врожонцамі» ВКЛ былі літвіны і русіны: «…то все мы и потомки наши Великіе Князи Литовскіе давати будуть повинни только Литве а Руси, родичомъ старожитнымъ и врожонцамъ Великаго Князства Литовского (…). Але на достоенства и всякій врядъ духовный и свецкій не маеть быти обиранъ, ани отъ насъ Господаря ставленъ, толко здавна продковъ своихъ уроженецъ Великого Князства Литовского Литвинъ и Русинъ».

Літвіны з кнігі «Nova et acurata totius Europae tabula», 1608 г.

Назва «літва», «літвіны» як палітонім — адзіная назва ўсяго насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, ужывалася ў дзяржаных актах, наратыўных і мемуарных крыніцах, напрыклад:

  • у пастановах Гарадзенскага сойму 1567 года («Теж уфаляем, абы панове воеводове, старостове, державцы, тівунове, Літва і Полякове, всі особамі своімі на войну ехалі с почты…»)[13];
  • у статуце менскага цэха рымараў 1634 года («…aby towarzyszów polakow i litwę do roboty y warstatów swych przymowali…»)[14];
  • у дзённіку Фёдара Еўлашоўскага 1603 года («Маршалковал межы посламі наш літвін, князь Лукаш Болько Свірскій»)[15].

У вялікалітоўскім акце Люблінскай уніі 1569 года[16] «літоўскім народам» названа агулам насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага. Таксама і ў акце «Каэквацыі літоўскіх станаў» 1697 года (вядомым як акт Каэквацыі «літоўскага народа»).[17]

Жыхароў усходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага (Белай Русі) маскоўскія крыніцы называлі літвінамі і адначасова беларусцамі. Напрыклад, у маскоўскім дакуменце XVII ст.: «Приехал ис Полотцка ко Пскову торговой литвин Спиридонка; родом он литвин, белорусец Мстиславского повету».

Літвіны ў народных строях, пачатак XX ст.

У XIX — пачатку XX стст. абшары бытавання назвы «літвіны» звузіліся. У XX ст. ужываўся як польскі экзаэтнонім для літоўцаў, а таксама як лакальны этнікон невялікіх груп беларускага насельніцтва (у раёне Бярозы, Івацэвіч, Косава, Пружан, Навагрудка, Воранава, Гродна, Паставаў, Браслава і інш.), некаторых раёнаў беларуска-ўкраінскага Палесся (раёны Століна, Ракітнага, Кастопаля, Сарнаў, Оўруча) і беларускамоўнага насельніцтва паўночнай Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, заходняй Браншчыны і Смаленшчыны. У пагранічных з Беларуссю раёнах Расіі назва «літвіны» бытавала да сярэдзіны XX ст.

Сучасныя ацэнкі

На думку беларускага этнолага Ігара Чаквіна, у беларуска-літоўскіх летапісах і іншых дакументах XV—XVI стст. назва «літвіны» звязвалася ў этнагенетычным аспекце з легендарнымі рымскімі перасяленцамі на чале з князем Палемонам, тэрытарыяльна — з землямі першапачатковай лакалізацыі тапоніма «Літва» — на захад ад Мінска ў міжрэччы Нёмана і Віліі, дзе існавала змешанае балта-славянскае насельніцтва (гл. Літва, зямля). У канфесіянальным аспекце звязвалася як з каталіцтвам, так і з «рускай» верай (яскравы прыклад — Францыск Скарына, які называў сябе і літвінам у этнічным сэнсе, так і русінам у сэнсе канфесійным).[18][19] Ігар Чаквін адзначаў, што ў XVI—XVIII стагоддзях назва «літвіны» была найбольш абагульняльнай этнанімічнай формай самасвядомасці беларускага народа і адлюстроўвала найбольш шырокі ўзровень яго нацыянальнае кансалідацыі[18][20].

Беларускія гісторыкі Георгій Галенчанка і Ігар Марзалюк аспрэчваюць меркаванне, што ў XIV—XVII стст. заходнія беларусы карысталіся вызначэннем «літва»/«літвіны» («литвины») як эндаэтнонімам. На думку гэтых даследчыкаў, беларускае насельніцтва Верхняга Панямоння ўжывала толькі назву «рускі» («русін», «русь») як агульны эндаэтнонім для ўсіх частак старабеларускага этнасу, а сам тэрмін «рускі» («русін», «русь») паралельна звязваўся з праваслаўным насельніцтва (а пасля і з уніяцтвам)[21].

Беларускі гісторык Аляксандр Груша сцвярджае, што «літвіны» («литвины») у часы Вялікага Княства Літоўскага як этнонім адносіўся да літоўцаў[22][23], а адносна беларусаў як этнонім ужываліся «рускія»/«русь»/«русіны» («русины»)[24][23].

Гл. таксама

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

У Вікіцытатніку ёсць старонка па тэме Літвіны