Руска-турэцкая вайна 1877—1878 гадоў (турэцкая назва: 93 Harbi, 93 вайна) — вайна паміж Расійскай імперыяй і саюзнымі ёй балканскімі дзяржавамі з аднаго боку, і Асманскай імперыяй — з іншага. Была выклікана ўздымам нацыянальнай самасвядомасці на Балканах. Жорсткасць, з якой было задушана Красавіцкае паўстанне ў Балгарыі, выклікала спагаду да становішча хрысціян Асманскай імперыі ў Еўропе і асабліва ў Расіі. Спробы мірнымі сродкамі палепшыць становішча хрысціян былі сарваны зацятым нежаданнем турак ісці на саступкі Еўропе, і ў красавіку 1877 года Расія абвясціла Турцыі вайну.
Падчас баявых дзеянняў рускай арміі атрымалася, выкарыстоўваючы пасіўнасць турак, правесці паспяховае фарсіраванне Дуная, захапіць Шыпкінскі перавал і, пасля пяцімесяцовай аблогі, прымусіць лепшую турэцкую армію Асман-пашы да капітуляцыі ў Плеўне. Наступны рэйд праз Балканы, падчас якога руская армія разбіла апошнія турэцкія часці, што засланялі дарогу на Канстанцінопаль, прывёў да выхаду Асманскай імперыі з вайны. На Берлінскім кангрэсе, які адбыўся ўлетку 1878 года, быў падпісаны Берлінскі трактат, што зафіксаваў вяртанне Расіі паўднёвай часткі Бесарабіі і далучэнне Карса, Ардагана і Батума. Аднаўлялася дзяржаўнасць Балгарыі (заваявана Асманскай імперыяй у 1396 годзе) як васальнае Княства Балгарыя; павялічваліся тэрыторыі Сербіі, Чарнагорыі і Румыніі, а турэцкая Боснія і Герцагавіна акупавалася Аўстра-Венгрыяй.
Зноскі
Літаратура
Спасылкі