Саладзін

Саладзін, Салах ад-Дзін (араб.: صلاح الدين يوسف ابن ايوب‎‎, ІРА: [sˁalа:ħ ud̪:і:n ju:suf ibn aj:u:b]; курд.: سه‌لاحه‌دین ئه‌یوبی, Selah'edînê Eyubî; 1138, Тыкрыт, сучасны Ірак — 4 сакавіка 1193, Дамаск, Імперыя Аюбідаў, цяпер Сірыя) — султан Сірыі і Егіпту, правадыр мусульманскага супраціўлення Трэцяму крыжоваму паходу, заснавальнік дынастыі Айюбідаў, якая ў перыяд свайго росквіту правіла, апроч Сірыі і Егіпта, Іракам, Хіджазам і Еменам.

Салах а-Дзін Юсуф ібн Аюб
صلاح الدين يوسف ابن ايوب
Сцяг Султан Егіпта
1174 — 4 сакавіка 1193
Папярэдніктытул заснаваны
ПераемнікАль-Азіз Усман ібн Юсуф
Сцяг Вялікі візір Егіпта
23 сакавіка 1169 — 1174
ПапярэднікАсад ад-Дзін Шыркух I ібн Шадзі
Нараджэнне1138[1]
Смерць4 сакавіка 1193[4]
Месца пахавання
РодАюбіды
Імя пры нараджэнніараб. يُوسُف بن نجم الدين أيُّوب‎‎
БацькаНаджм ад-Дзін Аюб ібн Шадзі[d]
МаціSitt al-Mulk Khatun[d]
ЖонкаІсмат ад-дзін Хатун[d]
ДзеціАль-Афдаль Алі ібн Юсуф[d], Аль-Азіз Усман ібн Юсуф[d] і Ал-Захір Газі[d]
Веравызнаннеіслам, суніцкага толку
Дзейнасцьваенны, ваенны камандзір
Бітвы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

У Еўропе вядомы менавіта як Саладзін, хоць гэта нават не імя. Салах ад-Дзін — гэта лакаб — ганаровае празванне, якое азначае «набожнасць веры»[6]. Уласнае імя гэтага кіраўніка — Юсуф ібн Аюб (Юсуф, сын Аюба).

Крыніцы

Існуе шмат крыніц, напісаных сучаснікамі Салаха ад-Дзіна. З іх варта вылучыць працы асабістых біёграфаў і гісторыкаў: Баха ад-Дзіна бен Рафі — настаўніка і дарадчыка Салаха ад-Дзіна, Ібн аль-Асіра — гісторыка з Масула, аль-Кадзі аль-Фадзіля — асабістага сакратара Салаха ад-Дзіна.

Раннія гады жыцця

Салах ад-Дзін нарадзіўся ў 1137 годзе ў Тыкрыце, у Іраку Арабскім[7][8]. Дзед Салаха ад-Дзіна Шазі пражываў у вёсцы недалёка ад Тавіна (сучасная Арменія), дзе, паводле падання, нарадзіўся Аюб — бацька Салаха ад-Дзіна. Пасля нараджэння дваіх сыноў, Аюба і Шыркуха, ён пакінуў Армянскае нагор'е і перабраўся спачатку ў Багдад, а затым — у Тыкрыт, у якім стаў жыць і пражыў да самай смерці.

У 1132 годзе армія кіраўніка Масула атабека Імада ад-Дзін Зангі пры адступленні была заблакіравана Тыграм насупраць крэпасці Тыкрыта. У той час начальнікам крэпасці быў Наджм ад-Дзін Айюб ібн Шадзі — бацька Салаха ад-Дзіна. Аюб прадаставіў пераправу цераз Тыгр і даў прытулак арміі Зангі ў крэпасці Тыкрыта. У 1137 годзе губернатарам паўночнай Месапатаміі за заслугі перад Сельджукідамі быў прызначаны Муштасід ал-Дзін Біхруз. Ён пакараў Аюба за тое, што той дапамагаў Зангі, і выгнаў яго з крэпасці Тыкрыта пасля забойства па матывах гонару яго братам Асада ад-Дзіна Шыркухам знатнага сельджука, сябра Біхруза. Паводле слоў Баха ад-Дзіна ібн Шадата, Салах ад-Дзін нарадзіўся ў тую ж ноч, калі яго сям'я пакінула Тыкрыт. У 1139 годзе Аюб пераехаў у Масул, дзе Імада ад-Дзін Зангі прызнаў свой доўг і прызначыў Аюба камандзірам сваёй крэпасці ў Баальбеку[9]. Пасля забойства Зангі ўласным рабом ў 1146 годзе, Аюб пераязджае ў Дамаск і ўваходзіць у лік прыдворных спадчынніка Зангі — Нур ад-Дзіна. У 1154 годзе пасля смерці кіраўніка Дамаска Муіна ад-Дзіна Анара, дзякуючы ўплыву Аюба і яго брата Шыркуха, горад застаўся ва ўладзе Нур ад-Дзіна, а сам Аюб стаў кіраваць горадам.

Аб ранніх гадах Салаха ад-Дзіна ў Дамаску вядома мала. Яго паходжанне — наёмніка ў трох пакаленнях — прарочыла яму вайсковую кар'еру, але Салах ад-Дзін ў юнацтве не выяўляе схільнасці да воінскага мастацтва. Паводле слоў аднаго з яго біёграфаў аль-Вахрамі, Салах ад-Дзін быў у стане адказаць на пытанні Еўкліда і Альмагеста, ведаў арыфметыку і ісламскае права. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што ён быў больш зацікаўлены ў рэлігіі, чым ва ўступленні ва ўзброеныя сілы. Іншым фактарам, які магчыма паўплываў на яго цікавасць да рэлігіі было тое, што ў час Першага Крыжовага паходу Іерусалім быў захоплены хрысціянамі. У дадатак да ісламу, Салах ад-Дзін разбіраўся ў генеалогіі, біяграфіі і гісторыі арабаў аж да радаводных арабскіх скакуноў, і што немалаважна, ведаў Хамаса (дзесяцітомнік арабскай паэзіі) Абу Тамама на памяць.

Першыя заваяванні

У тыя часы імперыя Абасідаў была раздроблена на некалькі дзяржаў. Фаціміды кіравалі Егіптам, не прызнаючы халіфа Багдада. Крыжакі займалі ўсходні бераг міжземнага мора ад Малой Азіі да Сінайскага паўвострава. Нур ад-Дзін Зангі кантраляваў Сірыю і Месапатамію.

Па патрабаванні сям'і Салах ад-Дзін пачынае ваенную кар'еру пад патранажам свайго дзядзькі Асада ад-Дзін Шыркуха, важнага военачальніка Нур ад-Дзіна. Шыркух, у той час эмір Дамаска і Алепа, член цюркскай дынастыі Зангідаў, стаў самым уплывовым настаўнікам Салаха ад-Дзіна.

Мой дзядзька Шыркух павярнуўся да мяне і сказаў: «Юсуф, пакінь усе справы і адпраўляйся туды!» Гэты загад прагучаў для мяне як удар кінжала ў сэрца, і я адказаў: "Клянуся Алахам, нават калі б мне аддалі ўсё егіпецкае царства, я б не паехаў туды!

— Салах ад-Дзін [10]

У 1163 годзе, выгнаны з Егіпта па загадзе фацімідскага халіфа аль-Адзідзі візір Шэвар ібн Муджыр папрасіў ваеннай падтрымкі ў Нур ад-Дзіна. Гэта стала добрай нагодай для заваявання, і ў 1164 годзе Шыркух з войскам выступіў у Егіпет. Салах ад-Дзін ва ўзросце 26 гадоў адпраўляецца разам з ім на пасадзе малодшага афіцэра. Шэвар, адноўлены на пасадзе візіра, запатрабаваў вываду войскаў Шыркуха з Егіпта за 30000 дынараў, але той адмовіўся, спасылаючыся на загад Нур ад-Дзіна. Выявіўшы тое, што Шыркух плануе захапіць Егіпет, Шэвар ібн Муджыр звяртаецца па дапамогу да караля Іерусаліма Амары I. Роля Салаха ад-Дзіна ў гэтай экспедыцыі была нязначная. Вядома толькі, што ён удзельнічаў у падрыхтоўцы да абароны Більбейса, асаджанага аб'яднанымі сіламі Шэвара і Амары I Іерусалімскага[11][12].

Пасля трохмесячнай аблогі Бильбейса праціўнікі ўступілі ў бой на мяжы пустыні і Ніла, на захад ад Гізы. У гэтай бітве Салах ад-Дзін сыграў важную ролю, камандуючы правым крылом арміі Зангідаў. У цэнтры знаходзіўся Шыркух. Пасля падманнага адступлення Салаха ад-Дзіна крыжакі трапілі на мясцовасць, якая была занадта крутой і пясчанай для іх коней. Бой завяршыўся перамогай Зангідаў і Салах ад-Дзін дапамог Шыркуху атрымаць, паводле слоў Ібн аль-Асіра, адну з «самых выдатных перамог у гісторыі чалавецтва», але на думку большасці крыніц Шыркух страціў у гэтай бітве большасць свайго войска, і гэта складана было назваць поўнай перамогай.

Крыжакі заселі ў Каіры, а Салах ад-Дзін і Шыркух рушылі да Александрыі, якая дала ім грошы і зброю, і стала іх базай. Пасля перагавораў абодва бакі пагадзіліся сысці з Егіпта.

Егіпет

«Я пачаў з таго, што суправаджаў майго дзядзьку. Ён заваяваў Егіпет і потым памёр. І тады Алах даў мне ў рукі ўладу, якую я зусім не чакаў»

— Салах ад-Дзін[10]

Эмір Егіпта

Спроба Асада ад-Дзіна Шыркуха захапіць Александрыю ў 1167 годзе скончылася паражэннем ад аб'яднаных войскаў Фацімідаў і Амары I. Але ў наступным годзе крыжакі ўзяліся рабаваць свайго багатага саюзніка, і халіф аль-Адзідзі папрасіў у пісьме ў Нур ад-Дзіна абараніць мусульман Егіпта. У 1169 годзе Асад ад-Дзін Шыркух узяў Егіпет, пакараў смерцю Шэвара і прыняў тытул вялікага візіра. У тым жа годзе Шыркух памёр і, нягледзячы на тое, што Нур ад-Дзін абраў новага пераемніка, аль-Адзідзі прызначыў Саладзіна новым візірам.

Прычына, па якой шыіцкі халіф аль-Адзідзі абраў суніта Салаха ад-Дзіна, да гэтага часу няясная. Ібн аль-Асір сцвярджае, што халіф абраў яго пасля расказу дарадцаў, што «няма больш слабага і маладога» чым Салах ад-Дзін, і «ніхто з эміраў не падпарадкуецца і не служыць яму». Тым не менш, згодна з гэтай версіяй, пасля некаторых перагавораў, Салах ад-Дзін быў прыняты большасцю эміраў. Дарадцы аль-Адзідзі меркавалі такім чынам разбіць рады Зангідаў. У той жа час Аль-Вахрані пісаў, што Салах ад-Дзін быў абраны з-за рэпутацыі яго сям'і, за іх «велікадушнасць і вайсковы гонар». Імада ад-Дзін пісаў, што пасля жалобы па Шыркуху «меркаванні падзяліліся» і халіфы Зангідаз паставілі на Салаха ад-Дзіна і прымусілі халіфа «інвесціраваць у візіра». І хоць пазіцыі былі ўскладненыя канкурэнцыяй ісламскіх лідараў, асноўная частка сірыйскіх кіраўнікоў падтрымлівала Салаха ад-Дзіна за яго дасягненні ў егіпецкай экспедыцыі, у якой ён атрымаў вялікі ваенны вопыт.

Уступіўшы ў пасаду эміра 26 сакавіка 1169 года, Салах ад-Дзін «раскаяўся ў піцці віна і адвярнуўся ад легкадумнасці, звярнуўшыся да рэлігіі». Атрымаўшы самую вялікую ўладу і незалежнасць, чым калі-небудзь раней у сваёй кар'еры, ён сутыкаецца з праблемай адданасці паміж аль-Адзідзі і Нур ад-Дзінам. Апошні быў варожа настроены да прызначэння Салаха ад-Дзіна і, паводле чутак, казаў: «Як ён смее [Салах ад-Дзін] рабіць нешта без майго загаду?» Ён напісаў некалькі пісем Салаху ад-Дзіну, які апусціў іх, не адмаўляючыся ад сваёй вернасці да Нур ад-Дзіна.

У тым жа годзе група егіпецкіх салдат і эміраў паспрабавала забіць Салаха ад-Дзіна, але дзякуючы кіраўніку яго разведкі Алі бін Саф'яну быў арыштаваны і забіты галоўны змоўшчык — суданскі еўнух, кіраўнік палаца фацімідаў — Наджы Мутамін аль-Кхілафа. На наступны дзень 50000 суданцаў, для якіх Наджы быў прадстаўніком іх інтарэсаў у двары, паднялі бунт супраць Салаха ад-Дзіна. Да 23 жніўня паўстанне было задушана, пасля гэтага Салах ад-Дзін больш ніколі не сутыкаўся з пагрозай бунту ў Каіры.

Да канца 1169 года Салах ад-Дзін з падтрымкай Нур ад-Дзіна перамагае сілы крыжакоў і візантыйцаў паблізу Дум'ята. Пазней, вясной 1170 года, Нур ад-Дзін, па просьбе Салаха ад-Дзіна, адпраўляе яго бацьку ў Каір з заахвочваннямі ад Багдадскага халіфа аль-Мустадзі з роду Абасідаў, які спрабуе аказаць ціск на Салаха ад-Дзіна для хутчэйшага звяржэння свайго саперніка аль-Адзіда.

Пасля гэтага Салах ад-Дзін умацаваў сваю ўладу і суніцкі ўплыў у Егіпце, раздаўшы высокія пасады членам сваёй сям'і. Ён адкрыў у Каіры філіял Малікійскага мазхаба, што прывяло да памяншэння ўплыву Шафііцкага мазхаба з аль-Фустат.

Пасля ўстанаўлення сябе ў Егіпце, Салах ад-Дзін пачаў кампанію супраць крыжакоў, аблажыўшы Дарума (сучасны сектар Газа) у 1170 годзе. Амары I зняў гарнізон тампліераў з Газы для абароны Дарума, але Салах ад-Дзін адступіў ад Дарума і ўзяў Газу. Ён разбурыў горад за межамі крэпасці і забіў большасць яго жыхароў, пасля таго як яны адмовіліся здаць яму горад. Невядома калі менавіта, але ў тым-жа годзе, ён напаў і захапіў замак Эйлат, які прадстаўляў пагрозу для праходу мусульманскіх караблёў.

Султан Егіпта

Са слоў Імада ад-Дзіна аль-Ісфахані, у чэрвені 1171 года Нур ад-Дзін напісаў мноства лістоў Салаху ад-Дзіну, у якіх патрабаваў усталявання халіфата Абасідаў у Егіпце. Апошні стараўся адмоўчвацца, баючыся адштурхнуць ад сябе шыіцкае насельніцтва і знаць. Праз два месяцы Салах ад-Дзін каардынуецца з Наждмам аль-Адзіна аль-Кабушані, шафіцкім факіхам, які быў у апазіцыі да шыіцкага праўлення ў краіне.

Калі к верасню 1171 года Аль-Адзідзі захварэў (і магчыма быў атручаны), ён папрасіў Салаха ад-Дзіна наведаць яго, з разлікам папрасіць яго паклапаціцца пра сваіх дзяцей. Салах ад-Дзін адмовіўся, баючыся страціць прыхільнасць Абасідаў, і, як кажуць, пазней вельмі шкадаваў, даведаўшыся аб яго намеры.

Аль-Адзідзі памёр 13 верасня і праз пяць дзён Салах ад-Дзін загадаў улему абвясціць перад пятнічнай малітвай імя аль-Мустадзі. Гэта азначала адхіленне шыіцкага халіфата ад улады. З гэтага часу Салах ад-Дзін правілаў Егіптам, хоць афіцыйна ён прадстаўляў на гэтай тэрыторыі эміра Нур ад-Дзіна, які прызнаваўся Багдадскім халіфам.

25 верасня 1171 года Салах ад-Дзін пакідае Каір, для таго, каб прыняць удзел у нападзе на Керак і Манрэаль (тэрыторыя сучаснай Іарданіі), замак Іерусалімскага каралеўства. Калі здавалася, што крэпасць ўжо гатовая здацца, Салах ад-Дзін даведваецца, што з боку Сірыі выступіў Нур ад-Дзін для ўдзелу ў аперацыі. Разумеючы, што калі ён сустрэнецца з ім асабіста, то больш не будзе кіраваць Егіптам, Салах ад-Дзін здымае свой лагер і вяртаецца ў Каір пад падставай распачатых хваляванняў у Егіпце. Гэты ўчынак павялічвае напружанасць у яго няпростых адносінах з Нур ад-Дзінам да такой ступені, што апошні збіраецца выступіць з войскам на Каір. Паслухаўшы свайго бацьку, Салах ад-Дзін піша ліст з выбачэннямі, але Нур ад-Дзін не прымае яго апраўданняў.

Летам 1172 года Нубійская армія абложвае Асуан. На дапамогу губернатару Асуан прыходзіць брат Салаха ад-Дзіна — Туран-Шах. Нягледзячы на тое, што нубійцы былі разбітыя, яны зноў вяртаюцца ў 1173 годзе. На гэты раз егіпецкая армія выходзіць з Асуана і захоплівае нубійскі горад Ібрым. Нур ад-Дзін не робіць ніякіх крокаў супраць Егіпта, але просіць вярнуць 200000 дынараў, якія ён выдзяліў на войска Шыркуха. Салах ад-Дзін плаціць гэты доўг 60000 дынар, каштоўнасцямі і таварамі.

9 жніўня 1173 года пасля падзення з каня памірае бацька Салах ад-Дзіна Аюб, і Нур ад-Дзін, разумеючы, што ў яго не засталося ўплыву ў Каіры, рыхтуецца да захопу Егіпта. У пачатку 1174 года Салах ад-Дзін адпраўляе Туран-Шаха ў кампанію па захопу порта Адэна і Емена, запаснога плацдарма на выпадак ўварвання ў Егіпет.

Анексія Сірыі

Узяцце Дамаска

Да пачатку лета 1174 года Нур ад-Дзін рыхтуе войска для нападу на Егіпет, збіраючы войскі ў Масуле, Дзіярбакыры і Джэзіры. Аюбіды адпраўляюць пасла да Салах ад-Дзіна з гэтай весткай, і ён збірае свае войскі пад Каірам. Раптам, 15 мая Нур ад-Дзін памірае (некаторыя крыніцы кажуць аб атручэнні), пакідаючы адзінаццацігадовага спадчынніка, ас-Салеха. Яго смерць дае палітычную незалежнасць Салаху ад-Дзіну, а Сірыя становіцца аб'ектам барацьбы паміж васаламі Нур ад-Дзіна.

Смерць Нур ад-Дзіна ставіць Салаха ад-Дзіна ў цяжкую сітуацыю, ён можа накіраваць свае войскі супраць крыжакоў з Егіпта або чакаць запрашэння ад ас-Салеха прыйсці яму на дапамогу, і пачаць вайну з Сірыі. У яго ёсць магчымасць анексіраваць Сірыю перш, чым яна патрапіць у рукі ворагаў, але напад на зямлю свайго гаспадара супярэчыць ісламскім прынцыпам, якімі ён кіраваўся. Гэты ўчынак можа зрабіць яго нявартым лідарства ў вайне з крыжакамі. Для таго, каб не выглядаць захопнікам Сірыі і ўзначаліць барацьбу з крыжакамі, Салах ад-Дзін выбірае пазіцыю абаронцы ас-Салеха. У лісце апошняму, ён абяцае «быць у якасці мяча» і спасылаецца на смерць яго бацькі як на «землетрасенне».

У той жа час, Алепа захоплівае Шамс ад-Дзін Алі ібн ад-Даяна разам са сваім братам, і к пачатку жніўня 1174 года ас-Салех выходзіць з войскам да сцен Алепа для таго, каб задушыць мяцеж. Захапіўшы горад і адправіўшы сыноў Дайі ў турму, ас-Салех застаецца ў Алепа. Салах ад-Дзін рассылае пасланні Эміра прыхільнікам ас-Салеха, чым ўзмацняе ўнутраную міжусобіцу ў Сірыі. Ужо 23 лістапада 1174 года Салах ад-Дзін адпраўляе к Дамаску атрад з сямісот коннікаў, дзе людзі, адданыя сям'і Салах ад-Дзіна, упускаюць войска апошняга ў горад.

Далейшае заваяванне

Пакінуўшы Дамаск пад кіраўніцтвам аднаго са сваіх братоў, Салах ад-Дзін прыступае да захопу гарадоў, якія раней належалі Нур ад-Дзіну. Яго армія захоплівае Хаму, але адступае перад добра ўмацаваным Хомсам. У снежні 1174 года ён абсякае Алепа. Сейф ад-Дзін, кіраўнік Масула, адпраўляе свайго брата Ізз ад-Дзіна выгнаць Салах ад-Дзіна з Сірыі, але 13 красавіка 1175 года той церпіць паражэнне ад войскаў Салах-ад-Дзіна недалёка ад Хамы. Сейф ад-Дзін заключае саюз з ас-Салехам, але таксама церпіць паражэнне 22 красавіка 1175 года.

Дарадцы ас-Салеха просяць дапамогі ў Рашыд ад-Дзіна Сінана. Лідар ісмаілітаў і сам жадае адпомсціць чалавеку, які адхіліў Фацімідаў ад улады ў Егіпце. 11 мая 1175 года, у час аблогі замка Ізаз, група з трынаццаці асасінаў пранікае ў лагер Салах ад-Дзіна, але іх своечасова заўважае ахова і прадухіляе замах. 26 чэрвеня 1175 года Салах-ад-Дзін зноў прыбывае да сцен Алепа, і, прабыўшы там некаторы час, вяртаецца ў Егіпет, дзе яму трэба рыхтавацца да кампаніі супраць крыжакоў.

Кампанія супраць асасінаў

Нягледзячы на тое, што ў Салах ад-Дзіна было часовае перамір'е з Зангідамі, звязанае з вайной супраць крыжакоў, ён увесь час адчувае пагрозу з боку секты ісмаілітаў і яе лідара Рашыда ад-Дзіна Сінана. Апошні кантралюе дзевяць крэпасцей у гарах Нусарыя. Адаслаўшы большую частку свайго войска ў Каір, Салах ад-Дзін адпраўляецца ў кампанію супраць асасінаў у жніўні 1176 года. У тым жа месяцы, пасля некалькіх няўдалых спроб авалодаць крэпасцямі, ён пакідае Нусарыю. У той жа час мноства крыніц кажуць пра тое, што губернатар Хамы, дзядзька Салах ад-Дзіна, дапамагае заключыць мірнае пагадненне з Сінанам.

Знешняя палітыка

Барацьба з крыжакамі

Самым вядомым фактам біяграфіі Саладзіна стала яго барацьба з крыжакамі. Гэтыя войны знайшлі сваё адлюстраванне ў шматлікіх творах літаратуры і мастацтва (найбольш вядомы раман Вальтэра Скота «Талісман»).

4 ліпеня 1187 года Салах ад-Дын разбіў крыжакоў у бітве пры Хаціне, кароль Іерусалімскага каралеўства Гі дэ Лузіньян, вялікі магістр ордэна тампліераў Жэрар дэ Рыдфор і многія іншыя кіраўнікі крыжакоў трапілі ў палон. За гэты год Салаху ад-Дзіну ўдалося авалодаць большай часткай Палесціны, Акрай і, пасля нядоўгай аблогі, Іерусалімам. Усе цэрквы горада, акрамя храма Уваскрэсення, былі ператвораны ў мячэці. Але жыхарам былі пакінута жыццё і магчымасць выкупіць сваю свабоду, акрамя таго, Саладзін гарантаваў прывілеі і недатыкальнасць хрысціянскіх паломнікаў, якія наведваюць Ерусалім.

Галоўны праціўнік крыжакоў карыстаўся павагай у хрысціянскай Еўропе за рыцарскія доблесці: адвагу і велікадушнасць да праціўнікаў. Англійскі кароль Рычард I Ільвінае Сэрца, адзін з галоўных правадыроў крыжакоў, стаў амаль другам Салаха ад-Дзіна: яны адклікаліся адзін пра аднаго выключна захоплена, давалі розныя льготы падданым адзін аднаго, хоць бачыліся толькі адзін раз, у час перамір'я ў крыжовым паходзе (прыкладна ў той жа час ад Рычарда і сышлі саюзнікі). Была справа, калі пад Рычардам падстрэлілі каня, Саладзін падарыў яму двух жвавых арабскіх скакуноў. Памёр Салах ад-Дзін 4 сакавіка 1193 года ад жоўтай ліхаманкі.

Смерць

Саладзін сканаў у час падрыхтовак да паходу на Багдад, каб аднавіць ранейшы арабскі халіфат. Палкаводзец захварэў ліхаманкай і памёр у Дамаску 4 сакавіка 1193 года. Ён быў пахаваны там жа і аплаканы на ўсім Усходзе як абаронца веры. У гісторыі Усходу Саладзін застаўся заваёўнікам, які спыніў уварванне Захаду і павярнуў сілы Іслама на Захад, героем, які раптоўна аб'яднаў гэтыя неўтаймаваныя сілы і ўвасобіў у сваёй асобе найвышэйшыя ідэалы і дабрачыннасці Іслама. Пасля смерці султана яго імперыю падзялілі нашчадкі: Аль-Азізу дастаўся Егіпет, аль-Афзалю — Дамаск, аз-Захіру — Алепа.

Сям'я

Згодна з Імадам ад-Дзінам, перш чым Салах ад-Дзін пакінуў Егіпет ў 1174 годзе, ён стаў бацькам пяцярых сыноў. Аль-Афдал, яго старэйшы сын, які нарадзіўся у 1170 годзе і Усман, які нарадзіўся ў 1172 годзе, суправаджалі Салаха ад-Дзіна ў Сірыю. Трэці сын, Аль-Захір Газі, стаў пасля кіраўніком Алепа. Маці Аль-Афдала нарадзіла яшчэ адно дзіця ў 1177 годзе. Згодна з Калгашандзі, дванаццаты сын нарадзіўся ў 1178 годзе, і ў той жа час у спісе Імада ад-Дзіна ён выступае ў якасці сёмага дзіцяці.

Памяць у сучасным свеце

Салах ад-Дзін, галоўны праціўнік крыжакоў, карыстаўся ўсё ж вялікай павагай у хрысціянскай Еўропе за свае рыцарскія якасці: адвагу ў баі і велікадушнасць да пераможанага праціўніка. Адзін з галоўных правадыроў крыжакоў, Рычард Ільвінае Сэрца, нават лічыў Саладзіна амаль сябрам.

Адным з першых аўтараў, хто апісаў перыяд праўлення Салах ад-Дзіна у працы «Кніга двух садоў у паведамленнях двух дынастый», быў Абу шаман аль-Макдысі.

Салах ад-Дзін быў кумірам Садама Хусэйна, які, як і ён, нарадзіўся ў Тыкрыце, на рацэ Тыгр; пры Садаме ў Іраку быў культ Салаха ад-Дзіна.

Не забывае Салаха ад-Дзіна і сучасная масавая культура (фільмы і камп'ютарныя гульні). У масавай культуры часцей за ўсё менавіта Салах ад-Дзін паказваецца як палкаводзец і кіраўнік сарацынаў часоў Трэцяга Крыжовага паходу — хоць было і мноства іншых, Салах ад-Дзін набыў найбольшую вядомасць. Персанаж Салаха ад-Дзіна фігуруе ў фільме «Царства нябеснае» (2005, рэж. Рыдлі Скот, у ролі Саладзіна — Гасан Масуд).

Саладзін неаднаразова з’яўляўся ў камп'ютарных гульнях: у такіх гульнях, як Age of Empires II і Stronghold Crusader, прысутнічае кампанія за яго войскі (таксама ў гульні Stronghold Crusader ён з’яўляецца адным з камп'ютарных сапернікаў). У нашумелай камп'ютарнай гульні «Assassin's Creed» вулічныя вяшчальнікі таксама згадваюць імя Салаха ад-Дзіна. Таксама Саладзін прысутнічае ў якасці аднаго з лідараў (больш канкрэтна — арабаў) у гульнях Civilization IV, Stronghold Crusader і Medieval II: Total War: Kingdoms.

У кіно

  • Рычард Ільвінае Сэрца (Richard the Lion-Hearted) — рэж. Чэстэр Уітей (ЗША, 1923). У ролі Саладзіна — Чарлз Джэрард.
  • Крыжовыя паходы (The Crusades) — рэж. Сесіль Блаунт дэ Міл (ЗША, 1935). У ролі Саладзіна — Ян Кейт.
  • Рычард Ільвінае Сэрца (King Richard and the Crusaders) — рэж. Дэвід Батлер (ЗША, 1954). У ролі Саладзіна — Рэкс Харысан.
  • Салахудзін — вызваліцель Іерусаліма — рэж. Юсуф Шахін (Егіпет (Аб’яднаная Арабская Рэспубліка), 1963). У ролі Саладзіна — Ахмед Мазхар.
  • Рычард Ільвінае Сэрца — рэж. Яўген Герасімаў (Расія-Сірыя, 1992). У ролі Саладзіна — Армен Джыгарханян.
  • Царства Нябеснае (Kingdom of Heaven) — рэж. Рыдлі Скот (ЗША-Іспанія-Марока, 2005). У ролі Саладзіна — Гасан Масуд.
  • Арн: Рыцар-тампліер / Arn: Tempelriddaren (2007; Швецыя, Вялікабрытанія, Данія, Нарвегія, Фінляндыя, Германія, Марока) рэжысёр Петэр Флінт, у ролі Саладзіна Мілінд Соман.
  • Арн: Аб'яднанае каралеўства / Arn: Riket vid vägens slut (2008; Данія, Швецыя, Фінляндыя, Вялікабрытанія, Нарвегія, Германія) рэжысёр Петэр Флінт, у ролі Саладзіна Мілінд Соман.
  • Пекла Дантэ (мультфільм) — рэж. Віктар Кук (Японія-ЗША, 2010)

Зноскі

  • http://www.britannica.com/EBchecked/topic/595715/Tikrit
  • Saladin // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  • Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.
  • H. A. R. Gibb, «The Rise of Saladin», in A History of the Crusades, vol. 1: The First Hundred Years, ed. Kenneth M. Setton (University of Wisconsin Press, 1969). p. 563.
  • В. Ф. Минорский, The Prehistory of Saladin, Studies in Caucasian History, Изд. Кембриджского университета, 1957, стр. 124—132.
  • Bahā' al-Dīn «Жизнь Саладина» (2002), стр. 17.
  • Баха ад-Дин Абу-л-Махасин Йусуф ибн Рафии ибн Тамйм. Часть 1. Предисловие // Саладин: Победитель крестоносцев / Пер. с араб.. — СПб: Диля, 2009. — 432 с. — ISBN 978-5-88503-890-4.
  • а б Маалуф Амин. Крестовые походы глазами арабов. 2006. Перевод Лащука И.Л. по изданию: Amin Maalouf. Les Croisades vues par les arabes. Paris, 1983.
  • Баха ад-Дин Абу-л-Махасин Йусуф ибн Рафии ибн Тамйм. Часть 2. Глава 1. // Саладин: Победитель крестоносцев / Пер. с араб.. — СПб: Диля, 2009. — 432 с. — ISBN 978-5-88503-890-4.
  • Lyons, M. C.; Jackson, D.E.P. (1982). Saladin: the Politics of the Holy War. Cambridge University Press. ISBN 978-0-521-31739-9.
  • Літаратура

    • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (Т. 14).
    • Баха ад-Дин Абу-л-Махасин Йусуф ибн Рафии ибн Тамим. Саладин: Победитель крестоносцев / Пер. с араб. = النوادر السلطانية و المحاسن اليوسوفية. — СПб: Диля, 2009. — 432 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-5-88503-890-4.
    • Усама ибн Мункыз. Книга назидания. Пг., 1922 (переизд.: Москва, 1958).
    • Альбер Шамдор. Саладин: благородный герой ислама / Перевод с французского Е. В. Кулешовой. — СПб.: Евразия, 2004. — 346 с. — 2 000 экз. — ISBN 5-8071-0158-8.
    • Александр Владимирский. Великий Саладин. Царство небесное. — М.: Яуза, Эксмо, 2013. — 544 с. — 2 500 экз. — ISBN 978-5-699-66993-6.

    Спасылкі

    🔥 Top keywords: Галоўная старонкаАдмысловае:SearchУладзімір КараткевічКарлес ПучдэмонМіхась ПазнякоўАдмысловае:RecentChangesВікіпедыя:ФорумЯнка БрыльРаіса Андрэеўна БаравіковаМарыя АнтуанетаАлесь БадакЯнка СіпакоўПімен ПанчанкаДзеяслоўВіктар Анатолевіч ШніпГенадзь Пятровіч ПашкоўЯўгенія ЯнішчыцМар’ян ДуксаЮрась СвіркаУладзімір Іванавіч КарызнаАлесь РазанаўБеларусьЛюдміла РублеўскаяДзікае паляванне караля СтахаВікіпедыя:СупольнасцьМіхась БашлакоўЯкуб КоласМагіла льва (паэма)Янка КупалаБярозка (часопіс)AP$ENTІван МележІван ШамякінУННВАркадзь КуляшоўДзеепрыслоўеВасіль БыкаўРыгор БарадулінЛюдзі на балоце (раман)