Франкфурт-на-Майне

горад у зямлі Гесэн, Германія

Франкфурт-на-Майне (ням.: Frankfurt am Main ) — пяты паводле велічыні горад Германіі пасля Берліна, Гамбурга, Мюнхена і Кёльна. Адзін з найбуйнейшых фінансавых цэнтраў свету, цэнтр рэгіёна Рэйн-Майн, аднаго з рэгіёнаў Еўропы з найбольш дынамічным развіццём, а таксама найбуйнейшы горад зямлі Гесэн. Дзякуючы свайму цэнтральнаму месцазнаходжанню і міжнароднаму аэрапорту, горад з’яўляецца таксама важным транспартным цэнтрам.

Горад
Франкфурт-на-Майне
ням.: Frankfurt am Main
Герб[d]Сцяг
Герб[d]Сцяг
Краіна
Федэральная зямля
Каардынаты
Бургамістр
Петэр Фелдман
Заснаваны
Першая згадка
Плошча
248,31 км²
Вышыня НУМ
112 м
Водныя аб’екты
Насельніцтва
701 350 чалавек (2013)
Шчыльнасць
2824 чал./км²
Часавы пояс
Тэлефонны код
+49 69
Паштовыя індэксы
60001–60599, 65929–65936
Аўтамабільны код
F
Афіцыйны сайт
Франкфурт-на-Майне на карце Германіі ±
Франкфурт-на-Майне (Германія)
Франкфурт-на-Майне
Франкфурт-на-Майне (Гесэн)
Франкфурт-на-Майне

Разам з прыгарадамі колькасць жыхароў г.зв. Вялікага Франкфурта складае каля 1,5 млн.

Франкфурт вядомы вялікай колькасцю хмарачосаў, якія адносяцца да вышэйшых у Еўропе.

Сярод жыхароў Франкфурта вельмі шмат іншаземцаў. Каля чвэрці жыхароў не з’яўляюцца грамадзянамі ФРГ.

Назва

Назва горада ўпершыню згадваецца ў адной з грамат у 794 годзе як Frankonovurd, што азначае брод франкаў. Згодна са старажытнай легендай, кароль франкаў Карл Вялікі, адступаючы са сваімі войскамі ў час вайны з саксамі, выйшаў да ракі Майн. Пры гэтым ён не ведаў, як пераправіцца на другі бок ракі. У гэты час белы алень перайшоў раку ў мелкім месцы, і такім чынам паказаў шлях каралю.

Геаграфія

Горад ляжыць па абодвух баках ракі Майн на паўднёвым усходзе горнага масіву Таўнус у паўднёва-заходняй Германіі. Ён распасціраецца на 23,4 км з захаду на ўсход і на 23,3 км з поўначы на поўдзень. Вышэйшая кропка (212 м над узроўнем мора) ляжыць у раёне Зэкбах, ніжэйшая (88 м.) на беразе Майна ў раёне Зіндлінген.

Франкфурт знаходзіцца ў адным з цяплейшых рэгіёнаў Германіі. У перыяд з 1971 па 2000 сярэднегадавая тэмпература складала 10,1 °C, сярэднегадавая колькасць ападкаў — 611 мм. Пры гэтым самым цёплым месяцам быў ліпень (19,4 °C), самым халодным — студзень (1,6 °C)[1].

Раёны горада

Горад падзелены на 46 раёнаў (Ortsteile), якія ў сваю чаргу падзяляюцца на 118 гарадскіх акруг (Stadtbezirke). 46 раёнаў аб’яднаны ў 16 акруг (Ortsbezirke) наступным чынам:

16 акруг (Ortsbezirke) Франкфурта
Акруга (Ortsbezirk)Раёны (Ortsteile)Колькасць жыхароў (2011)
1.Цэнтр І (Innenstadt I)Стары горад (Altstadt), Прывакзальны раён (Bahnhofsviertel), Галус (Gallus), Гутлёйтфіртэль (Gutleutviertel), Цэнтр (Innenstadt)44.183
2.Цэнтр ІI (Innenstadt II)Бокенхайм (Bockenheim), Вестэнд-Поўнач (Westend-Nord), Вестэнд-Поўдзень (Westend-Süd)57.629
3.Цэнтр ІII (Innenstadt III)Нордэнд-Усход (Nordend-Ost), Нордэнд-Захад (Nordend-West)51.671
4.Цэнтр ІV (Innenstadt IV)Борнхайм (Bornheim), Остэнд (Ostend)56.723
5.Поўдзень (Süd)Аэрапорт (Flughafen), Нідэррад (Niederrad), Обэррад (Oberrad), Заксэнхаўзэн-Поўнач (Sachsenhausen-Nord), Заксэнхаўзэн-Поўдзень (Sachsenhausen-Süd)91.662
6.Захад (West)Шванхайм (Schwanheim), Грызхайм (Griesheim), Нід (Nied), Хёхст (Höchst), Зіндлінген (Sindlingen), Цайльсхайм (Zeilsheim), Унтэрлідэрбах (Unterliederbach), Зосэнхайм (Sossenheim)125.057
7.Сярэдні Захад (Mitte-West)Хаўзэн (Hausen), Праўнхайм (Praunheim ), Родэльхайм (Rödelheim)38.919
8.Паўночны Захад (Nord-West)Хедэрхайм (Heddernheim), Нідэрурзэль (Niederursel)35.961
9.Сярэдняя Поўнач (Mitte-Nord)Дорнбуш (Dornbusch), Эшэрсхайм (Eschersheim), Гінхайм (Ginnheim)49.616
10.Паўночны Усход (Nord-Ost)Беркерсхайм (Berkersheim), Банамес (Bonames), Франкфуртэр Берг (Frankfurter Berg), Экенхайм (Eckenheim), Пройнгесхайм (Preungesheim)44.180
11.Усход (Ost)Фехенхайм (Fechenheim), Рыдэрвальд (Riederwald), Зэкбах (Seckbach)31.068
12.Кальбах/Рыдберг (Kahlbach/Riedberg)-7.882
13.Ніжні Эрленбах (Nieder-Erlenbach)-4.583
14.Хархайм (Harheim)-4.155
15.Ніжні Эшбах (Nieder-Eschbach)-11.487
16.Берген-Энкхайм (Bergen-Enkheim)-17.891

Гісторыя

Статуя Карла Вялікага перад музеем гісторыі ў Франкфурце

Першыя пасяленні на тэрыторыі сучаснага Франкфурта з’явіліся прыблізна 2000 гадоў да н.э., яшчэ ў каменным веку.

Пасля пераможнага паходу рымскага імператара Даміцыяна ў 83/84 г. н.э. рымляне захапілі рэгіён Таўнус і пабудавалі тут свае ваенныя лагеры. Галоўны з іх знаходзіўся на рацэ Ніда на тэрырыторыі сучаснага раёна Франфурта Хедэрнхайм. Каля 260 г. рымляне былі выцеснены з гэтага рэгіёна геманскімі плямёнамі.

Упершыню назва Франкфурт упамінаецца ў сувязі з скліканнем так званага Франкфурцкага Сінода (схода царкоўных прадстаўнікоў Франкскай Імперыі), інцыяванага каралём франкаў Карлам Вялікім у 794 годзе. У 843 годзе, пасля падзелу Франкскай Імперыі, Франкфурт становіцца цэнтрам яе ўсходняй часткі.

У 1152 князь Фрыдрых І Барбароса быў абраны ў Франкфурце германскім каралём, што стала пачаткам традыцыі абрання германскіх каралёў, а пазней і імператараў Свяшчэннай Рымскай Імперыі ў гэтым горадзе аж да 19 века.

У 1848—1949 гадах у Франкфурце ў Паўльскірхе (Pauluskirche) адбываюцца паседжанні першага свабодна абранага нямецкага парламента.

Падчас другой сусвенай вайны ў 1943-44 гадах горад быў практычна цалкам разбураны ў выніку налётаў авіяцыі. 26 сакавіка 1945 Франкфурт быў заняты войскамі ЗША.

Падчас абрання сталіцы ФРГ у 1949, Франкфурт быў спачатку фаварытам, але саступіў Бону з прычыны падтрымкі апошняга Конрадам Адэнаўэрам.

У 1968 у горадзе адчынена першая лінія метро.

У 1998 Франкфурт абраны месцам знаходжання Еўрапейскага Цэнтральнага Банка.

Эканоміка

Франкфурт з’яўляецца буйным фінансавым цэнтрам. Згодна з рознымі аўтарытэтнымі рэйтынгамі ён уваходзіць у дзясятак найважнейшых фінансавых цэнтраў свету[2][3]. Тут месцяцца Еўрапейскі цэнтральны банк, Бундэсбанк, а таксама штаб-кватэры буйнейшых немецкіх банкаў (сярод іншых Deutsche Bank, Commerzbank, KfW, DZ Bank).

Франкфурцкая фондавая біржа (ФФБ) пад кіраўніцтвам Deutsche Börse — галоўная фондавая біржа Германіі. Каля 98 % гандлю акцыямі нямецкіх прапрыемстваў адбываецца на ФФБ і XETRA, электроннай пляцоўцы Deutsche Börse, трэцяй па велічыні фондавай біржы Еўропы пасля London Stock Exchange і NYSE Euronext.

Акрамя таго ў Франкфурце знаходзяцца нямецкія штаб-кватэры трох асноўных рэйтынгавых агенцтваў: Standard & Poors, Moody’s і Fitch Ratings.

Гарадскія кірмашовыя традыцыі маюць даўнюю гісторыю, а сёння ў Франкфурце праводзяцца буйныя выставачныя мерапрыемствы — Internationale Automobil-Ausstellung (IAA, выстаўка аўтамабільнай індустрыі), Frankfurter Buchmesse (кніжная выстаўка), Ambiente (выстаўка спажывецкіх тавараў), Frankfurt Musikmesse (музычная выстаўка), Achema (хімічная і фармацэўтычная выстаўка).

Палітыка

Выбары ў Гарадскі Савет (Stadtverordnetenversammlung) адбываюцца кожныя пяць гадоў. На апошніх выбарах, якія прайшлі 27 сакавіка 2011, бальшыню галасоў атрымалі хрысціянскія дэмакраты (30,5 % галасоў). Другое месца занялі Зялёныя з 25,8 % галасоў.

Обер-бургамістрам (Oberbürgermeister) горада з’яўляецца прадстаўнік СПДГ Петэр Фельдман (Peter Feldmann), які на выбарах у сакавіку 2012 перамог у другім туры ХДС-кандыдата Борыса Райна (Boris Rhein), набраўшы 57,4 % галасоў.

Транспарт

Сетка чыгуначнага транспарту

Франкфурт-на-Майне з’яўляецца адным з галоўных транспартных вузлоў Еўропы. Франфурцкі аэрапорт займае па колькасці пасажыраў трэцяе месца ў Еўропе, пасля лонданскага Хітроў і парыжскага Шарль-дэ-Голь. У 2012 годзе праз яго было перавезена 57,5 млн пасажыраў і 2,0 млн тон грузаў. Аэрапорт Франкфурт-Хан (Frankfurt-Hahn) знаходзіцца за 120 кіламетраў ад горада ў заходнім кірунку.

Паблізу Франкфурцкага аэрапорту перасякаюцца аўтабаны A 5 (Hattenbacher Dreieck-Basel) і A 3 (Arnheim-Linz). Гэтае скрыжаванне, вядомае пад назвай Франкфурцкі крыж (Frankfurter Kreuz), самае ажыўленае ў Германіі (каля 320.000 аўтамабіляў у дзень).

Франкфурцкі галоўны вакзал адзін з найбуйнейшых у Еўропе. Найдаўжэйшы прамы чыгунаны маршрут, праходзячы праз Франкфурт-на-Майне гэта Базель-Масква.

Грамадскі транспарт горада ўключае прыгарадныя цягнікі (S-Bahn), метро (U-Bahn), аўтобусныя і трамвайныя лініі.

Адукацыя

У Франкфурце знаходзяцца два ўніверсітэты і шмат спецыялізаваных адукацыйных і навукова-даследчых устаноў.

Універсітэт імя Гётэ

Найстарэйшая і самая вядомая вышэйшая навучальная ўстанова горада — Універсітэт імя Гётэ (Goethe-Universität Frankfurt am Main), чыя кампусы размешчаны ў раёнах Бокенхайм, Вестэнд і Рыдберг. У раёне Нідэррад знаходзіцца ўніверсітэцкі шпіталь. Акрамя таго ў Вестэндзе размяшчаецца прэстыжная бізнес-школа ўніверсітэта.

Універсітэт прыкладных навук

Франкфурцкі ўніверсітэт прыкладных навук (Frankfurt University of Applied Sciences; да чэрвеня 2014 — Fachhochschule Frankfurt am Main) створаны ў 1971 годзе ў выніку рэарганізацыі раней існавалых навучальных устаноў. Прапануе навучанне па розных кірунках — мастацтва, прыродазнаўчыя навукі, інжынерная справа і юрыспрудэнцыя.

Культура

Mузеі

У Франкфурце ёсць каля 60 музеяў і выстаў, якія знаходзяцца пераважна па абодвух берагах Майна. На т.зв. Музейным беразе (раён Заксэнхаўзэн на поўдні Франкфурта) месцяцца наступныя музеі: Штэдэль (Städel), Лібігхаўз (Liebieghaus), Музей камунікацыі (Museum für Kommunikation; былы Музей Пошты), Нямецкі архітэктурны музей (Deutsches Architekturmuseum), Нямецкі музей фільмаў (Deutsches Filmmuseum), Музей сусветных культур (Museum der Weltkulturen), а таксама Музей прыкладнога мастацтва (Museum für Angewandte Kunst). Штогод, пачынаючы з 1988 года, у апапошнія выходныя жніўня тут адбываецца Свята Музейнага берага (Museumsuferfest). Кожны год больш за тры мільёна чалавек наведваюць гэты фэст, падчас якога музеі адкрыты да позняй ночы і адна картка дазваляе ўваход ва ўсе музеі-ўдзельнікі. Пры гэтым уздоўж Майна на шматлікіх сцэнах адбываюцца музычныя і танцавальныя прадстаўленні, у кіёсках прадаюцца тавары рамесленага вырабу, ювелірныя ўпрыгажэнні і вопратка, пад адкрытым небам праходзяць выстаўкі мастакоў.

Музеі Франкфурта можна падзяліць на наступныя катэгорыі:

Галоўныя мастацкія музеі і галерэі ўключаюць акрамя Штэдэля і Музея прыкладнога мастацтва выстаўку Шырн (Schirn).

Да гістарычных музеяў адносяцца Франкфуртскі гістарычны музей (Historisches Museum), Яўрэйскі музей (Jüdisches Museum) і Археалагічны музей (Archäologisches Museum).

Да катэгорыі Тэхнічныя музеі належаць паміж іншага вышэйзгаданы Музей камунікацыі, музей Experiminta і Музей транспарту (Verkehrsmuseum Frankfurt am Main).

Катэгорыя Прыродазнаўчыя музеі ўключае перад усім сусветна вядомы Зенкенбергскі прыродазнаўчы музей (Senckenberg Naturmuseum).

Спорт

У Франкфурце размяшчаюцца розныя спартыўныя каманды і клубы:

  • Eintracht Frankfurt, футбол (Бундэсліга)
  • FSV Frankfurt, футбол, (2-я Бундэсліга)
  • Rot-Weiss Frankfurt, футбол (Оберліга Гесэн)
  • 1. FFC Frankfurt, жаночы футбол (Бундэсліга)
  • Frankfurt Lions, хакей (Оберліга)
  • Fraport Skyliners, баскетбол (Бундэсліга)
  • Frankfurter RG Germania 1869, адзін з найбуйнейшых і найстарэйшых нямецкіх вяслярных клубаў

Значныя спартыўныя мерапрыемствы, якія адбываюцца штогод:

  • Frankfurt-City-Triathlon, спаборніцтвы па трыятлону ў жніўні
  • Frankfurt-Marathon, гарадскі марафон у кастрычніку
  • Rund um den Finanzplatz Eschborn-Frankfurt (Вакол фінансавай пляцоўкі Эшборн-Франкфурт), велагонка
  • Ironman Germany, спаборніцтвы па трыятлону ў ліпені
  • JPMorgan Chase Corporate Challenge, спаборніцтвы па бегу
  • Frankfurter City-Halbmarathon, паўмарафон у сакавіку
  • Hessen tanzt (Гесен танчыць), буйны турнір спартыўных танцаў

Асноўныя спартыўныя збудаванні Франкфурта:

  • Commerzbank-Arena, футбольны стадыён
  • Frankfurter Volksbank Stadion, футбольны і лёгкаатлетычны стадыён
  • Fraport Arena, баскетбольная і гандбольная зала
  • Лядовы каток
  • Іпадром Нідэррад

У Франкфурце снаходзяцца штаб-кватэры нямецкага Нацыянальнага алімпійскага камітэта і Нямецкага футбольнага саюза.

Варта ўбачыць

Небаскробы Франкфурта

Commerzbank Tower

Франкфурт-на-Майне, як ніякі іншы горад Еўропы, адметны вялікай колькасцю небаскробаў, якія будуюцца ў горадзе з 50-х гадоў 20-га стогоддзя. З гэтай прычыны Франкфурт часта называюць Mainhattan (гэта назва нагадвае Манхэтан у Нью-Ёрку).

Назва будынкаВышыня (м.)Год пабудовыКолькасць паверхаў
1.Commerzbank Tower259199763
2.Messeturm257199070
3.Westend Tower (DZ Bank)208199353
4.Maintower200200055
4.Tower 185200201155
6.Trianon (DekaBank)186199347
7.Новы будынак Еўрапейскага цэнтральнага банка185201446
8.Opernturm170200942
8.Taunusturm170201440
10.Silver Tower166197832

Старая Опера

Старая Опера ў Франкфурце

Былы оперны тэатр выкарыстоўваецца сёння як канцэртная зала і месца правядзення святочных мерапрыемстваў. Будынак Старай Оперы (Alte Oper) ў стылі неа-рэнесанс, спраектаваны берлінскім архітэктарам Рыхардам Люкэ (Richard Lucae), быў адчынены ў 1880. На адкрыцці прысутнічаў імператар Вільгельм І, які адзначыў: «У Берліне я б сабе такога дазволіць не змог». Будаўніцтва была фінансавана жыхарамі горада і каштавала 6,8 млн залатых марак. У 1937 тут адбылася прэм’ера оперы «Карміна Бурана» Карла Орфа. У сакавіку 1944 будынак быў моцна разбураны ў выніку бамбардзіроўкі з паветра. Пасля шматгадовых дэбатаў будынак быў адноўлены і зноў адчынены ў 1981. На фасадзе будынка знаходзіцца надпіс: «Праўдзіваму, прыгожаму, добраму».

Галоўны вакзал

Франкфурцкі галоўны вакзал

Франкфурцкі галоўны вакзал — адзін з найбуйнейшых і найбольш важных у Германіі.

Тупіковы вакзал быў адчынены ў 1888 годзе і з’яўляецца сёння, з 350.000 падарожнікамі і наведвальнікамі штодзень, трэцім паводле пасажыраабароту вакзалам пасля вакзалаў у Гамбургу і Мюнхене (па 450.000 падарожнікаў і наведвальнікаў). Будаўніцтва вакзала цягнулася пяць гадоў. Да 1915 года, калі быў пабудаваны вакзал у Лейпцыгу, гэта быў найбуйнейшы вакзальны будынак у Еўропе. Даўжыня будынка сёння 270 м (у 1888 годзе — 210 м), вышыня 30 м. Вялізная зала з платформамі (усяго 24 пуці) падзелена сёння пяццю нефамі (першапачаткова тры нефа і 18 пуцей). Фасад будынка ў стылі неарэнесасу ўпрыгожваюць ляпныя фігуры. Пад вакзалам знаходзяцца падземныя станцыі метро і прыгарадных цягнікоў.

Стары горад

Гістарычны стары горад знаходзіцца на беразе Майна. Пасля амаль поўнага разбурэння праз авіяўдары ў час Другой сусветнай вайны частка будынкаў была адноўлена. Галоўнымі славутасцямі старога горада з’яўляюцца Імператарскі сабор (Kaiserdom), плошча Ромерберг (Römerberg), царква Св. Паўла (Paulskirche), а таксама дом, у якім нарадзіўся Іаган Вольфганг фон Гётэ (Goethe-Haus).

Імператарскі сабор Св. Варфаламея — гэта самы вялікі храм Франкфурта-на-Майне, пабудаваны паміж 1250 і 1514 гадамі, дзе раней праводзіліся цырымоніі каранацыі імператараў Свяшчэннай Рымскай імперыі. Перад саборам знаходзіцца Археалагічны сад (Archäologische Garten) з раскопкамі рымскага перыяду, а таксама перыяду Каралінгаў.

Ля цэнтральнай плошчы гораду Ромерберг знаходзіцца ратуша (Ромер), пабудаваная ў 14 стагоддзі, і Старая царква Св. Мікалая. На балконе ратушы звычайна святкуюцца перамогі мясцовых спартыўных каманд, а таксама чэмпіянаты па футболу.

У царкве Св. Паўла праходзілі ў 1948/1949 гг. паседжанні Нацыянальнага сходу, першага свабодна абранага нямецкага парламента.

Мосты праз Майн

Абодва берагі Майна становяцца ўсё больш прывабным раёнам Франкфурта. Гэтаму садзейнічаюць праекты па развіццю музейнай набярэжнай і рэканструкцыі берагавых збудаванняў, будаўніцтва новага мікрараёна ў былым Заходнім порце а таксама архітэктурна прэтэнцыёзныя мосты праз Майн. Alte Brücke (Стары мост), які ўпершыню згадваецца ў 1222 годзе, лічыўся на працягу стагоддзяў самай важнай пабудовай горада. Eiserner Steg (Жалезны мост), адкрыты ў 1869 годзе пешаходны мост, з’яўляецца адной са славутасцей горада. Від з аднаго з мостаў на Стары горад і небаскробы часта выкарыстоўваецца ў сродках масавай інфармацыі ў якасці ілюстрацыі для сюжэтаў з Франкфурта.

У апошнія гады на ўсход ад цэнтра горада на паўночным і паўднёвым берагах Майна з’явіліся два вялікія пляжныя начныя клубы. Таксама на беразе Майна знаходзіцца Gerbermühle — папулярны турыстычны рэстаран, які ўвайшоў у гіторыю літаратуры як месца сустрэч Гётэ з Марыянай фон Віллемер, аўстрыйскай актрысай і танцоўшчыцай.

Заксэнхаўзен

Раён Заксэнхаўзен, які знаходзіцца на паўднёвым беразе Майна, упершыню згадваецца ў 1192 годзе. З часоў Сярэднявечча тут жылі галоўным чынам рыбакі, сельскагаспадарчыя рабочыя і рамеснікі. З 18-га і 19-га стагоддзя тут таксама ўсё больш сяліліся заможныя жыхары. З гэтага часу Заксэнхаўзен становіцца папулярным раёнам са збалансаваным спалучэннем рознічнага гандлю і рэстаранаў. Сёння акрамя добра вядомых сваім яблачным віном і традыцыйнай кухняй рэстаранаў, такіх як Wagner і Gemaltes Haus, тут таксама знаходзяцца сучасныя кактэйль-бары

Архітэктурнай дамінантай Заксэнхаўзэна з’яўляецца царква Dreikönigskirche, пабудаваная ў 1875—1881 гадах. Уздоўж Майна ляжыць т.зв. Музейны бераг, дзе месцяцца галоўныя музеі Франкфурта. Кожную другую суботу тут таксама адбываецца азін з найбуйнейшых блашыных рынкаў Германіі .

Сродкі масавай інфармацыі

У Франкфурце выдаюцца две шматтыражныя нямецкія газеты — ліберальна-кансерватыўная Франкфуртэр Альгемайнэ Цайтунг (Frankfurter Allgemeine Zeitung) і левалібеальная Франкфуртэр Рундшаў (Frankfurter Rundschau). Таксама тут знаходзяцца цэнтральныя нямецкія прадстаўніцтва агенстваў навін Асашыэйтэд Прэс (Associated Press) і Ройтэрс (Reuters).

Кулінарыя

  • Яблачнае віно (Apfelwein)
  • Зялёны соус (Grüne Sauce)
  • Ручны сыр з музыкай (Handkäs mit Musik)
  • Франкфурцкія сасіскі (Frankfurter Würstchen)
  • Рабрынкі з кіслай капустай (Rippchen mit Kraut)

Адметныя асобы

  • Тэадор Адорна — нямецкі філосаф і сацыёлаг, адзін з галоўных прадстаўнікоў Крытычнай грамадскай тэорыі, нарадзіўся ў Франкфурце ў 1903 годзе. З 1921 па 1924 ён вывучаў у Франкфурцкім універсітэце філасофію, сацыялогію, псіхалогію і музыку. З 1949 па 1969 (пасля вяртання з эміграцыі) Адорна выкладаў у гэтай навучальнай установе філасофію і сацыялогію. Ён таксама кіраваў Інстытутам сацыяльных даследванняў пры ўніверсітэце. Погляды Адорна мелі вялікі ўплыў на нямецкае студэнцтва ў 60-х гадах 20-га стагоддзя.
  • Васіль Быкаў — вядомы беларускі пісьменнік, жыў і працаваў у Франкфурце з 2001 па 2002 ў рамках праекту Гарады прытулку, атрымаўшы запрашэнне ад Ведамства Мультыкультурных Спраў і Франкфурцкага Кніжнага Кірмашу [4].
  • Іаган Вольфганг фон Гётэ — нямецкі паэт, грамадскі дзеяч і прыродазнаўца. Нарадзіўся і вырас у Франкфурце. У 1971 г., пасля заканчэння вучобы ў Страсбурге, Гётэ адчыніў у Франкфурце адвакатскую кантору, якая праіснавала да яго ад’езду ў Веймар у 1775 г. У гэты перыяд ён напісаў сярод іншага раман Пакуты маладога Вертэра (1774).
  • Барыс Кіт — беларускі грамадскі дзеяч, настаўнік, матэматык, вядомы фізік, канструктар амерыканскай ракетнай тэхнікі. Жыў у Франкфурце з 1972 г. «Мне вельмі падабаецца тут. У сэрцы я ж еўрапеец» — сказаў Б. Кіт на імпрэзе, прысвечанай яго 100-гадоваму юбілею [5].
  • Майер Амшэль Ротшыльд — заснавальнік вядомага аднайменнага франкфуртскага банка.
  • Ганна Франк — нямецкая дзяўчынка яўрэйскага паходжання, якая пасля прыхода Гітлера да ўлады хавалась ад нацысткага тэрору разам з сям’ёй у Нідэрландах. Аўтар сусветна вядомага Дзённіка Ганны Франк — дакумента, які аблічае нацызм. Ганна Франк нараділась у Франкфурце і жыла там да 1933 г.
  • Эрых Фром — нямецка-амерыканскі філосаф і псіхааналітык. Нарадзіўся і жыў у Франкфурце да сваёй эміграцыі ў ЗША ў 1934 г. Кіраўнік сацыяльна-псіхалагічнага аддзела франкфуртскага Інстытута сацыяльных даследванняў з 1930 па 1934.
  • Ота Ган — нямецкі хімік. Выхадзец з Франкфуту адкрыў у 1938 г. разам з Лізэ Майтнер і Фрыдрыхам Штрасманам расшчапленне ўрана. Атрымаў у 1944 г. Нобелеўскую прэмію.
  • Артур Шапенгаўэр — нямецкі філосаф. Пераехаў у 1833 з Берліна, дзе ў гэты час пачалась эпідэмія халеры, у Франкфурт і жыў тут да сваёй смерці ў 1860. У сваім дзённіке Шапенгаўэр так апісвае прычыны выбара Франкфурта: «Здаровы клімат. Прыгожыя мясціны. Прыемнасці вялікіх гарадоў. Лепшая чытальня. Прыродна-гістарычны музей. Лешыя тэатры, опера і канцэрты. Больш англічан. Лепшыя кавярні. Нядрэннае надвор’е. Зэнкенбергская бібліятэка. Няма паводак.» [6]
  • Роланд Кох — нямецкі палітык.
  • Фрыдрых Вёлер — нямецкі хімік.

Гарады-пабрацімы

Зноскі

Спасылкі