Царква Швецыі

Царква Швецыі (шведск.: Svenska kyrkan) — найбуйнейшая хрысціянская дэнамінацыя ў Швецыі, найбуйнейшая лютэранская царква ў Сусветнай лютэранскай федэрацыі і ў свеце, член Порваскай супольнасці. Членамі царквы з’яўляюцца каля 6,4 мільёнаў чалавек ці 67,5 % насельніцтва Швецыі[1]. Аднак толькі 2 % наведвае набажэнствы штотыдзень. Да 2000 года царква мела статус дзяржаўнай.

Царква Швецыі
Герб Царквы Швецыі
Герб Царквы Швецыі
КанфесіяПратэстанцтва
КірунакЛютэранства, Высокая царква
КіраваннеЕпіскапальнае
ГлаваАрхібіскуп Упсалы — Анцье Якелен (2013—)
ПагадненніССЦ, СЛФ, КЕЦ, Порваская супольнасць
ТэрыторыяШвецыя
ЗаснавальнікГустаў I Васа
Дата заснавання1536
Членаўкаля 6,4 млн
Афіцыйны сайтwww.svenskakyrkan.se

Назва «Царква Швецыі» ўпершыню з’явілася ў заканадаўчым акце ў 1860 годзе (у першым законе аб нязгодных). Гэта назва была неабходна для таго, каб адрозніваць Царкву Швецыі ад іншых канфесій.

Царква Швецыі ўяўляе сабой:

  • супольнасць людзей евангелічна-лютэранскай веры ў Швецыі, якая аб’ядноўвае прыходы і дыяцэзіі;
  • адкрытую нацыянальную царкву, якая працуе з дэмакратычнымі арганізацыямі і праз царкоўнае служэнне ахоплівае ўсю нацыю;

Главой Царквы Швецыі з’яўляецца Архібіскуп Упсалы, з 15 кастрычніка 2013 года ім выбрана Анцье Якелен[2].

Веравучэнне

Пачатак веравучэння шведскай царквы пасля рэфармацыі быў закладзены ў 1536 годзе падчас кіравання караля Швецыі Густава Вазы. На скліканым ім царкоўным Сінодзе кананічнае права Рымска-каталіцкай царквы было адменена. Гэты акт афіцыйна аддзяліў царкву ў Швецыі ад Папы. У 1572 годзе царква прыняла «Шведскі царкоўны статут», у якім вызначалася арганізацыйная структура і характар самакіравальнай шведскай царквы. Главой царквы з гэтага часу стаў кароль.

Афіцыйна шведская царква стала лютэранскага веравызнання ў 1593 годзе, калі Сінод шведскай царквы ва Упсале прыняў Аўгсбургскае веравызнанне, лютэранскія веравучэнні былі прызнаны абавязковымі для ўсяго шведскага каралеўства, а таксама быў выдазены дакумент (лац.: Confessio Fidei), паводле якога былі прыняты:

У 1686 годзе Рыксдаг прыняў Кнігу Згоды, якая складаецца з:

  • Апалогія аўгсбургскага веравызнання
  • Шмалькальдэнскія артыкулы
  • Пра ўладу і першынство Папы
  • Вялікі Катэхізіс Марціна Лютэра
  • Малы Катэхізіс Марціна Лютэра
  • Формула Згоды

У XIXXX стст. былі афіцыйна зацверджаны розныя царкоўныя пагадненні, галоўным чынам накіраваныя на экуменізм:

На практыцы тэксты лютэранскіх веравучэнняў адыгрываюць ролю другога плану, замест гэтага прыходы абапіраюцца на лютэранскія традыцыі, змяшаныя з уплывам іншых хрысціянскіх канфесій і розных царкоўных рухаў, такія як Нізкая царква, Высокая царква, Піетызм («Старая царква») і Лестадыянства, якія могуць быць усталяваны на мясцовым узроўні, але не маюць вялікага агульнанацыянальнага ўплыву.

З XX стагоддзя Царква Швецыі ў большасці сваёй прапаведуе ліберальнае хрысціянства і абараняе правы чалавека.

Гісторыя

Хрысціянства пракралася ў Швецыю, як і ў многія іншыя краіны, праз місіянерскія манаскія ордэны, маракоў і гандляроў. Каталіцкі манах Ансгар лічыцца першым, хто прыйшоў з хрысціянскай пропаведдзю ў Швецыю ў IX стагоддзі. Таксама лічыцца, што менавіта па яго ініцыятыве першыя хрысціяне ў Швецыі пабудавалі першую царкву — царкву ў горадзе Бірка на возеры Меларэн.

Утварэнне шведскай царквы

Важнай постаццю для хрысціянства ў Швецыі быў Улаф Шатконунг, які стаў першым хрысціянскім каралём Швецыі, верагодна, хрышчоным англійскім місіянерам. Яго палітыка была накіравана на актыўнае распаўсюджванне хрысціянства ў Швецыі. Місіянеры прапаведавалі хрысціянства, будаваліся каталіцкія кляштары і цэрквы ў цэнтрах паселішчаў, як знак Божай прысутнасці ў свеце. Задачамі царквы былі не толькі выхаванне людзей у хрысціянскай веры, але таксама адукацыя і ахова здароўя. З часам царква стала ў краіне вельмі магутнай сілай, у тым ліку найбуйнешым землеўладальнікам: плошча царкоўных уладанняў перавышала агульную плошчу земляў, што належалі шведскай знаці.

Рэфармацыя

Трыумф Густава Вазы. Жанчына ў жоўтым — Каталіцкая Царква

У 1517 годзе браты Олаус (Олаф) і Лаўрэнціус (Ларс) Петры, сыны каваля з Эрэбру, якія прыехалі ў Германію для атрымання адукацыі, сталі сведкамі выступленняў Марціна Лютэра супраць злоўжыванняў у Рымска-каталіцкай царкве. У 1518 годзе Олаус вярнуўся ў Швецыю і стаў дыяканам і настаўнікам Стрэнгнескай царкоўнай школы. Першапачаткова да выступленняў Петры адмоўна ставіліся не толькі царкоўныя іерархі, але і звычайныя вернікі, якія кідалі ў прапаведніка камянямі і палкамі. Першапачаткова адмоўна да пропаведзі новага вучэння ставіўся і новы кароль Швецыі Густаў Ваза, якім у 1523 годзе быў выдадзены ўказ, які забараняў пад пагрозай пазбаўлення маёмасці і пакарання смерцю вывучаць творы Лютэра. Аднак складаная ўнутрыпалітычная сітуацыя вымусіла караля шукаць як новых саюзнікаў унутры краіны, так і дадатковыя крыніцы фінансавання свайго кіравання. У дадатак у 1524 годзе ўзнік канфлікт паміж каралём і Папам Кліментам VII з нагоды абрання новага архібіскупа. У выніку гэтага адносіны з Рымам былі разарваны і больш не аднаўляліся.

Рэформа Царквы ў Швецыі ажыццяўлялася паступова — з 1525 года пачалося правядзенне набажэнстваў на шведскай мове, у 1526 годзе на ёй быў выдадзены Новы Запавет, а ў 1541 годзе — уся Біблія, і кароль абавязаў усе цэрквы купіць новыя кнігі.[4]

У 1527 годзе на Вестэроскім рыксдагу главой Царквы быў абвешчаны кароль, а маёмасць кляштараў была канфіскавана на карысць кароны. Справамі Царквы сталі кіраваць свецкія асобы, прызначаныя каралём.

У 1531 годзе архібіскупам Швецыі стаў брат Олауса Лаўрэнціус. Пад яго кіраўніцтвам у 1536 годзе ў Упсале адбыўся Царкоўны сабор, на якім лютэранскія царкоўныя кнігі былі прызнаны абавязковымі для ўсёй Швецыі. Цэлібат быў адменены. У 1571 годзе Лаўрэнціусам Петры быў распрацаваны «Шведскі царкоўны статут», у якім вызначалася арганізацыйная структура і характар самакіравання Шведскай Царквы. Пастары і парафіяне атрымлівалі магчымасць выбіраць біскупаў, аднак канчатковае зацвярджэнне кандыдатаў стала прэрагатывай караля.[5]

Разам з тым неабходна адзначыць, што з-за адсутнасці бязлітаснага супрацьстаяння паміж рымскімі каталікамі і прыхільнікамі Рэфармацыі, якое мела месца ў краінах Цэнтральнай Еўропы, змены ў знешнім характары набажэнстваў не мелі моцных адрозненняў ад тых, што былі ў Рымска-каталіцкай царкве. Таму шведскі абрад прынята лічыць узорам высокацаркоўнай традыцыі ў лютэранстве. Таксама фармальна лічыцца, што Царква Швецыі мае Апостальскую пераемнасць, бо Лаўрэнціус Петры быў пасвечаны ў біскупы Петэрам Магнусанам, біскупам Вестэросскім, пасвечаным у свой сан у Рыме[6].

Рэфармацыя была праведзена і ў Фінляндыі, якая ў той час з’яўлялася часткай каралеўства Швецыі. Першым лютэранскім біскупам у Фінляндыі (у г. Аба) стаў Мікаэль Агрыкала, які склаў першы лемантар фінскай мовы і перавёў на фінскую Новы Запавет і часткі Старога Запавету.

У 1718 была спроба аб’яднання Шведскай і Англіканскай царквы, якая правалілася з-за супраціўлення кансерватыўнага шведскага біскупства, якое абвінавачвала англікан у празмерным кальвінізме.

Піетызм і рухі веры

З канца XVII стагоддзя ў краіне стаў распаўсюджвацца піетызм, пазіцыі якога ўзмацніліся пасля паражэння Швецыі ў Паўночнай вайне. З-за таго, што гэта стала разглядацца як пагроза адзінству царквы, 12 студзеня 1726 года быў прыняты закон аб малітоўных сходах (конвектыльплакат), які забараняў сходы вернікаў па-за царкоўнымі будынкамі.

Тым не менш, у пачатку XIX стагоддзя ў краіне сталі распаўсюджвацца рывайвелісцкія рухі веры, у пропаведзі якіх важную ролі сталі адыгрываць прыхадскія святары ці проста парафіяне. Адным з найбольш вядомых прапаведнікаў таго перыяду стаў Карл Росеніус. У 1858 годзе конвектыльплакат быў адменены, што стымулявала развіццё свабоднацаркоўнага руху.

XX стагоддзе

У 1952 годзе шведскі грамадзянін атрымаў права выйсці з Царквы Швецыі без пераходу пры гэтым у іншую канфесію[7]. У 1958 годзе шведскі парламент прыняў закон, які дазваляе жанчынам быць пасвечанымі ў клір (у тым ліку быць пастарамі і біскупамі). Першыя такія ардынацыі адбыліся ў красавіку 1960 года[8]1992 годзе Царква Швецыі ўступіла ў Порваскую супольнасць (англ.: Porvoo Communion)[3] і падпісала пагадненне аб поўных зносінах з іншымі 11 цэрквамі, якія не з’яўляюцца каталіцкімі, але не парушылі апостальскую пераемнасць.
Да 1 студзеня 1996 года хрышчэнне не было абавязковай умовай членства ў Царкве Швецыі, хоць яно было неабходна для заняцця выбарнай пасады ў прыходзе ці ў дыяцэзіі[7].1 студзеня 2000 года Царква Швецыі была аддзелена ад дзяржавы[9]. Тым не менш, з аддзяленнем царквы ад дзяржавы набыў моц «Закон аб Царкве Швецыі» (шведск.: Lag om Svenska kyrkan), які кантралюе царкву, каб яна была лютэранскай, нацыянальнай і дэмакратычнай.

XXI стагоддзе

Пасля аддзялення Царквы Швецыі ад дзяржавы за ёй быў пакінуты нагляд за могілкамі, таму нават асобы, якія не ўваходзяць у яе, працягвалі плаціць пахавальны збор[7]. Таксама Царква Швецыі працягвала атрымліваць дзяржаўную дапамогу на грамадска-карысныя патрэбы (напрыклад, на ахову царкоўных будынкаў, прызнаных помнікамі архітэктуры)[7].

У 2007 годзе Царква Швецыі пачала бласлаўляць аднаполыя шлюбы і дазволіла пасвячаць геяў і лесбіянак[10]. З 1 лістапада 2009 года Царква Швецыі рэгіструе аднаполыя шлюбы[11]. Гэта рашэнне было прынята на царкоўным пасяджэнні 176 галасамі супраць 63, 11 устрымаліся[12]. Такім чынам Царква Швецыі становіцца адной з першых цэркваў у свеце, якая адыходзіць ад паняцця гетэрасексуальнага шлюбу як традыцыйнага. Паводле даследавання, у 2008 годзе 71 % шведаў лічылі, што аднаполыя шлюбы павінны быць дазволены[13].

8 лістапада 2009 года ў Царкве Швецыі ў сан біскупа Стакгольма была пасвечана адкрытая лесбіянка, 55-гадовая Ева Брунэ. Урачыстае набажэнства з пасвячэннем адбылося ў Упсальскім Кафедральным саборы.[14] Брунэ стала першым у свеце біскупам-лесбіянкай і пятай жанчынай-біскупам у Швецыі.

Царкоўная структура

Вышэйшыя органы — царкоўны сход (Kyrkomötet) і біскупскі сход (Biskopsmötet), паміж іх пасяджэннямі — царкоўнае кіраўніцтва (Kyrkostyrelse). Царква Швецыі падзелена на трынаццаць дыяцэзій (шведск.: stift). Вышэйшыя органы дыяцэзій — дыяцэзіяльны сход (Stiftsfullmäktige), паміж яго пасяджэннямі — дыяцэзіяльнае кіраўніцтва (Stiftsstyrelse). Дыяцэзіі падзелены на «кантракты» (шведск.: kontrakt), якія падзелены на прыходы (шведск.: församlingar). Вышэйшыя органы прыходаў — царкоўныя сходы (Kyrkofullmäktige), якія выбіраюцца парафіянамі, ці царкоўныя сходы (kyrkostämma), якія складаюцца з усіх жыхароў прыходу, паміж іх сходамі — царкоўныя саветы (Kyrkoråd), на чале прыходу стаіць прэсвітар (präst). Адна або некалькі акруг могуць разам сфарміраваць большы прыход — пастарат (шведск.: pastorat).

Дыяцэзіі Царквы Швецыі

ДыяцэзіяГалоўны саборБіскупыДзеючы біскуп
Дыяцэзія УпсалыКафедральны сабор УпсалыАрхібіскупы УпсалыАнцье Якелен (2013-)
Дыяцэзія УпсалыКафедральны сабор УпсалыБіскупы УпсалыРагнар Персеніус (2000-)
Дыяцэзія ВекшэКафедральны сабор ВекшэБіскупы ВекшэСвен Тыдэваль (2006-)
Дыяцэзія ВестэросаКафедральны сабор ВестэросаБіскупы ВестэросаКлаес-Бертыль Ітэрберг (2008-)
Дыяцэзія ВісбюКафедральны сабор ВісбюБіскупы ВісбюЛенарт Коскінен (2003-)
Дыяцэзія ГётэбаргаКафедральны сабор ГётэбаргаБіскупы ГётэбаргаКарл Аксель Аўрэліус (2003-)
Дыяцэзія КарлстадаКафедральны сабор КарлстадаБіскупы КарлстадаЭсб'ёрн Хагберг (2002-)
Дыяцэзія ЛінчэпінгаКафедральны сабор ЛінчэпінгаБіскупы ЛінчэпінгаМарцін Лінд (1995-)
Дыяцэзія ЛулеаКафедральны сабор ЛулеаБіскупы ЛулеаХанс Стыглунд (2002-)
Дыяцэзія ЛундаКафедральны сабор ЛундаБіскупы ЛундаАнцье Якелен (2007-)
Дыяцэзія СкарыКафедральны сабор СкарыБіскупы СкарыЭрык Аўрэліус (2004-)
Дыяцэзія СтакгольмаКафедральны сабор СтакгольмаБіскупы СтакгольмаЕва Брунэ (2009-)
Дыяцэзія СтрэнгнесаКафедральны сабор СтрэнгнесаБіскупы СтрэнгнесаХанс Эрык Нурдын (2005-)
Дыяцэзія ХернёсандаКафедральны сабор ХернёсандаБіскупы ХернёсандаТуўлікі Койвунен Білунд (2009-)

Стаўленне да гомасексуальнасці

Царква Швецыі не лічыць гомасексуальнасць грахом. 27 кастрычніка 2005 года царкоўны Сабор прыняў рашэнне бласлаўляць гомасексуальныя саюзы і стварыў адпаведны абрад. У адказ на гэта Руская праваслаўная царква прыняла рашэнне прыпыніць двухбаковыя адносіны[15]. 1 лістапада 2009 года набыло моц рашэнне Царкоўнага Сабора аб вянчанні аднаполых пар[16]. 8 лістапада 2009 года біскупам Стакгольма стала адкрытая лесбіянка Ева Брунэ[17].

Гл. таксама

  • Спіс кафедральных сабораў Швецыі
  • Спіс архібіскупаў Швецыі
  • Канферэнцыя еўрапейскіх цэркваў

Іншыя дзяржаўныя ці былыя дзяржаўныя лютэранскія цэрквы

Зноскі

Спасылкі