У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл.
Дубна.
Горад Замак князёў Астрожскіх |
|
Дубна (укр.: Дубно) — горад у Ровенскай вобласці Украіны, на рацэ Іква. Адміністрацыйны цэнтр Дубенскага раёна. Насельніцтва 39 146 чал. (2001).
Знаходзіцца за 45 км ад Роўна, чыгуначная станцыя на лініі Роўна — Львоў.
Упершыню згаданы ў Іпацьеўскім летапісе пад 1100 годам; уваходзіла ў склад Валынскага і Галіцка-Валынскага княстваў.
У XIV стагоддзі ўладанне князёў Астрожскіх, у складзе Вялікага Княства Літоўскага.
6 чэрвеня 1498 года атрымала магдэбургскае права. У канцы XV стагоддзя разам з гарадскімі ўмацаваннямі ў Дубна ўзвялі замак, у гэты час у месце дзейнічалі Крыжаўзвіжанскі і Праабражэнскі манастыры[2].
З 1565/1566 гадоў у Валынскім ваяводстве. У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі перайшло да Каралеўства Польскага. У XVI стагоддзі ў Дубенскім замку дзейнічала людвісарня.
У 1609 годзе ўвайшло ў склад ардынацыі з цэнтрам у горадзе Астрог[2]. У 1614 годзе ў Дубне пачаў дзейнічаць кляштар бернардзінцаў. З 1620 года валоданне князёў Заслаўскіх. У 1630—1631 гадах усе манастыры Дубна прынялі Унію[2]. У 1648 годзе казацкія загоны Максіма Крываноса часова авалодалі Дубнам. У 1660 годзе казакі Багдана Хмяльніцкага бралі замак у аблогу, аднак не здолелі яго ўзяць; у гэты ж час Аляксандра Чарнецкая заснавала ў Дубне кляштар кармелітаў. З 1673 года валоданне Юзафа і Тэафіліі Любамірскіх.
У 1727 і 1743 гадах у Дубенскім Праабражэнскім манастыры праходзілі саборы (генеральныя капітулы) Уніяцкай царквы. У 1793 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай[2] апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Валынскай губерні.
У 1873 годзе адкрылася аднайменная чыгуначная станцыя.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам у 1921 годзе ўвайшло ў склад міжваеннай Польскай Рэспублікі, цэнтр павета Валынскага ваяводства. З 1939 года ў складзе Украінскай ССР. З ліпеня 1941 года па 17 сакавіка 1944 года знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
- 1860 год — 6057 чал., у тым ліку шляхты 433, духоўнага звання 86, ганаровых грамадзян 14, купцоў 452, сялян 303, ваенных 975, іншаземцаў 10, іншых 26.[3]
- 1970 год — 25 тыс. чал.[4]
- 1991 год — 42,1 тыс. чал.[5]
- 2001 год — 39 146 чал.
Прадпрыемствы лёгкай, харчовай, мэблевай прамысловасці. Працуюць ліцейна-механічны, гуматэхнічных вырабаў заводы.
- Замак князёў Астрожскіх (XV—XVIII стагоддзі)
- Касцёл бернардзінцаў (XVII ст.)
- Касцёл Св. Яна Непамука (XIX ст.)
- Кляштар кармелітак (XVIII ст.)
- Луцкая брама (XVI ст.)
- Сінагога (XVI—XVII стагоддзі)
- Тараканаўскі форт (кан. XIX ст.)
- Царква Св. Георгія (XVIII ст.)
- Царква Св. Ільі (пач. XX ст.)
- Царква Праабражэння Гасподняга (XVIII ст.)
- У аповесці Мікалая Гогаля «Тарас Бульба» пад сценамі Дубна адбываецца легендарная сцэна, калі галоўны герой забівае свайго сына.