Алей

Алей — тлушч з пладоў і насеньня расьліны. Складаецца на 95—97% з трыгліцэрыдаў (поўных этэраў гліцэрыны) вышэйшых тлустых кісьляў, пераважна С16 і С18, і свабодных тлустых кісьляў, фасфатыдаў, воску, токафэролаў, вітамінаў (А, D, Е і К) і пігмэнтаў. Зьяўляецца афарбаваным рэчывам у вадкім, мазепадобным або цьвёрдым выглядзе. Некаторыя віды зьяўляюцца атрутнымі. Палімэрызуецца пры награваньні да +250°C — +300 °C або пад узьдзеяньнем тлену паветра, пры паглынаньні 30% якога зазнае прагарканьне. Атрымліваецца са здробненага насеньня і мякаці пладоў алейных расьлінаў шляхам прасаваньня або экстрагаваньня арганічным рашчынальнікам з наступнай ачысткай адстойваньнем, фільтрацыяй, апрацоўкай вадой (гідратацыя), рашчынай шчолачаў (рафінаваньне) і вадзяной парай пад вакуўмам (дэзарацыя). Выкарыстоўваецца ў якасьці харчовага выраба для прыгатаваньня кансэрваў і маянэзаў. У гідраваным выглядзе — для маргарынаў. Прымяняецца ў вытворчасьці алкідных смолаў, гліцэрыны, лакаў, мыла, пакостаў, сікатыву, тлустых кісьляў і фарбаў. Служыць вяжучым рэчывам касмэтычных і лекавых мазяў[1].

Алей
Пляшка аліўкавага алею (Італія, 2007 г.)

Віды

Паводле высыхальнасьці:

  • высыхальны — акісьляецца на паветры і ўтварае гладкую, празрыстую, смалападобную цягучую стужку; нерашчынальны ў арганічнай рашчыне і мае ёдны лік між 150-200 (ільняны, канапляны і тунгавы);
  • паўвысыхальны — марудна ўтварае мяккую, ліпкую стужку (кукурузны, кунжутавы, макавы, рапсавы, сланечнікавы і соевы);
  • невысыхальны — пры нагрэве адсутнічае загушчэньне і ўтварэньне стужкі; мае ёдны лік да 100 (аліўкавы, арахісавы, гарчычны, какававы, какосавы, пальмавы і рыцына).

Паводле апрацоўкі:

  • нерафінаваны,
  • рафінаваны,
  • сыры[1].

Паводле паходжаньня:

  • з насеньняабрыкосавы, арахісавы, арэхавы, баваўняны, вінаградны, вішнёвы, гарбузовы, гарчычны, ільняны, кавуновы, какававы, канапляны, касторавы, кедравы, кукурузны, кунжутавы, макавы, мігдалавы, пальмавы, пшанічны, рапсавы, рыжаковы, рысавы, сланечнікавы, тунгавы і фісташкавы;
  • зь мякаці пладоўавакадавы, абляпіхавы, аліўкавы, арганавы, какосавы і сафлоравы.

Паводле агрэгатнага стану:

  • вадкі — абляпіхавы, ільняны, кавуновы, касторавы, кукурузны, макавы, мігдалавы, рапсавы, сланечнікавы, соевы і тунгавы;
  • цьвёрды — арахісавы, какававы, какосавы і пальмавы.

Паводле складу тлустых кісьляў:

  • алеінавы — багаты на алеінавую кісьлю: абрыкосавы, авакадавы, аліўкавы, арахісавы, аўсяны, рысавы, сафлоравы і фісташкавы;
  • лінолевы — пераважае лінолевая кісьля: вінаградны, гарбузовы, канапляны, кедравы, кукурузны, пшанічны і сланечнікавы;
  • альфа-ліналенавы — з павышаным утрыманьнем альфа-ліналенавай кісьлі: гарчычны, ільняны, пшанічны, рыжаковы, соевы, сьвірэпны і шыпшынавы;
  • гама-ліналенавы: агурочнікавы (бурачнікавы) і чорнапарэчкавы;
  • ляўрынавы — зьмяшчае ляўрынавую і іншыя нізкамалекулярныя кісьлі: какосавы і пальмаядравы;
  • пальмітынавы — з высокім утрыманьнем пальмітынавай кісьлі: баваўняны, какававы і пальмавы;
  • эрукавы — зьмяшчае эрукавую, нэрвонавую і эйказенавую кісьлі: гарчычны і сьвірэпавы;
  • алеінава-лінолевы — зьмяшчае супастаўную колькасьць алеінавай і лінолевай кісьляў: вішнёвы і кунжутавы.

Атрыманьне

Пры падрыхтоўцы да прасаваньня абалонка насеньня аддзяляецца ад ядра (зьдзіраньне). Самі ядры здрабняюцца (атрыманьне мяткі). Мятка ўвільгатняецца і награваецца (утварэньне жамярынаў). Алей выціскаецца зь мяткі шляхам падвойнага прасаваньня. Для павелічэньня здабыцьця алею ў 1,5-2,5 разы мятка рашчынаецца пры дапамозе атрыманага з нафты гексана або звадкаванага дыяксыду вугляроду (сьціснутага і разагрэтага). Рашчынаньне звычайна ўжываецца пры вырабе кукурузнага і соевага алею. Для выдаленьня атрутных рэчываў, унесеных падчас здабыцьця алею, і павелічэньня тэрміну прыдатнасьці ажыцьцяўляецца наступная ачыстка алею:

  • абвадненьне (гідратацыя) — выдаленьне фосфаліпідаў, якія выпадаюць у асадак пры перавозе і захоўваньні;
  • шчолачнае нэўтралізаваньне (рафінаваньне) — выдаленьне свабодных тлустых кісьляў;
  • адбельваньне (адсарбцыйнае рафінаваньне) — выдаленьне пігмэнтаў, бялкоў, рэшты мыла і фосфаліпідаў;
  • вымарожваньне — выдаленьне воску;
  • бясшчолачнае (дыстыляцыйнае) нэўтралізаваньне — выдаленьне пахучых і смакавых рэчываў і рэшты свабодных тлустых кісьляў;
  • дэзадараваньне — выдаленьне рэшты пахучых і смакавых рэчываў.

У 2008 г. сярэднесусьветны ўраджай з гектара ўгодзьдзяў складаў (пасьля перапрацоўкі): 4,4 тоны — чуфавага (ядомасыцевага, землемігдалавага) алею; 4 тоны — пальмавага; 2 тоны — аліўкавага; 1,6 тоны — горнаарахісавага (сачаінчавага); 1,45 тоны — ільнянога; па 1,4 тоны — какосавага і рапсавага; 1,34 тоны — рыжаковага. Менш за тону алею з гектара атрымлівалі: 760 кг — арахісавага; 672 кг — гарбузовага; 662 кг — сафлоравага; па 0,6 тоны — канаплянага, сланечнікавага і соевага; 392 кг — баваўнянага; 138 кг — кукурузнага[2].

Какосавы алей (Віетнам, 2010 г.)

У 2008 г. 9 найбольш спажыванымі відамі алею ў сьвеце былі:

  • пальмавы (41,31 млн тонаў) — часта для вырабу паліва;
  • соевы (41,28 млн тонаў) — палова сусьветнага спажываньня алею ў ежу;
  • рапсавы (18,24 млн тонаў) — найбольшы пашыраны від алею для гатаваньня (смажаньня) ежы;
  • сланечнікавы (9,91 млн тонаў) — звычайна выкарыстоўваецца для гатаваньня ежы, як і для вырабу дызэльнага паліва;
  • баваўняны (4,99 млн тонаў) — ужываецца ў ежу і ў харчовай прамысловасьці;
  • пальмаядравы (4,85 млн тонаў) — ужываецца ў ежу ў Афрыцы;
  • арахісавы (4,82 млн тонаў) — для гатаваньня;
  • какосавы (3,48 млн тонаў) — для вырабу мыла, касмэтыкі і ў гатаваньні;
  • аліўкавы (2,84 млн тонаў) — у гатаваньні, касмэтыцы, мыле і ў якасьці паліва для каганца.

Склад

АлейНасычаныя
тлустыя кісьлі
Мона-
ненасычаныя
тлустыя кісьлі
Поліненасычаныя
тлустыя кісьлі
Алеінавая кісьля
(амэга-9)
Пункт дымленьня
АгуламАльфа-ліналенавая
(амэга-3)
Лінолевая
(амэга-6)
Авакадавы11,670,613,5112,5+249 °C
Аліўкавы1472141,515+193 °C
Арахісавы16,946,2323248+225 °C
Баваўняны25,917,851,915419+216 °C
Ільняны7,515,579641511+107 °C
Какосавы916326+177 °C
Кукурузны12,927,654,715828+232 °C
Пальмавы49,3379,31040+235 °C
Рапсавы7,463,328,11010+204 °C
Сафлоравы (>70% лінолевы)8157570+210 °C
Сафлоравы (алеінавы)7,575,212,8+210 °C
Сланечнікавы (<60% лінолевы)10,145,440,10,239,845,3+227 °C
Сланечнікавы (>70% алеінавы)9,983,73,8+227 °C
Соевы15,722,857,775024+238 °C
*Баваўняны (гідрагенізаваны)93,61,50,60,3
*Пальмавы (гідрагенізаваны)47,540,67,5
*Соевы (гідрагенізаваны)21,173,70,40,1
 % агульнай вагі тлушчу

Тлустыя кісьлі ў алеі зьяўляюцца аднаасноўнымі з цотным лікам атамаў вуглярода — 6, 8, 10, 12, 14, 16 і 18. Трыгліцэрыды маюць аднолькавую гліцэрынавую частку, таму адрозьніваюцца тлустымі кісьлямі паводле: 1) даўжыні ланцуга атамаў вуглярода, 2) ліку і разьмяшчэньня двайных сувязяў атамаў; 3) разьмяшчэньня ў малекуле трыгліцэрыда. Чым больш дзеля насычаных тлустых кісьляў з 16 і 18 атамамі вуглярода, тым больш тэмпэратура плаўленьня алею.

СкладТлустая кісьляАліўкавы алейСоевы алейСланечнікавы алейСланечнікавы алей (высока-
алеінавы)
Рапсавы алей (<5% эрукавы)Пальмавы алейКакававы алейПальма-
ядравы алей
Какосавы алей
C6:0Капронаваядо 0,80,4—0,6
C8:0Капрылавая2,4—6,05,8—10,2
C10:0Капрынавая2,0—5,04,5—7,5
C12:0Ляўрынаваяда 0,10,1—0,441—5543—51
C14:0Мірыстынавая0—0,05да 0,2да 0,2да 0,30,5—2да 0,714—18,616—21
C16:0Пальмітынавая7,5—208—13,35—7,64,2—4,62,5—6,339—46,824—25,26,5—107,5—10
C16:1Пальміталеінавая0,3—3,5да 0,2да 0,3да 0,6до 0,6да 10,2—1,5
C18:0Стэарынавая0,5—52,4—2,52,7—6,54,1—4,80,8—2,53,5—634—35,51—3,52,5—4
C18:1Алеінавая55—8317,7—26,114—39,461—69,850—6536,7—4337—4112—195—10
C18:2Лінолевая3,5—2149,8—57,148,3—7421,9—28,415—256,5—121—40,8—31—2,5
C18:3Ліналенавая5,5—9,5да 0,37—15да 0,5да 0,2да 1да 0,5
C20:0Арахінавая0—0,60,1—0,60,1—0,5да 0,70,1—2,5да 1да 1да 0,5
C20:1Гадалеінавая0—0,4да 0,3да 0,3да 0,50,1—4да 1да 0,5
C20:2Эйказадыенаваяда 1
C22:0Бегенавая0—0,20,3—0,70,3—1,50,7—1,2да 1да 1да 0,5
C22:1Эрукаваяда 0,3да 0,3да 5да 1,0да 0,5
C22:2Докаозадыенаваяда 0,3да 0,5
C24:0Лігнацэрынавая0—0,2да 0,4да 0,5да 0,2да 1да 0,5
C24:1Нэрвонаваяда 0,5да 0,1
Тэмпэратура плаўленьня, °C−6−20…−23−18…−20+4,4…+7,2−9+33…+39+31…+35+23…+26+22…+29

Беларусь

У Беларусі добра высьпяваюць 2 алейныя культуры: лён і рапс. У 2004 г. у Скідзелі (Гарадзенскі раён) заснавалі ЗАТ «ГародняБіяпрадукт», дзе ўпершыню ў краіне сталі ажыцьцяўляць ачыстку алею спосабам фізычнага рафінаваньня без прымяненьня хімічных рэагентаў. За 2011 г. у Беларусі спажылі звыш 80 тыс. тонаў алею. Вырабілі 24 тыс. тонаў бутэляванага алею, пераважна з рапсу, пры вытворчай магутнасьці прадпрыемстваў звыш 100 тыс. тонаў алею за год[3].

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Алейсховішча мультымэдыйных матэрыялаў