Мануфактура

прадпрыемства

Мануфакту́рапрадпрыемства, заснаванае на падзеле працы і ручной рамеснай тэхніцы, якое паклала пачатак капіталістычнай вытворчасці. Узніклі ў Заходняй Еўропе ў XVI стагоддзі, пераважалі да канца XVIII стагоддзя.

Суконная мануфактура ў Дуброўне.

Гісторыя ўзнікнення

Мануфактуры ўпершыню ўзніклі ў XIV стагоддзі ў гарадах Італіі, пазней распаўсюдзіліся на тэрыторыю Англіі, Нідэрландаў і Францыі. У Фларэнцыі працавалі ткацкія і сукнаробчыя мануфактуры, у Венецыі і Генуісуднабудаўнічыя верфі. Мануфактуры былі вольныя ад цэхавых абмежаванняў і рэгламентаў.

Узнікненне мануфактур адбывалася дзвюма шляхамі: аб’яднаннем у адной майстэрні рамеснікаў розных спецыяльнасцяў, дзякуючы чаму прадукт да яго канчатковага вырабу апрацоўваўся ў адным месцы ці аб’яднаннем у агульнай майстэрні рамеснікаў адной і той жа спецыяльнасці, кожны з якіх выконваў бесперапынна адну і тую ж асобную аперацыю.

Галоўныя адрозненні мануфактур ад рамесных майстэрняў заключаліся ў іх памерах, дзе адначасова маглі працаваць сотні чалавек, а таксама ў дакаладным падзеле працы. Дзякуючы гэтаму, выпуск прадукцыі на мануфактуры павялічваўся ў некалькі разоў у параўнанні з рамеснай майстэрняй[1].

Мануфактуры ў Вялікім Княстве Літоўскім

Першыя мануфактуры ў Вялікім Княстве Літоўскім з’явіліся ў 1720-я—1730-я гады па ініцыятыве Ганны Кацярыны Радзівіл. Імі з’яўляліся прадпрыемствы па вырабе шкла (гуты), заснаваныя ў Налібаках і Урэччы. Для арганізацыі прадпрыемстваў былі запрошаны нямецкія майстры, якія былі павінны наладзіць вытворчасць і навучыць працаўнікоў, якія збольшага з’яўляліся мясцовымі сялянамі[1].

На думку некаторых навукоўцаў, першай беларускай мануфактурай была Урэцкая гута, заснаваная ў 1737 ці 1732 годзе. Яна з’яўлялася першым і самым буйным прадпрыемствам у Рэчы Паспалітай па вырабе люстэрак. Мануфаткура вырабляла таксама аконнае шкло, крыштальныя люстры, падсвечнікі, посуд і іншае[2].

Да адной з найстарэйшых беларускіх мануфактур даследчыкі адносяць і Налібацкую гуту, узведзеную, паводле некаторых крыніц, у 1717 г. На ёй вырабляліся люстэркі, люстры, посуд, варылася рэдкае рубінавае шкло, афарбаване золатам, гравіраванае і ўпрыгожанае малюнкамі[2].

У Нясвіжы ў 1752 годзе Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька адкрыў першую суконную мануфактуру па вырабе ваўняных тканін. Прадпрыемства размяшчалася ў пяці драўляных будынках, штат працоўных складаўся з 60 чалавек — пераважна, прыгонных сялян. Працоўны дзень доўжыўся 14–15 гадзін, а за нявыхад на працу людзі падвяргаліся пакаранням[3].

Да найбольш славутых адносілася Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, дзе вырабляліся знакамітыя паясы. Акрамя гэтага, на ёй ткаліся дываны, габелены, пакрывалы і стужкі, упрыгожаныя беларускімі народнымі ўзорамі і арнаментамі.

Увогуле, у XVIII стагоддзі Радзівіламі ў сваіх уладаннях было заснавана больш за 20 мануфактур рознай накіраванасці: металургічных, шпалерных, лесапільных, цагляных і іншых. Узнікненне большасці з іх абумоўлівалася неабходнасцю забеспячэння ўласных патрэбаў, а таксама падтрымкай войска. Тым не менш, ужо ў сярэдзіне стагоддзя пачалі ўзнікаць мануфактуры іншых магнатаў[2].

Падскарбі вялікі літоўскі Ян Міхал Салагуб у 1740-х гадах адкрыў буйную шкляную мануфактуру ў мястэчку Ілья Менскага павета, а ў мястэчку Вішнева Ашмянскага павета Храптовічамі была пабудавана вялікая металургічная мануфактура, дзе ў 1790 годзе пачала працаваць першая беларуская доменная печ.

З 1765 года адной з ключавых постацяў у развіцці мануфактурнай прамысловасці з’яўляўся Антоні Тызенгаўз, па ініцыятыве якога да 1780 года ў Гродне, Брэсце і Паставах пачалі працу 22 мануфактуры. Аднак, у сувязі з загадам караля аб адхіленні Тызенгаўза ад кіравання прадпрыемствамі, амаль усе гродзенскія мануфактуры спынілі вытворчасць да Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай[2].

Спіс колішніх мануфактур на тэрыторыі Беларусі

НазваМесцазнаходжаннеГады існаванняАпісанне
Абрамшчынская шарсцяная мануфактурапасёлак Абрамшчына, Гродзенскі павет, Гродзенская губерня1830—1845Мела 6 станкоў. У 1844 працавалі 50 рабочых.
Аршанская пенькатрапальная мануфактураОрша, Аршанскі павет, Магілёўская губерня1880—1881Працавала 75 чалавек.
Асінаўская шкляная мануфактураурочышча Асінаўка каля в. Дамамерычы, Клімавіцкі павет Магілёўская губерня1881—1905У 1884 годзе мела шклаварную печ, у 1895 годзе — 2 конныя рухавікі. У 1890 годзе працавалі 40 рабочых, выпушчана 240 тыс. лістоў аконнага шкла. У 1895 годзе было 142 рабочых (у тым ліку 15 хлопчыкаў і 18 дзяўчынак)[4]. У 1905 годзе працавалі 125 рабочых. Спыніла работу ў сувязі з крызісам[5].
Астэрманская цукровая мануфактурафальварк Астэрманск, Рагачоўскі павет Магілёўская губерня1855—1861Мела цёрачную машыну, 6 гідраўлічных прэсаў, 2 стужачныя прэсы для адціскання соку, 7 катлоў. Працавалі 172 рабочыя. Прадукцыю збывалі ў Маскву.
Ашмянскія гарбарныя мануфактурыАшмяны, Ашмянскі павет, Віленская губерня1835—1914Было 6 прадпрыемстваў, якімі валодалі купцы і мяшчане. Выкарыстоўваліся конныя рухавікі і вадзяное кола. Выраблялі скуры рознага гатунку: для простага абутку, шчыгрым (мяккая, шурпатая авечая ці казіная скура, аздобленыя адмысловым узорам), гамбургскі тавар з конскіх скур, а таксама шавецкія загатоўкі. На кожным прадпрыемстве працавала ад некалькіх да 95 чалавек. За год выраблялі 2-7 тысяч пудоў скур (1885 г.).
Бабаўнянская суконная мануфактураБабоўня, Капыльскае княства, Новагародскае ваяводства1769—1806У 1797 г. працавалі 110 рабочых, выпушчана 4600 аршынаў сукна (каля 3300 метраў). У 1800 г. вырабляла сукны, байку, вігонь.
Бабруйскія цагельныя мануфактурыБабруйск, Бабруйскі павет, Мінская губерня1833—1914Знаходзіліся 4 цагельні, якія выраблялі цэглу ад 745 да 7000 000 штук за год на 11—922 000 рублёў. У розныя гады працавалі ад 33 да 156 рабочых[6].
Батаеўская шкляная мануфактураБатаева, Клімавіцкі павет, Магілёўская губерня1799—1900Вырабляла аконнае шкло і шкляны посуд. У 1900 годзе працавалі 53 чалавекі, выраблена 15 тыс. скрынак аконнага шкла[7].
Беражанская гадзіннікавая мануфактурасяло Беражань, Горацкі павет, Магілёўская губерня1784—1793Заснавана па ініцыятыве графа Р. А. Пацёмкіна. Будаўніцтва было даручана майстру Нордштэйну са Швецыі, які таксама навучыў 33 прыгонных хлопчыкаў з суседніх вёсак збіраць «усякага роду гадзіннікі» для царскага двара. У 1789 выраблена гадзіннікаў і іншых рэчаў на 9729 руб. Паведамляецца, што паводле якасці гадзіннікі не саступалі лепшым заходнееўрапейскім. У 1794 годзе паводле загаду Кацярыны II завод перавялі ў г. Екацярынаслаў, потым у вёску Купава пад Масквой[8][9].
Ваўкавыская купецкая суконная мануфактураВаўкавыск, Ваўкавыскі павет, Гродзенская губерня1825—1832Прадпрыемства атрымала «пахвалу за поспехі фабрыкі» ад журы першай Публічнай выстаўкі расійскіх мануфактурных вырабаў у 1829 г. Працавалі 259 рабочых (1828)[8].
Грудзінаўская суконная мануфактураГрудзінаўка, Быхаўскі павет, Магілёўская губерня1813—1837Атрымала Вялікі сярэбраны медаль на першай Публічнай выстаўцы расійскіх мануфактурных вырабаў у Пецярбургу (1829) за добрую якасць і прыймальны кошт сукна. Працавалі 103 рабочыя (1823)[8].
Дубровенская суконная мануфактураДуброўна, Аршанскі павет, Віцебскае ваяводства1750—?Заснавана ў 1750 годзе, будынак захаваўся да нашых дзён.
Дабаснянская цукровая мануфактураДобасна, Бабруйскі павет, Магілёўская губерня1839—1862Мела рухавік і гідраўлічныя прэсы (у 1860—1862 гг. — тры). У 1839 г. працавала 176, у 1859 г. — 63 рабочых. У 1861—1862 за суткі перапрацоўвала да 900 пудоў буракоў, з якіх атрымлівалі па 36 пудоў цукровага пяску. Прадукцыя вывозілася ў Маскву, Крамянчуг, Херсон.
Жабіцкая шкляная мануфактураЖабічы, Вілейскі павет (Расійская імперыя), Віленская губерня1806—1905У 1866—1890 гг. выпускала бутэлькі, аптэкарскі посуд, слоікі, у 1893—1900 гг. — бутэлькі зялёныя. Шкло аконнае паўбелае і лямпавае. У 1891 г. дзейнічала шклоплавільная печ. Працавала да 116 чалавек. Прадукцыю збывалі ў Вільню, Мінск, Рыгу, Гродна і іншыя.
Каніцкая суконная мануфактураКанічы, Клімавіцкі павет, Магілёўская губерня1810—1832Вырабляла сукно рознага гатунку. У 1823 годзе на мануфактуры працавалі 137 прыгонных рабочых і вольнанаёмны майстар. У 1826 годзе мелася 10 ткацкіх і 10 сукнавальных станкоў, 6 прадзільных і 6 часальных машын, варсавальня і фарбавальня.
Карэліцкая шпалерная мануфактураКарэлічы, Новагародскі павет, Новагародскае ваяводства1736—?Заснавана Міхаілам Казімірам Радзівілам Рыбанькай. Вырабляла габелены, дываны і паясы. Адным з найбольш вядомых вырабаў лічыцца цыкл з дзесяці габеленаў, прысвечаны гісторыі Радзівілаў, створаны ў 1752—1770 гадах[10].
Лагойская палатняна-папяровая мануфактураЛагойск, Барысаўскі павет, Мінская губерня1809—1860Выпускала палатно, баваўняныя і льняныя хусцінкі. У 1859 г. мела 12 станкоў і 2 машыны. У 1860 г. працавала каля 60 чалавек. Выпускала да 50 і больш тысяч аршынаў палатна рознага колеру і ўзору. Прадукцыя збывалася ў Мінску і Рызе[11].
Лешчанская шкляная мануфактураЛешчанка, Чэрыкаўскі павет, Магілёўская губерня1832—1864Вырабляла аконнае шкло. У 1864 г. мела 2 драўляныя карпусы, 3 свірны, 5 іншых памяшканняў, 3 печы для выплаўкі шкла; працавала 87 чалавек, выраблена 1500 скрынак шкла.
Малаплотніцкая шкляная мануфактураМалая Плотніца, Пінскі павет, Мінская губерня1842—1898Вырабляла ліставое шкло, бутэлькі і іншы посуд. У 1879 г. на мануфактуры працавала 16 чал., выпушчана 90 скрынак ліставога шкла, 100 тыс. шт. бутэлек і іншага посуду. У 1898 г. працавала 80 чал.[12]
Мікашэвіцкая жалезаапрацоўчая мануфактураМікашэвічы, Мазырскі павет, Мінская губерня1796—?Працавала 50 чалавек, выпусціла 500 пар жалезных сашнікоў для сох.
Навасвержанская фаянсавая мануфактураНовы Свержань, Новагародскі павет, Новагародскае ваяводства1742—?Заснавана Міхаілам Казімірам Радзівілам Рыбанькай, з’яўлялася другім прадпрыемствам падобнага тыпу ў Рэчы Паспалітай. Вырабляўся посуд, куфэркі, кафлю, пліткі, фаянсавыя алтары для касцёлаў
Налібацкая шкляная мануфактураНалібакі, Менскі павет, Менскае ваяводства1717—?Адна з найстарэйшых мануфактур у Беларусі, заснаваная Ганнай Кацярынай Радзівіл. Вырабляліся люстэркі, люстры, посуд, варылася рэдкае рубінавае шкло, афарбаване золатам, гравіраванае і ўпрыгожанае малюнкамі[2]
Обальская драўляна-хімічная мануфактураОбаль, Полацкі павет, Віцебская губерня1894—1914Працавала на чыгуначнай станцыі. Вырабляла драўнінныя вугаль і спірт, дзёгаць, воцатны парашок. У 1913 г. працавала 55 рабочых.
Путнікаўская суконная мануфактураПутнікі, Магілёўскі павет, Магілёўская губерня1781—1809Размяшчалася ў 2 мураваных будынках. Мела 12 станкоў. У 1797 г. працаваў 121 чалавек, нарыхтавана 2 тыс. пудоў воўны, выраблена сукнаў: белага 8 тыс. аршынаў, тонкага 1,8 тыс. аршынаў, простага 21 тыс. аршынаў, байкі 5 тыс. аршынаў.
Слуцкая мануфактура шаўковых паясоўСлуцк, Слуцкае княства, Новагародскае ваяводства1740—1846Заснавана Геранімам Фларыянам Радзівілам. Вырабляліся знакамітыя слуцкія паясы, дываны, габелены, пакрывалы і стужкі, упрыгожаныя беларускімі народнымі ўзорамі і арнаментамі[3].
Старасельская шкляная мануфактураурочышча Краснае каля в. Старае Сяло, Мінскі павет, Мінская губерня1880—1914З 1890 г. называлася Краснасельскі шкляны завод. Вырабляла бутэлькі, лямпавае і ліставое шкло. Мела шклоплавільную печ, конныя рухавікі. Працавала да 80 чалавек.
Урэцкая шкляная мануфактураУрэчча, Бабруйскі павет, Мінская губерня1737—1846Адна з першых мануфактур на тэрыторыі Беларусі, заснаваная Ганнай Кацярынай Радзівіл. З’яўлялася першым і самым буйным прадпрыемствам у Рэчы Паспалітай па вырабе люстэрак. Мануфаткура вырабляла таксама аконнае шкло, крыштальныя люстры, падсвечнікі, посуд і іншае[2]

Зноскі

Літаратура

  • Мануфакту́ра // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 463—464. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.