Ісла́ндцы (ісл.: Íslendingar) — народ у Паўночнай Еўропе, асноўнае насельніцтва Ісландыі. Жывуць таксама ў іншых краінах. Агульная колькасць — 401 тыс. (2012 г.)[1]
Паходжанне ісландцаў вывучана добра, больш таго — задакументавана. У прыватнасці, ў «Кнізе пра ўзяццё зямлі» (ХІІ-ХІІІ стагоддзі) згадваюцца імёны першапасяленцаў ІХ-Х стагоддзяў — нарвежцаў. Першым пастаянным насельнікам Ісландыі лічыцца Інгальф Арнарсан (Ingólfur Arnarson), які асеў на востраве каля 874 года. Далейшы перыяд — з 874 г. да 930 г. — перыяд засялення Ісландыі.
У 930 годзе былі скліканы першыя агульнаісландскія зборы (альтынг). Перыяд іх бесперапыннай дзейнасці (да 1030 года) ў гысторыі Ісландыі атрымаў назву «эра народаўладдзя» і апеты ў ісландскіх сагах. Тады ж, у 1000 годзе было прынятае хрысціянства.
У 1262—1264 гадах Ісландыя ў выніку ўнутраных разладаў падпала пад уплыў Нарвегіі, але з прычыны, што Нарвегія сама ў 1380 годзе была падпарадкаваная Даніі (Кальмарская ўнія), а ў 1537 годзе страціла статус каралеўства, Ісландыя апынулася пад ўладай дацкіх манархаў. Насуперак цяжкай эканамічнай і палітычнай сітуацыі з канца ХVІІІ стагоддзя адбываецца ўздым нацыянальнай свядомасці ісландцаў і захаванне старажытных рыс іх культуры і мовы.
У ХІХ стагоддзі нацыянальна-вызваленчы рух узначаліў Ёўн Сігурдссан (Jón Sigurðsson). Першым значным поспехам руху было аднаўленне дзейнасці альтынгу ў 1843 годзе. Нарэшце, ў 1874 годзе Ісландыя атрымала аўтаномію. З сярэдзіны ХІХ стагоддзя ісландцы актыўна эмігруюць у Паўночную Амерыку.
Дзякуючы адносна цёпламу клімату, які назіраўся ў паўночным паўшар’і на працягу ўсяго высокага сярэднявечча, першыя перасяленцы ў Ісландыі мелі магчымасць развіваць земляробства і вырошчваць збожжавыя культуры, у асноўным ячмень і авёс[2]. Аднак перасяленцы прывезлі са Скандынаўскага паўвострава даволі экстэнсіўную сістэму апрацоўкі палеткаў, заснаваную на выпальванні ўчасткаў, прызначаных для сяўбы. У Ісландыі вулканічныяглебы, і ўрадлівы пласт вельмі тонкі. Гэта прыводзіла да хуткай эрозіі і страце ўрадлівасці, вымушала шукаць новыя надзелы і ўступаць з-за іх у канфлікт з суседзямі. Акрамя таго, экстэнсіўнае земляробства адмоўна ўплывала на мясцовую экалогію[3].
Пахаладанне позняга сярэднявечча прывяло да далейшага скарачэння плошчаў ворнай зямлі і трагічных наступстваў у гісторыі саміх ісландцаў, якія ў 1380 г. канчаткова згубілі сваё самакіраванне і трапілі пад кантроль больш паспяховых датчан. Але спосабы апрацоўкі зямлі ў далейшым змяняліся мала. Да пачатку XX ст. гэта рабілі пераважна ўручную. У якасці ўгнаення выкарыстоўвалі водарасці. Збожжавыя культуры амаль не вырошчвалі. Іх месца заняла кармавая трава і некаторыя віды гародніны. Нават ячмень вырошчвалі толькі для корму жывёлы. У наш час апрацоўваецца толькі каля 100 тысяч га зямлі[4]. Паляпшэнне тэхналогій і глабальнае пацяпленне сёння дазваляюць асобным ісландскім фермерам вырошчваць азімую пшаніцу[5], але падобная практыка з цяжкасцю прыжываецца з-за шматвяковых традыцый, не знаходзіць паразумення, а самі фермеры скардзяцца на дзікіх гусакоў, ад якіх не ўмеюць ратаваць ураджай[6].
Галоўнай галіной сельскай гаспадаркі з позняга сярэднявечча і да нашага часу з’яўляецца жывёлагадоўля. Авечкагадоўля забяспечвае прыбыткі большасці ферм. Ісландскія прысадзістыя кароткахвостыя авечкі паходзяць ад парод, калісьці распаўсюджаных ва ўсёй Паўночна-Заходняй Еўропе. Яны адрозніваюцца цягавітасцю, добра прыстасаваныя да мясцовых умоў. У асноўным практыкуецца адгонны метад утрымання авечак. Летам іх пераганяюць на багатыя травой горныялугі, а ўвосень вяртаюць на ферму. Адсутнасць у Ісландыі небяспечных драпежнікаў доўгі час дазваляла гаспадарам асабліва не клапаціцца пра наяўнасць сталых пастухоў[7]. Сваіх авечак яны распазнаюць па маркіроўцы на вушах[8]. Пэўную колькасць авечак вырошчваюць на мяса да 4 — 5 месяцаў, астатніх пакідаюць для атрымання воўны (2,2 — 2,7 кг ад дарослай жывёлы). Воўна здаўна была прыбытковым прадметам гандлю, шырока выкарыстоўвалася для вытворчасці вопраткі[9].
Акрамя таго, ісландцы разводзяць малочных кароў і канёў. Ісландскі поні маларослы, але вельмі дужы. Канёў звычайна трымалі для верхавой язды, а не для працы на палетках або запрагання ў воз. У мінулым нават бедныя людзі мелі хаця б аднаго каня, а ў багатых статак налічваў шмат галоў. Дзякуючы натуральнай ізаляцыі Ісландыі, звычайныя для іншых краін конскія хваробы тут не вядомы. Каб не падвяргаць карэнную пароду залішняй рызыцы, з 1882 г. імпарт іншаземных коняў забаронены[10]. Свінагадоўля не вылучылася ў асобны від гаспадаркі, хаця для першых пасяленцаў утрыманне свінняў мела важнае значэнне, а іх мяса лічылася ласункам. Аднак пашкоджанні, якія прыносілі свінні наваколлю, вымусілі заканадаўцаў абмяжоўваць іх колькасць[2]. У асноўным свінняў трымаюць на фермах выключна для ўнутранага спажывання.
Рыбалоўства адыгрывае значную ролю ў гісторыі і культуры ісландцаў. Дастаткова прахалодны клімат і адсутнасць урадлівых глебаў вымушалі іх спадзявацца на мора. Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, іх востраў заставаўся прыцягальным для іншаземцаў, якія прыбывалі сюды для лову рыбы, але таксама займаліся гандлем з мясцовым насельніцтвам і такім чынам падтрымлівалі мясцовую эканоміку, знаёмілі са сваімі традыцыямі[11]. Першымі з іншаземцаў для лову траскі ў Ісландыю завіталі рыбакі з паўночна-заходняй Англіі (1409 г.). Але пазней ім канкурэнцыю склалі выхадцы з Ганзы і галандцы. Часам канкурэнцыя ператваралася ў сапраўдныя войны[12]. Самі ісландцы лавілі рыбу для задавальнення ўнутраных патрэб і да пачатку XX ст. шырока карысталіся маламернымі грабнымі суднамі. У канцы XVIII ст. абмежавана выкарыстоўваліся ветразі. Толькі з 1902 г. з’явіліся лодкі з сучаснымі рухавікамі[13]. На працягу XX ст. ісландскі рыбалоўны флот рос, і ў выніку рыбалоўства ператварылася ў адзін з асноўных і найбольш прыбытковых заняткаў.
Ісландыя да нашых дзён з’яўляецца адной з найменш шчыльна населеных краін у свеце. Найлепш заселены прыбярэжныяраўніны, у цэнтры вострава — даліны. Гарады як цэнтры рамяства і гандлю доўгі час былі не вядомы. У эпоху сярэднявечча гандаль нават не быў асобым прафесійным заняткам. Ім займаліся рыбакі і сяляне, у асноўным калі жадалі прадаць або абмяняць наяўны тавар[14]. Паселішчы з некалькіх гаспадарак узнікалі на беразе мора ў месцах, спрыяльных для лову рыбы і кабатажнага суднаходства. Паколькі сухапутныя шляхі былі не развітыя, толькі грабныя лодкі, якія плавалі ўздоўж берага, звязвалі розныя часткі Ісландыі.
Асноўным відам паселішча з часоў перасялення з’яўляліся хутары. Яны звычана будаваліся на схілах гор і ўзвышшаў каля крыніц пітной вады. На старажытных хутарах хатнюю жывёлу часцяком трымалі ў доме разам з людзьмі або каля дома. Пазней пачалі будаваць для яе загоны і зімовыя хованкі. На хутарах жылі пашыраныя сем’і, на чале якіх стаялі гаспадары. Акрамя блізкіх сваякоў, такія сем’і ўключалі работнікаў (сталых і сезонных) і госцяў.
З-за адсутнасці ў Ісландыі сапраўдных лясоў драўніна каштавала даволі дорага і не магла служыць асноўным будаўнічым матэрыялам, як тое было на радзіме перасяленцаў у Нарвегіі. Ісландцы навучыліся будаваць жытло з дзёрну. Спачатку ўзводзіўся доўгі чатырохкутны фундамент з камянёў. На іх ставіліся драўляныя слупы, якія злучалі жэрдкамі і такім чынам ператваралі ў каркас. Слупы ставіліся на камяні і знутры хаціны, каб потым ператварыць іх ў аснову для лаў і сядзенняў. Дзёран назапашваўся загадзя. Яго зразалі з зямлі ў выглядзе доўгіх палос, чысцілі ад глебы і скручвалі ў форме своеасаблівых цаглін. Гэтымі цаглінамі абкладвалі каркас. Дах пакрывалі сенам або карою, потым зверху накладвалі дзёран. У даху рабіліся шырокія адтуліны для выхаду дыму ад агменя[15]. Такія хаціны былі знутры даволі вільготныя, але імі карысталіся доўгі час, пакуль ў XIX — пачатку XX ст. не з’явіліся хаціны з імпартаванай драўніны на высокіх каменных фундаментах.
Ісландскія нацыянальныя строі сфарміраваліся ў перыяд XVII — XIX стст. пад уплывам мясцовых традыцый, а таксама еўрапейскай моды, якая прыйшла з Даніі, Паўночнай Германіі і Англіі. Да сярэдзіны XIX ст. быў шырока распаўсюджаны жаночы строй faldbúningur (літаральна «падол»). Ён рабіўся з белай ваўнянайтканіны, якая заварочвалася асобнымі кавалкамі вакол цела і замацоўвалася шпількамі. У XVIII ст. выкарыстоўваліся чорная аксамітная кашуля са свабодным каўняром і доўгія спадніцы. Доўгі шалік чапляўся за пояс, часам накідваўся на шыю. Жаночае святочнае адзенне багата дэкаравалася гафтам, шаўковымі стужкамі і аплікацыямі. Жанчыны таксама ўражвалі высокімі капялюшамі. У сярэдзіне XIX ст. ісландскі мастак Сігурдур Гундмундсан распрацаваў абагульненыя формы лёгкай Kyrtill і ўцепленай Skautbúningur народнай жаночай вопраткі, якімі карыстаюцца і ў нашы дні.
Мужчынскія традыцыйныя строі захаваліся значна горш. Яны складаюцца з ваўнянай кофты, вузкіх штаноў, доўгіх шкарпэтак і чаравікоў з цюленяй скуры.
Асновай традыцыйнага ісландскага грамадства была буйная пашыраная сям'я на чале якой стаяў гаспадар, звычайна ўладар хутара. Хаця ў ісландцаў няма прозвішчаў, і ў наш час гэта зацверджана законам[16], яны добра ведалі сваю генеалогію і памяталі пра продкаў, якія прыбылі ў Ісландыю з Нарвегіі. Паміж сем’ямі маглі ўзнікаць канфлікты, якія скончваліся сапраўднымі войнамі. Падставай для іх была абраза, зямельныя спрэчкі або кроўная помста. Звычайна такія канфлікты разбіраліся на альтынгу, пазней у каралеўскім судзе.
Ужо ў XIX ст. многія буйныя сем’і разбурыліся пад ціскам таварна-грашовых адносін. Малодшыя сыны, якія не маглі нароўні са старэйшым прэтэндаваць на спадчыну, разам з жонкамі і дзецьмі ішлі ў горад або ў рыбацкія паселішчы. Жонкі рыбакоў звычайна працавалі самастойна ад мужа на добра аплачванай перапрацоўцы рыбы.
У сучаснай Ісландыі пераважаюць малыя нуклеарныя сем’і. З 2010 г. дазволены гомасексуальныяшлюбы.
Шырока вядомы ісландскія чарадзейныяказкі. Яны ў значнай ступені адлюстроўваюць дахрысціянскі светапогляд народа, насяляюць зямлю прывідамі fylgjur і малым «схаваным народам» huldufólk[17][18]. Цікава, што самі ісландцы даволі сур’ёзна ставяцца да іх зместу. Вядома, што ў часы хрысціянізацыі, а потым Рэфармацыі яны будавалі маленькія касцёлы, каб прывабіць да хрысціянства huldufólk. У 1654—1683 гг. у Ісландыі, як і ў іншых краінах Еўропы, пачалося паляванне на вядзьмарак. Даследаванне працэсаў над імі паказала, што ісландскія вядзьмаркі часцей абвінавачваліся не ў сувязі з д’яблам, а мясцовымі звышнатуральнымі сіламі[19]. Нават у сучаснай Ісландыі існуе шмат старых павер’яў.
Ісландская спеўная і музычная традыцыя падзяляецца на два напрамкі kveða і syngja. Kveða з’явіўся ў часы сярэднявечча. Першапачаткова так называлі ўсю традыцыйную паэзію. З ім звязаны старажытны дыятанічны стыль выканання саг rímur[20]. Але ў наступныя перыяды kveða ператварыўся ў стыль масавых збораў і святочных гулянак, уключыў у сябе танцавальныя мелодыі. Syngja (літаральна «спеў») можа выконвацца самастойна, не абавязкова пад музыку.
Ісландская нацыянальная кухня заснавана на прыгатаванні даступных у гэтай паўночнай краіне інгрыдыентаў. У ёй шмат страў з малака, мяса і рыбы. З малочных прадуктаў асабліва вылучаецца skyr. Гэта вадкі густы тварог з абястлушчанага малака, які атрымоўваюць шляхам закісання. Ісландцы яго параўноўваюць з папулярным у іншых краінах ёгуртам, аднак традыцыя вытворчасці skyr значна старэйшая. Ісланды лічаць, што гэты прадукт быў добра вядомы ўжо вікінгам[21].