Алкагольныя напоі

Алкаго́льныя напо́і (спіртны́я напо́і) — напоі, што змяшчаюць этанол (этылавы спірт, у прастамоўі — алкаголь).Паняцце Алкаго́льныя (спіртны́я) вы́рабы выкарыстоўваецца ў таваразнаўстве і падчас абмеркавання парадку прызначэння падаткаў і акцызаў на тавары.

Алкагольныя напоі

Тыпы алкагольных напояў

Сярод алкагольных напояў ёсць вырабы з нізкім утрыманнем алкаголю, вырабленыя шляхам закісання цукра- ці крухмалазмяшчальных прадуктаў, і вырабы з высокім утрыманнем алкаголю, вырабленыя шляхам перагонкі вырабаў з нізкім утрыманнем алкаголю. Часам колькасць алкаголю ў вырабах з нізкім яго ўтрыманнем павялічваюць, дадаючы прадукты перагонкі, асабліва часта так робяць у выпадку з віном. Сярод такіх мацаваных вінаў — партвейн і херас. Брыкалаўка таксама належыць гэтаму класу.

Працэс вырабу (а таксама выніковае ўтрыманне алкаголю) вызначаюць выніковы прадукт. Для піва ўжываецца адносна кароткі (няпоўны) працэс закісання і такі ж кароткі працэс вытрымкі (адзін-два тыдні), і ў выніку ўтрыманне алкаголю звычайна не перавышае 3—8 %. Віно патрабуе даўжэйшы (поўны) перыяд закісання і адносна доўгі перыяд вытрымкі (месяцы ці гады, часам дзесяцігоддзі), у выніку чаго ўтрыманне алкаголю складае 7—18 %. (Пеністае віно звычайна вырабляецца з даданнем невялікай порцыі цукру перад бутыляваннем). Прадукты перагонкі звычайна не вырабляюцца з піва, і да сканчэння перагонкі гэтыя вырабы не вытрымліваюцца. У большасці перагонных вырабаў утрыманне алкаголю складае 40 аб’ёмных працэнтаў.

Метады вырабу

Асноўны метад (асабліва ў хатніх умовах) атрымання спіртных напояў — біялагічнае закісанне. Пры закісанні, апроч этылавага спірту, утвараецца шэраг іншых рэчываў, зборна званых сівушнымі алеямі, а таксама лятучыя альдэгіды і фурфурол. Лёгкія дамешкі і сівушныя алеі маюць вялікую таксічнасць, таму з моцных напояў іх выдаляюць з дапамогай перагонкі (адпаведна, першая і апошняя фракцыя), ачышчэння актываваным вугалем, прамежкавым акісленнем (напрыклад, перманганатам калію) і інш.

Дзяржаўны кантроль за вытворчасцю і зваротам алкагольных напояў

У звязку з тым, што продаж спіртных напояў з’яўляецца адным з найбольш прыбытковых тыпаў бізнесу, дзяржава кантралюе і рэгулюе асобныя этапы іх вытворчасці, гандлю і спажывання.

Акцыз

Дзеля абмежавання спажывання алкаголю, а таксама папаўнення дзяржаўнага бюджэту, у многіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі, продаж алкаголю абкладзены важкім падаткам (акцызам). Часцяком акцызы і падаткі складаюць большую частку кошту моцных алкагольных напояў. Такім чынам, дзяржава атрымвае прыбытак ад продажу алкаголю, які дасягае, а часам і перавышае прыбытак іншых удзельнікаў працэсу (вытворцаў і гандлёвых фірмаў).

З іншага боку, дэнатураваны спірт, які выкарыстоўваецца не для алкагольных напояў, а для іншых мэт — прыкладам, у якасці паліва, — звычайна абкладаецца па меншай стаўцы ці не абкладаецца ўвогуле. І ўсё ж пры выкарыстанні такога спірту ўлік абавязковы, што павялічвае накладныя выдаткі.

Абмежаванне рэкламы алкагольных напояў

У многіх краінах рэклама алкаголю тым ці іншым чынам абмежавана, перадусім з-за неспрыяльнага ўплыву алкаголю на здароўе, асабліва з-за шырання алкагалізму сярод моладзі.

Уплыў алкаголю на арганізм чалавека

Дзеянне этанолу на арганізм не абмяжоўваецца толькі таксічным уплывам. Прысутнічаюць шматлікія і размаітыя біяхімічныя і функцыйныя змены, што выклікаюцца этылавым спіртам[1].

Этанол ёсць прыроднае псіхаактыўнае рэчыва, якое прыгнятае цэнтральную нярвовую сістэму. У большасці краін продаж і шыранне алкагольных напояў рэгулюецца строгімі законамі (прыкладам, яны абмяжоўваюць век пакупніка і спажыўца алкаголю). Вытворчасць і спажыванне алкаголю мае глыбокую гісторыю і пашырана ў шматлікіх культурах чалавечай цывілізацыі. У многіх соцыумах ужытак алкагольных напояў з’яўляецца важнай часткай адметных падзей сямейнага і грамадскага жыцця.

Сярод спіртоў этанол мае адносна невысокую таксічнасць, валодаючы пры гэтым значным псіхаактыўным эфектам. Ужыванне этанолу выклікае ап'яненне, у выніку чаго ў чалавека змяншаецца хуткасць рэакцыі і ўвага, парушаецца каардынацыя рухаў і мысленне. Празмернае і рэгулярнае ўжыванне алкаголю можа выклікаць алкагалізм. А адначаснае спажыванне алкагольных напояў у вялікай колькасці можа скончыцца смерцю.

Існуе значная колькасць даследаванняў, што тычацца ўплыву алкаголю на захворванні і смяротнасць людзей, які ўжываюць яго ў розных дозах[2]. Выяўлена, што алкаголь па-рознаму ўплывае на функцыянаванне органаў і сістэм[3][4], а таксама па-рознаму ўплывае на частата некаторых захворванняў і паказчыкі агульнай смяротнасці, у залежнасці ад ужыванай дозы[5][6][7][8]. Алкаголь павялічвае рызыку развіцця рака грудзей[9][10] нават ва ўмераных аб’ёмах. Таксама алкаголь павялічвае рызыку развіцця злаякасных пухлін страўнікава-кішачнага тракта, у сярэднім на 40 %, у параўнанні з непітушчымі людзьмі[6]. З іншага боку, умераныя дозы алкаголю паляпшаюць адчувальнасць да інсуліну[11]. Даведзена, што алкаголь змяншае рызыку развіцця цукровага дыябету 2 тыпу[12]. Алкаголь можа павялічыць рызыку з’яўлення дзіцяці з прыроджанымі анамаліямі нярвовай сістэмы і выклікаць затрымку ўзросту[13], хоць ёсць даследаванні, якія не знайшлі сувязі паміж ужыткам умераных доз алкаголю маці і праблемамі ў развіцці плода[14]. Шматлікія даследаванні выявілі выразную сувязь паміж дозай алкаголю і павелічэннем рызыкі развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі[15], з іншага боку, невялікія дозы алкаголю валодаюць кардыяпратэктарнымі ўласцівасцямі[16]. Алкаголь можа павялічыць рызыку развіцця інсульту, у залежнасці ад дозы алкаголю і тыпу інсульту[17]. Алкаголь павялічвае канцэнтрацыю ліпапратэідаў высокай шчыльнасці[18], валодае антыаксідантным эфектам[19], прыгнятае агрэгацыю трамбацытаў[20], а таксама валодае супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі[21]. Ужыванне алкаголю дзеля зніжэння рызыкі развіцця некаторых сэрцава-судзінных захворванняў патрэбна балансаваць з рызыкай развіцця алкагольнай хваробы печані[22].

Наўпроста сам алкаголь не можа выступаць алергенам, аднак розныя дамешкі (ці мікрадамешкі) ў алкагольных напоях могуць правакаваць розныя алергічныя рэакцыі ад скурных высыпанняў да смяротна небяспечных праблем з дыханнем (бронхаспастычны сіндром, ацёк Квінке). Таксама алкаголь можа парушаць метабалізм, што ў сваю чаргу таксама выклікае алергічныя рэакцыі[23].

Прычына заўчаснай смерці

Згодна з дадзенымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, алкаголь з’яўляецца прычынай амаль 4 % усіх смерцяў у свеце. Ад злоўжывання спіртным гіне больш людзей, чым ад СНІДу, сухоты і войнаў. Найвялікі ўплыў на раннюю смяротнасць ад злоўжывання алкаголем назіраецца ў Расіі і краінах СНД: па статыстыцы кожны пяты чалавек тут памірае ад прычын, датычных п’янства[24]. У Беларусі лік асоб, хворых алкагалізмам, на 1 мая 2009 года дасягнула 180 тыс. чал. (ці 1853 на 100 тыс. насельніцтва)[25]. За 2010 год 2407 жыхароў Беларусі памерла, атруціўшыся алкаголем[26].

Гл. таксама

Зноскі

Спасылкі