Дэлі

Дэ́лі (гіндзі: दिल्ली; пэнджабі: ਦਿੱਲੀ, па-ангельску: Delhi) — другі паводле велічыні (пасьля Мумбаі) мэгаполіс Індыі[1], які мае статут саюзнай тэрыторыі (Нацыянальная сталічная акруга Дэлі). Разьмешчаны на поўначы Індыі на беразе ракі Джамна. Дэлі — адзін з самых эканамічна разьвітых гарадоў Індыі з самым высокім узроўнем спажываньня. Колькасьць аўтамабіляў у Дэлі большая за іншыя чатыры мэгаполісы Бангалор, Калката, Чэнаі і Мумбаі разам узятыя. У Дэлі — найлепшы транспарт і інфраструктура. Па гэтай прычыне ў Дэлі і прадмесьцях Наіда і Гургаон у апошнія гады сталі актыўна разьвівацца міжнародныя карпарацыі, камэрцыйныя і гандлёвыя цэнтры, аўтамабільная прамысловасьць, СМІ, вытворчасьць тавараў народнага спажываньня.

Дэлі
гіндз. दिल्ली
Дэлі
Дата заснаваньня:500 да н. э.
Краіна:Індыя
Мэр:Канвар Саін
Плошча:1484 км²
Насельніцтва (2001)
колькасьць:13 782 976 чал.
шчыльнасьць:9287,72 чал./км²
Часавы пас:UTC+5:30
Тэлефонны код:+91 11
Паштовы індэкс:110 xxx
Нумарны знак:DL-xx
Геаграфічныя каардынаты:28°42′0″ пн. ш. 77°12′0″ у. д. / 28.7° пн. ш. 77.2° у. д. / 28.7; 77.2 77°12′0″ у. д. / 28.7° пн. ш. 77.2° у. д. / 28.7; 77.2
Дэлі на мапе Індыі
Дэлі
Дэлі
Дэлі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://delhigovt.nic.in/

Дэлі стаў таксама горадам навукі, і займае вядучае месца ня толькі ў вобласьці інфармацыйных тэхналёгіяў, тэлекамунікацыяў, але і ў прыродазнаўстве і прыкладных навуках. 30% кампаніяў Індыі, засяроджанных у сфэры інфармацыйных тэхналягіяў, месьцяцца ў Дэлі (тут горад саступае толькі Бангалору, у якім засяроджана 35% IT-адмыслоўцаў). Дэлі ёсьць шматнацыянальны горад, у якім перамешаныя розныя культуры. Розныя народы Індыі выконваюць розныя ролі ў эканоміцы горада.

Дэлі ляжыць на заходнім беразе ракі Джамны (або сьвятой Ямуны, вядомай з часу «Магабгараты»), правам прытоку Ганга. Міжрэчча гэтых рэк — Доаб, урадлівая абжытая раўніна, — старажытная жытніца Гіндустану. З поўдня да горада падыходзяць астанцы старажытнай горнай грады Аравалі, накрытыя магутнай тоўшчай рачных наносаў. Гэтыя груды ажыўляюць манатоннасьць навакольных раўнінаў (сярэдняя вышыня Дэлі — 293 м над узроўнем мора). Выключна выгаднае геаграфічнае становішча на гандлёвых шляхах, што пралягаюць з Аўганістану, Ірану і Сярэдняй Азіі на ўсход да раўнінаў Ганга і на поўдзень у паўвостраўную Індыю, стымулявала эканамічны рост гораду. А знаходжаньне на сутыку розных цывілізацыйных зонаў — індуісцкай і ісламскай — зрабіла яго канглямэратам культурных традыцыяў і шматлікіх народаў, якія насяляюць індыйскі субкантынэнт.

Гісторыя

Труна Хумаюна, пабудаваная ў 1560 годзе
Чырвоны форт

Першыя чалавечыя паселішчыі, верагодна, прысутнічалі вакол Дэлі ў 2 тысячагодзьдзі да нашай эры й да таго[2], але сьляды бесперапыннага пражываньня датуюцца па крайняй меры з VI стагодзьдзя да нашай эры[3]. Горад лічыцца месцам Індапрастгі, легендарнай сталіца пандаваў, якія згадваюцца ў індыйскім эпічным творы Магабгарата[4]. Пасяленьне ўзбуйнела з часоў імпэрыі Маурыяў каля 300 году да н. э. Астанкі сямі буйных гарадох былі адкрыты ў Дэлі. Ананг Пал з томарскай дынастыі заснаваў горад Лал Кот у 736 годзе да н. э. Чаўган заваяваў Лал Кот у 1180 годзе й пераназваў яго ў Кіла Пай Пітора. Кароль Прытвірай Чаўган пацярпеў паразу ў 1192 годзе ад захопніка Мугамада Горы[4].

У 1206 годзе Кутб-уд-дын Аябак, першы кіраўнік з рабскай дынастыі стварыў Дэлійскі султанат. Кутб-уд-дын пачаў будаўніцтва Кутуб Мінара й Кувата-аль-Іслам, гэта самыя раньнія захаваныя мячэты ў Індыі[5]. Пасьля падзеньня рабскай дынастыі наступнымі кіраўнікамі горада былі цюрскія й аўганскія дынастыі, як то дынастыя Хільджы, дынастыя Тугглак, дынастыя Саід, а таксама дынастыя Лодгі, якая панавала ў пэрыяд позьняга сярэднявечча, і пабудавала некалькі фартоў і паселішчаў, якія зараз уваходзяць у сем гарадоў Дэлі[6].

У 1398 годзе Тымур Ленк уварваўся ў Індыю на падставе таго, што мусульманскія султаны Дэлі былі занадта мяккімі ў адносінах да сваіх падданых індусаў. Тымур увайшоў у Дэлі й горад быў разрабаваны, разбураны й пакінуты ў руінах[7]. Разам з Дэлі, Тымур зьнішчыў 100 тысячы палонных[8]. Дэлі быў буйным цэнтрам суфізма ў пэрыяд існаваньня султанату[9]. У 1526 годзе Бабур Загірудын перамог апошняга султана Лодгі ў першай бітве пры Паніпаты й заснаваў імпэрыю Вялікіх Маголаў, якая кіравала ў Дэлі, Агры й Лагоры.

Імпэрыя Вялікіх Маголаў кантралявала Дэлі на працягу больш чым трох стагодзьдзяў, з шаснаццацігадовым перапынкам падчас кіраваньня Шэр Шага Суры з 1540 да 1556 году[10]. У 1553—1556 гады, індуісцкі цар, Гему Вікрамадытыя ўзышоў на трон Дэлі, перамогшы сілы імператара Акбара ў Агры й Дэлі. Тым ня менш, Маголы аднавілі сваю ўладу пасьля таго, як войскі Акбара перамаглі Гему падчас другой бітвы пры Паніпаты[11][12][13]. Шаг Джаган пабудаваў сёмы горад Дэлі, які носіць ягонае імя й больш вядомы як «Стары горад» ці «Стары Дэлі». Стары горад быў сталіцай імпэрыі Маголаў з 1638 году. Пасьля 1680 году ўплыў Імпэрыі Вялікіх Маголаў хутка зьнізіўся ў той час, калі індуісцкія маратгі занялі бачнае становішча[14].

Саслабленая Імпэрыя Вялікіх Маголаў атрымала паразу ў Карнальскай бітве, пасьля чаго сілы Надыр-шага ўварваліся й разрабавалі Дэлі, выносячы шмат скарбаў, у тым ліку Паўліны трон[15]. Дамова, якая была падпісана ў 1752 годзе зрабіла маратгаў абаронцамі трона Вялікіх Маголаў ў Дэлі[16]. У 1761 годзе пасьля таго, маратгі трывалі паразу ў трэцяй бітве пры Паніпаты, у Дэлі ўварваўся Ахмэд Шаг Абдалі. У 1803 годзе сілы брытанскай Ост-Індзкай кампаніі перамаглі маратгаў недалёка ад Дэлі й скончылася час панаваньня Вялікіх Маголаў над горадам[17].

Пасьля індыйскага паўстаньня 1857 году Дэлі патрапіў пад прамое кіраваньне брытанскай кароны й быў уключаны ў рэгіён правінцыі Пэнджаб. У 1911 годзе сталіца Брытанскай Індыі была перанесена з Калькуты ў Дэлі, пасьля чаго група брытанскіх архітэктараў на чале з Эдўінам Лачэнзам распрацавалі новы палітычны й адміністрацыйны раён, вядомы як Нью-Дэлі, дзеля зьмяшчэньня ў ім урадавых будынкаў. Нью-Дэлі, таксама вядомы як Дэлі Лачэнз, быў афіцыйна абвешчаны сталіцай Індыйскага Зьвяза пасьля набыцьця краінай незалежнасьці 15 жніўня 1947 году.

У час падзелу Індыі тысячы індусаў і сыкхаў зьбеглі з Заходняга Пэнджабу й Сындзі ў Дэлі, у той час як многія мусульманскія жыхары горада мігравалі ў Пакістан. Пачынаючы з 31 кастрычніка 1984 году каля трох тысяч сыкхаў былі забітыя на працягу чатырохдзённых антысыкхскіх беспарадкаў пасьля таго, як тагачасны прэм’ер-міністар краіны Індыра Гандзі была забіта сваім сыкхскім ахоўнікам. Міграцыя ў Дэлі з астатняй часткі Індыі працягваецца, што спрыяе росту насельніцтва горада, бо нараджальнасьць у горадзе ідзе на спад[18].

Геаграфія

Рака Ямуна

Нацыянальная сталічная тэрыторыя Дэлі распаўсюджана на плошчу 1484 км², зь якіх 783 км² тэрыторыі месьцяцца ў сельскай мясцовасьці й 700 км² тэрыторыі знаходзяцца ў самім горадзе. Дэлі мае максымальную даўжыню 51,9 км і максымальную шырыню ў 48,48 км. Кіруюць горадам тры мясцовыя органы: Муніцыпальная карпарацыя Дэлі, плошча дзейнасьці якой складае 1397,3 км², Нью-Дэлійскі гарадзкі камітэт, плошча — 42,7 км² і Дэлійскі гапрадзкі савет, плошча — 43 км²[19].

Большасьць тэрыторыі Дэлі, у тым ліку Нью-Дэлі, разьмешчана на заходнім беразе ракі Ямуны, якая адлучае галоўны горад ад прыгарадаў ува ўсходняй частцы, нягледзячы натое, што ёсьць добрыя транспартныя сувязі паміж абодвума бакамі, як то аўтамабільныя й чыгуначныя масты, а таксама Дэлійскі мэтрапалітэн.

Дэлі быў адным зь дзесяці найбольш забруджаных гарадоў сьвету ў 1990-х гадох, чые транспартныя сродкі выраблялі 70% выкідаў забруджвальных рэчываў[20]. У 1996 годзе Вярхоўны суд Індыі распачаў судовую справу ў сувязі зь іскам Цэнтра навукі й навакольнага асяродзьдзя краіны й прыняў рашэньне пра пераход дэлійскіх аўтобусаў і таксі з выкарыстаньня этыляванага бэнзіну на сьціснуты прыродны газ у 1998 годзе.

Клімат

У Дэлі назіраецца атыповая вэрсія вільготнага субтрапічнага клімату. Лета доўгае й вельмі гарачае, з пачатку красавіка да сярэдзіны кастрычніка, з сэзонамі мусонаў. У пачатку сакавіка назіраецца разварот у напрамку ветру, з паўночна-заходняга кірунку на паўднёва-захадні. Яны прыносяць з сабой гарачыя хвалі з Раджастана, несучы разам з тым пясок. З сакавіка па травень назіраецца сьпякота. Мусон прыходзіць у канцы чэрвеня, прыносячы некаторую перадышку ад сьпякоты, але й павялічваючы вільготнасьць у той жа час. Мяккая зіма пачынаецца ў канцы лістапада й ейны пік прыходзіцца на студзень, калі назіраюцца густыя туманы[21].

Гадавы дыяпазон тэмпэратураў складае ад —0,6 °C да 46,7 °C[22]. Гадавая сярэдняя тэмпэратура складае 25 °C. Сярэднемесячныя тэмпэратуры вагаюцца ад 13 °C да 32 °C[23]. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў складае каля 790 мм, большасьць зь якіх назіраецца падчас сэзону мусонаў у ліпені й жніўні. Сярэдняя дата зьяўленьня мусонных вятроў у Дэлі 29 чэрвеня[24].

 Кліматычныя зьвесткі для Дэлі 
ПаказьнікСтуЛютСакКраТраЧэрЛіпЖніВерКасЛісСьнГод
Сярэдні максымум t, °C21,023,529,236,039,238,834,733,634,233,028,322,931,2
Сярэдняя t, °C14,316,822,328,832,533,430,830,029,526,320,815,725,1
Сярэдні мінімум t, °C7,610,115,321,625,927,826,826,324,719,613,28,519,0
Норма ападкаў, мм1920152125702372351131799790
Крыніца: Ганконская абсэрваторыя

Эканоміка

Горад-спадарожнік Гургаон, які месьціць бізнэсовы раён

Паводле ацэнак чысты дзяржаўны СУП 26,36 міліярда даляраў ЗША у намінальным выражэньні й 75,02 мільярду даляраў ЗША паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці[25]. Дэлі зьяўляецца самым буйным гандлёвым цэнтрам ў паўночнай Індыі[26]. У 2007 годзе гарадзкі даход на душу насельніцтва склаў 1 488 даляраў ЗША ў актуальных цэнах, гэты паказчык зьяўляецца трэцім па велічыні ў Індыі пасьля Чандыгарга й Гоа па стане на 2006—2007 гады[27].

На троесны сэктар прыходзіцца 70,95% ад валавага СУП гораду, у той час калі на другасны й першасны сэктары праыпадае 25,20% і 3,85% адпаведна[28]. Доля працаздольнага насельніцтва ў горадзе складае 32,82%, што зьяўляецца ростам на 52,52% у пэрыяд паміж 1991 і 2001 гадамі[29]. Узровень беспрацоўя ў Дэлі зьнізіўся з 12,57% у 1999—2000 гадох да 4,63% у 2003 годзе[29]. У сьнежні 2004 году 636 тысячаў чалавек былі зарэгістраваныя з рознай праграмай занятасьці[29].

У 2001 годзе агульная колькасьць працаўнікоў ува ўсіх дзяржаўных і квазі-дзяржаўных установах склала 620 тысячы чалавек. Для параўнаньня ў прыватных установах занята 219 тысячы чалавек[29]. Асноўныя галіны сфэры паслугаў ўключаюць інфармацыйныя тэхналёгіі, тэлекамунікацыі, гатэльны бізнэс, банкаўская справа, СМІ й турызм[30]. Дзякуючы буйному спажывецкаму рынку ў спалучэньні з даступнасьцю кваліфікаванай працоўнай сілы, горад прыцягвае значныя замежныя інвэстыцыі. У 2001 годзе ў сэктары апрацоўчай прамысловасьці было занята 1440 тысячы чалавек, а лік прамысловых прадпрыемстваў складаў 129 тысячы[31]. Будаўніцтва, энэргетыка, тэлекамунікацыі, ахова здароўя й камунальныя паслугі, а таксама рынак нерухомасьці сталіся неад’емнай часткай эканомікі Дэлі.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі