Залежнасьць

псыхічны стан

Зале́жнасьць — працяглае ўжываньне настроязьмяняльных(en) зацягвальных рэчываў і паводзінаў насуперак шкодным наступствам[1].

Пазытронава-эмісійная тамаграфія галаўнога мозгу, якая паказвае розьніцу паміж мэтабалізмам мозгу здаровага чалавека і чалавека з залежнасьцю ад какаіну.

Не зважаючы на тое, што да зьяўленьня залежнасьці прыводзіць шэраг псыхасацыяльных фактараў, біялягічны працэс залежнасьці, той, які прыводзіць да шматразовага ўзьдзеяньня стымулу залежнасьці, зьяўляецца асноўнай паталёгіяй, якая абумоўлівае разьвіцьцё і падтрыманьне залежнасьці[2]. Існуюць дзьве ўласьцівасьці, якія характарызуюць залежнасьць, то бок узмацненьне, што павялічвае верагоднасьць таго, што чалавек будзе імкнуцца да неаднаразовага ўзьдзеяньня чыньнікаў залежнасьці, і карыснасьць на думку залежнага чалавека, бо чыньнік залежнасьці ўспрымаецца як станоўчы, жаданы і прыемны[2][3][4]. Чыньнікі, якія прыводзяць да зьяўленьня залежнасьці, ёсьць генэтычныя, біялягічныя ці фармакалягічныя і сацыяльныя. Залежнасьць у мэдычным сэнсе вызначаецца як вострая патрэба ў выкарыстаньні звычных стымулаў, якая суправаджаецца ростам талерантнасьці і выяўленымі фізыялягічнымі і псыхалягічнымі сымптомамі[5]. Па сутнасьці, залежнасьць ёсьць засмучэньнем сыстэмы ўзнагароджаньняў мозгу, якое ўзьнікае праз транскрыпцыйныя і эпігенэтычныя мэханізмы і разьвіваецца зь цягам часу да хранічна высокага ўзроўню ўзьдзеяньня на прызвычаеньне, як то ўжываньне ежы, ўжываньне какаіну, занятак сэксуальнай актыўнасьцю, захапленьне азартнымі гульнямі і іншыя[6].

У спадчыну дзецям перадаецца бацькоўская схільнасьць да залежнасьці. Сама залежнасьць перадаецца дзіцяці ў выпадку нараджэньня ад маці, хворай на гераінавую наркаманію[7]. Дзеяньні, якія ажыцьцяўляюцца праз залежнасьць чалавека ад таго ці іншага рэчыва, якое ён прымае, у асноўным зьяўляюцца шкоднымі для арганізма чалавека. Яны перашкаджаюць чалавеку разьвівацца як разумова, гэтак і фізычна. Сярод гэтых звычак вылучаюць некалькі найшкаднейшых — наркаманія, алькагалізм, таксыкаманія і тытунекурэньне.

Залежнасьць выклікае вялікія фінансавыя і чалавечыя страты для грамадзтва ў цэлым[8][9]. Гэтак, у ЗША агульны эканамічны кошт ад залежнасьці для грамадзтва перавышае кошт, які выдаткоўваецца на ўсе тыпы дыябэту і раку агулам[10]. Гэтыя выдаткі ўзьнікаюць у выніку прамых выдаткаў на ахову здароўя, як то выклік хуткай мэдычнай дапамогі і амбулаторна-стацыянарнай дапамогі, ускосных працяглых наступстваў, як то рак лёгкіх ад курэньня тытунёвых вырабаў, цыроз печані і дэмэнцыя ў выніку хранічнага ўжываньня алькаголю, страты прадукцыйнасьці працы і выпадзеньне з грамадзтва, аварыі са сьмяротным зыходам, самагубствы, забойствы[11]. Клясычныя прыкметы залежнасьці ўключаюць у сябе парушэньне кантролю над рэчывамі або паводзінамі, захапленьне рэчывам або паводзінамі і далейшае прыцягненьне да чыньнікаў залежнасьці, нягледзячы на ​​наступствы. Звычкі і мадэлі, зьвязаныя з залежнасьцю, звычайна характарызуюцца неадкладным задавальненьнем праз кароткатэрміновае ўзнагароджаньне ў спалучэньні з адтэрмінаванымі шкоднымі эфэктамі.

Папярэджаньне

Прадухіленьню залежнасьці спрыяюць нягрэбаваньне стасункамі з навакольнымі, уменьне слухаць і выдаленьне з жыцьця крыніцаў напружаньня. Карысна дзяліцца складанасьцямі з блізкімі і перапыняць працу для расслабленьня, каб пазьбягаць зьнясільваньня. Урэшце, варта адпачываць з асабіста дарагімі людзьмі і праяўляць добразычлівасьць. Сярод іншага, дапамагае само імкненьне да пачуцьцёвай устойлівасьці[12].

Глядзіце таксама

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі