Сусьветны банк

77°02′33″ з. д. / 38.89889° пн. ш. 77.0425° з. д. / 38.89889; -77.0425

Сусьветны банк (па-ангельску: The World Bank) — міжнародная фінансавая арганізацыя, створаная з мэтай арганізацыі фінансавае і тэхнічнае дапамогі краінам, што разьвіваюцца. Пачаў сваю дзейнасьць 25 чэрвеня 1946 году ў выніку рашэньня на канфэрэнцыі ў Брэтан-Ўудс у ліпені 1944 году (тады і быў заснаваны). Галоўнай мэтай яго стварэньня была адбудова зьнішчанай у Другой сусьветнай вайне Эўропы і Японіі. Таксама мэтай была дапамога ў разьвіцьці краінаў Азіі, Лацінскай Амэрыкі і Афрыкі. Цяпер ён працуе з 124 краінамі.

Сусьветны банк
анг. World Bank

Лягатып
АбрэвіятураСБ
ДэвізПрацуем дзеля сьвету, пазбаўленага галечы
Дата ўтварэньня25 чэрвеня 1946 (77 гадоў таму)
Тыпміжурадавая
Юрыдычны статусміжнародная арганізацыя
МэтаРазьвіцьцё вытворчасьці ў найменш разьвітых краінах
Штаб-кватэраЗША, г.Вашынгтон, Паўночна-Заходняя чвэрць, вул. Эйч (анг. H), д. 1818
МесцазнаходжаньнеМенск, вул. Румянцава, д. 6
Сяброўства188 дзяржаваў (2017 г.)
Афіцыйныя мовыангельская
СтаршыняДжым Ён Кім
Кіроўны органРада кіраўнікоў
Матчына кампаніяАрганізацыя аб'яднаных нацыяў
Зьвязаныя кампанііМіжнародны банк рэканструкцыі і разьвіцьця, Міжнародная асацыяцыя разьвіцьця
Бюджэт$2,694 млрд (2016 г.)[1]
Колькасьць супрацоўнікаў11 950 (2016 г.)
Сайтworldbank.org

Хоць тэрмін «Сусьветны банк» адносіцца да дзьвюх зь пяці спэцыялізаваных агенцыяў, якія працуюць разам у Групе Сусьветнага банку: Міжнароднага банку рэканструкцыі і разьвіцьця і Міжнароднай асацыяцыі разьвіцьця (анг. The International Development Association), але паўсюль ужываецца гэты тэрмін толькі для вызначэньня банку. Астатнія тры агенцыі дзейнічаюць у рамках Групы Сусьветнага банку: Міжнародная фінансавая карпарацыя, Міжнародны цэнтар вырашэньня інвэстыцыйных спрэчак і Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў (АШАІ).

Марка ААН

Сусьветны банк не зьяўляецца банкам у звыклым значэньні. Ён ажыцьцяўляе доўгатэрміновыя пазыкі са зьніжанымі адсоткамі для найбольш бедных краінаў-удзельніц і прадпрыемстваў (пасьля атрыманьня ўрадавых гарантыяў), датацыі, тэхнічную дапамогу для праграм прызначаных для валькі з узбраеньнем і фінансуе разьвіцьцё такіх галін жыцьця як ахова здароўя, адукацыя, ахова асяродзьдзя і разьвіцьцё інфраструктуры. Але за гэта ён патрабуе пэўных палітычных зрухаў, такіх як барацьба з карупцыяй, разьвіцьцё дэмакратыі, і найважнейшае — разьвіцьцё прыватнага сэктара эканомікі.

Грошы на выдзяленьне крэдытаў слабаразьвітым краінам паходзяць ад унёскаў краінаў-удзельніц, аплаты краінамі ранейшых крэдытаў і дзякуючы эмісіі аблігацыяў на сусьветных грашовых біржах.

Кіраваньне

  • Рада кіраўнікоў. Складаецца з кіраўнікоў і іх замяшчальнікаў ад кожнага ўрада-ўдзельніка, якія прызначаюцца на 5 гадоў. Склікаецца штогод. Паўнамоцная пры ўдзеле кіраўнікоў з прынамсі 2/3 галасоў. Абірае ўласнага старшыню са свайго складу. Прымае і выключае ўрады-ўдзельнікі. Вызначае памер асноўнага капіталу і ўмовы супрацы зь іншымі міжнароднымі арганізацыямі. Разьмяркоўвае чысты прыбытак банку. Вызначае памер заробкаў выканаўчых кіраўнікоў і старшыні банку. Прызначае склад Рады выканаўчых дырэктароў і вызначае яе паўнамоцтвы. Выбірае Дарадчую раду.
  • Рада выканаўчых дырэктароў. Складаецца з прынамсі 12 выканаўчых дырэктароў, 5 зь якіх прызначаюцца ад кожнага з 5 урадаў-удзельнікаў з найбольшым лікам акцыяў. Іншыя выканаўчыя дырэктары абіраюцца галасамі астатніх кіраўнікоў. Ад 1 лістапада 2010 г., паводле пастановы Рады кіраўнікоў, налічвалася 25 выканаўчых дырэктароў, зь іх адпаведна 20 выбіраліся[2]. Выканаўчыя дырэктары абіраюцца або прызначаюцца кожныя 2 гады. Кожны выканаўчы дырэктар прызначае ўласнага замяшчальніка бяз права голасу на выпадак сваёй адсутнасьці. Таксама кожны выканаўчы дырэктар валодае тым лікам галасоў, якім яго прызначылі або абралі. Ажыцьцяўляе задачы банку і прызначае старшыню банка.
  • Старшыня. Узначальвае Раду выканаўчых дырэктароў бяз права голасу, за выключэньнем роўнага падзелу галасоў пры галасаваньні. Прызначае і звальняе супрацоўнікаў банку.
  • Дарадчая рада. Склікаецца штогод. Складаецца прынамсі з 7 дарадцаў, якіх выбірае Рада кіраўнікоў. Дарадцы ўлучаюць прадстаўнікоў зацікаўленых згуртаваньняў ад 5 галінаў: банкі, гандаль, прамысловасьць, найм і сельская гаспадарка. Дарадцаў наймаюць на 2 гады. Раіць банку ў справе агульнага кіраваньня[3].

Галасаваньне

Паводле 3-га параграфа 5-га артыкула Пагадненьня «Аб Міжнародным банку рэканструкцыі і разьвіцьця», ад 27 чэрвеня 2012 г. «Лік галасоў кожнага ўдзельніка мае раўняцца суме яго асноўных галасоў і паевых галасоў: 1) Асноўныя галасы кожнага ўдзельніка маюць складаць лік галасоў, што вынікае з раўнамернага разьмеркаваньнясярод усіх удзельнікаў 5,55% сукупнай сумы галасоў ўсіх удзельнікаў, пры ўмове, што не мае быць ніякіх дробавых асноўных галасоў; 2) Паевыя галасы кожнага ўдзельніка маюць складаць лік галасоў, што вынікае з вылучэньня аднагоголаса за кожны трыманы пай акцыяў». Дагэтуль кожны ўдзельнік меў у Радзе кіраўнікоў 250 асноўных галасоў. Тамсама прадугледжвалася, што: «За выключэньнем адмыслова абумоўленых выпадкаў, усе справы Банка маюць вырашацца большасьцю пададзеных галасоў»[3].

На 30 сьнежня 2016 г. пяцю дзяржавамі-ўдзельніцамі з найбольшым лікам галасоў, кожная зь якіх прызначала ўласнага прадстаўніка ў Раду выканаўчых дырэктароў, былі: 1) ЗША — 384 363 галасоў (16,47%); 2) Японія — 166 129 (7,12%); 3) Кітай — 107 279 (4,6%); 4) Нямеччына — 97 259 (4,17%); 5) Францыя — 91 089 (3,9%). У выніку разам гэтыя 5 дзяржаваў мелі 36,26% галасоў. Таксама Брытанія мела 91 089 галасоў (3,9%), як і Францыя, і абірала ўласнага выканаўчага дырэктара. Таксама налічвалася 16 іншых урадаў-удзельнікаў, якія мелі звыш 1% галасоў: Індыя (3,03%), Расея (2,88%), Саудаўская Арабія (2,88%), Італія (2,64%), Канада (2,53%), Нідэрлянды (1,99%), Гішпанія (1,92%), Бразылія (1,85%), Паўднёвая Карэя (1,64%), Бэльгія (1,62%), Іран (1,53%), Швайцарыя (1,51%), Мэксыка (1,46%), Аўстралія (1,38%), Турэччына (1,13%) і Інданэзія (1,02%). Урад Беларусі валодаў 0,21% (4896) галасоў. Урады 4 іншых сумежных зь Беларусьсю краінаў таксама мелі менш за 1% галасоў: Польшча — 0,76%, Украіна — 0,5%, Летува — 0,11% і Латвія — 0,1%. Агулам у 188 урадаў-удзельнікаў налічвалася 2 333 258 галасоў[4].

На 30 сьнежня 2016 г. Рада выканаўчых дырэктароў улучала 5 прызначэнцаў з адпаведным адсоткам галасоў (разам 36,26%): ад ЗША з 16,47%, ад Японіі з 7,12%, ад Кітаю з 4,6%, ад Нямеччыны з 4,17% і ад Францыі з 3,9%. Таксама 2 урады абіралі выканаўчых дырэктароў выключна за кошт уласных галасоў: Брытанія (3,9%) і Саудаўская Арабія (2,88%). Астатнія 18, якія разам атрымлівалі 56,96% галасоў, выбіраліся больш як ад аднаго ўраду (ад 182). Урад Беларусі падтрымліваў выканаўчага дырэктара ад Бэльгіі, які меў найбольшы адсотак галасоў (4,98%) сярод выбраных. Украіна падтрымлівала прадстаўніка Нідэрляндаў (4,1%). Латвія і Летува — выканаўчага дырэктара ад Даніі (3,19%). Урад Польшчы — прадстаўніка Швайцарыі (3,1%). Урад Расеі меў уласнага выканаўчага дырэктара (3%), якога падтрымліваў урад Сырыі[5].

Задачы

Паводле 1-га артыкула Пагадненьня «Аб Міжнародным банку рэканструкцыі і разьвіцьця», 5-ю «Задачамі Банка зьяўляюцца:

  • 1. Дапамога ў адбудове і разьвіцьці земляў удзельнікаў шляхам спрыяньня ўкладаньню сродкаў на вытворчыя задачы, у тым ліку на аднаўленьне разбураных або падарваных вайной гаспадарак, рэканвэрсію вытворчага абсталяваньня на мірныя патрэбы і заахвочваньне разьвіцьця вытворчых магутнасьцяў і багацьцяў у менш разьвітых краінах.
  • 2. Прасоўваньне прыватнага замежнага ўкладаньня з дапамогай парукаў або ўдзелу ў пазыках і іншых укладаньнях, якія ажыццяўляюцца прыватнымі ўкладнікамі; і, калі прыватны капітал не даступны на разумных умовах, дапаўненьне прыватнага ўкладаньня шляхам забесьпячэньня на прымальных умовах фінансамі на вытворчыя задачы са свайго ўласнага капіталу, прыцягнутых ім сродкаў і іншых яго рэсурсаў.
  • 3. Прасоўваньне доўгатэрміновага ўраўнаважанага росту міжнароднага гандлю і падтрымка раўнавагі плацёжнага балянсу шляхам заахвочваньня міжнароднага ўкладаньня ў разьвіцьцё вытворчых багацьцяў удзельнікаў, тым самым у павышэньне прадукцыйнасьці, ўзроўню жыцьця і ўмоваў працы на іх землях.
  • 4. Уладкаваньне пазыкаў, якія ён зрабіў або за якія ён ручаўся ў дачыненьні да міжнародных пазыкаў праз іншыя крыніцы, такім чынам, каб больш карысныя і тэрміновыя праекты, незалежна ад таго вялікія яны або малыя, разглядаліся спачатку.
  • 5. Ажыцьцяўленьне сваёй дзейнасьці з належным улікам уплыву міжнароднага ўкладаньня на ўмовы занятасьці на землях удзельнікаў і, ў першыя пасьляваенныя гады, дапамога ў забесьпячэньні плаўнага пераходу ад гаспадаркі ваеннага часу да гаспадаркі мірнага часу»[3].

Сродкі

Штаб-кватэра банку ў Вашынгтоне.

Паводле 2-га параграфа 2-га артыкула Пагадненьня аб МБРР, ад пачатку «Статутны капітал Банка складае $10 млрд у далярах ЗША вагой і пробай у сіле на 1 ліпеня 1944 году. Акцыянэрны капітал мае падзяляцца на 100 000 паёў, кожны зь якіх мае намінальную вартасьць у $100 000 і якія маюць быць даступнымі для падпіскі толькі ўдзельнікам» банка. У пункце (Б) 2-га параграфа дапускалася, што: «Акцыянэрны капітал можа павялічвацца, калі Банк палічыць гэта мэтазгодным большасьцю ў 3/4 ад агульнага ліку галасоў». На 27 чэрвеня 2012 г. статутны капітал банка складаў 2 307 600 паёў, то бок $230,76 млрд. Паводле 5-га параграфа 2-га артыкула, «Падпіска кожнага ўдзельніка мае падзяляцца на 2 часткі наступным чынам: 1) 20% маюць выплочвацца або падлягаюць запатрабаваньню ..., калі спатрэбяцца Банку для яго дзейнасьці; 2) астатнія 80% падлягаюць запатрабаваньню Банкам, толькі калі патрабуецца выканаць абавязкі Банка». Паводле 7-га параграфа 2-га артыкула Пагадненьня, «2% цаны кожнага пая падлягаюць аплаце ў золаце або далярах ЗША, і, калі робяцца запатрабаваньні, астатнія 18% маюць аплачвацца ў валюце ўдзельніка». Астатнімі 80% «аплата можа ажыцьцяўляцца на выбар удзельніка ў золаце, далярах ЗША або валюце, патрэбнай для выкананьня абавязкаў Банка, дзеля якога робіцца запатрабаваньне»[3].

На чэрвень 2016 г. 188 урадаў-удзельнікаў мелі падпіску на $263,3 млрд капіталу МБРР[6]: $15,8 млрд (6%) аплачанага капіталу; $247,5 млрд (94%) капіталу да запатрабаваньня. На 30 чэрвеня 2016 г. актывы Сусьветнага банку складалі $371 млрд: $167 млрд (45%) вывадзеных пазыкаў; $55 млрд (14,8%) укладаньняў, зь іх 50,5 млрд цякучых (ліквідных) у асноўным у банкі; $149 млрд (40,2%) дамоваў пра абмен (своп) валюты, стаўкі адсотка і запазычанасьці даўжнікоў. Таксама Сусьветны банк меў $182 млрд (49% ад актываў) даўгоў у выглядзе запазычаньняў аблігацыямі пераважна для забесьпячэньня выдачы пазыкаў урадам-удзельнікам, $37 млрд (10%) уласнага капіталу і $152 млрд дамоваў на абмен (своп; 41%). Суадносіны ўласнага капіталу да выдадзеных пазыкаў складалі 22,7%. За 2016 г. выпусьцілі $64 млрд аблігацыяў ў 22 валютах: 82% у далярах ЗША, 5% у эўра, 3% у аўстралійскіх далярах, па 2% у фунтах стэрлінгаў і новазэляндзкіх далярах, 1% у канадзкіх далярах і 5% у 16 іншых валютах, у тым ліку ў злотых і расейскіх рублях. Звыш $39 млрд (61%) разьмясьцілі ў выглядзе сусьветных аблігацыяў, якія выпускаюцца адначасна ў некалькіх краінах і пагашаюцца праз 2-10 гадоў. Яны прадаваліся ў 8 валютах: аўстралійскіх, амэрыканскіх, канадзкіх і новазэляндзкіх далярах, эўра, фунтах стэрлінгаў, рандах і турэцкіх лірах. Яшчэ звыш $13 млрд (20,3%) аблігацыяў разьмясьцілі на мясцовых біржах, у тым ліку ў мясцовых валютах. Рэшту ($10,4 млрд) выпусьцілі ў выглядзе адклікальных аблігацыяў і аблігацыяў да запатрабаваньня ў далярах ЗША[7].

Пазыкі

Паводле 4-га параграфа 3-га артыкула Пагадненьня аб МБРР, «Банк можа ручацца за, удзельнічаць у або даваць пазыкі ўсялякаму ўдзельніку або ўсялякаму яго палітычнаму падразьдзяленьню і ўсялякаму гандлёваму, прамысловаму і сельскагаспадарчаму прадпрыемству ў землях удзельніка пры падпарадкаваньні наступным умовам:

  • 1) Калі ўдзельнік, на землях якога знаходзіцца праект не зьяўляецца ўласна пазычальнікам, удзельнік або цэнтральны банк або якое-небудзь параўнальнае агенцтва ўдзельніка, што зьяўляецца прымальным для Банка, цалкам ручаецца за пагашэньне асноўнай сумы і выплату адсоткаў і іншых плацяжоў за пазыку.
  • 2) Банк перакананы, што ў існых рынкавых умовах пазычальнік ня зможа інакш атрымаць пазыку на ўмовах, якія на думку Банка зьяўляюцца прымальнымі для пазычальніка.
  • 3) Дасьведчаны камітэт», які «ўлучае экспэрта, абранага ўрадам, які прадстаўляе ўдзельніка, на чыіх землях праект знаходзіцца, і аднаго або больш тэхнічных супрацоўнікаў Банку», «падаў пісьмовую справаздачу з парадай праекту пасьля стараннага вывучэньня перавагаў прапановы.
  • 4) На думку Банка адсоткавая стаўка і іншыя плацяжы зьяўляюцца прымальнымі і такая стаўка, плацяжы і расклад пагашэньня асноўнага доўгу падыходзяць праекту.
  • 5) Пры даваньні або ручаньні за пазыку, Банк мае надаваць належную ўвагу пэрспэктывам таго, што пазычальнік, і, калі пазычальнік не зьяўляецца ўдзельнікам, што паручальнік, будзе ў стане выканаць свае абавязкі па пазыцы; і Банк мае дзейнічаць абачліва ў зацікаўленасьцях як канкрэтнага ўдзельніка, на землях якога праект знаходзіцца, так і ўдзельнікаў у цэлым.
  • 6) Пры ручаньні за пазыку, зробленую іншымі ўкладнікамі, Банк атрымлівае адпаведнае пакрыцьцё за сваю рызыку.
  • 7) Пазыкі, якія Банк выдае або за якія ён ручаецца, за выключэньнем асаблівых абставінаў, маюць рабіцца на дакладныя праекты адбудовы або разьвіцьця»[3].

На 30 чэрвеня 2016 г. Сусьветны банк выдаў $167 млрд непагашаных пазыкаў у амаль 80 краінах. З 2015 г. дапушчальны памер пазычаньня аднаму ўраду-ўдзельніку павысілі да $19 млрд. Найбольшымі запазычвальнікамі былі ўрады 10 наступных дзяржаваў ($5–15 млрд): Бразылія, Мэксыка, Інданэзія, Кітай, Індыя, Турэччына, Калюмбія, Польшча, Аргентына і Пэру[7]. У 2016 г. Сусьветны банк узяў $45,9 млрд абавязкаў, зь іх $29,729 млрд (64,8%) празь Міжнародны банк рэканструкцыі і разьвіцьця (МБРР) і $16,171 млрд (35,2%) празь Міжнародную асацыяцыю разьвіцьця (МАР). Таксама Сусьветны банк ажыцьцявіў 275 выплатаў (пазыкаў) на $35,723 млрд, зь іх $22,532 млрд (63,1%) праз МБРР і $13,191 млрд (36,9%) праз МАР[8]. З агульнага ліку выплатаў: 109 на суму $9,346 млрд (20%) паступілі ў краіны Афрыкі на поўдзень ад Сахары; 37 на суму $8,363 млрд (19%) — у краіны Паўднёвай Азіі; 31 на суму $8,218 млрд (18%) — у краіны Лацінскай Амэрыкі і Карыбаў; 41 на суму $7,5 млрд (16%) — у краіны Ўсходняй Азіі і Акіяніі; 42 на суму $7,272 млрд (16%) — у краіны Эўропы і Сярэдняй Азіі; 15 на суму $5,201 млрд — у краіны Сярэдняга Ўсходу і Паўночнай Афрыкі[9].

На 5 лістапада 2016 г. МБРР даваў пазыкі зь цьвёрдай стаўкай на тэрмін да 20 гадоў пераважна ў 4 валютах — далярах ЗША, эўра, енах і фунтах стэрлінгаў. Таксама МБРР налічаў камісійны збор у памеры 0,25% ад пазыкі пры яе выдачы і абавязковы збор у памеры 0,25% ад нявыплачанай рэшты пазыкі праз 60 дзён пасьля выдачы пазыкі. Лёнданская міжбанкаўская стаўка прапановы (ЛМСП) з даданьнем уласнага адсотка МБРР, якія дзейнічалі за дзень да даты пагадненьня пра пазыку, вызначала цьвёрдую стаўку адсотка гадавых за пазыку ў далярах, енах і фунтах (у кожнай валюты свая ЛМСП і адсотак МБРР). Міжбанкаўская стаўка прапановы эўра (МСПЭ) з даданьнем уласнага адсотка МБРР, якія дзейнічалі за дзень да даты пагадненьня пра пазыку, вызначала адпаведна цьвёрдую стаўку адсотка гадавых за пазыку ў эўра. МБРР браў найменшы ўласны адсотак гадавых за пазыкі на тэрмін да 8 гадоў і найбольшы — за пазыкі на тэрмін да 18-20 гадоў (звычайна больш як удвая большы параўнальна з найменшым)[10].

Цьвёрдыя стаўкі пазыкі МБРР на 5 лістапада 2016 г.
Гады пагашэньняДа 88-1010-1212-1515-1818-20
Даляр ЗШАЛМСП+0,75%ЛМСП+1%ЛМСП+1,1%ЛМСП+1,3%ЛМСП+1,55%ЛМСП+1,65%
ЭўраМСПЭ+0,6%МСПЭ+0,85%МСПЭ+0,95%МСПЭ+1,15%МСПЭ+1,4%МСПЭ+1,5%
ЕнаЛМСП+0,4%ЛМСП+0,65%ЛМСП+0,75%ЛМСП+0,95%ЛМСП+1,2%ЛМСП+1,3%
Фунт стэрлінгаўЛМСП+0,7%ЛМСП+0,95%ЛМСП+1,05%ЛМСП+1,25%ЛМСП+1,5%ЛМСП+1,6%
Камісійны збор0,25%
Абавязковы збор0,25%

У лістападзе 2016 г. Лёнданская міжбанкаўская стаўка прапановы (ЛМСП) даляра ЗША складала 1,57511% гадавых[11]. То бок даданьне 0,75% гадавых з боку МБРР рабіла пазыку на тэрмін да 8 гадоў на 47,6% даражэйшай за рынкавую. На жнівень 2016 г. толькі ўрады-ўдзельнікі краінаў з прынамсі $1185 гадавога даходу на душу насельніцтва мелі права на атрыманьне пазыкі ад Сусьветнага банку[6]. Беларусь уваходзіла ў лік такіх краінаў.

На 1 студзеня 2017 г. Міжнародная асацыяцыя разьвіцьця (МАР) давала пазыкі зь цьвёрдай стаўкай на 38 гадоў з адтэрміноўкай выплаты ў 6 гадоў. Пазыкі пераважна выдаваліся ў 4 валютах (даляр ЗША, эўра, ена і фунт стэрлінгаў) і спэцыяльных правах запазычваньня (СПЗ). Цьвёрдая стаўка складалася з абслугоўваньня доўгу (выплаты асноўнай сумы пазыкі) і адсотка гадавых за пазыку[12]. У студзені 2017 г. ЛМСП даляра ЗША складала 1,68567% гадавых[11]. То бок пазыка ад МАР пад 1,38% гадавых была на 18,1% таньнейшай за рынкавую.

Цьвёрдыя стаўкі МАР на 1 студзеня 2017 г.
ВалютаДаляр ЗШАЭўраЕнаФунт стэрлінгаўСПЗ
Абслугоўваньне доўгу1,47%0,75%0,75%0,75%0,75%
Адсотак гадавых1,38%0,39%0%0,98%1,25%
Агулам за год2,85%1,14%0,75%1,73%2%

Удзельнікі

Асноўны артыкул: Удзельнікі Сусьветнага банку

Паводле 1-га параграфа 2-га артыкула Пагадненьня аб МБРР, «Першапачатковымі ўдзельнікамі Банка зьяўляюцца тыя ўдзельнікі Міжнароднага валютнага фонду, якія прымаюць сяброўства ў Банку да» 31 сьнежня 1945 году. Надалей «Сяброўства мае быць адкрытым для іншых удзельнікаў Фонду (МВФ), у такія тэрміны і паводле такіх умоваў, якія могуць прадпісвацца Банкам»[3]. У выніку спачатку налічвалася 29 краінаў-заснавальніцаў:

Лік дзяржаваў-удзельніцаў устойліва павялічваўся і ад 12 красавіка 2016 году ўдзельнікамі Сусьветнага банку былі ўрады 188 краінаў. Таксама свайго прадстаўніка меў аўтаномны край Сэрбіі — Косава і Мятохія, які знаходзіўся пад пратэктаратам ААН. Урад Беларусі стаўся ўдзельнікам Сусьветнага банку 10 ліпеня 1992 году. Урады ўсіх сумежных зь Беларусьсю краінаў таксама зьяўляюцца яго ўдзельнікамі. Урад Польшчы — з 27 чэрвеня 1986 г., Расеі — з 16 чэрвеня 1992 г., Летувы — з 6 ліпеня 1992 г., Латвіі — з 11 жніўня 1992 г., Украіны — з 3 верасьня 1992 году[13].

На канец 2016 г. Сусьветны банк меў 136 сядзібаў, у тым ліку ў Беларусі: Менск, вул. Румянцава, д. 6. На больш як 130 замежных прадстаўніцтваў прыпадала 40% супрацоўнікаў банку[8].

Беларусь

7 лістапада 2007 г. Міжнародны банк рэканструкцыі і разьвіцьця (МБРР) падпісаў з урадам Беларусі Стратэгію падтрымкі на 2008—2011 гады, у рамках якой пазычыў $622,5 млн. На чэрвень 2013 г. непагашанымі заставаліся $457,5 млн пазыкі. 13 чэрвеня 2013 г. МБРР падпісаў Стратэгію супрацы на 2014—2017 гады[14]. На 1 кастрычніка 2016 г. Сусьветны банк пазычыў ураду Беларусі $848 млн і вылучыў $2,7 млн бязвыплатнай дапамогі. Найбольшымі прыкладаньнямі пазыкі былі: рамонт 1000 школ, паліклінік і лякарняў; пашырэньне 53 км шашы Менск—Гомель[15]. На 7 студзеня 2017 г. Сусьветны банк ажыцьцявіў 11 пазыкаў на $980,56 млн для разбудовы 81 мясьціны[16].

Стварэньне

1 ліпеня 1944 г. у гасьцініцы «Гара Вашынгтон» у курортнай вёсцы Брэтан-Ўудс (акруга Коўас, штат Нью-Гэмпшыр, ЗША) адчынілася Валютна-фінансавая нарада Аб’яднаных народаў з удзелам прадстаўнікоў 44 аб’яднаных і далучаных дзяржаваў:

Цягам 1-22 ліпеня 1944 г. на Брэтан-Ўудскай нарадзе распрацавалі Артыкулы Пагадненьня «Аб Міжнародным банку рэканструкцыі і разьвіцьця» (МБРР). 27 сьнежня 1945 году ў г. Вашынгтон (ЗША) прадстаўнікі 21 з 44 дзяржаваў падпісалі Пагадненьне: Балівія, Брытанія, Брытанская Індыя, Бэльгія, Гандурас, Грэцыя, ЗША, Ірак, Ісьляндыя, Канада, Рэспубліка Кітай, Люксэмбург, Нарвэгія, Нідэрлянды, Паўднёвая Афрыка, Філіпіны, Францыя, Чэхаславаччына, Эгіпет, Этыёпія і Югаславія. 28 сьнежня 1945 г. далучыліся яшчэ 4: Гватэмала, Дамініканская Рэспубліка, Парагвай і Эквадор. 29 сьнежня 1945 г. далучыўся Іран. 31 сьнежня 1945 г. прадстаўнікі Мэксыкі, Пэру і Чылі падпісалі Пагадненьне, што павялічыла лік удзельнікаў да 29 урадаў. У выніку Пагадненьне аб МБРР набыло моц паводле 1-га параграфа 9-га артыкула, бо яго «падпісалі ад імя ўрадаў, чые найменшыя падпіскі складаюць прынамсі 65% агульнай падпіскі» на паі, якая складала $9,1 млрд (то бок прынамсі $5,915 млрд)[17].

Мінуўшчына

Залаты пакой у гатэлі Маўнт-Вашыгтон у Брэтан-Ўудсе, дзе быў заснаваны заснаваны Сусьветны банк і Міжнародны валютны фонд.

8-18 сакавіка 1946 г. у Саване (штат Джорджыя, ЗША) адбылося 1-е пасяджэньне Рады кіраўнікоў МБРР. На прапанову міністра скарбу ЗША Фрэдэрыка Вінсана сядзібу банка вырашылі разьмясьціць у Вашынгтоне (ЗША). Падпісны капітал МБРР склаў $7,67 млрд, у якім урад ЗША меў найбольшую падпіску на $3,175 млрд (41,4%) паводле Расклада А да Пагадненьня. 4 чэрвеня 1946 г. у дакумэнце «прэс-рэліз Сусьветнага банку № 1» паведамлялася пра абраньне на пасяджэньні Рады выканаўчых дырэктароў МБРР амэрыканца Юджына Мэера на пасаду старшыні банка, якую той заняў 18 чэрвеня. 20 чэрвеня 1946 г. МБРР разаслаў 1-ы запыт да ўрадаў аб аплаце часткі падпіскі на капітал: 2% у золаце і 3% у нацыянальнай валюце. 25 чэрвеня 1946 г. МБРР, ужо вядомы як Сусьветны банк, адчыніўся ў Вашынгтоне па адрасе: Паўночна-Заходняя чвэрць, вул. Эйч (анг. H), д. 1818. На пачатку банк налічваў 26 супрацоўнікаў і 12 выканаўчых дырэктароў. Таксама да часу адкрыцьця лік дзяржаваў-удзельніцаў вырас да 38. Ад пачатку 1946 г. далучыліся: Коста-Рыка (8 студзеня), Польшча (10 студзеня), Бразылія (14 студзеня), Уругвай (11 сакавіка), Нікарагуа, Панама і Сальвадор (14 сакавіка), Данія (30 сакавіка). 27 верасьня 1946 г. у Вашынгтоне адбылося 1-е штогадовое пасяджэньне Рады кіраўнікоў з удзелам 72 супрацоўнікаў МБРР. На пасяджэньні ўхвалілі заклік да выплаты яшчэ 5% падпіскі на капітал[18].

10 красавіка 1947 г. урад ЗША ўхваляе для выдачы пазыкаў усе 18% сваёй падпіскі на капітал МБРР. 9 траўня 1947 г. Рада выканаўчых дырэктароў МБРР ухваліла выдачу 1-й пазыкі францускаму дзяржаўнаму банку «Нацыянальны крэдыт»(fr) на пасьляваенную адбудову сталеліцейнай прамысловасьці, чыгункі і марскога транспарту Францыі ў памеры $250 млн. 15 ліпеня 1947 г. МБРР упершыню разьмясьціў $250 млн сваіх аблігацыяў на Нью-Ёрскай фондавай біржы праз 1700 брокераў. 7 жніўня 1947 г. МБРР выдаў $195 млн 2-й пазыкі Нідэрляндам. 22 жніўня Данія атрымала $40 млн 3-й пазыкі. 28 жніўня Люксэмбург пазычыў $12 млн на адбудову сталеліцейнага заводу і чыгункі. 11 верасьня 1947 г. Рада кіраўнікоў МБРР правяла гадавое пасяджэньне ў Лёндане (Ангельшчына). У 1947 г. МБРР адчыніў прадстаўніцтва ў Нью-Ёрку (ЗША). 15 лістапада 1947 г. Генэральная асамблея ААН зацьвердзіла пагадненьне аб пераўтварэньні МБРР ва ўстанову ААН. 26 ліпеня 1948 г. адчынілі прадстаўніцтва ў Парыжы (Францыя) для сувязі з Арганізацыяй эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця. 27 верасьня 1948 г. 3-е штогадовае пасяджэньне Рады кіраўнікоў МБРР прайшло з удзелам прадстаўнікоў 47 дзяржаваў-удзельніцаў. 7 студзеня 1949 г. вылучылі $24,1 млн пазыкі № 0012 Фэдэральнай камісіі электрычнасьці Мэксыкі на будаўніцтва гідраэлектрастанцыяў (ГЭС). 27 студзеня 1949 г. Бразылія ўпершыню атрымала $75 млн пазыкі № 0011 на 25 гадоў пад 3,5% гадавых для будаўніцтва ГЭС і тэлефонных лініяў. 1 сакавіка 1949 г. упершыню пазычылі Бэльгіі $16 млн на 20 гадоў пад 4,5% гадавых для будаўніцтва сталеліцейні і электрастанцыі ў Льежы (пазыка № 0014). 18 жніўня 1949 г. Індыя першай зь дзяржаваў Азіі атрымала $34 млн пазыкі № 0017 на разбудову чыгункі. 1 кастрычніка Югаславія атрымала першую пазыку № 0020 на дрэваапрацоўчае абсталяваньне[18].

25 студзеня 1950 г. МБРР абвясьціў пра продаж $100 млн аблігацыяў банкам Чыкага (ЗША). На 23 лютага 1950 г. МБРР выдаў 24 пазыкі на $744 млн агулам. 15 чэрвеня 1950 г. Ірак упершыню атрымаў $12,8 пазыкі на будоўлю дамбы за 80 км ад Багдада для прадухіленьня паводкі на рацэ Тыгр. 13 верасьня 1950 г. Этыёпія першай зь дзяржаваў Афрыкі атрымала пазыкі № 0031 і 0032 для адновы дарогі і стварэньня банка на $5 млн і $2 млн адпаведна. Па выніках 1950 г. МБРР выдаў звыш $1 млрд пазыкаў ад часу свайго заснаваньня, у тым ліку 17 пазыкаў цягам году агульнай сумай $279,23 млн. 8 чэрвеня 1951 г. Нігерыя ўпершыню атрымала пазыку № 0045 на будоўлю 260 км асфальтаваных аўтадарог. 20 чэрвеня 1951 г. Ісьляндыя ўпершыню атрымала пазыку на будоўлю 2 ГЭС у 4 валютах: фунтах стэрлінгаў, францускіх франках, дацкіх і нарвэскіх кронах. 31 жніўня 1951 г. Швэцыя стала 50-й дзяржавай-удзельніцай МБРР. 13 верасьня 1951 г. калёнія Бэльгійскае Конга (цяпер Дэмакратычная Рэспубліка Конга) ўпершыню атрымала $40 млн пазыкі № 0047 на 10 гадоў. 30 верасьня 1951 г. Фінляндыя і Югаславія сталіся першымі дзяржавамі, якія выплацілі пазыкі МБРР. 27 сакавіка 1952 г. Пакістан упершыню атрымаў $27,2 млн пазыкі № 60 на аднову чыгункі. 13 і 14 студзеня 1952 г. 52-м і 53-м сябрамі МБРР сталі ўрады Японіі і Нямеччыны адпаведна. 22 верасьня 1952 г. у МБРР зьяўляюцца 3 аддзелы паводле частак сьвету: 1) Азіі і Сярэдняга Ўсходу; 2) Эўропы, Афрыкі і Аўстралазіі; 3) Заходняга паўшар’я. 19 сьнежня 1953 г. Індыя атрымала $31,5 млн пазыкі на разбудову вытворчасьці жалеза і сталі (чорная мэталюргія)[18].

11 сакавіка 1953 г. брытанскія калёніі Паўночная Радэзія (цяпер Замбія) і Ньясалэнд (цяпер Малаві) атрымалі пазыку № 0074 на набыцьцё цягнікоў і будоўлю 640 км чыгункі ад марскога ўзьбярэжжа партугальскай калёніі Мазамбік праз брытанскую калёнію Паўднёвая Радэзія (цяпер Зымбабвэ). 15 кастрычніка 1953 г. Японія ўпершыню атрымала $40,2 млн пазыкі № 0089 на абсталяваньне для цеплавых электрастанцыяў (ЦЭЦ). 15 красавіка 1954 г. Інданэзія становіцца 56-й дзяржавай-удзельніцай МБРР. 10 чэрвеня 1954 г. француская калёнія Бераг Слановай Косьці (цяпер Рэспубліка Кот д’Івуар) ўпершыню атрымала пазыку № 0100 на разбудову шляхоў зносінаў[18].

Старшыні

Дзейны прэзыдэнт банку Джым Ён Кім.
  • Юджын Мэер (18 чэрвеня — 4 сьнежня 1946)
  • Джон Маклой (17 сакавіка 1947 — 18 траўня 1949)
  • Юджын Блэк (1 ліпеня 1949 — 1 студзеня 1963)
  • Джордж Ўудс (1 студзеня 1963 — 1 красавіка 1968)
  • Робэрт Макнамара (1 красавіка 1968 — 1 ліпеня 1981)
  • Олдэн Клаўсэн (1 ліпеня 1981 — 1 ліпеня 1986)
  • Барбэр Конэбл (1 ліпеня 1986 — 1 верасьня 1991)
  • Льюіс Прэстан (1 верасьня 1991 — 4 траўня 1995)
  • Джэймз Ўулфэнсан (1 чэрвеня 1995 — 1 чэрвеня 2005)
  • Пол Ўулфаўіц (1 чэрвеня 2005 — 1 ліпеня 2007)
  • Робэрт Зэлік (1 ліпеня 2007 — 30 чэрвеня 2012)[19]
  • Джым Ён Кім (з 1 ліпеня 2012 г.)

Крытыка

У 1985 годзе амэрыканскі антраполяг Джэймз Фэрг’юсан(en) абараніў дысэртацыю аб правале разьвіцьця жывёлагадоўлі ў Таба-Цэцкай акрузе Лесота, якое Сусьветны банк фінансаваў у 1975—1984 гадах. У 1990 годзе Фэргюсан выпусьціў на падставе сваёй дысэртацыі кнігу «Супрацьпалітычная машына»(en), дзе адзначыў пабочнае ўзьнікненьне ў Таба-Цэцы за кошт пазыкаў СБ прадстаўніцтваў некалькіх ведамстваў ураду, што пашырыла ўладу чыноўнікаў над насельніцтвам акругі[20].

У верасьні 2006 году былы галоўны эканаміст Сусьветнага банку Джозэф Стыгліц(be) заявіў у сваёй кнізе «Зрабіць, каб глябалізацыя працавала»(en), што Сусьветны банк рабіў недастатковы націск у Вашынгтонскім кансэнсусе на ўстойлівасьці росту ўзроўня жыцьця[21].

У красавіку 2007 году канадзкая пісьменьніца Наомі Кляйн(en) адзначыла, што «давер да банка згубна падарвалі, калі той навязаў школьныя ўнёскі з навучэнцаў у Гане ў абмен на пазыку, калі той запатрабаваў, каб Танзанія прыватызавала сваю вадаправодную сетку, калі той выставіў прыватызаваньне сувязі ў якасьці ўмовы дапамогі пры ўрагане Міч(en), калі той запатрабаваў працоўнай "гнуткасьці" ў Шры-Ланцы пасьля Азіяцкага цунамі, калі той прасоўваў скасаваньне харчовых субсыдыяў у Іраку пасьля ўварваньня»[22].

10 сакавіка 2010 году Камітэт Сэнату ЗША па міжнародных дачыненьнях ухваліў Справаздачу аб міжнародных фінансавых установах, у якой згадвалася, што «ўрад Лесота панёс значныя выдаткі ... на расьсьледаваньне і судовы перасьлед махлярства і карупцыі датычна мерапрыемства, на якое атрымалі фінансаваньне ад Сусьветнага банку ... больш як на $150 млн»[23].

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Сусьветны банксховішча мультымэдыйных матэрыялаў