Чэрокі

Чэро́кі (саманазва: ᏣᎳᎩ, літаральна «сапраўдныя людзі») — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. Жывуць пераважна ў штатах Аклахома, Паўночная Караліна, Паўднёвая Караліна, Тэнесі, Джорджыя. Агульная колькасць (2010 г.) — 819 105 чал.[1]

Чэрокі
(ᏣᎳᎩ)
Агульная колькасць819105 (2010 г.)
Рэгіёны пражыванняЗША
Мовачэрокі
Рэлігіяанімізм, монатэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групыіракезы, натавэй

Чэрокі — адзін з нешматлікіх паўночнаамерыканскіх карэнных народаў, які карыстаецца арыгінальнай пісьменнасцю, складзенай правадыром Секвоем каля 1821 г.

Паходжанне

Чэрокі маюць агульнае паходжанне з іракезамі. Згодна іх паданням, яны перасяліліся ў рэгіён паўднёвых Апалачаў з іншых мясцін. Мяркуецца, што гэта перасяленне адбылося ў XIII ст. У нашы дні вылучаюць некалькі магчымых раёнаў фарміравання чэрокі — поўдзень ад Вялікіх азёр, рака Дэлавэр, паўночная плыня ракі Місісіпі. Некаторыя даследчыкі лічаць, што продкі чэрокі пражывалі ў Паўночнай Караліне здаўна і мелі дачыненне да стварэння мясцовай развітай культуры ручнога земляробства[2][3][4].

Гісторыя

Кантакты і гандлёвыя зносіны паміж чэрокі і англійскімі каланістамі Паўднёвай Караліны пачаліся ў другой палове XVII ст. У 1693 г. дэлегацыя чэрокі наведала Чарлстан у пошуках ваеннага саюзу[5]. Адмоўным вынікам першых кантактаў стала эпідэмія воспы ў 1697 г.[6] У 17141715 гг. чырокі ваявалі на баку брытанцаў супраць тускарора, у 1716 г. — супраць маскогі. У сувязі са скарачэннем насельніцтва для падтрымкі саюзніцкіх адносін у 1721 г. чэрокі саступілі каланістам свае землі ў Паўднёвай Караліне.

Найбольш актыўнымі гандлярамі, місіянерамі, прадстаўнікамі калоніі і каралеўскіх улад, якія ўзаемадзейнічалі з чэрокі, былі шатландцы. Многія з іх уступалі ў шлюбы з мясцовымі жанчынамі і жылі сярод індзейцаў[7]. У 1730 г. шатландцы Людовік Грант і Аляксандр Камінг упэўнілі Майтоя, правадыра паселішча Тэліка ў Тэнесі, прыняць тытул караля або імператара ўсіх чэрокі і садзейнічалі канцэнтрацыі ўлады ў яго руках[8]. Яго прадстаўнік Атакулакула, па нараджэнню алганкін, наведаў Лондан і заключыў з Георгам II пагадненне аб брытанскім пратэктараце дзяржавы чэрокі. У далейшым чэрокі актыўна падтрымлівалі брытанцаў у Сямігадовай вайне супраць Францыі і ў задушэнні індзейскага паўстання Пантыяка. У сваю чаргу брытанцы дапамаглі ім выйграць вайну супраць маскогі. Пасля сутычак паміж пасяленцамі Вірджыніі і Паўднёвай Караліны з чэрокі ў 17581761 гг. Георг III у 1763 г. забараніў каланістам перасяляцца за Апалачы[9]. Пазней гэтая забарона стала адной з прычын Амерыканскай рэвалюцыі.

Чэрокі ў Лондане, 1762 г.

Пасля абвяшчэння незалежнасці ЗША амерыканскія перасяленцы пры падтрымцы рэвалюцыйных улад пачалі без усялякага кантролю захопліваць землі чэрокі, стваралі атрады добраахвотнікаў для абароны і атак на паселішчы індзейцаў. У 1776 г. злучэнні Кантынентальнай арміі на чале генерала Чарльза Лі арганізавалі ваенную экспедыцыю супраць чэрокі[10]. Вайна з амерыканцамі выклікала разлад паміж старымі правадырамі, што імкнуліся пагадзіцца на ўмовы перасяленцаў узамен на мір, і маладымі воінамі. Апошнія перасяляліся на захад і працягвалі ваяваць з захопнікамі. У 1791 г. правадыры чэрокі пагадзіліся на Холстанскае пагадненне з ЗША. Яно ўсталёўвала новыя межы на карысць перасяленцаў, абвяшчала пратэктарат амерыканцаў над народам чэрокі, ставіла ўзаемны гандаль пад кантроль амерыканскага ўрада[11].

У канцы XVIII — першай трэці XIX ст. адбываўся працэс «акультурвання» чэрокі па праграме амерыканскага асветніка Бенджаміна Хокінса. Быў створаны нацыянальны ўрад. У 1801 г. ён запрасіў пратэстанцкіх місіянераў. Ствараліся камерцыйныя баваўняныя плантацыі, на якіх выкарыстоўвалася праца чарнаскурых рабоў[12]. На амерыканскія грошы будаваліся сучасныя дарогі[13]. Правадыр Секвоя стварыў на аснове лацініцы складовае пісьмо чэрокі[14]. У 1827 г. была прынята Канстытуцыя нацыі чэрокі[15].

«Акультурванне» сустракала апазіцыю з боку прыхільнікаў традыцыйнага ладу. Стала распаўсюджанай міграцыя нязгодных на Захад, дзе паступова склалася група так званых заходніх чэрокі. Яны супрацьстаялі іншым мясцовым плямёнам. У 1817 г. заходнія чэрокі атакавалі племя осэйдж у Арканзасе, пры гэтым знішчылі іх вёску разам з мірнымі жыхарамі[16]. Ваенныя дзеянні працягваліся да 1825 г. З 1815 г. амерыканскія ўлады адкрыта заахвочвалі міграцыю.

28 мая 1830 г. у ЗША быў прыняты закон аб перамяшчэнні ўсіх індзейцаў, што не былі амерыканскімі грамадзянамі, на захад ад ракі Місісіпі. Чэрокі пры падтрымцы членаў Рэспубліканскай партыі і місіянера Сэмюэла Вустэра падалі іск у Вярхоўны суд, які ў 1832 г. прызнаў іх незалежнасць і права займаць свае тэрыторыі[17]. Аднак Прэзідэнт Эндру Джэксан і ўрад штата Джорджыя праігнаравалі гэта рашэнне.

29 снежня 1835 г. частка правадыроў падпісала дагавор у Новай Эчоце[18], у якім дала згоду на перасяленне ўзамен на новыя землі ў Аклахоме, 5 млн долараў у якасці кампенсацыі і 300 тысяч долараў для ўладкавання. У саміх ЗША існавала крытыка дагавора, сцвярджалася, што большасць чэрокі яго не падтрымлівае. Але ў 1836 г. Кангрэс ЗША прызнаў дагавор з перавесам у 1 голас. Гэта прывяло да масавага перасялення, што ўвайшло ў гісторыю пад назвай Дарога слёз. Разам з чэрокі перасяляліся і іх чарнаскурыя рабы. У 1842 г. у Аклахоме адбылося паўстанне рабоў[19]. Частка ўсходніх чэрокі-традыцыяналістаў яшчэ раней выйшла са складу нацыі чэрокі і прыняла грамадзянства Паўночнай Караліны. Яны захавалі свае землі.

Чэрокі-ветэраны Грамадзянскай вайны ў Новым Арлеане, 1903 г.

У Грамадзянскую вайну ў ЗША большасць чэрокі падтрымала Канфедэратыўныя Штаты Амерыкі, актыўна ўдзельнічала ў ваенных дзеяннях на баку паўднёўцаў. 19 ліпеня 1866 г. федэральныя ўлады ЗША прымусілі прадстаўнікоў нацыі чэрокі ў Аклахоме падпісаць новы дагавор[20], паводле якога вызваляліся рабы. Стварэнне асобнага штата Аклахома прывяло да спрэчак аб магчымасці існавання нацыянальнага ўрада. Правадыры чэрокі адстойвалі ідэю стварэння асобнага індзейскага штата Секвоя[21]. У 1907 г. праблема была вырашана праз саюзны дагавор з штатам Аклахома.

Многія чэрокі прымалі ўдзел у I Сусветнай вайне і II Сусветнай вайне ў складзе арміі ЗША. Пасля II Сусветнай вайны сталі ўзнікаць грамадскія арганізацыі і аб’яднанні чэрокі, якія садзейнічалі адраджэнню культурнай спадчыны і змаганню за эканамічныя правы. Чэрокі Паўночнай Караліны ўдзельнічалі у грамадзянскім руху за правы цемнаскурых у ЗША.

У 2007 г. была прынята папраўка ў Канстытуцыю нацыі чэрокі[22], згодна якой яе грамадзянамі могуць быць толькі тыя, хто мае продкаў чэрокі. У выніку 2800 чалавек, пераважна нашчадкаў рабоў, былі пазбаўлены грамадзянскіх правоў і прывілегій нацыі чэрокі.

Культура

Традыцыйныя заняткі

Асноўнымі заняткамі чэрокі здаўна былі ручное земляробства, паляванне і рыбалоўства. Земляробства адыгрывала значную ролю ў забеспячэнні ежай. Паселішчы чэрокі знаходзіліся ў атачэнні палеткаў. Апрацоўка зямлі і збор ураджая лічыліся жаночай справай. Вырошчвалі кукурузу, бабовыя, сланечнік, гарбузы. Пасля ўсталявання кантактаў з еўрапейцамі — яблыні, вігну, батат, пачалі трымаць свойскую жывёлу[23].

Паляванне было мужчынскім заняткам. У лясной горнай мясцовасці было шмат дзікіх жывёл. Палявалі спецыяльнай зброяй, не прызначанай для вайны, звычайна лукам і стрэламі, а таксама дзідамі[24]. Дзідамі таксама білі рыбу.

Да з’яўлення еўрапейцаў рамяство не вылучылася ў асобны занятак. Чэрокі славіліся керамічнымі вырабамі[25], плеценымі кошыкамі з падвойнымі сценкамі[26], мастацкім разьбярствам[27], пацеркамі[28].

Жытло

Чэрокі сяліліся каля водных крыніц на ўзвышшах. Звычайна стала жылі ў вялікіх, добра ўмацаваных вёсках. Каб прайсці ад адной да іншай, трэба было патраціць 1 дзень на шлях[29]. Некаторыя вёскі мелі гісторыю, якая налічвала сотні гадоў. Каля іх месціліся сакральныя цэнтры, накшталт прыродных пячор і штучных стадол. Вёскі мелі круглявую форму. Унутраная планіроўка рознілася, але ўсе складаліся з прыватных хацін, разлічаных на 1 нуклеарную сям’ю, і грамадскіх будынкаў, дзе праводзіліся супольныя зборы[30]. У некаторых выпадках сям’я мела летнюю і зімовую хаціну[31].

Традыцыйная хаціна звычайна будавалася круглявай. Каркас сплятаўся з галін дрэў, а потым тынкаваўся зямлёй. Пасярод жытла мясціўся агмень. Грамадскія і рэлігійныя будынкі паўтаралі форму жылых. Пасля ўсталявання кантактаў з еўрапейцамі, чэрокі часцяком узводзілі дамы ў еўрапейскім стылі. Захаваўся будынак прыватнага плантатара-чэрокі Джозефа Вана, узведзены ў 1804 г.[32] Ён уяўляе сабою тыповую плантатарскую сядзібу, каля якой калісьці мясціліся драўляныя хаціны для неграў-рабоў.

Вопратка

Чэрокі Паўночнай Караліны ў нацыянальнай вопратцы, 1830 г.

Раннія запісы сведчаць пра тое, што чэрокі рабілі вопратку са скур, драўнянай кары і нітак[33]. Знешні выгляд павінен быў адрозніваць іх ад прадстаўнікоў іншых народаў. Гэта дасягалася з дапамогай прычоскі. Мужчыны галілі галаву, пакідалі толькі жмут валасоў на верхавіне. Іх абразалі ў час жалобы.

Вопратка адрознівалася па стылю і часу. Найбольш стандартны народны строй захаваўся з перыяду дарогі слёз[34]. Жаночае адзенне ўключала спадніцу з кавалкаў тканін з кароткімі рукавамі. Наверсе рабілася выемка для таго, каб насіць з сабою малых немаўлят. Мужчынская летняя кашуля таксама шылася з кавалкаў тканін, была шырока распаўсюджана сярод суседніх плямён.

Жаночая і мужчынская вопратка ўпрыгожвалася бяззю і пацеркамі. Выраб пацерак узнік сярод чэрокі толькі пасля кантактаў з англійскімі каланістамі, якія карысталіся алганкінскімі вампумамі. З цягам часу чэрокі здолелі наладзіць вытворчасць сваіх арыгінальных пацерак. Росквіт гэтай вытворчасці адбыўся ў першай палове XIX ст.[35] Чэрокі не апраналі галаўных убораў. Мужчыны ўпрыгожваліся татуіроўкамі, у час вайны — кветкамі.

Кухня

Аснову традыцыйнай кухні чэрокі складалі стравы з кукурузы і бабовых. З кукурузы звычайна рабілі маленькія блінцы, а бабовыя смажылі, ужывалі ў супах і рагу. Смажаныя салодкія зярняты кукурузы лічыліся ласункам. Яны сталі правобразам сучаснага амерыканскага папкорна. Шырока ўжывалі дзікарослыя расліны — цыбулю, чарніцы, ажыну, жалуды, каштаны і інш[36]. Пераважна елі мяса, здабытае на паляванні, — аленяў, індыкоў, трусоў. Рыбаловы лавілі рыбу і чарапах. Зранку жанчыны збіралі вакол паселішчаў малюскаў, якіх смажылі, або дадавалі ў рагу. Алкагольны напой — брагу з дзікіх раслін, вядомую сярод каланістаў як «чорнае пітво»[37], — пілі выключна ў рытуальных мэтах.

Да прыходу еўрапейцаў чэрокі трымалі толькі адну свойскую жывёлу — маленькую сабаку. Яе мяса лічылася ядомым. З XVIII ст. з’явіліся і іншыя свойскія жывёлы — каровы, свінні, козы, куры. Чэрокі перанялі вырошчванне дынь, абрыкосаў, батата, арахіса[38], што зрабіла традыцыйныя стравы больш разнастайнымі.

У нашы дні нацыянальнымі стравамі чэрокі лічацца смажаны хлеб, мяса і рыба на грылі, бабовыя ляпёшкі, смажаныя арэхі[39].

Грамадства

Сцяг нацыі чэрокі

Супольнасць чэрокі падзялялася на 7 буйных экзагамных матрылінейных родаў. Адлік сваяцтва вёўся толькі па маці. Пошук шлюбнага партнёра ў родзе маці і бацькі забараняўся. Роды складаліся з малых нуклеарных сямей. Пры заключэнні шлюбу мужчыны далучаліся да роду жонкі. Большая частка сямейнай маёмасці таксама належала жонцы. Шлюбы часцяком распадаліся. Пры гэтым мужчына пакідаў сям’ю і зноў далучаўся да роду сваёй маці, дзеці заставаліся з жанчынай[40]. Асаблівую ролю ў іх выхаванні адыгрывалі сваякі маці, асабліва дзядзькі. Становішча жанчыны ў грамадстве было высокім у параўнанні з тагачасным еўрапейскім. Яны ўзначальвалі сямейную гаспадарку, забяспечвалі яе прадуктамі земляробства, займаліся рамёствамі, удзельнічалі ў кіраванні вёскамі і нават у ваенных дзеяннях[41].

Да кантактаў з еўрапейцамі буйныя вёскі чэрокі былі незалежнымі адна ад іншай. Імі кіравалі старэйшыны, як мужчыны, так і жанчыны[42]. Жыхары вёскі складалі асобную абшчыну, якая валодала землямі і паляўнічымі тэрыторыямі. Заўважны ўплыў мелі правадыры — харызматычныя лідары, чыя улада не мела пастаяннага характару і не перадавалася па спадчыне. Да XIX ст. прыватная маёмасць на зямлю не была вядома, аднак у канцы XIX ст. была замацавана заканадаўствам.

У XVIII ст. пад уплывам брытанцаў адбылася першасная цэнтралізацыя грамадства, першапачаткова вакол манархіі правадыра Майтоя з паселішча Тэліка ў Тэнесі. Яна знаходзілася пад пратэктаратам брытанскага манарха. Але пасля смерці Мантоя адзінае дзяржаўнае кіраванне фактычна распалася. У другой палове XVIII ст. адбылося ўзвышэнне асобных правадыроў і метысаў, нашчадкаў сумесных шлюбаў еўрапейцаў і чэрокі. Са з’яўленнем камерцыйных плантацый развіваўся інстытут рабства. Пасля паражэння ад амерыканцаў у час рэвалюцыі чэрокі зноў пачалі інтэграцыю. Яна была замацавана прыняццем агульнай Канстытуцыі 1827 г., якая абвяшчала нацыю чэрокі і рэспубліканскую форму кіравання[43]. Аднак інтэграцыя не была поўнай, паколькі нацыі чэрокі фактычна не падпарадкоўваліся так званыя заходнія чэрокі і частка ўсходніх чэрокі Паўночнай Караліны. Нават у нашы дні яны складаюць дзве асобныя групы, прызнаныя федэральнымі ўладамі ЗША.

Ваенная справа

Воін-чэрокі

З канца XVII ст., калі пачалася пісьмовая гісторыя чэрокі, яны актыўна ўдзельнічалі ў ваенных канфліктах з іншымі індзейскімі народамі, выступалі на баку брытанцаў у войнах з Францыяй, пазней ваявалі з амерыканскімі пасяленцамі і арміяй ЗША. Чэрокі ўмела ўмацоўвалі свае паселішчы, мелі запасныя каноэ для хуткага перамяшчэння ў ваенных мэтах. Традыцыйная зброя выраблялася з каменю і цвёрдых парод дрэва. Чэрокі карысталіся дзідамі, дроцікамі з атручаным наканечнікам, сякерамі, тамагаўкамі, баявымі молатамі і г. д.[44] З другой паловы XVIII ст. была шырока распаўсюджана агнястрэльная зброя, але традыцыйную зброю шырока выкарыстоўвалі ў рытуальных мэтах.

Кожны дарослы мужчына лічыўся воінам. На чале ваенных атрадаў стаялі правадыры. Яны маглі аб’ядноўвацца і падначальвацца вярхоўнаму ваеннаму правадыру. Правадыр абіраўся па рэкамендацыі старога правадыра, у час рытуала ўзыходжання сведчыў пра тое, што не забіваў жанчын, немаўлят і тых, хто не мог абараніць сябе. У час вайны над вёскай паднімалі чырвоны сцяг. Вайне папярэднічалі зборы воінаў, што суправаджаліся танцамі з лепшай зброяй. Чэрокі вялі ваенныя кампаніі некалькімі эшалонамі. Першую галаўную групу воінаў узначальваў вярхоўны правадыр, другую — яго лепшы намеснік, трэцюю — галоўны аратар правадыра, чацвёртую — ваенны шаман з памагатымі. Апошняя група несла рытуальны агмень. Групы суправаджалі па 4 разведчыкі. У баі чэрокі імкнуліся ўступаць у рукапашную сутычку. Пасля вяртання з вайны воіны перадавалі трафеі сваім жонкам, а потым праходзілі рытуал ачышчэння[45].

Гульні

Дзеці чэрокі рыхтаваліся да будучага дарослага жыцця, таму хлопчыкаў прыцягвалі да палявання, а дзяўчат — да працы ў гаспадарцы. Меліся дзіцячыя лялькі[46].

Сярод дарослых былі распаўсюджаны дзве рытуальныя гульні. Першая талудза ўяўляла сабою кіданне шасці кубікаў у кошык, мела рызыкоўны характар і суправаджала рэлігійныя святы. Часцяком мужчыны гулялі супраць жанчын[47].

Другая гульня — форма лакроса, калі кіем перасоўвалі па полю шары[48]. Лічыцца, што гульня магла быць запазычана ў белых перасяленцаў. У XVIII ст. яна была вельмі папулярнай сярод мужчын рознага ўзросту. Шары выраблялі з мармуру, аднак, здаралася, гулялі мушкетамі са свінцовымі шарамі[49].

Фальклор

Вусная народная творчасць чэрокі багата на міфы, казкі, легенды, гістарычныя паданні, у якіх дзейнічаюць духі прыроды, гіганты, рагаты цмок Уктэна, вялізарныя драпежныя птушкі тлаівах, добразычлівыя чалавекападобныя духі юнві ўісты і г. д.[50] Адметны след у фальклорнай спадчыне пакінула дарога слёз.

Народная музыка звычайна суправаджалася вакальнымі спевамі. Распаўсюджаныя музычныя інструменты — трубы, флейты, барабаны, ляскоткі, свістулькі, бразготкі з гарбуза. Пад уплывам еўрапейцаў чэрокі ўпадабалі скрыпку і харавыя спевы[51]. У нашы дні сярод чэрокі маюцца прафесійныя оперныя выканаўцы. Старажытныя танцы практычна не захаваліся[52]. У нашы дні фальклорныя танцавальныя групы чэрокі выкарыстоўваюць агульныя традыцыі рытуальных танцаў паўночнаамерыканскіх індзейцаў.

Мова

Родная мова чэрокі адносіцца да іракезскай групы моў. Вылучылася як самастойная каля 4000 — 3500 гадоў назад[53].

Першыя запісы слоў на ёй з’явіліся ў XVIII ст. Каля 1821 г. правадыр Секвоя прапанаваў арыгінальнае складовае пісьмо, створанае ім на аснове лацініцы[54][55]. У 1828 г. пачала выдавацца першая газета амерыканскіх індзейцаў «Cherokee Phoenix»[56] на англійскай мове і мове чэрокі.

У 2000 г. у Аклахоме было выяўлена толькі 10 000 чалавек, якія размаўлялі на мове чэрокі[57]. З 2005 г. дзейнічае праграма адраджэння мовы чэрокі[58]. Яна ўключае пашырэнне магчымасцей вывучэння і выкарыстання мовы праз адукацыю, СМІ, сучасныя электронныя прылады.

Рэлігія

Традыцыйная рэлігія чэрокі спалучае рысы монатэізму і анімізму. Чэрокі шануюць бога-творцу Унетланв’і[59], а таксама шматлікіх духаў, якія ўвасабляюць прыроду або фантастычных казачных істот. Міфалогія падзяляла сусвет на тры часткі, людзі і жывёлы памяшчаліся ў прамежкавы. Забойства жывёл не лічылася вялікім грахом, паколькі душы жывёл могуць адраджацца[60]. Чэрокі верылі ў магію і чараўнікоў. Звычайна чарадзеем была жанчына. Вылучаліся магутныя чарадзейкі і меней уплывовыя злыя чарадзейкі. Ім супрацьстаялі шаманы, асноўны занятак якіх, аднак, абмяжоўваўся лекарскай справай[61]. Арганізацыяй рытуалаў займаюцца старэйшыны і правадыры.

З XVIII ст. сярод чэрокі актыўна распаўсюджвалася хрысціянства, пераважна пратэстантызм. Місіянеры адыгралі значную ролю ў «акультурванні», абаранялі чэрокі ў канфліктах з ЗША. У 1823 г. сярод чэрокі ўзнік пратэстанцкі хіліялістычны рух[62]. У нашы дні многія чэрокі працягваюць прытрымлівацца старажытных вераванняў, аднак хрысціянства аказвае моцны ўплыў на вернікаў. Вылучаюцца некалькі хрысціянскіх кангрэгацый баптыстаў, аднаўленцаў, евангелістаў і інш.[63][64][65][66]

Выдатныя прадстаўнікі

Чэрокі вядуць адлік сваяцтва па матчынай лініі, таму далучаюць да сваіх прадстаўнікоў тых, хто мае продкаў сярод жанчын-чэрокі. Сярод іх:

Зноскі

Літаратура

Спасылкі