Брэ́сцкая во́бласцьⓘ — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў БССР і Рэспубліцы Беларусь. Размешчана на паўднёвым захадзе краіны, мяжуе з Польшчай і Украінай.
Вобласць створана 4 снежня 1939 г., узбуйнена ў 1954 г. Падзяляецца на 16 раёнаў.
У 1983 на тэрыторыі вобласці 20 гарадоў, 7 гарадскіх пасёлкаў, 2 рабочыя пасёлкі. У 1995 колькасць насельніцтва склала 1518 тыс. чал. У вобласці налічвалася 20 гарадоў у т.л. 5 абласнога падпарадкавання, 9 гарадскіх пасёлкаў, 225 сельсаветаў, 2194 сельскіх населеных пунктаў.
Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная тэмпература паветра ў студзені ад −4,4 °C (Брэст) да −6,1 °C (Баранавічы), у ліпені ад 18 °C на захадзе да 19 °C на ўсходзе. Вегетацыйны перыяд 195—208 сутак. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на паўднёвым захадзе да 645 мм на паўночным усходзе, за летні перыяд — 400—450 мм[3].
Глебы с.-г. угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,8 %), дзярнова-забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (25,8 %), дзярнова-падзолістыя (15,5 %), тарфяна-балотныя (19,5 %), паводле механічнага складу пераважна пясчаныя (каля 40 %) і супясчаныя (каля 35 %). Асушаныя землі на поўдні складаюць каля 50 %, у асобных раёнах — больш за 70 %[3].
У гаспадарчым комплексе важнае месца займае прамысловасць. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я гг. былі нестабільнымі. Вобласць спецыялізуецца на вытворчасці прадукцыі машынабудавання, лёгкай і харчовай прамысловасці, праяўляецца тэндэнцыя да ўзмацнення ролі лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці і вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. У вобласці вырабляюць усе беларускія электралямпы і газавыя пліты, амаль усё тэхналагічнае абсталяванне для лёгкай прамысловасці, гандлю і грамадскага харчавання, для ліцейнай вытворчасці, кавальска-прэсавае абсталяванне, больш за 80 % электрарухавікоў і баваўняных тканін, больш за 40 % панчошна-шкарпэткавых вырабаў, больш за 30 % дываноў і дывановых вырабаў, больш за 35 % цукру, каля 30 % кансерваў, амаль 20 % мяса і масла, 27 % драўнінна-стружкавых пліт, каля 20 % клеенай фанеры. Прадукцыя прамысловасці пастаўляецца на беларускі рынак, у краіны СНД і інш. Больш за 80 % прамысловага патэнцыялу вобласці сканцэнтравана ў вялікіх гарадах — шматгаліновых цэнтрах з буйнымі спецыялізаванымі прадпрыемствамі. Унікальнае для Беларусі Мікашэвіцкае вытворчае аб’яднанне «Граніт» па здабычы будаўнічага каменю, у г. Белаазёрск — 2-я па магутнасці на Беларусі Бярозаўская ДРЭС[3].
У вобласці (1993) каля 70 прадпрыемстваў харчовай (цукровай, мясной, малочнай, па перапрацоўцы садавіны і агародніны) прамысловасці, 24 — лясной і дрэваапрацоўчай, 23 — прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Яны працуюць на мясцовай сыравіне, размешчаны пераважна ў сярэдніх і невялікіх гарадах і гарадскіх пасёлках. Жыллёвым, меліярацыйным, сельскім і дарожным будаўніцтвам займаюцца 14 будтрэстаў, 181 будаўніча-мантажная арганізацыя (1993)[3].
У вобласці станам на 5 верасня 2016/2017 навучальнага года працуе 509 школ, уключаючы санаторныя школы-інтэрнаты, у тым ліку пачатковых 2524 — (4,7 %), базавых 67 — (13,2 %), сярэдніх — 386 (75,8 %), гімназій — 26 (5,1 %), ліцэяў — 5 (1 %), кадэцкае вучылішча — 1 (0,2 %). У 2016 годзе закрыта 13 малакамплектных школ і адкрыта яслі-сад-пачатковая школа № 10 у г. Брэсце[6].
У школах навучаецца 160 066 навучэнцаў. З іх у пачатковых школах навучаецца 3394 навучэнцаў, у базавых — 3811, у сярэдніх −133 593, у гімназіях — 17 785, у ліцэях — 1266 і ў кадэцкім вучылішчы — 217 навучэнцаў. Акрамя таго, на тэрыторыі вобласці маецца ліцэй Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта — у ім навучаецца 143 навучэнцы. 173 навучэнцаў навучаецца ў сярэдняй школе — вучылішча алімпійскага рэзерву Міністэрства спорту і турызму[6].
Размеркаванне агульнай колькасці навучальных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі паводле моў навучання[6]
Геаграфія Брэсцкай вобласці: Дапам. для студэнтаў геагр. спецыяльнасцей ВНУ / Пад рэд. Арцеменкі С. В., Грыбко А. У. — Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2002. — 385,[2] с.: іл. ISBN 985-476-062-6