Нэймар

бразыльскі футбаліст

Нэйма́р да Сы́лва Са́нтус Жу́ніяр (па-партугальску: Neymar da Silva Santos Júnior; нар. 5 лютага 1992 году, Мажы-дас-Крузыс, Бразылія) — бразыльскі футбаліст, нападнік саудаўскага клюбу «Аль-Гіляль» і нацыянальнай зборнай Бразыліі. Вылучаецца выдатным дрыблінгам, а таксама лічыцца слынным плэймэйкерам і галеадорам. Некаторыя адмыслоўцы называюць бразыльца адным з найлепшых футбалістаў у сьвеце, а таксама адным з найвялікшых бразыльскіх футбалістаў усіх часоў[5][6][7]. Алімпійскі чэмпіён 2016 году. У 2018 годзе выданьне Францускі футбол улучыла гульца на трэці радок у сьпісе высокааплатных футбалістаў сьвету. У наступным годзе Forbes уключыў яго на трэці радок сярод высокааплатных спартоўцаў сьвету[8], але ўжо ў 2020 годзе Нэймар апусьціўся на радок ніжэй[9].

Нэймар
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся5 лютага 1992(1992-02-05)[1][2][3][…] (32 гады)
Рост175 см[4]
Вага69 кг[4]
Пазыцыяфлянгавы паўабаронца
Клюбная інфармацыя
КлюбАль-Гіляль
Нумар10
Клюбы
ГадыКлюбГульні (галы)¹
2009—2013
2013—2017
2017—2023
2023—
Сантус
Барсэлёна
Пары Сэн-Жэрмэн
Аль-Гіляль
103 (54)
123 (68)
112 (82)
3 (0)
Зборныя
2010—Бразылія128 (79)

¹ Колькасьць гульняў і галоў за прафэсійны клюб лічыцца толькі
для нацыянальнай лігі, адкарэктавана на
29 верасьня 2023.
² Колькасьць гульняў і галоў за нацыянальную зборную
ў афіцыйных матчах, адкарэктавана на
18 кастрычніка 2023.

Кар’ера

«Сантус»

Нэймар шырока вядомы за свой дрыблінг

Нэймар зьяўляецца выхаванцам клюбу «Сантус», куды трапіў у 1999 годзе[10]. Ужо ў самым юным узросьце, яшчэ нават не дэбютаваўшы ў асноўным складзе клюбу, Нэймар прыцягнуў да сябе ўвагу самых разнастайных эўрапейскіх клюбаў, у тым ліку «Манчэстэр Сіці», «Рэалу», «Арсэналу», «Барсэлёны», «Чэлсі» й «Міляну», якія з дапамогай скаўтаў назіралі за ягонай гульнёй у моладзевым першынстве Сан-Паўлу, у якім нападнік вырабіў фурор, атрымаўшы мянушку «Новы Рабіньнё» дзякуючы манеры дрыблінгу, падобнай са знакамітым форвардам.

У 2008 годзе Нэймар падпісаў свой першы прафэсійны кантракт з «Сантусам», разьлічаны да 2014 году, зь велізарнай сумай адчэпных, якія адразу палохалі многіх патэнцыйных пакупнікоў. 7 сакавіка 2009 году Нэймар дэбютаваў у асноўным складзе «Сантусу» ў матчы супраць «Оэстэ»[11]. Праз тыдзень у матчы супраць «Мажы-Мірын» форвард забіў свой першы мяч у асноўным складзе клюбу. 24 сакавіка 2009 году стала вядома, што ў паслугах Нэймара зацікаўлены маскоўскі ЦСКА[12]. Пазьней Нэймарам ушчыльную зацікавіўся «Мілян». Увесну 2010 году Нэймар выйграў свой першы трафэй на дарослым узроўні, стаўшы чэмпіёнам штату Сан-Паўлу ў складзе «Сантусу», таксама ён быў названы найлепшым гульцом турніру[13].

У чэрвені 2011 году Нэймар ў складзе «Сантусу» атрымаў перамогу ў Кубку Лібэртадорэс, забіўшы адзін з двух мячоў у фінале[14]. За гэта ён быў названы найлепшым гульцом турніру[15]. Па сканчэньні сэзону 2011 году Нэймар быў прызнаны найлепшым гульцом чэмпіянату краіны[16], найлепшым гульцом Паўднёвай Амэрыкі[17], а таксама ўвайшоў у лік прэтэндэнтаў на Залаты мяч[18]. 6 лютага 2012 году, зрабіўшы «дубль» у матчы супраць «Палмэйрасу», Нэймар дасягнуў адзнакі ў 100 забітых мячоў на прафэсійным узроўні[19].

«Барсэлёна»

Нэймар у кашулі «Барсэлёны».

26 траўня 2013 году гішпанская «Барсэлёна» на сваім афіцыйным сайце паведаміла аб пераходзе Нэймара ў склад «сіне-гранатавых»[20]. Дэталі ўгоды не былі аб’яўленыя, аднак паводле зьвестак спартовай газэты «Marca», каталёнцы заплацілі за бразыльскага форварда каля 50 млн эўра, а штогадовы заробак гульца будзе складаць 7 млн эўра[21][22]. Нэймар быў прэзэнтаваны на стадыёне Камп Ноў перад 56,5 тысячамі прыхільнікаў, што сталася рэкордам для бразыльскіх гульцоў[23]. Дэбют футбаліста ў Эўропе прыпаў на ўступны матч «Барсэлёны» ў Ля Лізе сэзону 2013—2014 гадоў. Нэймар зьявіўся на замену на 63-й хвіліне замест Алексіса Санчэса ў пераможным матчы супраць «Левантэ» (7:0)[24]. 21 жніўня ён улучыў свой першы год за клюб у матчы Супэркубка 2013 году ў матчы супраць мадрыдзкага «Атлетыка». Прыкметна, што бразылец адзначыўся ўжо на сёмай хвіліне пасьля зьяўленьня на пляцоўцы замест Пэдра. Пацэліў гулец мяч галаваю пасьля кросу Дані Алвэса. Не зважаючы на тое, што сустрэча скончылася ўнічыю зь лікам 1:1, але гэтага хапіла, каталёнцы здабылі трафэй[25]. 18 верасьня нападнік дэбютаваў у Лізе чэмпіёнаў, дзе аддаў галявую перадачу на Жэрара Піке ў матчы супраць «Аяксу». Праз шэсьць дзён Нэймар здабыў першы гол у Ля Лізе, улучыўшы мяч у браму «Рэал Сасьедаду» на Камп Ноў[26]. 26 кастрычніка ён запачаткаваў свае выступы ў Эль-Клясыка, дзе забіў уступны гол і дапамог у здабыцьці другога голу дружыны Алексісам Санчэсам. У выніку «Барсэлёна» выгуляла «Рэал» зь лікам 2:1. 11 сьнежня Нэймар адзначыўся хет-трыкам у матчы Лігі чэмпіёнаў у пераможным матчы супраць «Сэлтыку» (6:1).

Заўзятары «Барсэлёны» перад фінальным матчам Лігі чэмпіёнаў 2015 году трымаюць выявы клюбнага трыё.

Новы сэзон адзначыўся адаптыцыяй навака ў клюбе. 13 верасьня 2014 года, зьявіўшыся на зьмену, Нэймар улучыў два галы ў браму басконскага «Атлетыка». Галы сталіся адзінымі ў матчы. 27 верасьня ён здабыў хет-трык у матчы супраць «Гранады» (6:0). Таксама спартовец адзначыўся ў сваіх наступных трох матчах Ля Лігі, у тым ліку ў матчы супраць мадрыдзкага «Рэалу», дзе барсэлёнцы атрымалі паразу зь лікам 3:1[27]. У новым годзе Нэймар працягваў здабываць галы, у тым ліку ў Кубку Гішпаніі. Дзякуючы ягоным галам, «Барсэлёна» перакрочыла «Атлетыка» й «Вільярэал» ў чвэрцьфінале й паўфінале турніру. 21 красавіка Нэймар давёў лік сваіх галоў за сэзон да 30, калі двойчы пацэліў мяч у браму «Пары Сэн-Жэрмэн» у чвэрцьфінале Лігі чэмпіёнаў[28]. У наступным раўндзе бразылец пакрыўдзіў ужо нямецкую «Баварыю»[29]. У траўні «Барсэлёна» забясьпечыла сабе перамогу ў чэмпіянаце, пасьля чаго перагуляла ў фінале Кубка Гішпаніі «Атлетык». На апошніх хвілінах сустрэчы Нэймар дазволіў сабе пабавіцца зь мячом, чым выклікаў незадаволенасьць з боку басконца Андоні Іраолі, які палічыў гэта праявай браку павагі да супернікаў. На прэсавай канфэрэнцыі Люіс Энрыке залагодзіў сытуацыю, прамовіўшы, што такі ўчынак, напэўна, ёсьць дапушчальным у Бразыліі, але сам гулец ня выбачыўся. 6 чэрвеня Нэймар забіў троці гол «Барсэлёны» ў фінале Лігі чэмпіёнаў, дзе «гранатавыя» змагаліся зь «Ювэнтусам». Такім чынам, клюб здабыў трэбл. Менавіта з таго сэзону нарадзілася выніковае трыё, да складу якога ўваходзілі сам Нэймар, Ліянэль Мэсі й Люіс Суарэс. Утрох яны здабылі 122 галы, пераўзышоўшы рэкорд гішпанскага футболу[30].

Пачатак новага сэзону нападнік прапусьціў праз хваробу. У кастрычніку Нэймар чатыры разы ўлучыў мяч у браму «Раё Вальекана», павялічыўшы свой рахунак да 8 галоў у сэзоне. Гэтак жа трапна ён працягваў забіваць галы поруч з партнэрамі з трыё. 21 лістапада ён пакрыўдзіў «Рэал»[31], а праз тыдзень двойчы паклаў мяч у браму «Рэал Сасьедаду». У выніку гулец быў намінаваны на Залаты мяч, але спыніўся ў галасаваньні толькі на трэцім радку пасьля Мэсі й Крыштыяну Раналду[32]. У фінале Кубка Гішпаніі футбаліст забіў адзін з двух галоў клюбу, чым здабыў чарговы трафэй для каманды. Паводле вынікаў сэзону трыё настрэліла 131 гол, чым пераадолела свой паказьнік папярэдняга сэзону[33]. Самым яскравым матчам наступнага сэзону стала сустрэча ў адказ у 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў з ПСЖ. Пасьля адчувальнай паразы ў першым матчы двубою зь лікам 4:0, Нэймар як сапраўдны герой матчу за апошнія 7 хвілінаў матчу зладзіў два галы й яшчэ адзін раз асыстэнтаваў. «Барсэлёна» здолела выратавацца ў рушыць далей у чвэрцьфінал, а бразылец быў абраны зоркай гульні[34][35]. 2 красавіка 2017 году паўднёваамэрыканец здабыў свой 100 гол у кашулі барсэлёнскага клюбу ў матчы супраць «Гранады»[36][37]. 27 траўня Нэймар улучыў мяч у браму «Алявэсу» ў фінале Кубка Гішпаніі, у чарговы раз здабыўшы галоўны кубкавы трафэй краіны.

«Пары Сэн-Жэрмэн»

Нэймар на прэзэнтацыі з кашуляй «Пары Сэн-Жэрмэн».

3 жніўня 2017 году перайшоў у францускі клюб «Пары Сэн-Жэрмэн», зь якім падпісаў кантракт да 30 чэрвеня 2022 году[38]. Як падарунак гулец атрымаў ад гульца Хавіера Пасторэ кашулю з нумарам 10[39][40]. Ужо праз 10 дзён пасьля прыяднаньні да клюбу Нэймар дэбютаваў у парыскай камандзе, улучыўшы мяч у браму «Генгаму» ў пераможным выяздным матчы (0:3)[41]. У наступным матчы супраць «Тулюзы» бразылец ужо забіў двойчы. Напрыканцы першага месяцу ў францускай дружыне «Барсэлёна» ініцыявала судовую справу, бо жадала каб Нэймар вярнуў клюбу бонус за падаўжэньня дамовы ў 2016 годзе на памеры 8,5 млн эўра. Калі гулец быў ня ў стане аплаціць выдаткі самому, «Барсэлёна» патрабавала зрабіць гэта ягонаму новаму клюбу. Праўнікі гульца ўзяліся за справу[42]. Сам жа гулец стварыў новае трыё, якое апроч самога бразыльца ўлучала таленавітага юнака Кіліяна Мбапэ й уругвайскага галеадора Эдынсана Кавані. За часам перамогі над марсэльскім «Алімпікам» 25 лютага 2018 году Нэймар атрымаў пералом плюсны на правай назе. Рэшту сэзону гулец быў вымушаны прапусьціць, лякуючыся ў Бэлу-Арызонці[43]. Вярнуцца да гульні нападнік здолеў толькі ў наступным сэзоне, то бок футбаліст адразу забіў гол у браму «Кану»[44]. У наступным матчы супраць «Генгаму» бамбардзір пасьпяхова выканаў пэнальці[45]. У чарговым лігавым матчы кожны з трыё адзначыўся ў браму «Анжэ», а матч скончыўся зь лікам 3:1[46]. 3 кастрычніка паўднёваамэрыканец зарабіў хет-трык, пакрыўдзіўшы ў Лізе чэмпіёнаў сэрбскую «Црвену Зьвезду»[47]. У студзені 2019 году нападнік атрымаў пашкоджаньне нагі, праз што прапусьціў матчы супраць «Манчэстэр Юнайтэду»[48]. Пасьля двубою Нэймар у сваіх сацсетках раскрытыкаваў працу арбітраў, за што быў пакараны трохматчавай дыскваліфікацыяй[49]. 27 красавіка гулец улучыў мяч у браму «Рэну» ў фінале Кубка Францыі, але рэнцы здолелі ўраўнаваць лік і перамагчы ў сэрыі пэнальці. Пасьля гульні бразылец трапіў у сварку з заўзятарам.

У матчы супраць «Лілю» ў лютым 2018 году.

Ліпень 2019 году гулец адсутнічаў на трэнаваньнях у падрыхтоўчым лягеры клюбу праз дысцыплінарнае спагнаньне[50]. Да сканчэньня трансфэрнага вакна Нэймар заяўвіў аб працягу супрацы з клюбам пасьля чутак аб магчымым вяртаньні ў «Барсэлёну». Гулец зьявіўся ў новым сэзоне 14 верасьня 2019 году ў пераможным матчы супраць «Страсбургу». Ён прыгожа пацэліў мяч у браму суперніка ўжо ў дадатковы час[51]. Праз тыдзень такі ж лёс напаткаў ліёнскі «Алімпік»[52]. Пасьля адсутнасьці праз траўму ў кастрычніку, гулец вярнуўся да складу ў канцы лістападу на матч супраць мадрыдзкага «Рэалу». Праз пандэмію каранавіруснай інфэкцыі сэзон у францускай Лізе 1 быў тэрмінова скончаны й Нэймар ужо у трэці раз запар стаў чэмпіёнам Францыі[53]. Улетку ўзнавіліся матчы й «Пары Сэн-Жэрмэн» здабыў Кубак Францыі й Кубак францускай лігі. У Лізе чэмпіёнаў францускі клюб упершыню дасягнуў фіналу, але саступіў «Баварыі». Нэймар правёў усю гульня ня пляцоўцы, атрымаўшы на 81-й хвіліне жоўтую картку. Пачатак сэзону 2020—2021 гадоў бразылец прапусьціў праз дадатнае тэставаньне на каранавірус, але вярнуўся да матчу супраць марсэльцаў. Цягам сэзону нападнік атрымліваў пашкоджаньні, але гэта ня здолела зашкодзіць здабыцьцю 28 лістапада 50-га голу ў Лізе 1 у матчы супраць «Бардо». Таксама, гулец стаў самым хуткім футбалістам клюбу, бо здолеў здабыць такую колькасьць галоў усяго толькі за 58 матчаў[54]. У сьнежні Нэймар адзначыўся хет-трыкам у браму турэцкага «Істанбул Башакшэхіру». З эўрапейскага турніру парыжане былі выбітыя ў паўфінале «Манчэстэр Сіці». 8 траўня гулец склаў новае пагадненьне з клюбам разьлічанае да 2025 году[55].

10 жніўня да парсыкага клюбу прыяднаўся колішні аднаклюбнік Нэймара Ліянэль Мэсі. 29 жніўня Нэймар зьявіўся ў пачатковым матчы супраць «Рэймсу», але згуляць з Мэсі ня здолеў, бо той выйшаў у другой палове замест самога бразыльца. 19 верасьня нападнік паклаў у браму чарговы гол, гэтым разам пакрыўдзіўшы ліёнскі «Алімпік»[56]. 6 лістапада гулец адзначыўся двума галам у браму «Бардо», дзякуючы чаму сталічныя футбалісты здабылі перамогу зь лікам 3:2[57]. У канцы месяцу бразылец зноў атрымаў траўма, але акрыяў ужо толькі ў лютым 2022 году. У той час як зьяўленьне ў матчы супраць «Рэалу» было пасьпяховым, то бок нападнік дапамог Мбапэ забіў пераможны гол[58], але ў матчы лігі супраць «Нанту» Нэймар ня здолеў трапна прабіць пэнальці, у выніку чаго парыжане атрымалі гасьцявую паразу зь лікам 3:1. Пры гэтым адзіны гол сталічных гульцоў быў на рахунку Нэймара. У Лізе чэмпіёнаў Нэймар і хлопцы з Парыжу былі выбітыя мадрыдзкім «Рэалам» яшчэ на стадыі 1/8 фіналу. 21 траўня 2022 году паўднёвамэрыканец зарабіў 100 гол у кашулі ПСЖ, улучыўшы мяч у браму «Мэцу», зьнішчанаму зь лікам 5:0[59]. Празь нятрапныя выступы апошніх сэзонаў і чаргу траўмаў зьявіліся чуткі, што Нэймар можа сысьці з клюбу, але, магчыма, праз адсутнасьць прапановаў гулец вырашыў застацца ў клюбе. 6 жніўня гулец адзначыўся голам і трыма галявымі перадачамі ў матчы супраць «Клермону»[60]. 21 жніўня быў зьнішчаны «Ліль», у тым ліку дзякуючы Нэймару, які двойчы ўлучыў мяч у браму небаракі Лео Жардыма. Як вынік, бразылец быў абраны футбалістам месяцу[61]. 6 сакавіка 2023 году стала вядома, што рэшту сэзону Нэймар прапусьціць праз хірургічную апэрацыю ў Досе[62].

Міжнародная кар’ера

У кашулі з нумарам 10 у складзе нацыянальнай зборнай Бразыліі.

У 2010 годзе Пэле запатрабаваў выклікаць у склад зборнай Бразыліі Нэймара й ягонага аднаклюбніка Ганса, каб тыя прынялі ўдзел у чэмпіянаце сьвету 2010 году[63]. Нэймар быў кандыдатам на паездку на чэмпіянат сьвету, але ня трапіў нават у сьпіс запасных гульцоў зборнай[64]. Прычынай нявыкліку гульца галоўны трэнэр зборнай Бразыліі, Карлас Дунга, назваў недастатковы ўзрост футбаліста[65].

10 жніўня 2010 году Нэймар дэбютаваў у складзе зборнай Бразыліі ў матчы супраць зборнай ЗША й у гэтай жа гульні забіў першы мяч сваёй каманды, сустрэча ў выніку скончылася перамогай бразыльцаў зь лікам 2:0. 27 сакавіка 2011 году спартовец двойчы забіў у пераможным матчы супраць зборнай Шатляндыі (2:0)[66]. Ён таксама ўзяў удзел у першынстве на Кубак Амэрыкі 2011 году, які ладзіўся ў Аргентыне. У першым матчы супраць зборнай Вэнэсуэлы Нэймар быў абраны гульцом матчы, а сама сустрэча скончылася ўнічыю 0:0. У трэцім матчы гулец улучыў два галы ў браму зборнай Эквадору. Пасьля выхаду з групы Бразылія была выбітая зборнай Парагваю ў сэрыі пэнальці. Нэймар жа быў заменены яшчэ на 80-й хвіліне[67]. У 2013 годзе ў складзе зборнай гулец браў удзел у Алімпійскіх гульнях, дзе ў тым ліку пацэліў мяч у браму зборнай Беларусі. Бразылія дайшла да фіналу, але залатыя мэдалі здабылі мэксыканцы. 10 верасьня 2012 году Нэймар здабыў свой першы хет-трык у міжнародным матчы, калі зборная Бразыліі ў хатнім матчы ў Рэсыфі пераканаўча перамагла зборную Кітаю зь лікам 8:0[68]. У 2013 годзе гулец браў удзел у розыгрышы Кубка канфэдэрацыяў, які Бразылія здабыла.

Нэймар усталёўвае мяч, каб выканаць штрафны ўдар у матчы супраць зборнай Харватыі на ЧС-2014.

На наступны год, як і плянавалася, Нэймар быў улучаны ў заяўку на хатні чэмпіянат сьвету 2014 году[69]. Матч адкрыцьця супраць зборнай Харватыі, які ладзіўся 12 чэрвеня ў Сан-Паўлу, стаў для нападніка 50-м у складзе зборнай Бразыліі. На 26-й хвіліне сустрэчы Нэймар локцём ударыў Луку Модрыча, за што атрымаў жоўтую картку, але крытыкі пагадзіліся, што пакараньне было занадта мяккім[70][71][72]. Дзякуючы двум галам спартоўца Бразылія здабыла перамогу. Таксама голам гулец адзначыўся ў матчы супраць зборнай Камэруну. У 1/8 фіналу бразыльцы толькі пасьля сэрыі пэнальці рушылі ў наступны этап. Нэймар дарэчы забіў вырашальны мяч у сэрыі. У паўфінале праз адсутнасьць праз траўму Нэймара й дыскваліфікацыі Т’ягу Сылвы бразыльцы былі зьнішчаныя зборнай Нямеччынай зь лікам 1:7. Футбаліст браў удзел у розыгрышы Кубка Амэрыкі 2015 году, але прапусьціў гэтае ж першынство ў наступным годзе на прапанову барэслёнскага трэнэра Люіса Энрыке. Тым ня менш улетку 2016 году бразылец быў уключаны ў алімпійскую зборную, зь якой здабыў залаты мэдаль.

Нэймар сьвяткуе гол у браму зборнай Коста-Рыкі на чэмпіянаце сьвету 2018 году.

У траўні 2018 году Нэймар быў сьпісе 23 гульцоў зборнай у заяўцы на чэмпіянат сьвету 2018 году[73]. У пачатку чэрвеня гулец упершныю згуляў пасьля трохмесячнай адсутнасьці ў таварыскім матчы супраць зборнай Харватыі[74]. На групавым этапе нападнік паклаў мяч у браму зборнай Коста-Рыкі[75]. Гэты гол стаў 56-м у кашулі бразыльскай каманды, што ўзвысіла Нэймара да трэцяга радку ў сьпісе найлепшых бамбардзіраў зборнай пасьля Пэле й Раналду[76]. У 1/8 фіналу гулец адзначыўся голам у браму зборнай Мэксыкі, а вось крочыць далей за 1/4 фіналу паўднёваамэрыканцы ня здолелі, атрымаўшы паразу ад зборнай Бэльгіі. Як плянавалася Нэймар мусіў узяць удзел у Кубку Амэрыкі 2019 году, але перад пачаткам турніру атрымаў пашкоджаньне, выбыўшы на чатыры тыдні[77][78]. У кваліфікацыі да чэмпіянату сьвету 2022 году Бразылія ў кастрычніку 2020 году перагуляла зборную Пэру, а Нэймар дзякуючы сваім тром галам пераўзвысіў Раналду паводле колькасьці галоў у складзе зборнай Бразыліі. Гулец браў удзел у Кубку Амэрыкі 2021 годзе, дзе дайшоў да фіналу. Не зважаючы на паразу ў фінале зборнай Аргентыне, Нэймар быў абраны поруч з Мэсі найлепшым футбалістам першынства. На чэмпіянаце сьвету 2022 году нападнік згуляў амаль увесь матч супраць зборнай, але быў заменены напрыканцы сустрэчы. Наступныя дзьве гульні бразылец прапусьціў праз пашкоджаньне шчыкалаткі[79]. Гулец вярнуўся ў матчы 1/8 супраць зборнай Рэспублікі Карэі, дзе забіў сам з пэнальці й аддаў галявую перадачу на партнэра. Праз чатыры дні Нэймар улучыў мяч у браму зборнай Харватыі, запісаўшы на свой рахунак 77-м гол у складзе зборнай, чым ураўнаваў паказчык з Пэле. Тым ня менш, голу не хапіла каб прасунуцца далей.

Дасягненьні

«Сантус»:

«Барсэлёна»:

«Пары Сэн-Жэрмэн»:

  • Чэмпіён Францыі: 2018, 2019, 2020, 2022, 2023
  • Уладальнік Кубка Францыі: 2018, 2020, 2021
  • Уладальнік Кубка францускае лігі: 2018, 2020
  • Уладальнік Супэркубка Францыі: 2018, 2020, 2022

Бразылія:

  • Удзельнік летніх Алімпійскіх гульняў: 2012, 2016
  • Алімпійскі чэмпіён: 2016

Асабістае жыцьцё

Нэймар (у жоўтай цішотцы) на фатаздымку з прэзыдэнтам Бразыліі Жаірам Балсанару.

Нэймар зьяўляецца вернікам каталіцкай царквы й як мінімум раз на тыдзень наведвае царкву. Таксама футбаліст рэгулярна ўдзельнічае ў дабрачынных акцыях[10]. Гэтак штогод Неймар ладзіць дабрачынны матч з калегам Нэнэ ў родным для Нэнэ горадзе Жундыяі, каб забясьпечыць ежай бедныя сем’і[80]. У дадатак да роднай партугальскай мовы таксама гаворыць па-гішпанску[81]. У 19-гадовым узросьце Нэймар стаў бацькам, ягоная сяброўка Караліна, якой на момант родаў было 17 гадоў, нарадзіла яму сына Давіда Луку[82].

У ліпені 2019 году паліцыя абвесьціла, што расьсьледаваньне згвалтаваньня ў дачыненьні да Нэймара будзе спыненае праз недастатковасьць доказаў[83]. 2 верасьня 2020 году паведамлялася, што Нэймар поруч з таварышамі па камандзе ПСЖ Анхэлем Дзі Марыям і Леандрам Парэдэсам атрымалі станоўчыя вынікі тэставаньня на каранавірус. Француская спартовая газэта L’Equipe заявіла, што памянёныя гульцы выправіліся ў адпачынак на Ібіцу. У выніку яны былі вымушаныя цягам тыдня знаходзіцца на карантыне, а астатнія гульцы й рабочы пэрсанал мусілі здаць тэставаньне на вірус цягам тыдня[84][85].

На прэзыдэнцкіх выбарах у Бразыліі 2022 году падтрымаў кандыдатуру дзейнага прэзыдэнта Жаіра Балсанару[86].

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі