Расейцы
Расейцы (гістарычныя маскалі, маскоўцы, маскавіты[24]; сучасная саманазва рас. русские, да сярэдзіны XIX ст. — рас. россияне, да 1917 году — рас. великороссы, великоруссы[25]) — эўрапейскі народ, асноўнае насельніцтва Расеі (каля 80% насельніцтва краіны).
Расейцы | |
Колькасьць | каля 137 мільёнаў |
---|---|
Рэгіёны пражываньня | Расея: 3000 |
Мовы | расейская |
Рэлігіі | праваслаўныя, частка атэісты і язычнікі |
Блізкія этнасы | славяне, асабліва ўсходнія (беларусы, украінцы) |
Назва
Гістарычна ў беларускай мове да расейцаў ужываліся назвы маскалі, маскоўцы, маскавіты[24], масквіціны, масква, масквічы, масквічаніны[26]. Тым часам, паводле Гістарычнага слоўніка беларускай мовы НАН Беларусі, слова рускі (ст.-бел. руский, русский) мела чатыры значэньні: усходнеславянскі, старабеларускі, праваслаўны і кірыліцкі[27]. Беларускія назвы маскаль і масковец як адпаведныя да рас. москвитянин, великорус, русский падае Беларуска-расейскі слоўнік Міколы Байкова і Сьцяпана Некрашэвіча (1925 год)[28]. Слова маскоўка з азначэньнем рас. русская женщина, а таксама масква ў розных значэньнях, датычных расейцаў, прыводзяцца ў «Слоўніку беларускай гаворкі» Івана Насовіча (1870 год).
Паводле Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы НАН Беларусі, беларуская асабовая форма расейцы, відаць, утварылася ад назвы Расея (пры гэтым рас. россеец, россейцы зафіксаваў у сваім слоўніку яшчэ Ўладзімер Даль[29]), якая не нясе абражальнай сэмантыкі і, магчыма, прыйшла ў беларускую мову з расейскіх дыялектаў (або ў выніку ўласных фанэтычных працэсаў — паводле той жа мадэлі, што і беларускія народныя формы імёнаў Аўдакея і Захвея / Сахвея ад Еўдакія і Сафія[29]), дзе лічылася першасным, народным словам у адрозьненьне ад штучнай назвы Расія (рас. Россия), што пашыралася ў Масковіі з пачатку XVI ст. як слова высокага стылю беспасярэдне пад уплывам грэцкай мовы[30]
Расьсяленьне
Налічваюць каля 137 мільёнаў чалавек і часам разглядаюцца як найбуйнейшы паводле колькасьці народ у Эўропе, адзін з найбуйнейшых народаў сьвету. Прыкладна 116 мільёнаў этнічных расейцаў жывуць беспасярэдне ў Расеі, каля 18 мільёнаў — у суседніх краінах. Яшчэ 3 мільёны жывуць ва ўсім сьвеце, пераважна ў Паўночнай Амэрыцы і Заходняй Эўропе, а таксама ва Ўсходняй Эўропе і Азіі.
Рэлігія
Праваслаўнае хрысьціянства дамінуе сярод расейцаў. Большасьць расейскіх вернікаў належаць да Расейскай праваслаўнай царквы, якая адыграла значную ролю ў фармаваньні і разьвіцьці расейскай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Нават расейцы-атэісты пераважна асацыююць сябе з праваслаўнай верай.
Некаторыя расейцы прытрымліваюцца стараабрадніцтва — рэлігійнай плыні, якая ўзьнікла ў выніку расколу ў Расейскай праваслаўнай царкве ў XVII стагодзьдзі.
Нягледзячы на тое, што рэлігія ў Расеі вярнула свае пазыцыі па савецкім перасьледзе і абмежаваньняў, адносна малы працэнт расейцаў рэгулярна наведвае набажэнствы.
Беларусь
Перасяленьне жыхароў Маскоўскай дзяржавы ў Вялікае Княства Літоўскае адзначаецца з канца XV ст. У пісьмовых крыніцах захаваліся зьвесткі пра апальных князёў, што пайшлі супраць маскоўскага гаспадара, перад якім мусілі называцца гаспадарскімі халопамі (рас. государевы холопы), і вальнадумцаў, што ратаваліся ад перасьледу Маскоўскай царквы. З другой паловы XVII ст. у Вялікае Княства Літоўскае ад зьдзекаў і ўціску маскоўскіх уладаў зьбеглі дзясяткі тысячаў старавераў. Па падзелах Рэчы Паспалітай перасяленьне набыло іншы характар, калі ўлады Расейскай імпэрыі накіроўвалі ў Беларусь сьвятароў, чыноўнікаў і вайскоўцаў дзеля ажыцьцяўленьня палітыкі русіфікацыі. Новая магутная хваля перасяленцаў з Расеі абрынулася на Беларусь па Другой сусьветнай вайне. Як адзначае беларускі гісторык Уладзімер Арлоў, улады СССР адводзілі ім важную ролю ў русіфікацыі Беларусі і стварэньньні «новай этнічнай супольнасьці» (рас. новой этнической общности) — бяспамятнага, абязмоўленага народу, зь якім можна праводзіць хоць-якія экспэрымэнты[31].
Паводле перапісу насельніцтва Беларусі 2009 году, 785 тыс. чалавек (звыш 8% насельніцтва) аднесьлі сябе да расейцаў. Паводле вобласьцяў іх доля вагалася ад 6,4% ў Берасьцейскай вобласьці да 10,2% — у Віцебскай. Амаль 85% расейцаў пражывалі ў гарадзкіх паселішчах. Найбольш высокая іх доля назіралася ў агульнай колькасьці насельніцтва гарадоў Наваполацак (15,5%, Віцебская вобласьць), Полацак (14,8%, Віцебская вобл.), Бабруйск (13,2%, Магілёўская вобласьць), Горадня (12,2%) і Берасьце (10,7%), таксама ў Бабруйскім раёне (11,9%). У сталіцы складалі 10% насельніцтва.
Параўнальна зь перапісам 1999 году колькасьць расейцаў зьменшылася на 356,6 тыс. чалавек (на 31%). Адначасна скарацілася іх доля ў агульнай колькасьці насельніцтва з 11,4% ў 1999 годзе да 8,3% ў 2009-м найперш праз старэньне. Параўнальна з 1999 годам доля старэйшых за працаздольны век расейцаў у агульнай іх колькасьці павялічылася на 11,4% і наблізілася да 33%. Адначасна доля дзяцей і падлеткаў у веку да 16 гадоў сярод расейцаў зьнізілася з 15,2% да 7,4%. Пры гэтым расейская мова была асноўнай мовай зносінаў насельніцтва Беларусі. На ёй размаўляла дома 6 млн. 673 тыс. чалавек (70% насельніцтва).
Паводле перапісу насельніцтва 2009 году, у Беларусі стала пражывала 83,6 тыс. расейскіх грамадзянаў, што складала 2/3 агульнай колькасьці замежных грамадзянаў, якія стала пражывалі ў краіне. Звыш 90% расейскіх грамадзянаў прыбылі ў Беларусь да 2005 году. Амаль 40% зь іх на час перапісу былі ў веку, большым за 50 гадоў[32].