Android

Android (па-беларуску: Андро́ід) — апэрацыйная сыстэма, пабудаваная на ядры Linux. Першапачаткова была разробленая кампаніяй Android Inc., але пазьней купленая Google Inc. Сыстэма дазваляе распрацоўшчыкам рабіць праграмы, напісаныя на Java, кіруючы прыладай-гостэрам праз адмысловыя ўбудаваныя бібліятэкі.[1]. З 2017 году «Андроід 7» займеў перадусталяваны беларускамоўны інтэрфэйс.

Android

Галоўны экран Android 9 Pie
Распрацоўнік
Гугл (г. Маўнтын-Вію, штат Каліфорнія, ЗША)
Выпускі
Сямейства АСЛінукс
Першы выпуск20 верасьня 2008 (15 гадоў таму)
Апошні стабільны рэліз14 (4 кастрычніка 2023)
Мовыбеларуская і звыш 100 іншых
Мовы праграмаваньняC, C++, Kotlin, XML Schema, Java, Rust
Тып ядраМаналітнае (Ядро Лінукс)
Стандартны інтэрфэйсГрафічны
ЛіцэнзіяЛіцэнзія Апачы 2.0,
GPL 2.0 (для ядра Linux)
Вэб-сайтwww.android.com
Бягучы стан
Android 4.0 (Galaxy Nexus)
Samsung Galaxy

Першая дыстрыбуцыя Android была апублікаваная 5 лістапада 2007 году адначасова з утварэньнем Open Handset Alliance, кансорцыюму 52[2] вытворцаў апаратнага і праграмнага забесьпячэньня, кампаніяў тэлеком-сэктару, які абвясьціў сваёй мэтай удасканаліць адкрытыя стандарты для мабільных прыладаў. Большасьць коду Android распаўсюджваецца Google на ўмовах вольнае ліцэнзіі Апачы з адкрытым выточным кодам.

Гісторыя

З 2012 году існаваў саматужны пераклад інтэрфэйса на беларускую[3]. Да красавіка 2014 году беларускі пераклад інтэрфэйсу, які пачаў праграміст Алесь Булойчык, загрузілі звыш 1000 чалавек. Для яго ўсталёўкі патрабаваліся правы рут-карыстальніка[4]. З 2017 году «Андроід 7» займеў перадусталяваны беларускамоўны інтэрфэйс.

Набыцьцё Google

У ліпені 2005 году Google набыла невялікі стартап Android, Inc., разьмешчаны ў Пала-Альта, Каліфорнія (ЗША)[5] Сузаснавальнікі Android перайшлі на працу ў Google, сярод іх былі Эндзі Рубін (сузаснавальнік Danger)[6] і Рыч Майнэр (сузаснавальнік Wildfire Communications, Inc.)[7]. У той час было вядома няшмат пра распрацоўкі Android, Inc., акрамя таго, што гэта было праграмнае забесьпячэньне для мабільных тэлефонаў.[5] Гэта стала падставай для зьяўленьня чутак пра жаданьне Google заняць месца на рынку мабільных тэлефонаў.

Open Handset Alliance

Асноўны артыкул: Open Handset Alliance

5 лістапада 2007 году быў заснаваны кансорцыюм з мэтай распрацоўкі адкрытых стандартаў у галіне мабільнай тэлефаніі, у які першапачаткова ўвайшлі Texas Instruments, Broadcom Corporation, Google, HTC, «Інтэл», LG, Marvell Technology Group, Motorola, Nvidia, Qualcomm, «Электроніка Самсунг», Sprint Nextel і T-Mobile.[8] Разам з аб’яўленьнем пра заснаваньне OHA было аб’яўлена і пра першы прадукт — Android — мабільную плятформу на аснове Linux галіны 2.6.[8]

9 сьнежня 2008 году было аб’яўлена пра далучэньне 14 новых чальцоў да праекту Android, у складзе якіх былі PacketVideo, ARM Holdings, Atheros Communications, Asustek Computer Inc, Garmin Ltd, Softbank, «Соні-Эрыксан» , Toshiba Corp і Vodafone Group Plc.[9][10]

Ліцэнзаваньне

21 кастрычніка 2008 году Android быў ліцэнзаваны вольнай ліцэнзіяй ПЗ з адкрытым крынічным кодам. Google выклала ў сьвет усе крынічныя коды (у тым ліку сеткавы стэк і стэк тэлефаніі)[11] пад ліцэнзіяй Apache License.[12]

Згодна ліцэнзіі Апачы вытворцы мабільных тэлефонаў могуць дадаваць прапрыетарныя бібліятэкі і дастасаваньні, не аддаючы іх супольнасьці.

Апаратнае забесьпячэньне

Асноўны артыкул: Сьпіс прыладаў з Android

Першым тэлефонам з Android у якасьці апэрацыйнае сыстэмы стаў T-Mobile G1, які зьявіўся ў 2008 годзе.[13]

Крытыка

У лістападзе 2017 году нью-ёрскі бізнэс-сайт «Кварц» паведаміў, што перадусталяваная праграма «Сэрвісы Гугл Плэй» у фонавым рэжыме перасылала ў «Гугл» зьвесткі пра базавыя станцыі, якія выкарыстоўваліся для сотавай сувязі. У адказ «Гугл» патлумачыў, што цягам 11 месяцаў зьбіраў адрасы тых сотавых станцыяў, каб паскорыць дастаўку паведамленьняў. Прадстаўнікі «Гугла» цьвердзілі, што месцавызначэньне сотавых станцыяў аўтаматычна выдалялася, бо не сынхранізавалася на сэрвэры. Таксама ў «Гугле» паабяцалі скасаваць перасылку месцавызначэньня пры наступным абнаўленьні АС «Андроід»[14].

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі