Група перыядычнай сістэмы

Група перыядычнай сістэмы — паслядоўнасць хімічных элементаў з аднатыпнаю электроннаю будоваю, упарадкаваная па ўзрастанню зараду ядра. Інакш кажучы, група — гэта слупок у перыядычнай табліцы хімічных элементаў.

Нумар групы вызначаецца колькасцю электронаў на вонкавай абалонцы атама (валентных электронаў) і, як правіла, адпавядае найвышэйшай валентнасці атама.

У кароткаперыядным варыянце перыядычнай сістэмы групы падзяляюцца на падгрупыгалоўныя (ці падгрупы A), якія пачынаюцца з элементаў першага і другога перыядаў, і пабочныя (падгрупы В), якія ўключаюць d-элементы. Падгрупы таксама маюць назвы па элементу з найменшым зарадам ядра (як правіла, па элементу другога перыяду для галоўных падгруп і элементу чацвёртага перыяду для пабочных падгруп). Элементы аднае падгрупы валодаюць падобнымі хімічнымі ўласцівасцямі.

З нарастаннем зараду ядра ў элементаў аднае групы з-за павелічэння ліку электронных абалонак павялічваюцца атамныя радыусы, у выніку адбываецца зніжэнне электраадмоўнасці, узмацненне металічных і аслабленне неметалічных уласцівасцей элементаў, узмацненне аднаўленчых і аслабленне акісляльных уласцівасцей утвораных імі рэчываў.

Нумарацыя груп

З 1989 года Міжнародны саюз тэарэтычнай і прыкладной хіміі (IUPAC) у якасці асноўнага варыянта перыядычнай сістэмы зацвердзіў доўгаперыядычную форму[1]. У сувязі з гэтым IUPAC рэкамендуе суцэльную нумарацыю груп: арабскімі лічбамі ад 1 да 18.

Нягледзячы на гэта, працягваюць ужываць традыцыйныя сістэмы нумарацыі з выкарыстаннем рымскіх лічбаў і лацінскія літары, розныя для Амерыкі і Еўропы.

Сучасная сістэма нумарацыі ўтрымлівае наступныя групы (старыя сістэмы, еўрапейская і амерыканская, прыведзены ў дужках):

  • Група 1 (IA, IA): шчолачныя металы
  • Група 2 (IIA, IIA): шчолачназямельныя металы
  • Група 3 (IIIB, IIIA): падгрупа скандыю
  • Група 4 (IVB, IVA): падгрупа тытану
  • Група 5 (VB, VA): падгрупа ванадыю
  • Група 6 (VIB, VIA): падгрупа хрому
  • Група 7 (VIIB, VIIA): падгрупа марганцу
  • Група 8 (VIIIВ, VIIIA): падгрупа жалеза
  • Група 9 (VIIIВ, VIIIA): падгрупа кобальту
  • Група 10 (VIIIВ, VIIIA): падгрупа нікелю
  • Група 11 (IB, IB): падгрупа медзі
  • Група 12 (IIB, IIB): падгрупа цынку
  • Група 13 (IIIA, IIIB): падгрупа бору
  • Група 14 (IVA, IVB): падгрупа вугляроду
  • Група 15 (VA, VB): падгрупа азоту
  • Група 16 (VIA, VIB): падгрупа кіслароду (халькагены)
  • Група 17 (VIIA, VIIB): галагены
  • Група 18 (VIIIA, VIIIB)[2]: інертныя газы

Зноскі