Кіеў (аг.-усх.-слав.: Кыѥвъ, укр.: Київⓘ) — сталіца і найвялікшы горад Украіны. Размешчаны на Дняпры, у паўночнай частцы краіны. Насельніцтва (2022) — 2 950 702 чалавек.
Паводле легенды пра заснаванне Кіева, назва горада паходзіць ад імя Кія — найстарэйшага з трох братоў, якія лічацца заснавальнікамі горада. Адна з гэтых легенд дайшла да нас у летапісе XII ст. «Аповесць мінулых гадоў».[4][5][6]
У сагах Кіеў меў назву Koenugarðr[7]. Назва «Kænugarður» (К’ёнугард) засталася за Кіевам у ісландскай мове.
Кіеў таксама меў цюркскую назву — «Манкермен» («вялікі горад»), «Ківа-Манкермен», якая існавала разам з першапачатковай назвай.[8][9].
Украінскі этнограф М. В. Закрэўскі сцвярджаў, што згаданы Клаўдзіям Пталемеям «Азагарыум» знаходзіўся на месцы сучаснага Кіева. Ю. А. Кулакоўскі атаясамліваў з Кіевам Пталемееўскі «Метропаль», М. Ю. Брайчэўскі — «Сар»[10].
Паводле арабскіх і персідскіх крыніц IX—X стагоддзя адзін з дзяржаўных цэнтраў усходнеславянскіх утварэнняў меў назву Куявія (Куябія, Куяба). Найбольш лагічным з’яўляецца атаясамленне горада Куяба з Кіевам[11][12].
У старажытнарускіх помніках назва горада запісвалася як ст.-слав: Кыѥвъ, дзе ы перадавала праславянскі гук *y, а ѥ — ётаваны гук [e] («є»). Такое напісанне доўгі час заставалася ў летапісах. Пазней, пасля спынення дзеяння закона другой палаталізацыі і зліцця гуку [ɨ] з [і] ў новы галосны пярэдне-сярэдняга раду [ɪ] з’яўляюцца напісанні Києвъ, ст.-слав: Кіевъ, а пасля ўтварэння «новага яця»[13] — і «Кыѣвъ»[14], «Киѣвъ»[15], «Кіѣвъ»[16]. З упарадкаваннем украінскага правапісу XIX стагоддзя, калі за [ɪ] замацоўваецца літара и, а за [ji] з ётаванага «новага яця» — ї, напісанне набывае сучасную форму — Кіеў (укр.: Київ).
Пераклад назвы горада на англійскую мову (#KyivNotKiev)правіць зыходнік
2 кастрычніка 2018 года Міністэрства замежных спраў Украіны сумесна з Цэнтрам стратэгічных камунікацый «StratCom Ukraine» запусціла анлайн-кампанію «#CorrectUA», у межах якой будзе звяртацца да замежных СМІ з просьбай выправіць напісанне назвы горада Кіева на мовах гэтых краін (#KyivNotKiev)[17].
16 верасня 2020 года англійская Вікіпедыя перайменавала артыкул пра Кіеў з «Kiev» у «Kyiv»[25], аднак у той жа час некаторыя артыкулы з адпаведным айконімам застаюцца нязменнымі, у прыватнасці пра Кіеўскую Русь («Kievan Rus'»).
За паданнем, у 55 г. апостал Андрэй, пад час свайго місіянерскага падарожжа ў скіфскія землі, быў уражаны прыгажосцю прыдняпроўскіх халмоў і, спыніўшыся на месцы будучага Кіева, узвёў тут крыж і прадказаў з’яўленне на гэтым месцы горада-аплота хрысціянскай веры. Цяпер на месцы гэтага крыжа пабудавана царква, названая ў яго гонар.
Горад узнік як цэнтральнае пасяленне ўсходнеславянскага племені палян. Археолагі спрачаюцца наконт даты яго заснавання. У 1982 г. быў адзначаны 1500-гадовы юбілей горада, зыходзячы з даных, за якімі ён існаваў ужо ў V стагоддзі. Але многія даследчыкі датуюць яго ўзнікненне не раней чым VII стагоддзем. Заснаванне горада прыпісваецца братам Кію, Шчэку, Хорыву і іх сястры Лебедзі.
З VIII стагоддзя горад быў заходнім фарпостам Хазарскага каганата. У некаторых дакументах Кіеў згадваецца пад назвай Самбат, што па-старажынтацюркску азначае «верхнія ўмацаванні».
Першыя летапісныя звесткі аб горадзе датуюцца 860 годам. Горад згадваецца ў сувязі з паходам Аскольда па даручэнні князя Дзіра на Царград. З другой паловы IX ст. (традыцыйная дата — 882 г.) у Кіеве ўсталёўваецца варажская дынастыя Рурыкавічаў. Горад уступае ў свой «залаты век», ператварыўшыся ў сталіцу старажытнарускай дзяржавы, вядомай пад назвай Кіеўская Русь. З пачатку X ст. горад пазбаўляецца ад хазарскай залежнасці.
У 988 г. кіеўскі князь Уладзімір увёў хрысціянства як афіцыйную рэлігію на Русі. Хрышчэнне кіеўлян адбылося 15 жніўня 988 г., на свята Успення. Першым кіеўскім мітрапалітам стаў св. Міхаіл, які ў 989 г. прыехаў у горад з Корсуні. У 1051 г. была заснавана Кіева-Пячэрская лаўра — найстаражытнейшы рускі манастыр. У гэтыя ж часы быў пабудаваны Сафійскі сабор. Першая палова XI ст. лічыцца часам найбольшага росквіту Кіева і Кіеўскай Русі.
З сярэдзіны XII ст. Кіеўская Русь трапляе ў перыяд феадальнай раздробленасці. Кіеў з’яўляецца сталіцай удзельнага княства. Падчас міжусобных войн Кіеў некалькі разоў быў разрабаваны валадарамі іншых удзельных княстваў.
Міжусобіцы прывялі да няздольнасці процістаяць знешнім пагрозам. 6 снежня1240 г. (паводле Летапісу Аўрамкі — 19 лістапада) горад быў захоплены і разбураны мангола-татарскім войскам на чале з ханам Батыем.
Пазбавіўшыся ад татарскай залежнасці, Кіеў, аднак, не пазбавіўся ад іх спусташальных набегаў. У 1482 г. горад быў разбураны крымскім ханамМенглі I Гірэем. У 1527 пасля чарговага набегу татараў адбылася бітва, у якой перамагло войска ВКЛ.
У XIX ст. Кіеў становіцца буйным прамысловым і гандлёвым цэнтрам. У 1870 г. ён быў злучаны чыгуначнай сеткай, а ў 1892 г. у горадзе быў запушчаны першы ў Расіі і другі ў Еўропе трамвай.
Горад не мінулі масавыя рэпрэсіі сталінскага часу. На тэрыторыі сяла Быкоўня (цяпер у межах Дарніцкага раёна горада) знойдзена масавае (да 100 тысяч) пахаванне растраляных людзей.
Зранку 22 чэрвеня1941 г. авіяцыя нацысцкайГерманіі бамбардавала горад — менавіта гэтая бамбардзіроўка традыцыйна лічыцца першай падзеяй Вялікай Айчыннай вайны. Пад Кіевам Чырвоная Армія зазнала самае моцнае ў гэтай вайне паражэнне, страціўшы ў акружэнні больш за 600 тысяч чалавек. 19 верасня 1941 г. немцы ўвайшлі ў горад. Горад стаў цэнтрам генеральнай акругі, якая была далучана да рэйхскамісарыяту Украіна. За непрацяглы перыяд акупацыі нацысты адзначыліся шматлікімі злачынствамі, найбольш вядомае з якіх — масавы растрэл больш за 30 тысяч мірных жыхароў 29—30 верасня 1941 г. ва ўрочышчы Бабін Яр (цяпер у межах горада). 6 лістапада1943 г. горад, амаль цалкам зруйнаваны, быў вызвалены ад нацыстаў. У 1961 г. Кіеву было прысвоена пачэснае званне горада-героя.
У 1977 годзе ўкраінская студыя хранікальна-дакументальных фільмаў выпусціла фільм пра гісторыю Кіева[26].
У 1980 годзе ў Кіеве прайшлі футбольныя спаборніцтвы XXII Алімпійскіх гульняў. Да гэтага мерапрыемства быў пабудаваны новы стадыён, які месціць 84 тысячы гледачоў. Цяпер стадыён носіць імя Валерыя Лабаноўскага.
З лістапада 2013 па люты 2014 Кіеў стаў цэнтрам Еўрамайдана, падчас якога ў сутыкненнях з спецпадраздзяленнямі «Беркуту» ў цэнтры горада загінулі больш за сотню пратэстуючых і некалькі атрымалі цяжкія параненні.
Кіеў размешчаны ў сярэднім цячэнні ракі Днепр, на абодвух яе берагах. Большая частка горада, у тым ліку гістарычны цэнтр, знаходзяцца на правым беразе. З поўначы i поўдню да горада прылягаюць буйныя вадасховішчы: адпаведна Кіеўскае i Канеўскае.
Кіеў знаходзіцца на Усходне-Еўрапейскай раўніне. Правабярэжная частка размешчана на Прыдняпроўскім узвышшы, якое прымыкае да Дняпра з захаду, i моцна адрозніваецца за рэльефам ад нізіннай левабярэжнай часткі.
Горад знаходзіцца ў паўднёвай частцы Палесся — зоне мяшаных лясоў, якія на поўдзень ад горада аступова пераходзяць у лесастэпы.
Горад знаходзіцца ў зоне ўмерана кантынентальнага клімату. Сярэдняя тэмпература ў ліпені — самым цёплым месяцы — складае 24,8 °C, у самым халодным месяцы — студзені — мінус 4,6 °C. Абсалютны мінімум тэмпературы — мінус 32,2 °C — быў зафіксаваны 7 i 9 лютага1929 г., абсалютны максімум — 39,4 °C — 31.7.1936 г. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 649 мм, максімум ападкаў прыпадае на ліпень (88 мм), мінімум — на кастрычнік (35 мм). Узімку ў Кіеве ўтвараецца снежны покрыў, сярэдняя вышыня покрыву ў лютым — 20 см, максімальная — 440 см.[27]
У X—XII стст., падчас росквіту старажытнай Русі, Кіеў быў адным з буйнейшых гарадоў Еўропы з насельніцтвам звыш 50 тысяч чалавек (па некаторых ацэнках — звыш 100 тысяч). У гэты час — для параўнання — у Лондане пражывала каля 35 тысяч чалавек, а ў найбуйнейшых нямецкіх гарадах — каля 20 тысяч.
Пасля татарскай навалы насельніцтва Кіева значна скарацілася. У канцы XVIII ст. у горадзе пражывала каля 30 тысяч чалавек.
Насельніцтва горада пачало зноў павялічвацца толькі ў XIX ст. З сярэдзіны XIX ст. і да Першай Сусветнай вайны насельніцтва Кіева павялічылася ў 8 разоў.
У савецкі час Кіеў па колькасці насельніцтва быў трэцім у Саюзе, пасля Масквы і Ленінграда. Перад Вялікай Айчыннай вайной (у 1940 г.) насельніцтва Кіева склаладала 930 тысяч чалавек. Адразу пасля вызвалення ад нацыстаў у горадзе пражывала каля 180 тысяч чалавек. Але горад хутка адраджаўся. У 1959 г. яго насельніцтва перавысіла мільён жыхароў, а ў 1979 г. — адзнаку ў два мільёны. Рост горада працягваўся і далей, але ўжо не так хутка. Гэты працэс не спыніўся, хаця значна запаволіўся, у 1990-я гады, калі агульная колькасць насельніцтва Украіны пачала скарачацца. Маючы адмоўнае значэнне натуральнага прыросту несельніцтва, Кіеў, аднак, працягвае расці за кошт перасяленцаў з рэгіёнаў Украіны. У 2001 г. яго насельніцтва склала 2 611 300 чалавек, з іх 1 219 000 (46,7 %) мужчын і 1 393 000 (53,3 %) жанчын. За апошнія дзесяцігоддзі колькасць дзяцей у горадзе скарацілася, а колькасць сталага насельніцтва значна ўзрасла.
За нацыянальным складам Кіеў спрадвеку быў усходнеславянскім горадам. Да XX ст. большасць у горадзе складала рускае насельніцтва. За данымі перапісу 1897 г., у горадзе пражывала 56,6 % рускіх, 22,2 % ўкраінцаў, 12,7 % яўрэяў і 6,7 % палякаў. У XX ст. становішча змянілася на карысць украінцаў. Паводле апошняга перапісу, доля ўкраінцаў у Кіеве складае 82,2 % (у 1989 г., калі праводзіўся папярэдні перапіс, — 72,5 %), а рускіх — 13,1 % (20,9 % у 1989 г.)
Кіеў — буйны транспартны вузел рэгіёну і краіны. Шмат жыхароў Беларусі абіраюць пералёты праз Кіеў, а не Мінск ці рэгіянальныя аэрапорты Беларусі
Горад мае 2 вялікія аэрапорты: Кіеў, Барыспаль, апошні знаходзіцца за мяжой горада. Чыгуначны вузел, з галоўнай станцыяй Кіеў-пасажырскі, а ў межах горада курсуе гарадская электрычка.
Сярод гарадскога транспарту з 1960 года дзейнічае метрапалітэн, а таксама аўтобус, трамвай, тралейбус, фунікулёр, і амаль што самы масавы наземны транспарт Кіева — маршрутнае таксі.